Перайсьці да зьместу

Узнагароды БНР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мэдаль да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі, заснаваны Радай БНР у 2018 годзе

Узнагаро́ды Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі ўручаліся і ўручаюцца ўладамі рэспублікі, у прыватнасьці Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні. У 2016 годзе Рада БНР абвясьціла пра аднаўленьне ўручэньня ўзнагародаў, а ў 2018 годзе — пра заснаваньне юбілейнага мэдаля ў гонар стагодзьдзя БНР.

Першыя ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацьверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку[1][2].
  • Полацкі Беларускі крыж. Зацьверджаны Радай БНР 26 студзеня 1920 году. Меў пяць ступеняў зь дзяленьнем на дзьве катэгорыі — вайсковую і цывільную. Ордэн меў шасьціканцовую форму і быў пакрыты белай эмальлю з пазалочанымі кантамі[3]. Надаваўся для ўзнагароджаньня як у вайсковы, гэтак і ў мірны час «за асаблівыя заслугі грамадзянам БНР перад Бацькаўшчынаю».

Сучасныя ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 верасьня 1949 году дэкрэтам прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка быў заснаваны шэраг узнагародаў. Дэкрэт усталёўваў Статутную камісію ў складзе:

Статуты, распрацаваныя камісіяй, былі зацьверджаныя 5 жніўня 1951 року. Узнагароды прызначаліся як для вайскоўцаў, так і для цывільных «заслужаных беларусаў»[4].

  • Ордэн Пагоні. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць клясаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх прамянёх крыжа літары БНР, на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар[1][2]. Найвышэйшая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, надавалася «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці, задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў, або да ўзмацаваньня незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы»[4]. Сярод узнагароджаных — генэрал Міхал Вітушка[5]
  • Ордэн Жалезнага Рыцара. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць ступеняў: Вялікі Крыж, Камандорскі Крыж, Кавалерыйскі Крыж, Залаты Крыж, Срэбны Крыж[4]. Прывешваецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж мэталу, што і на ордэне. На трох горных прамянёх — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар[1][2]. Надаваўся за «выдатныя ваенныя ўчынкі».
  • Мэдаль Партызана. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 году. Мае дзьве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы мэдаля I ступені дзьве скрыжаваныя стрэльбы. На відавым баку ў коле дзьве скрыжаваныя стрэльбы, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар[1][2]. Надаваўся «беларусам, якія змагаліся ў радох Беларускай нацыянальнай партызанкі за незалежнасьць Беларусі супроць акупантаў»[4].

У 2016 годзе XXIX сэсія Рады БНР пацьвердзіла дзейнасьць уведзеных у 1949 годзе ўзнагародаў і заявіла аб будучых зьменах у іхныя статуты[6].

Беларуская цэнтральная рада была створана ў сьнежні 1943 зь Беларускай рады даверу пры Генэральным камісарыяце Беларусі. На Другім Усебеларускім кангрэсе у 1944 г. БЦР была абвешчана адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу, а ейнай мэтай было абвешчана адраджэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР не прызнае законнай Беларускую цэнтральную раду, а таксама Другі Ўсебеларускі кангрэс[8].

Другая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: На службе беларускаму народу[1][2].
  • Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне». Юбілейная ўзнагарода, зацьверджаная 10—14 кастрычніка 1976 году. Прывешваецца на стужцы жоўтага колеру. Выконваецца з бронзы. На відавым баку ў малым коле на шчыце падвойны крыж. Ля падножжа шчыта літары B. V., унізе In exile (Belorussian Veterans in Ехіlе — Беларускія вэтэраны ў выгнаньні). Малое кола абкружана вялікім, у якім разьмешчаны дзьве скрыжаваныя лаўравыя галінкі, уверсе тры пяцікутныя зоркі. На адваротным баку надпіс у пяць радкоў: Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР[1][2]. Надаваўся «ўдзельнікам збройнага змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Рэспублікі»[9].
  • Мэдаль «Крыж Заслугі Б. К. А.». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з бронзы. У цэнтры крыжа Пагоня, на крыжы літары Б К А. Унізе дата — 1944. На адваротным баку літары: Б Ц Р. Мацуецца на зялёнай стужцы[1][2]. Надаваўся кадрам Беларускай краёвай абароны[10].
  • Ордэн «Пагоня — Жыве Беларусь!» Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з срэбра. Прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. На відавым баку выява герба Пагоня; унізе дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тэкст: «Жыве Беларусь», на адваротным баку ў двух радках літары Б Ц Р і дата 27.6.1944[1][2]. Надаваўся «за самаахвярную нацыянальна-грамадзкую працу»[11].
  1. ^ а б в г д е ё ж 1992 Мазырэц. С. 38—41.
  2. ^ а б в г д е ё ж 1993 Мазырэц. С. 53—56.
  3. ^ 2014 Ліс-Блонскі.
  4. ^ а б в г д 1952 Ёрш.
  5. ^ Абрамчык, Мікола (15 верасьня 2016) Дэкрэт аб узнагароджаньні ордэнам Пагоні, 1950 г. Гістарычныя дакумэнты. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
  6. ^ Рада БНР аднаўляе ўзнагароды — Рэзалюцыя Сэсіі Рады — афіцыйны сайт Рады БНР, 12 красавіка 2016 г.
  7. ^ Узнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя БНР — Афіцыйны сайт Рады БНР, 25 сьнежня 2018 г.
  8. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 С. 390.
  9. ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР» Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтваПраверана 1 сакавіка 2018 г.
  10. ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль, прысьвечаны БКА Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтваПраверана 1 сакавіка 2018 г.
  11. ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Жыве Беларусь!» БЦР Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтваПраверана 1 сакавіка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]