Перайсьці да зьместу

Рома Рым

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рома (футбольны клюб)»)
Рома
Поўная назва Associazione Sportiva Roma (A.S. Roma)
Заснаваны 22 ліпеня 1927
Горад Рым, Італія
Стадыён Стадыё Алімпіка
Умяшчальнасьць: 70 634
Прэзыдэнт Дэн Фрыдкін[d]
Кіраўнік NEEP Roma Holding[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Сэрыя А
 · 2023—2024 6 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
asroma.com

«Ро́ма» (па-італьянску: Associazione Sportiva Roma) — італьянскі футбольны клюб з гораду Рым. Клюб быў заснаваны ў выніку зьліцьця некалькіх футбольных клюбаў гораду ў 1927 годзе. «Рома» гуляе ў Сэрыі A з часоў свайго заснаваньня, але толькі адзін сэзон у пачатку 1950-х яны вымушаны былі прапусьціць, бо вылецелі ў Сэрыю Б.

«Рома» перамагала ў італьянскім чэмпіянаце тройчы, у сэзонах 1941—1942, 1982—1983 і 2000—2001 гадоў, а таксама дзевяць разоў станавілася ўладальнікам Кубка Італіі й двойчы Супэркубка краіны. Пераможцы Лігі Канфэрэнцыяў УЕФА 2022—2023 гадоў. Клюб двойчы «Рома» выходзіла ў фіналы эўрапейскіх кубкаў: Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў у 1984 годзе, але там яна атрымала паразу ў сэрыі пэнальці ад «Лівэрпулу», і Кубка УЭФА ў 1991 годзе, саступіўшы «Інтэру».

Хатнія гульні ў цяперашні час клюб праводзіць на «Стадыё Алімпіка», які яны падзяляюць са сваім асноўным супернікам клюбам «Ляцыё». Маючы ўмяшчальнасьць большую за 72 тысячы гледачоў, стадыён зьяўляецца другім па велічыні ў Італіі, саступаючы толькі мілянскаму «Сан-Сыра». У верасьні 2009 году кіраўніцтва клюбу абвесьціцла пра пляны будаўніцтва новага стадыёну ў заходнім прыгарадзе Рыму. Ягоны дызайн быў складзены па ўзоры ангельскіх футбольных стадыёнаў[1].

Футбольны клюб «Рома» быў утвораны 22 ліпеня 1927 году ў выніку аб’яднаньня трох рымскіх камандаў: «Роман», «Альба-Аўдачэ» й «Фартытуда-Про Рома» (першапачаткова камандаў было пяць — «Роман», «Альба», «Аўдачэ», «Фартытуда» й «Про Рома»). Гэта было зроблена па ініцыятыве аднаго зь лідэраў фашысцкай партыі Італа Фоскі з мэтай зьяўленьня ў Вечным горадзе клюбу, здольнага пазмагацца з гегемоніяй паўночнаітальянскіх камандаў — «Джэноа», «Тарына», «Ювэнтусам», «Інтэрнацыянале» й «Балёньняй». Толькі адна рымская каманда змагла пазьбегнуць зьліцьця — «Ляцыё», дзякуючы намаганьням віцэ-прэзыдэнта клюбу генэрала міліцыі Джорджыё Вакара.

«Рома» стала ўдзельнікам італьянскай Сэрыі A ў сэзоне 1929—1930 гадоў. А ўжо ў наступным сэзоне «джаляросі» фінішавалі на другім месцы, прапусьціўшы наперад толькі «Ювэнтус». Найлепшымі гульцамі гэтага пэрыяду ў «Роме» былі капітан Атыліё Фэрарыс, а таксама Гвіда Мазэцьці, Фульвіё Бэрнардыні й Радольфа Воўк.

Капітан Джакама Лёсі з кубкам кірмашоў у 1961 годзе.

Пасьля пэрыяду рэзкага зьніжэньня вынікаў і страты некалькіх асноўных гульцоў, у рэшце рэшт, «Рома» аднавіла склад і нават запрасіла ў каманду шэраг бамбардзіраў, як то аргентынскі форўард Энрыке Гуаіта[2]. Пад кіраўніцтвам Люіджы Барбэзына, рымскі клюб быў блізкі да свайго першага тытулу ў сэзоне 1935—1936 гадоў, аднак, толькі на адзін пункт адстаў ад чэмпіяна таго сэзону клюбу «Балёньня»[3]. «Рома» сталася моцным калектывам напрыканцы 1930-х гадоў. Аднак, першы трыюмф у нацыянальным першынстве сэзону 1941—1942 гадоў быў даволі нечаканым[4]. Важную ролю ў перамозе адыграў бамбрадзір Амэдэо Амадэй, які забіў у браму супернікаў 18 галоў. Акрамя таго, галоўны трэнэр Альфрэд Шафэр зрабіў вялікі ўнёсак у атрыманьне першага чэмпіёнскага тытулу. На той час Італія была ўцягнутая ў Другую сусьветную вайну, і «Рома» праводзіла свае хатнія матчы на стадыёне «Нацыянальнай фашыскай партыі»[5].

У наступныя гады пасьля вайны рымскі клюб ня здолеў захаваць свае пазыцыі ў лізе й скончыў пяць чэмпіянатаў запар у ніжняй палове выніковай табліцы Сэрыі А. У рэшце рэшт у сэзоне 1950—1951 гадоў «Рома» нават не ўтрымалася ў найвышэйшым дывізіёне й патрапіла ў Сэрыю Б[6], прыкладна празь дзесяць гадоў пасьля свайго трыюмфу. Пад кіраўніцтвам трэнэра Джузэпэ Віяні, які ў будучыні ачоліў нацыянальную зборную Італіі, «Рома» здолела вярнуцца ў Сэрыю А[7].

Пасьля вяртаньня ў Сэрыю А «Рома» здолела ня толькі захаваць сваё месца ў эліце, але нават увайсьці да ліку клюбаў зь верхняй паловы табліцы, дзякуючы гэткім гульцамі, як то Эджыста Пандальфіні, Дына Да Коста й Гэльге Бранэ[8]. Іхны лепшы сэзон адбыўся за пэрыядам, калі каманду ачольваў ангельскі спэцыяліст Джэс Карвэр, у сэзоне 1954—1955 гадоў. Каманда скончыла той сэзон на другім радку, прапусьціўшы наперад толькі «Мілян» і «Ўдынэзэ», аднак, апошні зь іх быў дыскваліфікаваны за карупцыю[8]. Хоць «Рома» ня здолела прабіцца ў першую чацьвёрку на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя, яны дасягнулі пэўных посьпехаў у кубкавых розыгрышах. У сэзоне 1960—1961 гадоў «Рома» ўпершыню ў гісторыі атрымала перамогу ў міжнародным кубку, атрымаўшы перамогу ў фінале Кубку кірмашоў над «Бірмінггэм Сіці» зь лікам 4:2[9]. Празь некалькі гадоў пасьля гэтага «Рома» атрымала Кубак Італіі сэзону 1963—1964 гадоў, забіўшы адзіны гол фіналу ў матчы супраць «Тарына»[10].

Аднак, ужо ў сэзоне 1964—1965 гадоў клюб чакала няўдача, калі галоўны трэнэр Хуан Карляс Лярэнса абвесьціў, што каманда ня можа заплаціць сваім гульцам і наўрад ці змогуць дазволіць сабе паехаць да «Вічэнца» на чарговы матч чэмпіянату. Заўзятары клюбу аб’явілі аб зборы грошай на ўтрыманьне клюбу ў Сыкстынскім тэатры, а банкруцтва ўдалося пазьбегнуць праз выбраньне новага прэзыдэнта клюба Франка Эванджэлісьці. Свой другі Кубак Італіі «Рома» атрымала ў сэзоне 1968—1969 гадоў[10]. Менавіта ў 1969 годзе Джакама Лёсі ўсталяваў рэкорд клюбу, правёўшы 450 матч за клюб ва ўсіх спаборніцтвах. Гэты рэкорд трымаўся наступныя 38 гадоў[11].

1970-я — адны з самых сумных у гісторыі «джаляросі»: з капітанам Джакама Лёсі не працягнулі кантракт з-за рознагалосьсяў з галоўным трэнэрам Эленіё Эрэра, а пад час прэзыдэнцтва Альвара Марчыні тры каштоўных гульца былі перададзеныя Ювэнтусу: Лючана Сьпінозі, Фабіё Капэльлё і Фаўста Ляндыні[12]. Рома была з-за гэтага перайменаваная ў Рамэту (па-італьянску: Rometta) і была крэпкім сярэдняком чэмпіянату. Толькі ў сэзоне 1974—1975 гадоў яна заняла трэцяе месца, а ў 1978—1979 яна пазьбегла вылету ў Сэрыю Б у перадапошнім туры. Нягледзячы на незадавальняючыя вынікі, каманда заваявала англа-італьянскі кубак 1972 году[12].

Напрыканцы дзесяцігодзьдзя ўладальнікам клюба стаў Дына Віёла, які цалкам ператварыў яго тэхнічны ўзровень, а потым перадаў кіраўніцтва швэду Нільсу Лідгальму[13]. Лідгальм адразу дабіўся добрых вынікаў, паслядоўна заваяваў два Кубкі Італіі, абодва разы ў фінале сустракаўся з Тарына і абодва разы перамог па пэнальці. У сэзоне 1982—1983 гадоў Лідгальм выіграў другі чэмпіёнскі тытул ў гісторыі рымлян. 8 мая 1983 году на стадыёне Люіджы Фэрарыс адбыўся матч з Джэноа[12].

У наступным годзе клюб заваяваў свой пяты Кубак Італіі, у фінале перамаглі Вэрону. Выйшаў у фінал Кубка Эўрапэйскіх чэмпіёнаў, які з гэтай нагоды праходзіў прама на «Стадыё Алімпіка» ў Рыме. Нягледзячы на перавагу гульні дома, каманда не змагла навязаць барацьбу «Лівэрпулу»: пасьля дадатковага часу лік быў 1:1, і каманда пацярпела паразу з-за двух памылак на пэнальці Бруна Конці і Франчэска Грацыяні. Канчатковы лік быў 4:2[12]. Пазьней Дына Віёла зноў даверыў каманду швэдзкаму трэнэру Свэну-Ёрану Эрыксану[12].

У 1991 годзе каманда заваявала сёмы Кубак Італіі, у фінале перамаглі Сампдорыю. Таксама выйшлі ў фінал Кубка УЭФА, але саступілі ў фінальных гульнях Інтэру[12]. У 1993 годзе каманду набыў Франка Сэнсі, які ўмацаваў яе, але гэта не дапамагло адразу дабіцца значных вынікаў[14]. Улетку 1999 году кіраўніцтва даверыла клюб трэнэру Фабіё Капэльлё, у наступным годзе клюб набыў шмат гульцоў і заваяваў трэці чэмпіёнскі тытул. Праз два месяцы пасьля перамогі ў чэмпіянаце клюб таксама заваяваў свой першы Супэркубак Італіі пасьля перамогі над Фіярэнтынай[12].

Франчэска Тоці з кубкам Італіі 2008

У 2000-я гады Рома шэсьць разоў займала другое месца ў лізе, а пад кіраўніцтвам Лючана Спалецьці заваявала пасьлядоўна два Кубкі Італіі (2006—2007 і 2007—2008), абодва разы пасьля перамогі над Інтэрам і Супэркубак Італіі 2007 ізноў пасьля перамогі над Інтэрам[15][12]. Пасьля сэзона 2010—2011 клюб быў перададзены групе амэрыканскіх прадпрымальнікаў на чале з Томасам Дыбэнэдэта, потым з Джэймзам Палотам. Яны прывялі каманду да трох другіх месцаў і паўфінала Лігі чэмпіёнаў[15]. 17 жніўня 2020 году міжнародная гандлёвая група з ЗША «The Friedkin Group» набыла клюб, прэзыдэнтам стаў Дэн Фрыдкін, прадстаўнік дыстрыбутараў Toyota у краінах Пэрсыдзкай затокі[16]. У другі год кіраўніцтва Жузэ Маўрыньню каманда зваявала Кубак Канфэрэнцыяў УЭФА, адразу калі гэтая ўзнагарода зьявілася[17].

Актуальны на 12 верасьня 2024 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
3 Сьцяг Гішпаніі Аб Анхэліньнё 1997
4 Сьцяг Італіі ПА Браян Крыстантэ 1995
5 Сьцяг Кот-д’Івуару Аб Эван Н’Дыка 1999
7 Сьцяг Італіі ПА Лярэнца Пэлегрыні (капітан) 1996
11 Сьцяг Украіны Нап Арцём Доўбік 1997
12 Сьцяг Саудаўскай Арабіі Аб Сауд Абдульгамід 1999
14 Сьцяг Узбэкістана Нап Эльдор Шамуродаў 1995
15 Сьцяг Нямеччыны Аб Матс Гумэльс 1988
16 Сьцяг Аргентыны ПА Леандра Парэдэс 1994
17 Сьцяг Францыі ПА Куадыё Канэ (ар. Барусія М.) 2001
18 Сьцяг Аргентыны Нап Матыяс Саўле 2003
19 Сьцяг Турэччыны Аб Зэкі Чэлік 1997
21 Сьцяг Аргентыны Нап Паўлё Дыбаля 1993
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
22 Сьцяг Гішпаніі Аб Марыё Эрмоса 1995
23 Сьцяг Італіі Аб Джанлюка Манчыні 1996
26 Сьцяг Швэцыі Аб Самуэль Даль 2003
28 Сьцяг Францыі ПА Энзо Лё Фэ 2000
35 Сьцяг Італіі ПА Тамаза Бальданцы 2003
56 Сьцяг Бэльгіі Нап Алексіс Салемакерс (ар. Мілян) 1999
59 Сьцяг Польшчы ПА Ніколя Залеўскі 2002
61 Сьцяг Італіі ПА Нікалё Пізыльлі 2004
66 Сьцяг Гішпаніі Аб Буба Сангарэ 2007
89 Сьцяг Італіі Бр Рэната Марын 2006
92 Сьцяг Італіі Нап Стэфан эль-Шаараві 1992
98 Сьцяг Аўстраліі Бр Мэт’ю Раян 1992
99 Сьцяг Сэрбіі Бр Міле Сьвіляр 1999
  1. ^ Roma stadium to be inspired by English Model (анг.) soccernet.com Архіўная копія ад 19 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ «Tutti i calciatori dell’A.S. Roma». Viva la Roma.
  3. ^ 1935-'36: Io Faccio I Gol Non La Guerra! (італ.) ASRomaUltras.it Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2007 г.
  4. ^ «Campionato 1941-42 — Roma campione d’Italia». ASRTalenti.
  5. ^ I Campi da Gioco (італ.) ASRomaUltras.it Архіўная копія ад 7 жніўня 2007 г.
  6. ^ Italy 1951-52 — Serie B (анг.) Rec.Sport.Soccer Statistics Foundation Архіўная копія ад 9 мая 2007 г.
  7. ^ «Gli Allenatori dell’A.S. Roma dal 1927 al Oggi». Viva la Roma.
  8. ^ а б Panini Edizioni. «Almanacco Illustrato del Calcio — La Storia 1898—2004». Modena. 2005.
  9. ^ «Inter-Cities Fairs Cup 1960-61». Rec.Sport.Soccer Statistics Foundation.
  10. ^ а б TIM Cup — Coppa Italia (італ.) Vilacom Sports Архіўная копія ад 27 верасьня 2011 г.
  11. ^ Rekordok, statisztikák (вуг.) AS Roma Hunsports Архіўная копія ад 11 кастрычніка 2007 г.
  12. ^ а б в г д е ё ж Manuela Romano (a cura di), La storia della A.S. Roma (10 DVD-Video), Corriere dello Sport, Rai Trade, 2006.
  13. ^ Tonino Cagnucci, Luca Pelosi Dimmi cos'è. — Roma: Skira, 2017. — P. 159. — ISBN 88-572-3675-7
  14. ^ Massimo Izzi, Francesco Valitutti Cronologia della grande Roma. — Roma: Newton Compton, 2001. — P. 212-224. — ISBN 88-8289-599-8
  15. ^ а б Storia (італ.) asroma.com Праверана 27 сакавіка 2018 г.
  16. ^ Joint press release - Closing of the acquisition of the controlling stake of AS Roma S.p.A. board members appointment and resignation (анг.) asroma.com Праверана 17 жніўня 2020 г.
  17. ^ Roma-Feyenoord 1-0: Zaniolo illumina Tirana, la coppa è giallorossa (італ.) it.uefa.com Праверана 26 мая 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]