Рушкавічы
Ру́шкавічы — літоўскі княскі род.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кінтыбут, Ванібут, Бутавіт, Віжэік, Вішлій, Кіценій і Плікасова Рушкавічы ў канцы 1219 або пачатку 1220 году[1] разам з чатырма іншымі групамі князёў — «літоўскімі старэйшымі», жамойцкімі, Булевічамі, дзяволцкімі — склалі мірную ўмову з галiцка-валынскiмi князямi Данілам і Васількам Раманавічамі:
![]() |
Въ лѣт 6723. Б(о)жиимъ повелениемъ прислаша кнѧзи Литовьскии к великои кнѧгини Романовѣ и Данилови и Василкови, миръ дающе. Бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи: се старѣшеи Живинъбоудъ · Давъѧтъ · Довъспроункъ · братъ его Мидогъ · брат · Довьяловъ · Виликаилъ. А Жемотьскыи: кнѧз Ерьдивилъ · Выкынтъ. А Роушьковичев: Кинтибоуть · Вонибоут · Боутовить · Вижѣикъ и с(ы)н его Вишлии · Китении · Пликосова. А се Боулевичи: Вишимоут, егоже оуби Миндого тъ и женоу его поѧлъ и братью его побилъ · Едивила · Спроудѣика. А се кнѧзи из Дяволтвы: Юдьки · Поукѣикъ · Бикши · Ликиикъ. Си же вси миръ даша кн(я)зю Данилови и Василкоу, и бѣ землѧ покоина. | ![]() |
У сярэдзіне 1250-х гадоў князь Сірвід Рушкавіч браў удзел у супольнай з рускімі князямі выправе супраць мангола-татараў на Ўкраіну.
Імёны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Імёны Кінтыбут, Ванібут і Бутавіт зьмяшчаюць фармант -бут-, які празь імя Зігебут (Жыгібут) зьвязвае іх з Жыгімонтам — літоўскай (беларускай) формай старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[3]. Зь іншага боку, фармант -кінт- празь імя Вікінт зьвязвае Кінтыбута з германскім імём Віганд (найбольш вядомы — Віганд з Марбургу)[4].
Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які адзначае імавернасьць повязі ліцьвінаў з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць іх германскае паходжаньне, разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў. Паводле Алёхны Дайліды, фармант -бут- (гоцкія імёны Butila, Sisebuto, Hosbut) тлумачыцца, відаць, ад усходнегерманскага but- з значэннем 'корань, камель' (гепіцкае butilo — 'камель'), фармант -кінт- (германскае імя Witikint, Witikind) тлумачыцца ад гоцкага і германскага kinds 'дзіцё, род', фармант -войн- (германскія імёны Wonnat, Vuuna, Vunnihad) тлумачыцца, відаць, ад старагерманскага wunna, гоцкага wunands 'шчаснасьць, задаволенасьць', ісьляндзкага vænn 'прыемны', нямецкага gewohnt 'задаволены', фармант -віт- (германскія імёны Witin, Witila, Witimirus) тлумачыцца ад гоцкага wit 'веда, розум, закон'[5]. Такім парадкам, імя Кінтыбут азначае «корань роду», імя Ванібут — «шчасны корань», імя Бутавіт — «корань мудрасьці»[6].
Уладаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На думку расейскага гісторыка Івана Бяляева, разам з Булевічамі валодалі землямі ад Вяльлі да Нёману і Сьвіслачы, на ўсход — да Бярэзіны. Летувіскі гісторык Эдвардас Гудавічус лічыць, што яны валодалі зямлёй Упітай. На думку Міколы Ермаловіча, іх уладаньні ляжалі побач зь Пінскім княствам[7].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Насевіч В. Дагавор 1219 // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 563.
- ^ Договор литовских князей с Галицко-Волынским княжеством (1219), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 23.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 20.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17—18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 523.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)