Перайсьці да зьместу

Мяцеж Глінскіх

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Паўстаньне Глінскага»)
Мяцеж Глінскіх
Гістарычная мапа працы Віктара Цемушава
Дата: люты — верасень 1508 году
Месца: Раён Турава, Мазыру, Кіева, Слуцку, Менску, Крычава, Воршы
Прычына: Барацьба за ўладу паміж групоўкамі шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім, асабістыя амбіцыі Міхала Глінскага
Вынік: Пераход Глінскіх на маскоўскую службу з маёмасьцю, але безь зямель
Супернікі
Глінскія й іх прыхільнікіУрадавыя войскі
Камандуючыя
Міхал ГлінскіКанстантын Астроскі
Колькасьць
Каля 2 тыс. коньнікаўКаля 15—16 тыс. воінаў у канцы мяцяжу
Агульныя страты
мінімальныя

Мяце́ж Глі́нскіх — выступленьне групы князёў пад кіраўніцтвам Міхала Львовіча Глінскага ў 1508 годзе, якое стала вынікам барацьбы за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім паміж дзьвюма групоўкамі шляхты ў апошнія гады княжаньня Аляксандра Ягелончыка[1]. Непасрэднай прычынай пачатку мяцяжу стала адхіленьне ад пасад Міхала Глінскага новым вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Старым пад уплывам чутак, распаўсюджаных асабістым ворагам Глінскага Янам Забярэзінскім. Пасьля няўдачы мірнага вырашэньня справы ў судзе Глінскі й яго прыхільнікі, якімі пераважна былі чальцы клану Глінскіх, паднялі мяцеж. Празь некаторы час мяцежнікі перайшлі на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля III, тым самым зьмяніўшы сутнасьць выступленьня, ператварыўшы яго ў частку маскоўска-літоўскай вайны 1507—1508 гадоў. Агульная няўдача дзеяньняў мяцежнікаў і маскоўскіх войскаў прывяла да таго, што згодна зь мірнай дамовай, Глінскія й іх прыхільнікі атрымалі права выехаць у Маскву з усёй рухомай маёмасьцю, але іх валоданьні былі канфіскаваныя.

Вялікае княства Літоўскае напярэдадні мяцяжу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку XVI стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў цяжкім становішчы. У выніку вайны з Маскоўскай дзяржавай 1500—1503 гадоў яно пазбавілася значнай часткі сваёй тэрыторыі[2]. Акрамя таго, унутранае становішча дзяржавы было хісткім з-за рознагалосьсяў з нагоды заключэньня новай уніі з Каралеўствам Польскім. Паводле акту уніі ад 1501 году яна павінна была быць ратыфікаваная літоўскім соймам, што было скарыстанае яе супернікамі, сярод якіх быў і Міхал Глінскі, і нават сам вялікі князь літоўскі Аляксандар, для адмовы яе зацьвярджэньня на сойме ў Берасьці ў 1505 годзе. Тым часам, у Вялікім Княстве Літоўскім існавалі й прыхільнікі уніі, якія разьлічвалі зь яе дапамогай дамагчыся пашырэньня палітычных правоў, бо паводле акту уніі ўлада манарха моцна абмяжоўвалася й уводзілася фактычна яго выбарнасьць[3][4].

У лютым году 1507 сойм у Вільні прыняў рашэньне аб вяртаньні згубленых у папярэднія войны земляў. У сакавіку — красавіку таго ж году літоўскія паслы ва ўльтыматыўнай форме запатрабавалі ад вялікага князя маскоўскага вярнуць захопленыя тэрыторыі, чаканая адмова была скарыстаная як падстава для пачатку новай вайны. Зрэшты, першым да актыўных дзеяньняў перайшоў маскоўскі бок, які, нягледзячы на прамаруджаньне са зборам літоўскага войска, ня здолеў дамагчыся значных посьпехаў. Ваенныя дзеяньні на першым этапе вайны, гэта значыць да ўступленьня ў канфлікт мяцежнікаў, насілі досыць пасіўны характар і не прынесьлі жаданага выніку ніводнаму з бакоў[5].

Прычыны выступленьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У апошнія гады кіраваньня вялікага князя Аляксандра князь Міхал Глінскі меў значны ўплыў пры двары, у 1500—1506 гадах займаў важны ўрад маршалка дворнага. Імклівы рост уплыву Глінскага турбаваў старую літоўскую арыстакратыю: Радзівілаў, Кезгайлаў, а асабліва Яна Забярэзінскага, які стаў асабістым ворагам Міхала[6]. Будучы даверанай асобай вялікага князя, Міхал садзейнічаў узвышэньню ўласных сваякоў, а таксама некаторых іншых асобаў, што яшчэ мацней умацоўвала яго становішча[6][7].

Пасол нямецкага імпэратара Сыгізмунд Гербэрштайн, які падрабязна выклаў сутнасьць мяцяжу ў сваіх «Запісках пра маскоўскія справы», прычынай сваркі Міхала зь Янам Забярэзінскім зваў тое, што троцкі ваявода Забярэзінскі загадаў зьбіць слугу Глінскага, у другі раз пасланага за аўсом для каралеўскіх коней у Трокі. Міхал, які меў уплыў на вялікага князя, дамогся таго, што Забярэзінскі быў пазбаўлены дзьвюх пасадаў, у тым ліку ваяводзкай, хоць падобнае пазбаўленьне пасадаў не практыкавалася[8][9]. Гербэрштайн паведамляе, што нягледзячы на прымірэньне, якое рушыла за гэтым, і тое, што за Янам Забярэзінскім была захаваная яго трэцяя пасада, апошні затаіў на Глінскага злосьць[3][8].

Паводле польскага гісторыка другой паловы XVI стагодзьдзя Мацея Стрыйкоўскага, а таксама летапіснага зводу сярэдзіны XVI стагодзьдзя, вядомага як Хроніка Быхаўца, канфлікт паміж Глінскім і Забярэзінскім пачаўся пасьля таго, як Міхал дамогся зьняцьця з пасады намесьніка лідзкага Юрыя Ільлініча й прызначэньня на яго месца свайго стрыечнага брата Андрэя Аляксандравіча Дрожджа. Юры Ільлініч паскардзіўся на парушэньне сваіх правоў панам-радным, тыя (у тым ліку й Ян Забярэзінскі) падтрымалі яго й не пацьвердзілі прызначэньне, лічачы Дрожджа «простым чалавекам» і грунтуючыся на прывілеі Аляксандра, выдадзеным ім пры заняцьці стальца, паводле якога вялікі князь гарантаваў зьняцьце з пасады толькі разам з пазбаўленьнем герба[3][10][11]. Абураны непаслушэнствам Аляксандар выклікаў паноў на берасьцейскі сойм, дзе аддаў загад кінуць Ільлініча ў турму, а панам-радным загадаў «не зьяўляцца на вочы свае»[3][10][11]. Тым часам, гісторыкі адзначаюць, што пазбаўленьне Забярэзінскага пасадаў на берасьцейскім сойме зьвязанае з тым, што ён быў актыўным прыхільнікам ратыфікацыі уніі, якую яе праціўнікам удалося сарваць менавіта на берасьцейскім сойме[12], і што яшчэ ў 1503 годзе Глінскі абвінаваціў Забярэзінскага ў арганізацыі замаху на сваё жыцьцё[13].

6 жніўня 1506 году Міхал Глінскі атрымаў буйную перамогу над войскам крымскага хана пад Клецкам. Пасьля таго, як 19 жніўня таго ж году памёр вялікі князь Аляксандар, Міхал падтрымаў абраньне наступным гаспадаром яго малодшага брата Жыгімонта. Тым ня менш, пад уплывам чутак, якія распаўсюджваў Забярэзінскі, пра тое, што князь Глінскі накіруе войска на сталіцу й захопіць уладу, Жыгімонт пазбавіў Міхала й яго братоў (Івана й Васіля) трыманых пасадаў[14]. Паводле Гербэрштэйна, які называе Міхала Глінскага адным з двух асабліва значных людзей Вялікага Княства (другім названы Канстантын Астроскі), пасьля сьмерці Аляксандра Забярэзінскі

« …абвінаваціў князя Глінскага ў дзяржаўнай здрадзе. Ён і яго сябры адправілі таксама да брата нябожчыка караля … Жыгімонта вестку, што князь Міхал нібыта дамагаецца вялікага княжаньня й Жыгімонту варта пасьпяшацца з прыездам. Калі герцаг Жыгімонт, не адсьвяткаваўшы, адправіўся ў Літву, князь Міхал выехаў яму насустрач з васьмюстамі коннымі й прызнаў яго сваім сапраўдным гаспадаром - такім чынам зрабіў усё як належыць. Пасьля таго як герцаг Жыгімонт заняў вялікакняскі сталец, князь Міхал стаў дамагацца суду й сьледзтва супраць Забярэзінскага. Вялікі герцаг адклаў справу да прыбыцьця ў Кракаў, бо быў цяпер абраны яшчэ й польскім каралём. Па прыезьдзе караля ў Кракаў Міхал зноў запатрабаваў суду, але справу зь нейкіх надуманых прычынаў зноў адклалі да Вільні, чым князь Міхал быў надзвычай абражаны …[8] »

Міхал Глінскі зьвярнуўся па дапамогу да чэскага й вугорскага караля й крымскага хана. Уладзіслаў II адправіў да вялікага князя Жыгімонта паслоў з просьбай даць Глінскаму «поўнае задавальненьне», Менглі-Гірэй адправіў Жыгімонту пасланьне з патрабаваньнем аднавіць Міхала на пасадзе маршалка, а ў выпадку невыкананьня пагражаў разрывам «брацтва» (гэта значыць ваеннага саюзу)[14]. Акрамя таго, Глінскі паскардзіўся Жыгімонту, што Забярэзінскі рыхтуе яго забойства, але той не прыняў ніякіх мераў[1]. Абураны нежаданьнем караля й вялікага князя разглядаць яго справу, Глінскі сказаў Жыгімонту, што «зробіць такі ўчынак, пра які з часам пашкадуе й ён, і сам кароль»[3][8][15].

Пачатак выступленьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхал Глінскі пачаў распаўсюджваць у Вялікім Княстве чуткі пра тое, што ўсіх праваслаўных зьбіраюцца зьвярнуць ў каталіцтва, а тых, хто адмовіцца, пакараюць сьмерцю. Пры гэтым сам Глінскі быў каталіком[16]. У пацьверджаньне сваіх словаў ён спасылаўся на сьведчаньне Фёдара Калантаева, які нібыта атрымаў інфармацыю ад маршалка Івана Сапегі (пазьней Калантаеў пад прысягай абверг, што паведамляў нешта падобнае Глінскаму[17])[3]. Па назіраньні расейскага гісторыка Міхаіла Крома, князь Глінскі ня быў шчыры ў сваіх заявах. Так, застаючыся каталіком, ў 1509 годзе ў лісьце да імпэратара Максіміляна Глінскі паведамляў, што ня хоча аб’яўляць аб сваёй сапраўднай веры, пакуль не даб’ецца вяртаньня ранейшага становішча пры двары, за што просіць у імпэратара, рымскай царквы й усіх каталікоў прабачэньня[16].

Скарыстаўшыся ад’ездам Жыгімонта на сойм у Кракаў[3], Глінскі сабраў сваіх «братоў і сяброў»[8] і паінфармаваў пра свае намеры. Праз шпіёнаў яму ўдалося даведацца, што яго вораг Ян Забярэзінскі знаходзіцца ў сваім маёнтку пад Горадняй. 2 лютага 1508 году Міхал з атрадам у 700 коньнікаў пераправіўся празь Нёман і акружыў маёнтак, пасьля чаго сябар Глінскага немец Шляйніц уварваўся зь людзьмі ў дом — Забярэзінскі быў схоплены з пасьцелі й абезгалоўлены па загадзе Міхала нейкім мусульманінам[3][8][15][18][19]. Гэта й стала пачаткам мяцяжу[1].

Разабраўшыся са сваім галоўным ворагам, Глінскі, які, паводле паведамленьня Стрыйкоўскага, меў 2 тысячы ваяроў[20], разаслаў атрады па ўсёй Літве, а сам зьдзейсьніў няўдалую спробу ўзяць Ковенскі замак, у якім быў заключаны хан Вялікай Арды Шых-Ахмед. 21 лютага Жыгімонт адправіў да крымскага хана ліст, у якім спрабаваў настроіць яго супраць Глінскага, кажучы, што той плянаваў вызваліць Шых-Ахмеда — лютага ворага Менглі-Гірэя[18]. Пасьля няўдачы ў Коўне Глінскі рушыў на Наваградак, а пасьля накіраваўся да Вільні, але, даведаўшыся, што горад ужо падрыхтаваўся да абароны, абышоў яго й вярнуўся ў сваю рэзыдэнцыю ў Тураў[18].

Знаходзячыся ў Тураве, Міхал вёў перамовы з Жыгімонтам, які ў гэты час быў у Кракаве, і вялікакняскай радай у Вільні. Кароль і вялікі князь паслаў у Тураў Яна Касьцевіча з абяцаньнем Глінскім «усякую ўправу ўчыніць у іх справах зь літоўскімі панамі»[3][21], але тыя, не давяраючы каралеўскаму пасланцу, адказалі адмовай, настойваючы на тым, каб у Тураў быў дасланы адзін з самых уплывовых літоўскіх паноў Альбрэхт Гаштольд, якога яны будуць чакаць да 12 сакавіка[3][18].

Спрэчным зьяўляецца пытаньне аб пачатку кантактаў Глінскага з Масквой. Так, згодна з Гербэрштэйнам, хронікамі Вапоўскага й Стрыйкоўскага, а таксама «Хронікай літоўскай і жамойцкай» ініцыятыва пачатку зносінаў зь вялікім князем маскоўскім Васілём III зыходзіла ад Глінскага, які яшчэ да забойства Забярэзінскага накіраваў ганца зь лістом да Васіля. Хроніка Дэцыя адносіць гэтыя падзеі ўжо да часу пасьля забойства, на карысьць чаго кажа й адсутнасьць згадваньня аб зносінах Глінскага з Масквой у лісьце Жыгімонта Менглі-Гірэю ад 21 лютага 1508 году[22]. У сваім лісьце Глінскі пісаў Васілю, што калі той дасьць яму грамату з пацьвярджэньнем захаваньня ўсіх земляў і маёмасьцяў, то ён пяройдзе да яго на службу з усімі крэпасьцямі, якімі валодае й якімі яшчэ здолее авалодаць сілай зброі або ўгаворамі[3][8]. Васіль III, які шмат чуў пра выдатныя здольнасьці князя[8][15], пагадзіўся на прапанову й адправіў зваротную «складзеную як нельга лепш»[8] грамату са сваёй згодай. Міхаіл Кром, прымаючы пад увагу супярэчнасьць крыніцаў, датуе прыезд у Маскву ганца ад Міхала сакавіком 1508 г[18]. Вельмі падрабязна выкладае ход мяцяжу «Рускі ўрэменьнік», пратограф якога датуюць сярэдзінай XVI стагодзьдзя. У ім зьмешчаная іншая вэрсія пачатку зносінаў Глінскага з Масквой і паказанае тое, што яны былі ініцыяваныя ня Міхалам, а Васілём III[21][23]. Гэтая крыніца паведамляе пра прыезд да Глінскіх маскоўскага пасла Міці Губы Маклокава з граматай з запрашэньнем на службу да Васіля з усімі сваімі вотчынамі. Браты Львовічы, не дачакаўшыся адказу ад Жыгімонта[23], адправілі з маскоўскім паслом свайго чалавека Івана Прыежжага з граматамі, каб «гаспадар пажалаваў, да сябе іх у службу ўзяў, а за іх бы й за іх вотчыны стаяў»[21][23].

Пераход на маскоўскую службу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Маскоўскі князь Васіль III

Пасьля адпраўкі паслоў Глінскія выступілі на Мазыр, намесьнік якога Якуб Івашэнцаў быў стрыечным братам Міхала Глінскага[16] й здаў горад без усякай спробы аказаць супраціў[3]. Паводле Бэрнарда Вапоўскага, у Мазыры Міхал Глінскі быў урачыста сустрэты праваслаўным духавенствам[16][24].

У гэты час да Глінскіх прыбыў крымскі пасол Хазяш-мірза з прапановай перайсьці на службу да Менглі-Гірэя, за што той абяцаў князям Кіеў з навакольлем[3][21] (адметна, што першапачатковай вотчынай Лексы, пачынальніка роду Глінскіх, стаў адзін з замкаў тагачаснай Кіеўскай зямлі). Глінскія адмовілі, верагодна, з прычыны таго, што Маклокаў ужо прывёз з Масквы адказ Васіля III. Вялікі князь прымаў Глінскіх на службу, абяцаў перадаць ім усе гарады, якія будуць здабытыя ў Літве, і апавяшчаў, што вышле на дапамогу Васіля Шамячыча й сваіх ваяводаў Івана Адоеўскага, Андрэя й Сямёна Трубяцкіх, Івана Абаленскага Рапню, Івана Варатынскага, Андрэя Сабурава, Аляксандра Оленку й «іншых сваіх шматлікіх ваяводаў з многімі людзьмі»[25]. Глінскія са сваімі прыхільнікамі, большасьць зь якіх былі іх сваякамі або служылі ім[26], прынялі прысягу (цалавалі крыж) перад Маклокавым Васілю III[23]. Пераход Глінскіх на маскоўскую службу ператварыў мяцеж з унутрылітоўскай справы ў эпізод маскоўска-літоўскай вайны 1507—1508 гадоў, што, верагодна, здавалася ў Маскве ўдалым паваротам справы й адкрывала прывабныя пэрспэктывы, бо да гэтага вайна ішла ня надта ўдала[23].

Цалкам супярэчлівы характар носяць зьвесткі пра ход мяцяжу пасьля здачы Мазыру. Паводле Міхаіла Крома, зьвесткі больш раньніх і больш позьніх крыніцаў кардынальна адрозьніваюцца. Ён прызнае дакладнымі выкладаньне падзеяў вясны—лета 1508 году ў хроніках Дэцыя й Вапоўскага, «Рускім урэменьніку», а таксама лістах Жыгімонта й Міхала Глінскага[27]. Паводле гэтых крыніцаў, атрады мяцежнікаў не ўзялі ніводнага гораду, акрамя Мазыру, у той час як у больш позьніх крыніцах: хроніках Мацея Стрыйкоўскага, Марціна й Яўхіма Бельскіх, а таксама позьніх беларуска-літоўскіх летапісах — Глінскаму прыпісваецца ўзяцьце Тураву, Воршы, Крычаву й Гомелю[15][27][28]. Пры гэтым Тураў быў валоданьнем Міхала Глінскага яшчэ да пачатку мяцяжу, а Гомель з 1500 году належаў вялікаму князю маскоўскаму[27].

Паводле Стрыйкоўскага, у той час як Міхал браў Клецак і Гомель, на Кіеўшчыне дзейнічаў яго брат Васіль. Ён нібыта аблажыў Жытомір і Оўруч, якія так і ня ўзяў, а таксама ўгаворваў мясцовую праваслаўную шляхту перайсьці на бок Міхала, абяцаючы, што той, стаўшы вялікім князем, адродзіць «манархію кіеўскую»[20][29]. Зь іншых крыніцаў вядома толькі, што атрады мяцежнікаў былі на Кіеўшчыне — пра гэта сьведчыць чалабітная Льва Цішкевіча ад 7 чэрвеня 1508 году, у якой ён скардзіцца каралю й вялікаму князю на спусташэньне Глінскім свайго маёнтка каля Кіева[30].

У чэрвені 1508 году з розных напрамкаў сталі падыходзіць маскоўскія войскі. 11 чэрвеня Міхал Глінскі рушыў з-пад Клецку на Менск, куды яшчэ раней быў адпраўлены атрад Дзьмітрыя Жыжэмскага[31]. У гэты ж час з боку Бабруйску да Менску падышлі войскі Васіля Шамяціча[3][25]. Пачалася сумесная аблога гораду, якая доўжылася два тыдні й скончылася няўдачай, хоць у сваім лісьце да Васіля III Міхал пісаў, што гарнізон гораду складаў «толькі трыццаць жаўнераў, а людзі былі … на горадзе вельмі малыя»[27][32]. Пасьля няўдачы ў Менску Міхал Глінскі рушыў да Барысава, дзе дзейнічаў аж да падыходу ўрадавых войскаў[3].

Атрады Міхала Глінскага дзейнічалі на шырокай прасторы, вядома, што яны даходзілі да Вільні й Наваградку, дзе дзейнічалі сумесна з маскоўскімі атрадамі князёў Андрэя Трубяцкога й Андрэя Лукомскага[3]. У той жа час дзяржаўныя войскі ніяк не супрацьдзейнічалі мяцежнікам, хадзілі толькі чуткі, што «што дей панове были въ Лідѣ и поѣхали къ Новугородку, а король дей … зъ Ляховъ выѣхалъ къ Берестью»[32][33].

12 чэрвеня на Слуцак былі пасланыя войскі князя Андрэя Дрожджа[29][31]. Паводле Стрыйкоўскага, Слуцак аблажыў сам Міхал Глінскі, які, хоць і быў жанаты, меў намер прымусіць удаву княгіню Анастасію выйсьці за яго замуж, што дазволіла б яму прэтэндаваць на стварэньне «Кіеўскай манархіі», таму што князі слуцкія паходзілі ад кіеўскага князя Алелькі Ўладзімеравіча[34]. Ня здолеўшы ўзяць Слуцак, Андрэй Дрождж рушыў на Капыль, які таксама аблажыў, але ня ўзяў.

Адным зь нешматлікіх посьпехаў Глінскіх быў пераход на іх бок князёў Друцкіх пасьля таго, як яны былі абложаныя ў сваім горадзе[26]. З Друцку войскі Шамяціча й Глінскага, а таксама Данііла Шчэні адышлі да Воршы, якую абстралялі з гарматаў, але «не ўчынілі гораду зла нікаторага»[25]. У сярэдзіне ліпеня да Воршы падышло ўрадавае войска (15—16 тысячаў чалавек) пад кіраўніцтвам Астроскага — войскі стаялі адзін супраць аднаго з 13 па 22 ліпеня, але так і не адважыліся ўступіць у бітву[3][35]. Зьняўшы аблогу Воршы, маскоўскія войскі адышлі да Мсьціславу, дзе спустошылі навакольлі, а адтуль да Крычаву й далей да Вязьмы й Дарагабужу[3]. Глінскі са сваімі прыхільнікамі адступіў у Старадуб, які належаў вялікаму князю маскоўскаму[1].

Згасаньне й вынікі мяцяжу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Канстантын Астроскі

З Старадубу Глінскія рушылі ў Почап, дзе Міхал пакінуў з князямі Дзьмітрыем Жыжэмскім, Іванам Азярэцкім і Андрэем Лукомскім сваіх людзей і скарб, а сам адправіўся да вялікага князя ў Маскву[36], дзе разьлічваў дамовіцца з Васілём III аб ваеннай падтрымцы[3]. Вялікі князь маскоўскі надаў Глінскаму Малаяраславец, Медынь і вёскі пад Масквой, а таксама іншыя падарункі. Яму ў падтрымку ён прызначыў ваяводу Васіля Нясьвіцкага «зь людзьмі ды й пішчальнікаў многіх»[36].

Вярнуўшыся ў Мазыр, Міхал меў намер працягваць барацьбу[1], але неўзабаве пачаліся маскоўска-літоўскія мірныя перамовы, якія скончыліся 8 кастрычніка падпісаньнем «вечнага міру». Умовай міру было вяртаньне да даваеннай сытуацыі й прызнаньне Вялікім Княствам Літоўскім маскоўскіх заваёў папярэдніх войнаў. Князі Глінскія са сваімі прыхільнікамі атрымалі магчымасьць свабодна выехаць у Маскву з маёмасьцю[3]. Вялізныя зямельныя валоданьні мяцежнікаў падлягалі канфіскацыі, хоць Жыгімонт стаў раздаваць іх сваім людзям яшчэ раней. Так, у красавіку 1508 году ён надаў Тураў князю Канстантыну Астроскаму[26]. У канцы 1508 году Міхал перабраўся ў Маскву, дзе атрымаў Малаяраславец у вотчыну й Бароўск у кармленьне, Івану Львовічу быў падараваны Медынь[36].

На думку Міхаіла Крома, характар перамяшчэньняў мяцежнікаў паказвае тое, што ў Глінскага не было ніякага пляну вядзеньня баявых дзеяньняў і што ён кідаўся з адной авантуры ў іншую[18]. Падзеі пад Менскам сьведчаць, што ў Глінскага не было й якой-небудзь значнай ваеннай сілы[27]. Асноўная мэта Глінскага — вяртаньне высокага становішча ў Вялікім Княстве Літоўскім — дасягнутая не была[1].

Удзельнікі мяцяжу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладная колькасьць войскаў мяцежнікаў і іх кіруючы склад невядомы. Стрыйкоўскі адзначаў, што ў самым пачатку выступленьня ў Глінскіх было 2 тысячы ваяроў[20], «Хроніка літоўская і жмойцкая» паведамляе пра 3 тысячы вершнікаў[15].

З крыніц вядома аб 52 удзельніках мяцяжу, прычым прынамсі 26 зь іх адносіліся да роду Глінскіх, былі іх сваякамі, слугамі ці кліентамі[37].

Сярод асобаў, якія выехалі зь Міхалам у Маскву, у «Рускім врэменьніку» згадваюцца 11 князёў, зь іх 5 Глінскіх (трое братоў Львовічаў, а таксама Дзьмітры й Іван) і 2 Жыжэмскіх (Дзьмітры й Васіль) — сваякоў Глінскіх, Іван Казлоўскі (паводле крыніцы, ён служыў Глінскім), Васіль Мунча, Іван Азярэцкі й Андрэй Друцкі[29]. Астатнія 18 згаданых былі нетытулаванымі асобамі — у асноўным сваякамі й слугамі Глінскіх[29] (стрыечныя браты Міхала Глінскага[3] Андрэй і Пётар Аляксандравічы Дрожджы, а таксама Якуб Івашэнцаў; Сямён Аляксандраў зь дзецьмі Міхаілам і Барысам, Міхаіл Гагін, дзяк Нікольскі, браты Пётар і Фёдар Фурсы, Іван Матаў, Сьвятоша, Дземеня, Ізмайла Тураў, Воін Яцкавіч, а таксама трое Крыжыных, якія служылі Міхалу Глінскаму)[36]. Паводле савецкага гісторыка Аляксандра Зіміна, большасьць зь іх увайшлі ў склад асаблівай карпарацыі, якая атрымала назву «літвы дваровай»[38].

Ацэнка ў гістарыяграфіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гістарыяграфіі ацэнка падзеяў 1508 году носіць супярэчлівы характар. У гістарычнай літаратуры існуе значная палеміка паміж рознымі падыходамі да разуменьня як сутнасьці мяцяжу, так і асобных фактаў[39]. Гісторыкі канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў Уладзімер Антановіч(ru)[40], Мацьвей Любаўскі[41] й Міхаіл Грушэўскі[42], хоць і адзначалі абмежаваны характар мяцяжу, характарызавалі яго як барацьбу «рускага» й «літоўскага» пачаткаў у Вялікім Княстве Літоўскім, якая праяўляецца таксама й у барацьбе праваслаўных супраць насаджэньня каталіцтва[43]. Апанас Ярушэвіч разглядаў падзеі 1508 году як «вялікае хваляваньне народнай масы» й «агульнарускую справу»[44], што выклікала сур’ёзныя нараканьні з боку Любаўскага[45]. У той жа час, польскія гісторыкі Людвік Фінкель(pl)[46], Оскар Галецкі(pl)[47], Людвік Калянкоўскі(pl)[48], а таксама расейскі гісторык Аляксандар Прасьнякоў(ru)[49] адмаўлялі этнічны, а таксама рэлігійны характар руху, расцэньваючы дзеяньні Міхала Глінскага як авантуру, падтрыманую толькі асабіста залежнымі ад яго людзьмі[43].

У савецкай гістарыяграфіі ўзяла верх канцэпцыя гісторыка Анатоля Кузьняцова[50][51], якая ў асноўных пазыцыях паўтарала падыход Ярушэвіча. У рамках гэтай канцэпцыі мяцеж Глінскіх разглядаецца як «паўстаньне народных масаў», накіраванае на вызваленьне рускага насельніцтва з-пад улады каталіцкай Літвы. Вядомы савецкі гісторык Аляксандар Зімін(ru), хоць і прытрымліваўся гэтага падыходу, унёс у яго істотныя карэктывы. Зімін лічыў, што, хоць насельніцтва й спачувала ідэям паўстанцаў, «княжаты не захацелі выкарыстаць народны рух беларусаў і ўкраінцаў за ўзьяднаньне з Расеяй», што й прывяло да няўдачы паўстаньня[52]. Барыс Флора(ru) адзначаў, што насельніцтва не падтрымала паўстаньне, як і ў цэлым аб’яднальную палітыку Расейскай дзяржавы ў XVI стагодзьдзі, таму што фэадалы перасьледавалі ўласныя інтарэсы й занялі па сутнасьці «антынацыянальную пазыцыю»[53].

Пасьля распаду СССР сытуацыя зноў зьмянілася. Ужо ў 1992 годзе была выдадзеная праца расейскага гісторыка Міхаіла Крома(ru), у якой цалкам адпрэчваецца канцэпцыя Ярушэвіча-Кузьняцова[54]. Так, Кром расцэньвае мяцеж Глінскага як безумоўную авантуру[55], выкліканую імкненьнем Львовічаў вярнуць сабе згубленае становішча. Ён прыходзіць да высновы, што становішча ў Вялікім Княстве Літоўскім цалкам задавальняла большасьць праваслаўных князёў і яны не імкнуліся да адасабленьня[56]. Як заўважае гісторык, у раньніх крыніцах нацыянальная або рэлігійная афарбоўка падзеяў 1508 году адсутнічае. Такая афарбоўка зьяўляецца ў позьніх творах 60—90-х гадоў XVI стагодзьдзя, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім рэзка абвастрыліся міжэтнічныя і міжканфэсійныя рознагалосьсі й адбылося пераасэнсаваньне падзеяў нядаўняга мінулага, якія набылі форму супрацьстаяньня праваслаўя й каталіцызму[16].

Якая-небудзь этнічная ці рэлігійная падаплёка мяцяжу адпрэчваецца й амэрыканскім літуаністам Стывэнам Роўэлам, які паказвае на тое, што прыхільнікамі Глінскага былі толькі яго сваякі й кліенты, а сама акцыя была авантурай у тым сэнсе, што якога-небудзь пляну мяцяжу не існавала, а пэўныя дзеяньні мелі розныя мэты[57]. Пры гэтым Глінскі выступаў ня супраць манарха, падданым якога працягваў лічыць сябе й падчас мяцяжу, а непасрэдна супраць Забярэзінскага й яго прыхільнікаў[57].

Да падобных высноваў прыходзіць і беларускі гісторык Макар Шніп, аўтар шэрагу працаў пра мяцеж Глінскіх, які ў 2009 годзе абараніў па гэтай тэме кандыдацкую дысэртацыю. Паводле яго меркаваньня, напачатку XVI стагодзьдзя ў Вялікім княстве Літоўскам не існавала палітычных груповак, сфармаваных па этнаканфэсіянальнай прыкмеце, а чыньнікамі выступу сталі супрацьстаяньне Міхала Глінскага й Янам Забярэзінскага, заснаванае на разыходжаньні па эканамічных і палітычных пытаньнях, а таксама нежаданьне вялікага князя Жыгімонта вырашыць справу Глінскага ў судзе й пазбаўленьне князёў Львовічаў займаных імі пасадаў. Сам выступ аўтар расцэньвае як стыхійнае, накіраванае на дасягненьне асабістых мэтаў Глінскіх, якое ня мела канкрэтнай грамадзка-палітычнай ідэі[58].

  1. ^ а б в г д е Грыцкевіч А. Глінскіх мяцеж 1508 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. — С. 535. ISBN 985-11-0378-0.
  2. ^ Сагановіч Г. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—1503 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. — С. 370—371. ISBN 985-11-0314-4.
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Шэйфер В. Мяцеж ці паўстанне? Выступ Міхала Глінскага падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ у 1507—1508 гг. // Гістарычны Альманах. — 1999. — Т. 2.
  4. ^ Грыцкевіч А. Мельніцкая унія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. — С. 285. ISBN 985-11-0378-0.
  5. ^ Сагановіч Г. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—1508 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. — С. 371. ISBN 985-11-0314-4.
  6. ^ а б Насевіч В. Глінскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. — С. 535—536. ISBN 985-11-0314-4.
  7. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 138.
  8. ^ а б в г д е ё ж з Сигизмунд Герберштейн. Записки о Московии. — М.: МГУ, 1988. — С. 189.
  9. ^ Насевіч В. Забярэзінскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. — С. 638. ISBN 985-11-0314-4.
  10. ^ а б Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — Т. ІІ. — S. 321—322.
  11. ^ а б Хроника Быховца / Под ред. Н. Н. Улащика. — М.: Наука, 1966. — С. 118—119.
  12. ^ Wojciechowski Z. Zygmunt Stary (1506—1548). — 2-e wyd. — Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1979. — S. 77. ISBN 83-06-00105-2
  13. ^ Pietkiewicz K. Wielkie Кsięstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiełłończyka: Studja nad dziejami państwa i społeczeństwa na przełomie XV i XVI w. Poznań, 1995. — S. 114. ISBN 8323206201
  14. ^ а б Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 141.
  15. ^ а б в г д Хроника литовская и жмойтская // Полное собрание русских летописей. — М., 1975. — Т. 32. — С. 102—103.
  16. ^ а б в г д Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 148.
  17. ^ Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные археографической комиссией. — Т. І (1361—1598). — СПб., 1863. — С. 35-36.
  18. ^ а б в г д е Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 143.
  19. ^ Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — Т. ІІ. — S. 345.
  20. ^ а б в Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — Т. ІІ. — S. 346.
  21. ^ а б в г Зимин А. А. Новое о восстании Михаила Глинского в 1508 году // Советские архивы. — № 5. — 1970. — С. 70.
  22. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 144.
  23. ^ а б в г д Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 145.
  24. ^ Kroniki Bernarda Wapowskiego (1480—1535) / z życiorysem i objaśnieniami J. Szujskiego // Scriptores Rerum Polonicarum. — T. 2. — Cracoviae, 1874. — S. 77.
  25. ^ а б в Зимин А. А. Новое о восстании Михаила Глинского в 1508 году // Советские архивы. — № 5. — 1970. — С. 71.
  26. ^ а б в Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с. — С. 150.
  27. ^ а б в г д Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с. — С. 146.
  28. ^ Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — Т. ІІ. — S. 347.
  29. ^ а б в г Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с. — С. 149.
  30. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с. — С. 147.
  31. ^ а б Зимин А. А. Россия на пороге нового времени (Очерки политической истории России первой трети XVI в.). — М.: Мысль, 1972. — 452 с. — С. 88.
  32. ^ а б Цемушаў В. Менск падчас мяцяжу Міхала Глінскага // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 510-годдзя атрыманя Менскам магдэбурскага права) : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., мінск, 4-5 верас. 2009 г. / рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. — Мн.: Беларуская навука, 2010. — С. 23-24.  (бел.)
  33. ^ Акты, относящиеся к истории Западной России — Т. 2 (1506—1544). — 1848. — 446 с. — С. 23.
  34. ^ Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — Т. ІІ. — S. 346—347.
  35. ^ Зимин А. А. Россия на пороге нового времени (Очерки политической истории России первой трети XVI в.). — М.: Мысль, 1972. — 452 с. — С. 89.
  36. ^ а б в г Зимин А. А. Новое о восстании Михаила Глинского в 1508 году // Советские архивы. — № 5. — 1970. — С. 72.
  37. ^ Шніп М. А. Унутрыпалітычны канфлікт… — С. 4.
  38. ^ Зимин А. А. Из истории центрального и местного управления в первой половине XVI в. // Исторический архив. — № 3. — 1960. — С. 147—150.
  39. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 139.
  40. ^ Антонович В. Б. Монографии по истории Западной и Юго-Западной России. — Кіев, 1885. — Т. 1. — 241—244.
  41. ^ Любавский М. К. Новый труд по внутренней истории Литовской Руси // Журнал Министерства народного просвещения. — 1898. — Июль. — С. 193—197.
  42. ^ Грушевский М. С. История Украины-Руси. — Т. 4. — Кіев, Львов, 1907. — 538 с — С. 281—289.
  43. ^ а б Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 140.
  44. ^ Ярушевич А. Ревнитель православия, князь Константин Иванович Острожский (1461—1530) и православная литовская Русь в его время. — Смоленск, 1897. — С. 101—105.
  45. ^ Любавский М. К. Новый труд по внутренней истории Литовской Руси // Журнал Министерства народного просвещения. — 1898. — Июль. — С. 174—215.
  46. ^ Finkel L. Elekcja Zygmunta I. — Kraków, 1910.
  47. ^ Halecki O. Dzieje Unji Jagiellońskiej. — T. II. — Kraków, 1920. — S. 44—48.
  48. ^ Kolankowski L. Polska Jagiellonów: dzieje polityczne. — Lwów, 1936. — S. 197—191.
  49. ^ Пресняков А. Е. Лекции по русской истории Западная Русь и Литовско-Русское государство. — Т. II. — Вып. 1. — М.: Государственное социально-экономическое издательство, 1939. — 248 с — С. 173—176.
  50. ^ Кузнецов А. Б. К вопросу о борьбе русского государства за воссоединение западнорусских земель в начале XVI века // Труды НИИЯЛИЭ при СМ Мордовской АССР. — Вып. 27. (Серия историческая). — Саранск: Мордовское книжное издательство, 1964. 272 с — С. 26-43.
  51. ^ Кузнецов А. Б. Внешняя политика Российского государства в первой трети XVI в. Саранск, 2002. — С. 24-29.
  52. ^ Зимин А. А. Россия на пороге нового времени (Очерки политической истории России первой трети XVI в.). — М.: Мысль, 1972. — 452 с — С. 86-90.
  53. ^ Флоря Б. Н. Древнерусские традиции и борьба восточнославянских народов за воссоединение // Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства / В. Т. Пашуто, Б. Н. Флоря, А. Л. Хорошкевич ; Отделение истории АН СССР. — М.: Наука, 1982. — 263 с — С. 173—175.
  54. ^ Кром М. М. Православные князья в Великом княжестве Литовском в начале XVI века: (К вопросу о социальной базе восстания Глинских) // Отечественная история. — 1992. — № 4.
  55. ^ Кром М. М. «Человек на всякий час» : Авантюрная карьера князя Михаила Глинского // Родина : журнал. — 1996. — № 5. — С. 45—49.
  56. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 151—152.
  57. ^ а б Rowell S. C. Nolite confidere in principibus: Mikhail Glinsky, Sigismund the Old and the Council of Lords // Faworyci i opozycjoniści. Król a elity polityczne w Rzeczypospolitej XV—XVIII wieku / red. M. Markiewicz i R. Skowron. — Kraków, 2006. — P. 77—100.
  58. ^ Шніп М. А. Унутрыпалітычны канфлікт 1508 г. у Вялікім княстве Літоўскім у кантэксце міжнародных адносін ва Усходняй Еўропе: Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. — Мн., 2009. — 24 с. — С. 4
  • Евреиновская летопись // Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1975. — Т. 35 : Летописи белорусско-литовские. — 306 с. — С. 234.
  • Кніга запісаў 8 Літоўскай метрыкі // Lietuvos metrika. — Knyga Nr. 8 (1499—1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius. — Vilnius, 1995.
  • Летопись Рачинского // Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1975. — Т. 35 : Летописи белорусско-литовские. — 306 с. — С. 167—168.
  • Русский временник // Зимин А. А. Новое о восстании Михаила Глинского в 1508 году // Советские архивы. — № 5. — 1970. — С. 70-73.
  • Сигизмунд Герберштейн. Записки о Московии. — М.: МГУ, 1988. — С. 189.  (рас.)
  • Хроника Быховца / Под ред. Н. Н. Улащика. — М.: Наука, 1966. — С. 118—119.
  • Хроніка Вапоўскага // Kroniki Bernarda Wapowskiego (1480—1535) / ed. J. Szujskiego // Scriptores Rerum Polonicarum. — T. 2. — Cracoviae, 1874.  (лац.)
  • Хроника литовская и жмойтская // Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1975. — Т. 32. — С. 102—103.
  • Хроніка Стрыйкоўскага // Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — Т. ІІ. — S. 345.  (пол.)
  • Зимин А. А. Россия на пороге нового времени (Очерки политической истории России первой трети XVI в.). — М.: Мысль, 1972. — 452 с. — С. 79—95.  (рас.)
  • Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с. — С. 139—153.  (рас.)
  • Шніп М. А. Сацыяльны склад удзельнікаў мяцяжу Глінскіх у Вялікім княстве Літоўскім / М. А. Шніп // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права. — 2007. — № 2. — С. 3-7.
  • Шніп М. А. Мяцеж Міхаіла Глінскага / М. А. Шніп // Беларус. гіст. часоп. — 2007. — № 3. — С. 9-14.
  • Шніп М. А. Антыдзяржаўны мяцеж 1508 года ў Вялікім княстве Літоўскім / М. А. Шніп // Гісторыя: праблемы выкладання. — 2007. — № 4. — С. 53-57.
  • Шніп М. А. Хронікі XVI ст. аб мяцяжы М. Глінскага ў ВКЛ: пачатак гістарыяграфічнай традыцыі / М. А. Шніп // ХХІ век: актуальные проблемы исторической науки: Материалы междунар. науч. конф., посвящ. 70-летию ист. фак. БГУ. Минск, 15—16 апреля 2004 г. / Редкол.: В. Н. Сидорцов (отв. ред.) [и др]. — Мн.: БГУ, 2004. — 343 с. — С. 110—112.
  • Шніп М. А. Да пытання аб характары выступлення М. Глінскага ў ВКЛ / М. А. Шніп // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси, ближнего и дальнего зарубежья: материалы международной научно-теоретической конференции, Витебск, 19 — 20 апреля 2007 г. / Вит. гос. ун-т; редкол.: В. А. Космач (гл. ред) [и др.]. — Витебск: Издательство УО «ВГУ имени П. М. Машерова», 2007. — Ч. 1. — 480 с. — С. 51-53.
  • Шніп М. А. Унутрыпалітычны канфлікт 1508 г. у Вялікім Княстве Літоўскім у кантэксце міжнародных адносін ва Усходняй Еўропе: Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. — Мінск, 2009. — 24 с.
  • Шэйфер В. Мяцеж ці паўстанне? Выступ Міхала Глінскага падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ у 1507—1508 гг. // Гістарычны Альманах. — 1999. — Т. 2.
  • Rowell S. C. Nolite confidere in principibus: Mikhail Glinsky, Sigismund the Old and the Council of Lords // Faworyci i opozycjoniści. Król a elity polityczne w Rzeczypospolitej XV—XVIII wieku / red. M. Markiewicz i R. Skowron. — Kraków, 2006. — P. 77—100.