Вуліца Вастрабрамская
Вастрабрамская | |
вуліца | |
![]() | |
![]() | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Былыя назвы | Максіма Горкага |
Даўжыня | 700 м |
Паштовыя індэксы | LT-01047, LT-01303, LT-01304, LT-02100 |
На мапе | |
Вуліца Вастрабрамская ў Вікісховішчы |
Ву́ліца Вастрабра́мская[a][1] (лет. Aušros Vartų gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Працягвае вуліцу Вялікую. Зьвязвае скрыжаваньне вуліцаў Субач і Гетманскай з скрыжаваньнем Чыгуначнай і Друйскай. Працягваецца гістарычным Лідзкім гасьцінцам (цяпер Ліпагорская вуліца).
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Вострая брама з капліцай Маці Божай, ансамбль базылянскіх манастыроў з Траецкай царквой і брамай у стылі віленскага барока, царква і манастыр Сьвятога Духа, комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Назва вуліцы паказвае на яе кірунак да Вострай брамы, адзінай захаванай да нашага часу брамы гарадзкога мура.
У XIX ст. з мэтай маскалізацыі земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі перайначылі назву вуліцу на расейскі манер (рас. Островратная улица). Па адыходзе расейскіх войскаў зь Вільні вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
У першай палове ХХ ст. раён вуліцы стаў палітычным і культурным цэнтрам беларусаў[2], тут дзейнічалі шматлікія беларускія ўстановы. У доме № 1 на рагу з Гетманскай вуліцай[3]. з 1926 году працавала беларуская кнігарня.
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на летувіскі манер. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі частку вуліцы ў імя расейскага пісьменьніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.
Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Даўжыня каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку ў Старым Месьце да Вострай Брамы, далей — асфальтавую. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу з Гетманскай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліца Гетманская і Гасьціны завулак, зь левага — вуліца Субач. Мае скрыжаваньне з вуліцамі Базылянскай (направа) і Даўкшты (налева).
Будынкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Няцотны бок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- № 5 — будынак Мескай залі, збудаваны ў 1902 годзе. Цяпер тут месьціцца Нацыянальная філярмонія Летувы.
- № 7 — Базылянскія муры.[4] У склад комплексу ўваходзяць царква Сьвятой Тройцы, званіца, будынкі жаночага і мужчынскага манастыроў, паўночная і паўднёвая брамы і бурса. Па Берасьцейскай уніі (1596) манастыр стаў галоўным цэнтрам пашырэньня Уніі і асяродкам, дзе ствараўся ордэн базылянаў. У 1604 годзе Язафат Кунцэвіч прыняў тут манаскі пострыг. У наш час пра гэты факт сьведчыць памятная шыльда. У 1823 годзе расейскія ўлады перарабілі першы паверх паўднёвага корпуса пад вязьніцу, дзе ўтрымлівалі паэта Адама Міцкевіча, пазьней — удзельнікаў вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. У першай палове ХХ ст. у будынках манастыра знаходзіўся палітычны і культурны цэнтар беларусаў: Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і беларуская бібліятэка, Віленская беларуская гімназія, дзьве беларускія пачатковыя школы, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускія настаўніцкія курсы, Беларуская школьная рада Віленшчыны, духоўная сэмінарыя Траецкай царквы.
- № 7a — корпус манастыра, у якім месьцілася Віленская беларуская гімназія і Беларускі музэй. Гімназія дзейнічала з 1 студзеня 1919 да чэрвеня 1944 году. Сярод настаўнікаў гімназіі былі Антон і Іван Луцкевічы, Максім Гарэцкі, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Барыс Кіт, Рыгор Шырма. Пры ўваходзе ў былую гімназію вісяць памятныя шыльды Максіму Гарэцкаму і Натальлі Арсеньневай. Беларускі музэй месьціўся на першым паверсе паўднёвага крыла будынка. Тут захоўваліся сярэднявечныя пячаткі, манэты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галасьнікі Гарадзенскай Калоскай царквы, рукапісныя кнігі і старадрукі (выданьні Францішка Скарыны, татарскі Аль-Кітаб, Літоўскі Статут 1588 году). Паводле інвэнтару 1941 году, музэй налічваў 13 450 адзінак захаваньня. У архіве музэю было больш за 9 тыс. адзінак захаваньня. Бібліятэка налічвала больш за 14 тыс. тамоў[5].
- № 7b — Траецкая царква. У 1347 годзе на гэтым месцы заснавалі першую драўляную царкву. У 1514—1516 гадох па пераможнай Аршанскай бітве князь Канстантын Астроскі ў падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі збудаваў на месцы драўлянай новую мураваную царкву. Па скасаваньні Берасьцейскай уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату, пазьней царкву перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1919 годзе будынак перадалі каталікам. У 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1991 годзе сьвятыню вярнулі грэка-каталікам.
Цотны бок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- № 2 — 3-павярховы дом. Каля 1801 году будынак рэканструявалі паводле праекту архітэктура Міхала Шульца, пазьней на фасад дадалі эклектычную ляпніну.
- № 6 — дом, дзе з 1926 году правацаў Беларускі інстытут гаспадаркі. Установа займалася стварэньнем каапэратываў, бібліятэк, клюбаў, пашырэньнем ведаў.
- № 8 — адзіны захаваны ў Вільні будынак гаспадарчага прызначэньня (склад), збудаваны ў XV — XVI стагодзьдзях. У 1970—1974 гадох на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя працы.
- № 10 — Духаўская царква і манастыр. Драўляная царква існавала тут з 1567 году. У 1596 годзе ў друкарні Духаўскага брацтва Лаўрэнці Зізані выдаў славянскі лемантар, які ўлучаў беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова). У 1618 годзе ў манастыры прыняў пострыг Мялеці Сматрыцкі. У 1638 годзе замест драўлянай збудавалі мураваную сьвятыню. У 1749—1753 гадох царкву перабудавалі паводле праекту архітэктара Ян Гляўбіц ў стылі віленскага барока. У пячорнай царкве пад алтаром, іканастас да якой стварыў мастак Іван Хруцкі, спачыў зьнішчальнік уніяцкай царквы Ёсіф Сямашка[6].
- № 14 — касьцёл Сьвятой Трэзы і кляштар кармэлітаў. Кляштар будаваўся ў 1621—1624 гадох, касьцёл — у 1633—1650 гадох з фундацыі падканцлера Стэфана Паца. У 1783 годзе да кута заходняга фасаду касьцёла прыбудавалі капліцу-пахавальню Пацаў. У 1829 годзе касьцёл злучылі 2-павярховай крытай галерэяй з капліцай Маці Божай на Вострай браме.
Вострая брама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Брама будавалася ў гатычным стылі ў 1503—1522 гадох разам зь пяцьцю іншымі, пазьней колькасьць брамаў дасягала дзевяці. Празь некалькі гадоў над аркай брамы дабудавалі фасад зь пяцьцю амбразурамі і атык у стылі рэнэсансу. Атык мае дэкор з гербам «Пагоня», які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермэса ў крылатым шлеме.
З боку места над брамай у 1671 годзе манахі-кармэліты збудавалі драўляную капліцу, адмыслова для абраза Маці Божай Вастрабрамскай. 18 траўня 1706 году здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у траўні 1715 году зьнішчыў амаль усё места і капліцу. У 1722 годзе над брамай збудавалі мураваную капліцу. Пры перабудове ў 1829—1830 гадох капліца набыла рысы клясыцызму.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вастрабрамская вуліца ў мастацтве
Вастрабрамская вуліца. Ю. Азямблоўскі, 1834
Траецкая царква па маскоўскай перабудове. І. Трутнеў, 1874
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ таксама вуліца Вострабрамская
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Наша Ніва. №1, 1994. С. 7.
- ^ Корбут В. Па віленскім бруку(недаступная спасылка) // «Туризм и Отдых». №32 (667). 14 жніўня 2008.
- ^ Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы // «Туризм и Отдых». №29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ^ Базылянскія муры. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 21 верасьня 1919. — № 14. — С. 1.
- ^ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні, TUT.BY, 6.08.2009.
- ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні. TUT.BY. Праверана 20 лютага 2017 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліца Вастрабрамская — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў