Вікінт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікінт
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісаньня Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578
Уяўны партрэт Вікінта з «Апісаньня Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578
Вялікі жамойцкі князь
1219 — 1253
Папярэднік: Монтвіл
Наступнік: Міндоўг
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: XIII стагодзьдзе
Памёр: 1253(1253)
Помнік князю Вікінту ў Тверымеце

Вікінт (па-летувіску: Vykintas; памёр каля 1253) — жамойцкі князь, дзядзька (па маці) Таўцівіла і праціўнік вялікага князя літоўскага Міндоўга.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая згадка пра князя Вікінта адносіцца да 1219 году (згодна з Галіцка-Валынскім летапісам, 1215), калі ён разам зь іншымі літоўскімі князямі ўдзельнічаў у падпісаньні мірнай дамовы з Галіцка-Валынскім княствам[1].

Хроніка Быхаўца паведамляе, што жамойцкі князь Монтвіл меў 2 сыноў: В. і Эрдзівіла. Пасьля сьмерці бацькі вялікім князем жамойцкім стаў Вікінт, а яго брат Эрдзівіл княжыў у Новагародку, Гародні, Бярэсьці і іншых гарадах, разбураных ханам Батыем[2].

У 1236 годзе адбылася Саўлеўская бітва паміж мечаносцамі і жамойтамі ды зэмгаламі, у якой Вікінт мог узначальваць жамойцкае войска[3]. Ордэн Мечаносцаў пацярпеў поўную паразу і вымушаны быў у хуткім часе ўвайсьці ў склад Тэўтонскага.

У 1248 годзе Міндоўг паслаў Вікінта і сваіх пляменьнікаў (па бацьку) Таўцівіла і Эрдзівіла (або Эдзівіда) у ваенны паход на Смаленск. Паход распачаўся ўдала, але ў 1249 годзе ў бітве каля Зубцова літоўскае войска пацярпела паразу. Даведаўшыся пра гэта, Міндоўг вырашыў адабраць у іх маёнткі князёў.

Вікінт, Таўцівіл і Эрдзівіл былі вымушаныя бегчы да мужа сястры Таўцівіла князя галіцка-валынскага Данілы Раманавіча.

У 1250 годзе супернікам Міндоўга ўдалося ўтварыць моцную кааліцыю, куды ўвайшлі войскі Лівонскага ордэну і Галіцка-Валынскага княства[4], адбыліся два паходы, адзін на Нальшу, а другі на Варуту, абаронай апошняй Міндоўг кіраваў сам[5].

Тым ня менш, Міндоўгу ўдалося разьяднаць кааліцыю, накіраваную супраць яго. Яму ўдалося вывесьці з вайны Ордэн, прыняўшы хрост і аддаўшы зямлі паўночных балтыйскіх плямёнаў (куршы, зэмгалы і інш.) у рукі крыжакоў[6]. Ўжо ў 1252 годзе Міндоўг перайшоў у контрнаступ і аблажыў сталіцу Вікінта, Тверымет, зрэшты, няўдала. Неўзабаве Міндоўгу ўдалося падпісаць мір і з Данілам Галіцкім, па якому сын апошняга, Шварн Данілавіч узяў у жонкі дачку Міндоўга.

Прыкладна ў 1253 годзе Вікінт памёр, Таўцівіл быў вымушаны зноў бегчы да Даніла Галіцкага, кааліцыя распалася, а Міндоўг прыняў тытул караля Літвы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Галіцка-Валынскі летапіс па Іпацьеўскаму спісу
  2. ^ Хроніка Быхаўца ПРА СЫНОЎ КЕРНУСА І ГІМБУТА, ЖЫВІНБУДА ДЫ МАНТВІЛА, І ЎНУКАЎ, ВІКІНТА ДЫ ЭРДЗІВІЛА, А ТАКСАМА ПРА НАВАЛУ БАТЫЕВУ
  3. ^ Lietuvos valdovai (XIII-XVIII a.): enciklopedinis žinynas.
  4. ^ Насевіч В. Л. Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн., 1993.
  5. ^ Іпацьеўскі летапіс // Полное собрание русских летописей. — Т. 2. — СПб., 1908. — С. 808
  6. ^ Sužiedėlis S. Tautvilas // Encyclopedia Lituanica.