Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні
Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні | |
Папярэднік | Тэхаскае студэнцкае першынство па праграмаваньні |
---|---|
Дысцыпліна | праграмаваньне |
Дата зьяўленьня | 2 лютага 1977 (47 гадоў таму) |
Арганізатар | «Аб'яднаньне вылічальнай тэхнікі» (Нью-Ёрк, ЗША) |
Дзейны чэмпіён | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
Найбольш тытулаў | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (7) |
Спонсар(ы) | «IBM» (Арманк, штат Нью-Ёрк, ЗША) |
Заснавальнік | таварыства «Упсілён Пі Эпсілён» (Чыко, штат Каліфорнія, ЗША) |
Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні (МССП; анг. International Collegiate Programming Contest, ICPC) — штогадовае спаборніцтва па праграмаваньні, якое праводзіцца з 1977 году між камандамі унівэрсытэтаў розных краінаў пад кіраўніцтвам міжнароднай арганізацыі «Аб'яднаньне вылічальнай тэхнікі» (Нью-Ёрк, ЗША)[1].
Правілы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спаборніцтва складаецца з 2 узроўняў і праводзіцца сярод камандаў студэнтаў, якія прадстаўляюць свае ВНУ. Папярэдне адбор можа праводзіцца на мясцовым узроўні ўнутры краіны. Адным і тым самым асобам дазваляецца ўдзельнічаць у фінале двойчы[1]. Штогод зь верасьня па сьнежань каманды спачатку спаборнічаюць на рэгіянальным узроўні. Затым між сакавіком і чэрвенем праводзіцца сусьветны фінал МССП, у якім бяруць удзел каманды, якія перамаглі на рэгіянальным узроўні. Толькі адна каманда ад унівэрсытэту можа ўдзельнічаць у фінале. Трэнэр каманды мае правесьці засьведчаньне каманды на сайце МССП цягам 5 працоўных дзён пасьля апавяшчэньня. Затым замежныя каманды маюць падаць заявы на атрыманьне візаў цягам 10 працоўных дзён пасьля атрыманьня запрашэньня на ўдзел у фінале. Каманды маюць складацца з 3-х дзейных студэнтаў ВНУ падчас правядзеньня спаборніцтва на рэгіянальным узроўні, што маюць пацьвярджаць лісты ад службоўцаў унівэрсытэту з ангельскім перакладам. Фіналісты маюць наведаць усе мерапрыемствы фіналу МССП ад уліку камандаў да сьвяткаваньня, інакш губляюць заваяваныя ўзнагароды. Цягам фіналу каманды ў складзе трэнэра і 3-х студэнтаў забясьпечваюцца харчаваньнем і асобным пражываньнем у гасьцініцы з улікам стаці ўдзельнікаў. Прыезд на сусьветны фінал МССП каманды забясьпечваюць самастойна[2].
Кожная каманда атрымлівае па аднолькавым кампутары і калькулятары. Прыладнае праграмнае забесьпячэньне, якое падаецца на фінале, дазваляе працаваць з 5-ю мовамі праграмаваньня: Java (бел. Джава), C (Сі), C++ (Сі-плюс-плюс), Kotlin (Котлін) і Python (Пайтан). Прынамсі 10 задачаў фіналу падаюцца на ангельскай мове. Усе зносіны службоўцаў фіналу з камандамі ажыцьцяўляюцца па-ангельску. Рашэньні задачаў падаюцца судзьдзям, якія паведамляюць камандам аб тым, ці зьяўляюцца адказы слушнымі. Спаборніцтва праводзіцца цягам 5 гадзінаў. Заваяванае камандай месца вызначаецца колькасьцю задачаў, якія тая рашыла. Пры рашэньні некалькімі камандамі на першых 12-і месцах аднолькавай колькасьці задачаў вышэйшае месца займае тая каманда, якая рашыла іх за найменшы час[2].
Каманды, якія займаюць у фінале МССП першыя 4 месцы, атрымліваюць залатыя мэдалі. Заняцьце з 5-га па 8-е месца ўзнагароджваецца срэбранымі мэдалямі. Каманды, якія занялі з 9-га па 12-е месца, узнагароджваюцца бронзавымі мэдалямі. Дадатковыя бронзавыя мэдалі могуць прысуджацца за рашэньне аднолькавага ліку задачаў з камандай, якая заняла 12-е месца, калі тыя ўдалося рашыць не пазьней як за гадзіну пасьля каманды на 12-м месцы. Каманда з найбольшай сумай балаў атрымлівае Кубак чэмпіёна сьвету і мэдальёны. Астатнія 11 камандаў-мэдалістаў фіналу і 6 чэмпіёнаў рэгіянальных адбораў у Азіі, Акіяніі, Афрыцы і Сярэднім Усходзе, Лацінскай Амэрыцы, Паўночнай Амэрыцы і Эўропе таксама атрымліваюць мэдальёны. Каманда чэмпіёнаў сьвету атрымлівае $15 000. Астатнія 3 каманды з залатымі мэдалямі атрымліваюць па $7500. Каманды, узнагароджаныя срэбранымі мэдалямі, атрымліваюць па $6000. Каманды з бронзавымі мэдалямі — па $3000[2].
У 2018 г. на сусьветным фінале кожная каманда атрымлівала наступнае апаратнае забесьпячэньне: ноўтбук з 4-ядравым цэнтральным працэсарам (памяць з адвольным доступам 16 гігабайт, цьвердацелы накапляльнік 512 гігабайт), асобны 23-цалёвы экран з разрозьненьнем 1920x1080 піксэлаў, клявіятура і кампутарная мыш з дротавым падлучэньнем праз USB. Падача рашэньняў задачаў судзьдзям мела ажыцьцяўляцца праз сыстэму нагляду за спаборніцтвам «DOMJudge». Апраграмаваньне ўлучала:
- 64-бітную апэрацыйную сыстэму «Ўбунту Лінукс» з асяродзьдзем працоўнага стала GNOME;
- рэдактары зьвестак — тэкставыя рэдактары Emacs, Gedit і Vim, графічны інтэрфэйс GVim і адзінае асяродзьдзе распрацоўкі Geany;
- прыладнае апраграмаваньне — для Джавы кампутарная плятформа, асяродзьдзе выкананьня і 64-бітны віртуальны сэрвэр OpenJDK, для Сі набор кампілятараў GNU, для Сі-плюс-плюс кампілятар g++, для Пайтана інтэрпэтатар PyPy і ўзор увасабленьня CPython;
- адзіныя асяродзьдзі распрацоўкі — Eclipse (Экліпс) і IntelliJ для Джавы, CLion і Code::Blocks для Сі і Сі-плюс-плюс, PyCharm для Пайтана[3].
У 2017 г. было 9 рэгіёнаў адбору на фінал МССП: Акіянія, Афрыка і Сярэдні Ўсход, Заходняя Азія, Лацінская Амэрыка, Паўднёва-Ўсходняя Азія, Паўночная Амэрыка, Паўночная Эўразія, Усходняя Азія і Эўропа[4]. Каманды ўнівэрсытэтаў Беларусі праходзілі рэгіянальны адбор у Паўночнай Эўразіі, якая ўлучала 11 краінаў: Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Казахстан, Кыргыстан, Латвія, Летува, Расея, Узбэкістан і Эстонія[5].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 лютага 1977 году ў Атланце (штат Джорджыя, ЗША) ўпершыню адбыўся фінал Міжнароднага студэнцкага спаборніцтва па праграмаваньні (МССП) пад кіраўніцтвам міжнароднай арганізацыі «Аб'яднаньне вылічальнай тэхнікі» (Нью-Ёрк, ЗША)[6]. Да фінала 22 лютага 1989 году ў Луісьвіле (штат Кентукі) ў МССП пераважна ўдзельнічалі каманды па 4 студэнты з унівэрсытэтаў ЗША і Канады. З 1989 г. Бэйларскі ўнівэрсытэт (Ўэйкоў, штат Тэхас) разьмясьціў у сябе сядзібу спаборніцтва. Фінал сталі праводзіць пасьля рэгіянальных адбораў, у тым ліку сярод камандаў унівэрсытэтаў Усходняга паўшар’я. Памер камандаў у фінале скарацілі да 3-х студэнтаў. У спаборніцтва зьявіліся спонсары зь ліку вытворцаў апраграмаваньня.
21 лютага 1990 году ўпершыню чэмпіёнам спаборніцтва стала каманда з-за межаў ЗША, якая прадстаўляла Атаскі ўнівэрсытэт (Данідзін, Новая Зэляндыя). 1 сакавіка 1995 г. перамогу ўпершыню сьвяткавала каманда зь неангельскамоўнай краіны, якая прадставіла Фрайбурскі ўнівэрсытэт (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына). З 1997 г. пастаянным штогадовым спонсарам спаборніцтва стала амэрыканская карпарацыя «IBM» (Арманк, штат Нью-Ёрк). 28 лютага 1998 г. чэмпіёнамі ўпершыню сталі студэнты са славянскай краіны, якія прадстаўлялі Карлаў унівэрсытэт (Прага, Чэхія). 8-12 красавіка 1999 г. фінал спаборніцтва ўпершыню правялі за межамі ЗША — у Эйндговэне (Нідэрлянды).
У 2012 годзе ў адборачных турах спаборніцтва ўзялі ўдзел звыш 25 000 студэнтаў з 2219 унівэрсытэтаў 85 краінаў. У фінале выступіла 112 камандаў, зь іх 28 з Эўропы. Сярод 360 удзельнікаў фіналу было 358 хлопцаў (99,4%). Беларускія каманды студэнтаў БДУ і БДУІР занялі 3-е месца па колькасьці заваяваных мэдалёў[1].
Беларускі ўдзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8-12 красавіка 1999 году ў Эйндговэне (Нідэрлянды) беларуская каманда, якая прадстаўляла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (БДУ), упершыню выступіла ў фінале Міжнароднага студэнцкага спаборніцтва па праграмаваньні. Тады студэнцкая каманда БДУ заняла 28-е месца і рашыла 3 задачы[7]. У 2004 г. каманда БДУ заваявала ў фінале залатыя мэдалі. У 2012 годзе ўпершыню каманды адразу 2 ВНУ Беларусі — БДУ і БДУІР — выступілі ў фінале спаборніцтва. Каманда БДУ ў складзе 3-х студэнтаў факультэта дастасоўнай матэматыкі і інфарматыкі Зьмітра Багданава, Юрыя Пісарчыка і Сяргея Собаля заваявала срэбраныя мэдалі. Каманда БДУІР, якая ўпершыню дайшла да фіналу, у складзе студэнтаў факультэта кампутарных сыстэмаў і сетак Аляксея Ропана, Ігара Брукава і Даніла Беражкова атрымала бронзавыя мэдалі. Беларускія каманды занялі 3-е месца па колькасьці заваяваных мэдалёў пасьля камандаў ВНУ Расеі і Кітая. Усе ўдзельнікі беларускіх камандаў удзельнічалі ў школьныя гады ў рэспубліканскіх алімпіядах Беларусі. У траўні 2012 г. міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч заявіў беларускім пераможцам спаборніцтва: «Вы даказалі, што беларуская адукацыя — абсалютна канкурэнтаздольная, і што ў сусьветных кампаніяў ёсьць усе падставы, каб інвэставаць сродкі ў наш Парк высокіх тэхналёгіяў»[1].
У 2013 г. каманда БДУ заняла 8-е месца і атрымала срэбраныя мэдалі.
Пераможцы і месцы правядзеньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На канец 2017 г. 41 фінал МССП правялі ў 11 краінах, зь іх 28 у ЗША. Па 2 разы спаборніцтва прынялі 3 краіны: Канада (2001, 2008), Кітай (2005, 2010) і Расея (2013, 2014). Больш як аднойчы фінал спаборніцтва правялі ў 7 гарадах ЗША: тройчы — Атланта (1977, 1988, 1998), двойчы — Канзас-Сіці (1980, 1992), Сэнт-Люіс (1981, 1987), Індыянапаліс (1982, 1993), Філадэлфія (1984, 1996), Арланда (2000, 2011) і Сан-Антоніё (2001, 2006).
Больш як аднойчы чэмпіёнамі станавіліся каманды 8 унівэрсытэтаў з 5 краінаў: 7 перамогаў — Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (2004, 2008, 2009, 2012, 2013, 2015, 2017); 4 — Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (2000, 2001, 2014, 2016); па 3 — Стэнфардзкі ўнівэрсытэт (1985, 1987, 1991) і Шанхайскі ўнівэрсытэт транспарту (2002, 2005, 2010); па 2 — Вашынгтонскі ўнівэрсытэт у Сэнт-Люісе (1979, 1980), Каліфарнійскі тэхналягічны інстытут (1986, 1988), Унівэрсытэт Ўотэрлу (1994, 1999) і Варшаўскі ўнівэрсытэт (2003, 2007). Прынамсі аднойчы пераможцамі станавіліся каманды з 9 краінаў: 17 разоў — ЗША, 12 — Расея, 4 — Кітай, па 2 — Канада і Польшча, аднойчы — Аўстралія, Новая Зэляндыя, Нямеччына і Чэхія.
Дата | Месца правядзеньня | ВНУ пераможцы (краіна) |
---|---|---|
2017 г., 24 траўня | Рапід-Сіці (штат Паўднёвая Дакота, ЗША) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2016 г., 19 траўня | Пхукет (Тайлянд) | Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (Расея) |
2015 г., 20 траўня | Маракеш (Марока) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2014 г., 25 чэрвеня | Екацярынбург (Расея) | Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (Расея) |
2013 г., 3 ліпеня | Санкт-Пецярбург (Расея) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2012 г., 17 траўня | Варшава (Польшча) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2011 г., 30 траўня | Арланда (штат Флорыда, ЗША) | Джэцзянскі ўнівэрсытэт (Кітай) |
2010 г., 5 лютага | Харбін (Кітай) | Шанхайскі ўнівэрсытэт транспарту (Кітай) |
2009 г., 21 красавіка | Стакгольм (Швэцыя) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2008 г., 4-6 красавіка | Бэнф (правінцыя Албэрта, Канада) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2007 г., 15 сакавіка | Токіё (Японія) | Варшаўскі ўнівэрсытэт (Польшча) |
2006 г., 12 красавіка | Сан-Антоніё (штат Тэхас, ЗША) | Саратаўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (Расея) |
2005 г., 4-8 красавіка | Шанхай (Кітай) | Шанхайскі ўнівэрсытэт транспарту (Кітай) |
2004 г., 31 сакавіка | Прага (Чэхія) | Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі (Расея) |
2003 г., 25 сакавіка | Бэвэрлі-Гілз (штат Каліфорнія, ЗША) | Варшаўскі ўнівэрсытэт (Польша) |
2002 г., 23 сакавіка | Ганалулу (штат Гаваі, ЗША) | Шанхайскі ўнівэрсытэт транспарту (Кітай) |
2001 г., 10 сакавіка | Ванкувэр (Канада) | Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (Расея) |
2000 г., 18 сакавіка | Арланда (ЗША) | Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (Расея) |
1999 г., 8-12 красавіка | Эйндговэн (Нідэрлянды) | Унівэрсытэт Ўотэрлу (Канада) |
1998 г., 28 лютага | Атланта (штат Джорджыя, ЗША) | Карлаў унівэрсытэт (Чэхія) |
1997 г., 2 сакавіка | Сан-Хасэ (штат Каліфорнія, ЗША) | Каледж Гарві Мада (ЗША) |
1996 г., 17 лютага | Філадэлфія (штат Пэнсыльванія, ЗША) | Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі (ЗША) |
1995 г., 1 сакавіка | Нэшвіл (штат Тэнэсі, ЗША) | Фрайбурскі ўнівэрсытэт (Нямеччына) |
1994 г., 9 сакавіка | Фінікс (штат Арызона, ЗША) | Унівэрсытэт Ўотэрлу (Канада) |
1993 г., 17 лютага | Індыянапаліс (штат Індыяна, ЗША) | Гарвардзкі ўнівэрсытэт (ЗША) |
1992 г., 4 сакавіка | Канзас-Сіці (штат Мізуры, ЗША) | Мэльбурнскі ўнівэрсытэт (Аўстралія) |
1991 г., 6 сакавіка | Сан-Антоніё (ЗША) | Стэнфардзкі ўнівэрсытэт (ЗША) |
1990 г., 21 лютага | Вашынгтон (ЗША) | Атаскі ўнівэрсытэт (Новая Зэляндыя) |
1989 г., 22 лютага | Луісьвіл (штат Кентукі, ЗША) | Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Лос-Анджэлесе (ЗША) |
1988 г., 24 лютага | Атланта (ЗША) | Каліфарнійскі тэхналягічны інстытут (ЗША) |
1987 г., 18 лютага | Сэнт-Люіс (штат Мізуры, ЗША) | Стэнфардзкі ўнівэрсытэт (ЗША) |
1986 г., 5 лютага | Цынцынаці (штат Агаё, ЗША) | Каліфарнійскі тэхналягічны інстытут (ЗША) |
1985 г., 14-16 студзеня | Новы Арлеан (штат Луізыяна, ЗША) | Стэнфардзкі ўнівэрсытэт (ЗША) |
1984 г., 15 лютага | Філадэлфія (ЗША) | Унівэрсытэт Джона Гопкінса (ЗША) |
1983 г., 16 лютага | Мэльбурн (штат Флорыда, ЗША) | Нэбраскі ўнівэрсытэт у Лінкальне (ЗША) |
1982 г., 10 лютага | Індыянапаліс (ЗША) | Бэйларскі ўнівэрсытэт (ЗША) |
1981 г., 25 лютага | Сэнт-Люіс (ЗША) | Мізурыйскі ўнівэрсытэт у Роле (ЗША) |
1980 г., 13 лютага | Канзас-Сіці (штат Мізуры, ЗША) | Вашынгтонскі ўнівэрсытэт у Сэнт-Люісе (ЗША) |
1979 г., 21 лютага | Дэйтан (штат Агаё, ЗША) | Вашынгтонскі ўнівэрсытэт у Сэнт-Люісе (ЗША) |
1978 г., 22 лютага | Дэтройт (штат Мічыган, ЗША) | Масачусэцкі тэхналягічны інстытут (ЗША) |
1977 г., 2 лютага | Атланта (ЗША) | Мічыганскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (ЗША) |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Надзея Нікалаева. Беларускія студэнты-праграмісты ўвайшлі ў сусьветную эліту // Зьвязда : газэта. — 22 траўня 2012. — № 95 (27210). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Правілы сусьветнага фіналу (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 8 жніўня 2017 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
- ^ Праграмнае асяродзьдзе сусьветнага фіналу (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 11 верасьня 2017 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
- ^ Паказальнік рэгіёнаў (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 2017 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
- ^ Спаборніцтвы Паўночнай Эўразіі 2017 году (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 2017 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
- ^ а б Марша Паўчэр. Раньнія гады Фіналаў сусьветных пяршынстваў (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 14 жніўня 2011 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
- ^ Вынікі сусьветнага фіналу 1999 году (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 25 студзеня 2013 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
- ^ Зала славы чэмпіёнаў сьвету МССП (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 21 ліпеня 2017 г. Праверана 22 верасьня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прылады (анг.) // Міжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньні, 9 чэрвеня 2017 г. Праверана 23 верасьня 2017 г.
- Жывы архіў МССП (анг.) // Бэйларскі ўнівэрсытэт (Ўэйкоў, штат Тэхас), 2017 г. Праверана 23 верасьня 2017 г.
- «Анлайн-судзьдзя» // Унівэрсытэт Вальядаліду (Гішпанія) (анг.)
- Сыстэма «Нагляд за спаборніцтвам па праграмаваньні» (анг.) // Унівэрсытэт штату Каліфорнія ў Сакрамэнта, 10 верасьня 2017 г. Праверана 23 верасьня 2017 г.
- Сыстэма нагляду за спаборніцтвам «DOMJudge» (анг.) // GitHub, 17 верасьня 2017 г. Праверана 21 верасьня 2017 г.
Гэта — накід артыкула пра спорт. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |