Перайсьці да зьместу

Старое Места (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Стары горад (Вільня)»)
Гістарычны цэнтар Вільні
Vilnius Historic Center*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Старое Места
Краіна Летува
Тып культурны
Крытэры ii, iv
Спасылка 541
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1994  (18-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Старо́е Ме́ста, або Стары́ Го́рад (лет. Senamiestis) — гістарычная мясцовасьць у цэнтры Вільні, найстарэйшая частка места. Знаходзіцца на левым беразе ракі Вяльлі, каля падэшвы Замкавай гары. Адзін з найбольшых урбаністычных комплексаў Усходняй Эўропы, вядомых з часоў Сярэднявечча. Займае плошчу 3,59 км². Ахоплівае 74 кварталы з 70 вуліцамі і завулкамі, 1487 будынкамі з агульнай плошчай памяшканьняў 1 497 000 м². Аб’ект Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Архітэктурныя дамінанты Старога Места — Вострая брама, Верхні і Ніжні замкі, меская ратуша, карпусы ўнівэрсытэту, цэрквы Прачысьценская (саборная), Мікольская, Духаўская, Пятніцкая і Траецкая (базылянаў), касьцёлы Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Катэдра), Сьвятога Казімера (езуітаў), Святых Янаў, Сьвятой Ганны, Сьвятога Міхала, Сьвятых Францішка і Бэрнарда (бэрнардынаў), Сьвятога Крыжа (баніфратаў), Сьвятога Мікалая і Сьвятой Тэрэзы, палацы Абрамовічаў, Біскупскі (цяпер Прэзыдэнцкі), дэ Рэўсаў, Завішаў, Лапацінскіх, Пацаў, Радзівілаў, Тызэнгаўзаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў і Ўмястоўскіх, помнікі архітэктуры готыкі, рэнэсансу, барока і клясыцызму XV—XVIII стагодзьдзяў.

На захад ад Старога Места пачынаюцца Рудніцкае прадмесьце, Новае Места, Пагулянка і Лукішкі, на поўнач — Рыбакі за ракой Вяльлёй і Антокаль за ракой Вільняй, на ўсход — Зарэчча за ракой Вільняй і Паплавы, на поўдзень — Субач, Росы і Востры Канец. У склад Старога Места ўваходзіць Рускі Горад, гістарычная юрыдыка праваслаўных (уніяцкіх) мітрапалітаў (Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія)[1].

Пры Замкавай гары месьціцца Катэдральны пляц, найбольшы ў Старым Месьце. На пляц выходзіць праспэкт Гедзіміна, да якога прылягаюць вуліцы Татарская, Гарбарская і Віленская.

Непадалёк ад Катэдральнага пляцу знаходзіцца гістарычны Палацавы пляц (цяпер пляц С. Даўкантаса), да якога вядзе Ўнівэсытэцкая вуліца. Яна перасякаецца з вуліцамі Людвісарскай і Скопа, і сканчаецца на скрыжаваньні Сьвятаянскай, Шварца, Гаона і Дамініканскай вуліцаў.

Асноўная вуліца Старога Места — Замкавая, яе працягваюць Вялікая і Вастрабрамская вуліцы. Супольная траса гэтых вуліцаў зьвязвае Катэдральны і Ратушны пляцы і сканчаецца пры Вострай Браме. Зь левага боку Замкавай вуліцы пачынаюцца вуліцы Бэрнардынская, Сьвятога Мікалая і Літарацкая.

Да трыкутніка Ратушнага пляцу, старога цэнтру места, выходзяць, апроч Вялікай, вуліцы Шкляная, Нямецкая, Рудніцкая, Конская і Савіча.

Заходняя мяжа Старога Места праходзіць вуліцай Завальнай, паўднёвая мяжа — Базылянскай, што адпавядае старажытнаму гарадзкому муру.

Прачысьценская (саборная), Мікольская, Духаўская, Пятніцкая і Траецкая (базылянаў) цэрквы.

Касьцёлы Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Катэдра), Сьвятога Казімера (езуітаў), Святых Янаў, Сьвятой Ганны, Сьвятога Міхала, Сьвятых Францішка і Бэрнарда (бэрнардынаў), Сьвятога Крыжа (баніфратаў), Сьвятога Мікалая і Сьвятой Тэрэзы.

Палацы Абрамовічаў, Біскупскі (цяпер Прэзыдэнцкі), дэ Рэўсаў, Завішаў, Лапацінскіх, Пацаў, Радзівілаў, Тызэнгаўзаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў і Ўмястоўскіх.

  1. ^ Пазднякоў В. Вільня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 441.