Умова 1219 году
Умова 1219 году | |
Падпісаная | 1219 або 1220 |
---|---|
· месца | Галіцка-Валынскае княства |
Бакі | Група літоўскіх князёў Галіцка-Валынскае княства |
Умова 1219 году[1] — мірнае пагадненьне, складзенае паміж літоўскімі князямі і Галіцка-Валынскім княствам у канцы 1219 або пачатку 1220 году[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Галіцка-Валынскім (Іпацьеўскім) летапісе пад 6723 годам «ад стварэньня сьвету» (дата памылковая) прыводзіцца пералік князёў, якія падпісалі мірную ўмову:
Въ лѣт 6723. Б(о)жиимъ повелениемъ прислаша кнѧзи Литовьскии к великои кнѧгини Романовѣ и Данилови и Василкови, миръ дающе. Бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи: се старѣшеи Живинъбоудъ · Давъѧтъ · Довъспроункъ · братъ его Мидогъ · брат · Довьяловъ · Виликаилъ. А Жемотьскыи: кнѧз Ерьдивилъ · Выкынтъ. А Роушьковичев: Кинтибоуть · Вонибоут · Боутовить · Вижѣикъ и с(ы)н его Вишлии · Китении · Пликосова. А се Боулевичи: Вишимоут, егоже оуби Миндого тъ и женоу его поѧлъ и братью его побилъ · Едивила · Спроудѣика. А се кнѧзи из Дяволтвы: Юдьки · Поукѣикъ · Бикши · Ликиикъ. Си же вси миръ даша кн(я)зю Данилови и Василкоу, и бѣ землѧ покоина. | ||
У перакліку фігуруюць пяць групаў князёў — уладальнікаў асобных, але ўжо не раўнапраўных этнапалітычных аб’яднаньняў. Пяць князёў зь першай групы называюцца «літоўскімі», прытым парадак пераліку дазваляе меркаваць пра сваяцтва паміж імі. Ачольвае яго Жывінбуд, які азначаецца «старэйшым»[4], пасьля яго пералічваюцца дзьве пары братоў: Даўят зь Вілгайлам і Даўспрунг зь Міндоўгам. Другую групу ўтвараюць два князі, названыя «жамойцкімі» (Гердзівіл і Вікінт), гэта сьведчыць пра палітычную залежнасьць гэтых князёў ад Жывінбуда і яго суродзічаў. Трэцюю групу ўтвараюць шэсьць князёў, названых Рушкавічамі: Кінтыбут, Ванібут, Бутавіт, Віжэік з сынам Вішліем, Кіценій, а таксама Плікосава. Яны належалі да іншага роду, які таксама падпарадкоўваўся роду Жывінбуда. Чацьвертая група князёў, таксама роднасных паміж сабой, выступае пад імем Булевічаў. Зь іх называецца Вішымут, пасьля імя якога складальнік летапісу зрабіў прыпіску пра больш позьнія падзеі — забойства Міндоўгам Вішымута і яго братоў. Трэба меркаваць, што браты Вішымута таксама былі ўдзельнікамі ўмовы. Апошнюю групу ўтвараюць чатыры князі, якія супольна валодалі Дзяволтвай, і таксама, напэўна, былі суродзічамі: Юдзькі, Пукеік, Бікшы, Лікіік.
Беспасярэднім вынікам умовы стаў напад літоўскіх князёў на польскія княствы, зь якімі варагавалі галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька Раманавічы і іх маці Ганна.
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што няма поўнай пэўнасьці ў праўдзівасьці характару гэтай умовы, як і ў дакладнасьці пералічаных «літоўскіх» князёў, бо запіс у летапісе зрабілі задняй датай, пра што сьведчыць паведамленьне пра пазьнейшае забойства Міндоўгам некаторых зь пералічаных князёў. Разам з тым, гэтае летапіснае паведамленьне засьведчыла славянізацыю тагачасных ліцьвінаў (славянскія прозьвішчы Рушкавічы, Булевічы)[1].
Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які адзначае імавернасьць повязі ліцьвінаў з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць іх германскае паходжаньне, таксама зьвяртае ўвагу на сьведчаньне славянізацыі ліцьвінаў, зазначаючы пры тым, што пералічаныя ва ўмове імёны літоўскіх князёў ёсьць яўна ўсходнегерманскімі[5].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Урбан П. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы. № 3 (9), 1964. С. 35—90.
- ^ Насевіч В. Дагавор 1219 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 563.
- ^ Договор литовских князей с Галицко-Волынским княжеством (1219), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Библиотека литературы Древней Руси / Институт русской литературы (Пушкинский Дом) РАН; Под ред. Д. С. Лихачёва, Л. А. Дмитриева, А. А. Алексеева, Н. В. Понырко. Т. 5: XIII век. — СПб., 1997. С. 201.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14—15.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Урбан П. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы. № 3 (9), 1964. С. 35—90.