Новы Арлеан
| Новы Арлеан | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | ЗША | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Штат | Луізыяна | ||||
| Дата заснаваньня | 1718 | ||||
| Кіраўніцтва і ўлада | |||||
| Mayor of New Orleans[d] | Гэлена Марэна[d] | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 907 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 2—6 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 29°57′53″ пн. ш. 90°04′14″ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць |
| ||||
| Этнахаронімы | néo-orléanais, néo-orléanaise, New Orleanian, neo-orleanés і neo-orleanesa | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | 985 і 504 | ||||
| Паштовы індэкс | 70112, 70113, 70114, 70115, 70116, 70117, 70118, 70119, 70121, 70122, 70123, 70124, 70125, 70126, 70127, 70128, 70129, 70130, 70131, 70139, 70141, 70142, 70143, 70145, 70146, 70148, 70150, 70151, 70152, 70153, 70154, 70156, 70157, 70158, 70159, 70160, 70161, 70162, 70163, 70164, 70165, 70166, 70167, 70170, 70172, 70174, 70175, 70176, 70177, 70178, 70179, 70181, 70182, 70183, 70184, 70185, 70186, 70187, 70189, 70190 і 70195 | ||||
| Сайт | nola.gov | ||||
| Новы Арлеан на мапе ЗША ± Новы Арлеан | |||||
Но́вы Арлеа́н (па-ангельску: New Orleans) — места штату Луізыяна, ЗША. Разьмешчаны на рацэ Місысыпі. З насельніцтвам 383 997 чалавек паводле перапісу 2020 году, Новы Арлеан ёсьць найбольш населеным горадам штату і другім паводле колькасьці насельніцтва на Глыбокім Поўдні пасьля Атланты[3][4]. У аглямэрацыі жыве блізу 1 мільёну жыхароў[5]. У месьце працуе буйны порт. Новы Арлеан славіцца сваёй адметнай музыкай, крэольскай кухняй, унікальнымі дыялектамі і штогадовымі сьвяткаваньнямі і фэстываліямі, найбольш вядомым зь якіх ёсьць Мардзі Грас. Гістарычнае сэрца гораду, вядомае як Францускі квартал, вядомы сваёй француска-гішпанскім архітэктурным стылем і жывым начным жыцьцём уздоўж вуліцы Бурбон. Акрамя таго, места ўсё часьцей называюць Галівудам Поўдня праз значную ролю кінаіндустрыі і папулярнай культуры[6][7].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Францускі і гішпанскі час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Новы Арлеан быў заснаваны ўвесну 1718 году францускай Місысыпскай кампаніяй пад кіраўніцтвам Жана-Батыста Лё Муана дэ Б’енвіля на землях, якія здаўна насялялі індзейцы племені чытымача[8]. Места атрымала сваю назву ў гонар Філіпа II, які быў герцагам Арлеанскім і тагачасным рэгентам Францыі, а яго тытул паходзіў ад францускага гораду Арлеану[9]. У 1729 годзе тут выбухнула паўстаньне натчэзаў, якое пачалося з нападу на форт Разалі, у выніку якога загінула больш за 200 францускіх каляністаў[10]. Кіраўнік Эт’ен Пэр’е зрабіў карныя захады, фактычна зьнішчыўшы народ натчэз, аднак гэта пагоршыла адносіны паміж Францыяй і іншымі карэннымі жыхарамі тэрыторыі, беспасярэдне падштурхнуўшы да войнаў з чыкаса ў 1730-я гады[11]. Супраціў карэнных жыхароў цягнуўся ажно да 1740-х гадоў, а індзейскія плямёны нярэдка ўмела выкарыстоўвалі супярэчнасьці паміж калянізатарамі[12]. Набегі ўзмацніліся на тле эканамічнай нестабільнасьці Францыі, якая аслабляла абарону калёніі, а асобныя напады чыкаса дасягала далёкага поўдня ажно да Батан-Руж. Тым часам недахоп рабочай сілы прымусіў францускіх каляністаў зьвярнуцца да атлянтычнага гандлю нявольнікамі. У пачатку 1720-х гадоў зьняволеныя афрыканцы пачалі прыбываць у значных колькасьцях, а ў 1724 годзе асобны закон замацаваў жорсткія правілы, рэглямэнтуючы іхняе жыцьцё[13]. Пачала складвацца самабытная афра-крэольская культура, якая зьлівала ў сабе афрыканскія традыцыі, каталіцтва і францускую мову, даючы пачатак такім зьявам, як луізыянскае вуду і луізыянская крэольская мова[14][15].

Новы Арлеан хутка ператварыўся ў культурны і камэрцыйны цэнтар францускай Луізыяны. Ягонае становішча як ключавога порту зрабіла горад брамамі для рэгіёну. Такія ўстановы, як то кляштар урсулінак, заснаваны ў 1727 годзе манахінямі пры падтрымцы Місысыпскай кампаніі, сьведчылі аб улучанасьці места да францускай рэлігійна-адукацыйнай сеткі[16]. Раньняе горадабудаўніцтва і архітэктуру фармавалі вайсковыя інжынэры, як то П’ер Лё Блён дэ Тур і Адрыян дэ Пажэ, чые праекты заклалі грунт да разьвіцьця места[17]. Да 1740-х гадоў праекты інжынэра Іньяса Франсуа Брутэна зьмянілі архітэктурнае аблічча паселішча, паяднаўшы рысы каляніяльнага кіраваньня і самабытны крэольскі характар. Пасьля таго як Францыя саступіла Луізыяну Гішпаніі паводле Парыскага дагавору 1763 году, жыхары Новага Арлеана ўзяліся супраціўляцца гішпанскаму панаваньню. Мясцовыя жыхары ўчынілі Луізыянскае паўстаньне 1768 году, на кароткі час захапіўшы горад пад свой кантроль і накіравалі дэлегацыю ў Францыю з просьбай аднавіць францускую ўладу. Іхныя намаганьні не далі плёну, бо францускі кароль Людовік XV пацьвердзіў гішпанскі сувэрэнітэт над местам[18]. У гады Амэрыканскай рэвалюцыі Новы Арлеан адыграў ключавую ролю як вузел аснады ў імя амэрыканскай справы, асабліва пры гішпанскім губэрнатары Бэрнарда дэ Гальвэсе[19].
Далучэньне да ЗША
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Трэці Сан-Ільдэфонскі дагавор 1800 году аднавіў францускі кантроль над Новым Арлеанам і Луізыянай агулам, аднак у 1803 годзе Напалеон прадаў гэтыя тэрыторыі ЗША у межах Луізыянскай куплі[20]. Пасьля гэтага горад хутка павялічыўся дзякуючы прыбыцьця амэрыканцаў, французаў, крэолаў і афрыканцаў. Пазьнейшымі перасяленцамі былі ірляндцы, немцы, палякі і італьянцы. У той час галоўныя таварам Луізыяны былі цукровы трысьнёг і бавоўна, якія вырошчваліся на буйных плянтацыях сіламі нявольнікаў. Паміж 1791 і 1810 гадамі тысячы сан-дамінгаўскіх уцекачоў ад Гаіцянскай рэвалюцыі, як белых, гэтак і вольных каляровых, прыбылі ў Новы Арлеан. Частка зь іх прывезла сваіх нявольнікаў, сярод якіх было нямала ўраджэнцаў Афрыкі[21]. Калі губэрнатар Ўільям Чарлз Коўл Клэйбарн ды іншыя чыноўнікі імкнуліся не дапусьціць прыбыцьця дадатковых вольных чорных, францускія ж крэолы, наадварот, жадалі павялічыць францускамоўнае насельніцтва. У дададтак многіх белых франкафонаў у 1809 годзе выслалі сюды за іхныя банапартысцкія інтрыгі кубінскія ўлады[22]. Блізу 90% гэтых перасяленцаў аселі ў Новым Арлеане. У выніку гэтай хвалі міграцыі колькасьць насельніцтва места хутка падвоілася, а дзель мурынаў дасягнула 63%[23].

У час Ангельска-амэрыканскай вайны брытанцы накіравалі атрад у 11 тысячаў чалавек, каб захапіць Новы Арлеан. Не зважаючы на велізарныя цяжкасьці, генэрал Эндру Джэксан пры падтрымцы флёту ЗША здолеў назьбіраць войска з апалчэнцаў Луізыяны, Місысыпі, Тэнэсі, Кентукі ды рэгулярных жаўнераў арміі ЗША і разьбіў брытанцаў у бітве за Новы Арлеан 8 студзеня 1815 году[24]. Баявыя дзеяньні ў Луізыяне пачаліся ў сьнежні 1814 году і трывалі ажно да канца студзеня, пакуль амэрыканцы не адстаялі форт Сэнт-Філіп у час дзесяцідзённай аблогі з боку Каралеўскага флёту Вялікабрытаніі[24]. Новы Арлеан меў найбуйнейшы ў краіне нявольніцкі рынак, асабліва ён набыў значнасьць пасьля таго, як ЗША ў 1808 годзе спынілі міжнародны гандаль нявольнікамі. Унутраны гандаль рэзка вырас, гэтак дзьве траціны з больш чым мільёну пазбаўленых волі людзей гвалтоўна перасялілі на Глыбокі Поўдзень. Эканамічная вартасьць гэтага гандлю была велізарнай, бо нявольнікі ў сукупнасьці ацэньваліся ў паўмільярды даляраў, а эканоміка, пабудаваная вакол гэтага гандлю, уключна з транспартам і іншымі паслугамі, давада на мільярды больш. У выніку Новы Арлеан атрымаў з гэтай сыстэмы значныя фінансавыя і камэрцыйныя пажыткі[25]. Да 1840 году Новы Арлеан стаў трэцім паводле колькасьці насельніцтва горадам ЗША[26]. Белае франкафоннае насельніцтва захоўвала свой уплыў, а француская мова па-ранейшаму выкарыстоўвалася ў некаторых школах[27]. Вольныя каляровыя, якія ў большасьці сваёй былі франкафонамі, утваралі клясу рамесьнікаў і прафэсіяналаў, нават калі большасьць афраамэрыканцаў заставалася ў нявольніцтве[28].
Па грамадзянскай вайне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Грамадзянская вайна ў ЗША зьмяніла горад. У красавіку 1862 году, пасьля захопу места флётам ЗША, кіраўніком места быў прызначаны генэрал Поўначы Бэнджамін Батлер, які забараніў выкладаньне францускай мовы ў школах. Заканадаўчыя акты 1864 году і 1868 году яшчэ больш замацавалі палітыку перавагі ангельскай мовы, якую насаджалі фэдэральныя прадстаўнікі. Да канца XIX стагодзьдзя ўжытак францускай мовы заняпаў. Да выцісканьня мовы таксама спрычынілася плыня ірляндзкіх, італьянскіх і нямецкіх імігрантаў[29]. Аднак яшчэ ў 1902 годзе чвэрць насельніцтва гораду карысталася францускай мовай у штодзённым жыцьці, тады як іншыя дзьве чвэрці цалкам разумелі яе[30]. Яшчэ ў 1945 годзе многія пажылыя крэолкі ня ведалі ангельскай мовы[31]. У 1929 годзе ў горадзе адбыўся страйк трамвайнікаў, падчас якога мелі месца сур’ёзныя хваляваньні[32]. Да сярэдзіны XX стагодзьдзя горад больш ня быў эканамічным рухавіком Поўдня. Да 1950 году Г’юстан, Далас і Атланта апярэдзілі Новы Арлеан у колькасьці насельніцтва, а ў 1960 годзе гэта зрабіў Маямі, нават не зважаючы на тое, што насельніцтва места дасягнула свайго гістарычнага піку[33]. Як і ў іншых старых гарадах ЗША, будаўніцтва аўтамагістраляў і разбудова прадмесьцяў прывялі да адтоку жыхароў з цэнтру ў новае жыльлё па-за ім. Перапіс 1970 году зафіксаваў першае абсалютнае зьніжэньне насельніцтва з таго часу, як горад стаў часткай ЗША ў 1803 годзе. Эканоміка места заўсёды больш грунтавалася на гандлі і фінансавых паслугах, чым на вытворчасьці, але і адносна невялікі прамысловы сэктар скараціўся па Другой сусьветнай вайне. З улікам таго, што больш заможныя жыхары пакідалі горад, ягонае насельніцтва рабілася ўсё больш бедным і пераважна афраамэрыканскім. Пачынаючы з 1980 году, у кіроўныя органы места пачалі часьцей трапляць мурыны, якія імкнуліся разьвязаць глыбокія сацыяльна-эканамічныя праблемы. Да канца XX стагодзьдзя Нова Арлеан усё больш быў залежны ад турыстычнай індустрыі на тле павелічэньня беднасьці, нізкага ўзроўню адукацыі і высокай злачыннасьці, што ўскладняла адаптацыю да агульнанацыянальнага пераходу да постіндустрыяльнай эканомікі паслугаў[34].
Горад моцна пацярпеў падчас урагану Катрына 29 жніўня 2005 году[35]. На момант набліжэньня непагадзі 29 жніўня 2005 году большасьць жыхароў ужо была эвакуяваная. Калі ўраган прасоўваўся праз рэгіён узьбярэжжа Мэксыканскай затокі, фэдэральная сыстэма абароны ад паводак абрынулася, што прывяло да найгоршай на той час цывільнай інжынэрнай катастрофы ў гісторыі ЗША[36]. У выніку 80% тэрыторыі места апынулася пад вадою, а дзясяткі тысячаў жыхароў, якія засталіся ў горадзе, ратаваліся ў некалькіх прытулках.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Забава і выканальніцкае мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У Новым Арлеане ладзяцца шматлікія штогадовыя сьвяткаваньні і фэстывалі. Найбольш вядомай падзеяй ёсьць Мардзі Грас. Гэты карнавал афіцыйна пачынаецца зь сьвята богаяўленьне, вядомае ў некаторых хрысьціянскіх традыцыях. Мардзі Грас, што з францускай мовы перакладаецца як Тлусты аўторак, ёсьць апошнім і найвялікшым днём традыцыйных каталіцкіх урачыстасьцяў, бо гэта апошні аўторак перад пачаткам хрысьціянскага Вялікага пасту, які пачынаецца ў папялец. За найбуйнейшы з шматлікіх музычных фэстываляў гораду ўважаецца Фэстываль джазу і спадчыны Новага Арлеану, які ёсьць адным з найбуйнейшых музычных фэстываляў у краіне. На фэстывалі слухачам падаецца разнастайная музыка, як ад мясцовых артыстаў Луізыяны, гэтак і да міжнародных выканаўцаў. Таксама ў месьце ладзяцца фэстывалі Вуду-Фэст і Эсэнс, дзе таксама ладзяць выступы як мясцовыя, гэтак і замежныя артысты. Іншыя буйныя фэстывалі ўлучаюць Паўднёвы Дэкаданс, Фэстываль Францускага кварталу і Новаарлеанскі літаратурны фэстываль Тэнэсі Ўільямза. Апошні з памянёных фэстываляў названы ў гонар амэрыканскага драматурга Ўільямза, які стварыў вядомую п’есу «Трамвай „Жаданьне“», дзеі якой адбываюцца ў Новым Арлеане, дзе і працаваў над творам аўтар.

У 2002 годзе Луізыяна пачала прапаноўваць падатковыя ільготы для вытворцаў фільмаў і тэлевізійных праграмаў. Гэта прывяло да значнага росту актыўнасьці і прынесла ў Новы Арлеан мянушку Галівуд Поўдня. Фільмы, зьнятыя ў горадзе і ў ягоных навакольлях, улучаюць «Справа пэліканаў», «Дарога да славы», «Усё каралеўскае войска», «Дэжа вю», «Апошнія вакацыі», «Загадкавая гісторыя Бэнджаміна Батана» і «12 гадоў рабства». У 2006 годзе пачалося будаўніцтва кінастудыі Louisiana Film & Television, разьмешчанай у раёне Трэмэ[37]. У 2007 годзе Луізыяна пачала прапаноўваць падобныя падатковыя ільготы для музычных і тэатральных установаў, у выніку чаго некаторыя камэнтатары пачалі называць Новы Арлеан Брадўэем Поўдня[38].

Першым тэатрам гораду стаў франкамоўны Тэатар на вуліцы Сэн-П’ер, які пачаў працаваць у 1792 годзе. Першая опэра ў Новым Арлеане была пастаўленая ў гэтым тэатры ў 1796 годзе. У XIX стагодзьдзі горад у горадзе месьціліся будынкі францускай опэры, у тым ліку Арлеанскі тэатар, які пазьней стаў Францускім опэрным тэатрам. Сёньня опэрныя пастаноўкі таксама ставяцца ў опэрным тэатры Марыньі, дзе таксама робяцца джазавыя і клясычныя музычныя выступы. Новы Арлеан даўно ўважаецца за значны цэнтар музыкі, маючы вязьмо з эўрапейскай, афрыканскай і лацінаамэрыканскай культураў. Унікальная музычная спадчына гораду паўстала ў каляніяльныя і раньнеамэрыканскія часы з асаблівага спалучэньня эўрапейскіх музычных інструмэнтаў з афрыканскімі рытмамі. Як адзіны горад у Паўночнай Амэрыцы, дзе рабам дазвалялася зьбірацца публічна і граць сваю традыцыйную музыку, Новы Арлеан стаў месцам нараджэньня ў пачатку XX стагодзьдзя эпахальнай мясцовай музыкі, вядомай як джаз. Хутка пачалі фармавацца афраамэрыканскія духавыя аркестры, паклаўшы пачатак стогадовай традыцыі.
Унікальная музычная культура места асабліва выразна выяўляецца ў ягоных традыцыйных пахаваньнях. Гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя вайсковых пахаваньняў, у традыцыйных пахавальных працэсіях Новага Арлеану на шляху да могілак гучыць сумная музыка (пераважна пахавальныя маршы і гімны), а на зваротным шляху больш вясёлая музыка ў стылі джазу. Гэтая практыка мае неафіцыйны назоў «джазавыя пахаваньні». Значна пазьней у сваім музычным разьвіцьці Новы Арлеан стаў радзімай для адметнай плыні рытм-н-блюзу, якая істотна паўплывала на разьвіцьё рок-н-ролу. Яскравым прыкладам гучаньня гораду ў 1960-х гадах ёсьць сынгл «Chapel of Love» гурту Dixie Cups, які заняў першае месца ў ЗША і зьмясьціў The Beatles зь вяршыні Billboard Hot 100. У 1960-я і 1970-я гады Новы Арлеан стаў важным цэнтрам фанк, а да канца 1980-х гадоў у месьце сфармавалася ўласная лякальная варыяцыя гіп-гопу — баўнс. Хоць яна ня мела шырокага камэрцыйнага посьпеху па-за межамі Глыбокага Поўдня, баўнс быў надзвычай папулярны ў бяднейшых раёнах гораду цягам 1990-х гадоў.
Кухня
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Новаарлеанская кухня аб’ядноўвае мясцовую крэольскую, высокую крэольскую і новаарлеанскую францускую кухні. Мясцовыя інгрэдыенты, а таксама францускія, гішпанскія, італьянскія, афрыканскія, індзейскія, каджынскія, кітайскія і крыху кубінскія кулінарныя традыцыі спалучаюцца, утвараючы сапраўды ўнікальны і лёгка пазнавальны смак места.
Новы Арлеан вядомы такімі фірмовымі страўмі, як то бэнье. Гэта квадратныя смажаныя булачкі, таксама вядомыя як францускія пончыкі, якія падаюцца з кавай з малаком, прыгатаванай з сумесі кавы і цыкорыяй. Таксама шырока распаўсюджаныя сэндвічы пабой[39], італьянскія бутэрброды муфулета, вустрыцы з Мэксыканскай затокі ў палове ракаўкі, смажаныя вустрыцы, гатаваныя ракі і іншыя морапрадукты, такія крэольскія стравы, як то этуфэ, джамбалая, гамба, а таксама традыцыйная панядзелкавая страва чырвоная фасоля з рысам. Яшчэ адной адметным прысмакам Новага Арлеана ўважаецца пралінка, то бок цукерка з карычневага цукру, белага цукру, вяршкоў, масла і пэканаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://data.census.gov/cedsci/table?q=United%20States&tid=DECENNIALPL2020.P1
- ↑ перапіс насельніцтва ЗША 2020 году / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША
- ↑ QuickFacts: New Orleans city, Louisiana. United States Census Bureau (08.2021). Архіўная копія ад 08.2021 г.
- ↑ Henry Louis Mencken The American Language: An Inquiry Into the Development of English in the United States. — A. A. Knopf, 1924. — С. 412.
- ↑ Metropolitan and Micropolitan Statistical Areas Population Totals: 2020-2024. United States Census Bureau, Population Division (03.2025).
- ↑ Hollywood South: Why New Orleans Is the New Movie-Making Capital. ABC News. Архіўная копія ад 09.2022 г.
- ↑ Hollywood South: Film Production and Movie Going in New Orleans. New Orleans Historical. Архіўная копія ад 09.2022 г.
- ↑ VERIFY: Does New Orleans have an actual birthday?. WWL (12.2017). Архіўная копія ад 06.2019 г.
- ↑ French History in New Orleans. www.neworleans.com. Архіўная копія ад 10.2020 г.
- ↑ Slave Resistance in Natchez, Mississippi (1719–1861) — Mississippi History Now. mshistorynow.mdah.state.ms.us. Архіўная копія ад 10.2020 г.
- ↑ Gayarré, Charles History of Louisiana: The French Domination. — New York, New York: Redfield, 1854. — Т. 1. — С. 447–450.
- ↑ Cummins, Light Townsend; Kheher Schafer, Judith; Haas, Edward F.; Kurtz, Micahel L. Louisiana: A History. — Malden, Massachusetts: Wiley Blackwell, 2014. — ISBN 9781118619292
- ↑ BlackPast (28.07.2007) (1724) Louisiana’s Code Noir Архіўная копія ад 10.2020 г.
- ↑ From Benin to Bourbon Street: A Brief History of Louisiana Voodoo. www.vice.com (10.2014). Архіўная копія ад 11.2020 г.
- ↑ The True History and Faith Behind Voodoo. FrenchQuarter.com. Архіўная копія ад 11.2020 г.
- ↑ Cruzat, Heloise Hulse The Ursulines of Louisiana // The Louisiana Historical Quarterly. — 1919. — Т. 2.
- ↑ Pauger's Savvy Move. richcampanella.com. Архіўная копія ад 06.2020 г.
- ↑ José Presas y Marull Juicio imparcial sobre las principales causas de la revolución de la América Española y acerca de las poderosas razones que tiene la metrópoli para reconocer su absoluta independencia. (original document). — Burdeaux: Imprenta de D. Pedro Beaume, 1828. — С. 22, 23.
- ↑ Mitchell, Barbara America's Spanish Savior: Bernardo de Gálvez marches to rescue the colonies // MHQ: The Quarterly Journal of Military History. — 2010. — С. 98—104.
- ↑ The Louisiana Purchase. Monticello. Архіўная копія ад 03.2019 г.
- ↑ Lachance, Paul F. The 1809 Immigration of Saint-Domingue Refugees to New Orleans: Reception, Integration and Impact // Louisiana History: The Journal of the Louisiana Historical Association. — 1988. — Т. 29. — С. 110.
- ↑ Gitlin 2009. С. 54.
- ↑ Haitian Immigration: 18th & 19th Centuries. In Motion: African American Migration Experience. Архіўная копія ад 06.2018 г.
- 1 2 Groom, Winston Patriotic Fire: Andrew Jackson and Jean Laffite at the Battle of New Orleans. — Vintage Books, 2007. — ISBN 978-1-4000-9566-7
- ↑ Johnson, Walter (1999). «Soul by Soul: Life Inside the Antebellum Slave Market». Cambridge: Harvard University Press. — С. 2—6.
- ↑ Lewis, Peirce F. (2003). «New Orleans: The Making of an Urban Landscape». Santa Fe. — С. 175.
- ↑ Gitlin 2009. С. 166.
- ↑ Kotlikoff, Laurence J.; Rupert, Anton J. The Manumission of Slaves in New Orleans, 1827–1846 // Southern Studies. — 1980.
- ↑ Gitlin 2009. С. 180.
- ↑ Leslie’s Weekly. December 11, 1902.
- ↑ Tallant, Robert; Saxon, Lyle (1945). «Gumbo Ya-Ya: Folk Tales of Louisiana». Louisiana Library Commission. — С. 178.
- ↑ July 1, 1929: Streetcar Workers Strike in New Orleans. Zinn Education Project. Архіўная копія ад 07.2023 г.
- ↑ Lewis, Peirce F. (2003). «New Orleans: The Making of an Urban Landscape». Santa Fe. — С. 175.
- ↑ Glassman, James K. (1978). «New Orleans: I have Seen the Future, and It’s Houston». The Atlantic Monthly.
- ↑ Kevin Baker. American Heritage. Архіўная копія ад 10.2009 г.
- ↑ Marshall, Bob. 17th Street Canal levee was doomed // The Times-Picayune, 11.2005 г. Архіўная копія ад 09.2006 г.
- ↑ Treme film studio work begins Архіўная копія ад 05.2008 г.
- ↑ Blanco okays Broadway South tax credit program
- ↑ New Orleans Po-Boy. www.neworleans.com. Архіўная копія ад 06.2019 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Gitlin, Jay The Bourgeois Frontier: French Towns, French Traders, and American Expansion. — Yale University Press. — ISBN 978-0-300-15576-1