Лё Карбюзье
Лё Карбюзье | |
Дата нараджэньня | 6 кастрычніка 1887[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 27 жніўня 1965[2][7][3][…] (77 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | інфаркт міякарда |
Месца пахаваньня | |
Занятак | архітэктар, маляр, пісьменьнік, местабудаўнік, фатограф, малявальнік, мастак па тэкстылі, плястычны артыст, дызайнэр |
Навуковая сфэра | архітэктура |
Сябра ў | Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d], Нацыянальная акадэмія прыгожых мастацтваў Аргенціны[d], Міжнародны кангрэс сучаснай архітэктуры[d] і Акадэмія прыгожых мастацтваў[d] |
Бацька | Georges-Édouard Jeanneret[d] |
Узнагароды | Залаты мэдаль АІА[d] Каралеўскі залаты мэдаль[d] (1953) Мэдаль Франка П. Браўна[d] (1961) прэмія Сыкенса[d] (1963) ганаровы доктар Швайцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыху[d] ганаровы доктар Жэнэўскага ўнівэрсытэту[d] ганаровы доктар Кембрыдзкага ўнівэрсытэту[d] ганаровы доктар Цюрыскага ўнівэрсытэту[d]
|
Подпіс | |
Лё Карбюзье́ (па-француску: Le Corbusier), сапраўднае імя — Шарль-Эдуа́р Жанэрэ́-Гры (франц. Charles-Édouard Jeanneret-Gris; 6 кастрычніка 1887 — 27 жніўня 1965) — францускі архітэктар швайцарскага паходжаньня, стваральнік архітэктуры інтэрнацыянальнага стылю, мастак і дызайнэр. Ягоная ўсебаковая мастацкая дзейнасьць паўплывала ня толькі на архітэктуру, але і на ўрбаністыку.
Лё Карбюзье — адзін з найбольш значных архітэктараў XX стагодзьдзя, ягонае месца ў адным шэрагу з такімі рэфарматарамі архітэктуры, як Фрэнк Лойд Райт, Вальтэр Гропіюс, Міс ван дэр Роэ. Дасягнуў знакамітасьці дзякуючы сваім збудаваньням, заўжды самабытна арыгінальным, а таксама таленавітаму пяру пісьменьніка-публіцыста. Будынкі паводле ягоных праектаў магчыма ўбачыць у розных краінах — у Швайцарыі, Францыі, Нямеччыне, ЗША, Аргентыне, Японіі і Расеі.
Незвычайную папулярнасьць творчасьці Карбюзье можна патлумаць унівэрсальнасьцю ягонага падыходу, сацыяльнай напоўненасьцю ягоных прапановаў. Нельга не адзначыць ягоныя заслугі і ў тым, што ён адкрыў вочы архітэктарам на свабодныя формы. У вялікай ступені менавіта пад уражаньнем ягоных праектаў і пабудоваў адбыўся зрух у сьвядомасьці архітэктараў, у выніку чаго свабодныя формы ў архітэктуры сталі прымяняць значна шырэй і з большай нязмушанасьцю за тое, якім чынам гэта рабілася раней.
У 2016 годзе 17 ягоных твораў у 7 краінах сьвету былі ўключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[8].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шарль Жанэрэ паходзіць з старога, шырокаразгалінаванага роду. Бацька будучага архітэктара Жорж-Эдуар быў гадзіньнікавым майстрам і меў уласную фабрыку па вытворчасьці гадзіньнікаў у Ля-Шо-дэ-Фон, якая ў той час была адной з асноўных цэнтраў вытворчасьці гадзіньнікаў у Швайцарыі. Маці, Мары-Шарлёт-Амэлі, была піяністкай. Ягоны старэйшы брат Альбэр быў скрыпачом-аматарам[9]. Шарль наведваў дзіцячы садок, у якім выкарыстоўваліся мэтады выхаваньня Фрыдрыха Фрэбэля[10][11].
Як і ягоныя сучаснікі Фрэнк Лойд Райт і Міс ван дэр Роэ, Лё Карбюзье не хапала фармальнай адукацыі архітэктара. Яго прыцягвала выяўленчае мастацтва. У маладосьці, Шарль працаваў у гравэрнай майстэрні свайго дзядзькі, дзе займаўся гравіроўкай ініцыялаў. У 1900—1904 гадах ён навучаўся на гравіроўшчыка ў мастацкай школе ў Ля-Шо-дэ-Фон.
Прафэсар гэтай школы ды мастак Шарль Ль’Эплятэньер зацікавіў маладога чалавека архітэктурай. Як распавядаў сам архітэктар Ль’Эплятэньер навучыў яго маляваць з натуры[9]. Хлопец пачаў дадаткова вучыцца самастойна, ходзячы да бібліятэцы, каб пачытаць пра архітэктуру і філязофію, наведваючы музэі, малюючы эскізы будынкаў. Першапачаткова Жанэрэ знаходзіўся пад уплывам архітэктуры мадэрна і ангельскага руху арт-энд-крафтс, але ў 1906—1907 гадах разам з сваім настаўнікам архітэктуры ў мастацкай школе Рэнэ Шапалязам рэалізаваў будову першага будынка паводле свайго праекту, якой стала багата дэкараваная віла дзеля гравэра Люі Фале, які быў сябрам Ль’Эплятэньера. Разьмешчаны на лясным схіле пагорку недалёка ад Ля-Шо-дэ-Фон, гэта было вялікае шале з стромкім дахам у мясцовым альпійскім стылі і старанна вырабленымі каляровымі геамэтрычнымі ўзорамі на фасадзе. Посьпех гэтага дому прывёў да пабудовы ім двух падобных дамоў, вілаў Жакемэ і Штоцэра, у тым жа рэгіёне[12].
У 1907 годзе Шарль зьдзейсьніў першае мастацкае падарожжа. Ён наведаў Мілян, Флярэнцыю, Галюццу, Сіену, Балёньню, Падую і Вэнэцыю. У Галюцца хлопец наведаў мясцовы манастыр, які зрабіў вялікае ўражаньне на ўсё жыцьцё на маладога чалавека. Потым пераехаў у Аўстра-Вугоршчыну, дзе наведаў Будапэшт і Вену. У Вене некаторы час Шарль Жанэрэ працаваў у вядомага аўстрыйскага архітэктара Ёзэфа Гофмана[13], а таксама пазнаёміўся з ідэямі Адольфа Лёоза. У сакавіку 1908 году малады архітэктар упершыню наведаў Парыж, дзе працаваў у майстэрні парыскага архітэктара Агюста Пэрэ, які быў піянэрам выкарыстаньня жалезабэтону ў жылым будаўніцтве і архітэктарам знакавага тэатру ў стылі ар-дэко Тэатру Элізэйскіх палёў. За 15 месяцаў працы набыў значны досьвед у працы з жалезабэтонам і сам Жанэрэ. У 1909 годзе ён пазнаёміўся ў Ліёне з адным з прадстаўнікоў новай архітэктуры Тоні Гарнье.
У 1910 годзе Шарль Жанэрэ зьдзейсьніў доўгае падарожжа ў Нямеччыну, каб пазнаёміцца з дасягненьнямі дэкаратыўна-прыкладальнага мастацтва гэтай краіны. Працуючы ў Пэтэра Бэрэнса, ён пазнаёміўся зь Місам ван дэр Роэ і Вальтэрам Гропіюсам[14]. У наступным годзе спаткаўся з Генрыхам Тэсэнавым, архітэктарам гораду-саду Грунаў-Фалькенбэрг, які быў пабудаваны ў 1913 годзе. Наступнае падарожжа Шарль зьдзейсьніў поруч з сваім сябрам Аўгустам Кліпштайнам ва Ўсходнюю Эўропу, Турэччыну, Грэцыю і Італію, пад час якой ён стварыў шмат малюнкаў, нататкаў і здымкаў. Асабліва шмат аўтар зрабіў эскізаў Партэнону, якія потым увайшлі ў ягоныя кнігі. У 1913 годзе Шарль Жанэрэ арганізаваў першую выставу сваіх працаў (акварэльных малюнкаў). У гэты час ён займаўся напісаньнем сваёй кнігі «Будоўля гарадоў».
У 1912 годзе ён пачаў свой самы амбітны праект, якім стаў новы дом для ягоных бацькоў. Ён таксама быў разьмешчаны на лясным схіле пагорку ля Ля-Шо-дэ-Фон. Дом Жанэрэ-Пэрэ быў большым за іншыя і быў ў больш наватарскім стылі, бо гарызантальныя плашчыні рэзка кантраставалі з стромкімі альпійскімі схіламі, а белыя сьцены і адсутнасьць дэкору рэзка кантраставалі зь іншымі будынкамі на схіле. Унутраныя прасторы былі арганізаваныя вакол чатырох слупоў ў цэнтры гасьціннага пакою, што дазволіла стварыць адкрытыя інтэр’еры. Такія ж інтэр’еры ён часам будзе будаваць у сваіх пазнейшых будынках. Праект быў даражэйшым за першапачатковы разьлік, таму ягоныя бацькі на час былі вымушаныя зьехаць у больш сьціплы дом. У гэты ж час архітэктар атрымаў замову на будаўніцтва яшчэ больш мажнай вілы ў суседняй вёсцы Лё-Лёкль для заможнага вытворцы гадзіньнікаў Жоржа Фаўра-Жако. Лё Карбюзье спраектаваў новы дом менш чым за месяц. Унутраны плян будынку быў досыць прасторным, а праект быў зроблены з улікам максымальнага асьвятленьня, што было значным адхіленьнем ад мясцовай традыцыі будаўніцтва дамоў[15]. За часам Першай сусьветнай вайны ён працаваў у той жа мастацкай школе ў родным мястэчку, дзе некалі навучаўся сам.
Ён засяродзіўся на тэарэтычных архітэктурных дасьледаваньнях з выкарыстаньнем сучасных мэтадаў[16]. У сьнежні 1914 году разам з інжынэрам Максам Дзюбуа ён пачаў сур’ёзнае дасьледаваньне выкарыстаньня жалезабэтону ў якасьці будаўнічага матэрыялу. Упершыню Жанэрэ адкрыў для сябе працу з бэтонам у офісе Агюста Пэрэ ў Парыжы, але цяпер ён хацеў выкарыстаць яго па-новаму.
Архітэктар лічыў, што жалезабэтон дае яму неверагодныя рэсурсы, як то разнастайнасьць і плястычнасьць. У выніку ён распрацаваў плян дому Дом-іно ў 1914 і 1915 гадах. Гэтая мадэль прапаноўвала адкрыты плян паверху, які складаўся з трох бэтонных плітаў, падтрыманых шасьцю тонкімі жалезабэтоннымі калёнамі, зь лесьвіцай збоку, каб забясьпечыць доступ да кожнага ўзроўню[17]. Сыстэма першапачаткова была распрацаваная дзеля забесьпячэньня вялікай колькасьці часовых жылых дамоў па Першай сусьветнай вайны, бо ставячы толькі пліты, калёны і лесьвіцы, жыхары могуць дабудоўваць вонкавыя сьцены ўжо зь мясцовых дасяжных матэрыялаў. У сваёй заяўцы на патэнт Жанэрэ апісаў гэта, як супастаўленую сыстэму канструкцыі ў адпаведнасьці зь бясконцым лікам камбінацыяў плянаў. На задуму аўтара інтэр’ер, такім чынам, мог быць уладкаваны гэтак, як хацеў архітэктар, будуючы сьцены ўнутры будынка ў любым пажаданым месцы. Пасьля таго, як ягоны праект быў запатэнтаваны, Лё Карбюзье спраектаваў некалькі дамоў у адпаведнасьці з сыстэмай, якая ўяўляла сабой белыя бэтонныя скрынкі. Хоць некаторыя зь іх ніколі не былі дабудаваныя, яны ілюстравалі ягоныя асноўныя архітэктурныя ідэі, якія будуць дамінаваць у працах архітэктара цягам 1920-х гадоў. Ён удасканаліў гэтую ідэю ў сваёй кнізе 1927 году «Пяць пунктаў новай архітэктуры». Гэты праект, які патрабаваў аддзяленьня канструкцыі ад сьценаў ды свабоды плянаў і фасадаў, стаў грунтам для большай часткі ягонай архітэктуры цягам наступных дзесяці гадоў[18].
У жніўні 1916 году Жанэрэ атрымаў найбуйнейшую ў гісторыі замову на будаўніцтва вілы дзеля швайцарскага гадзіньнікавага майстра Анатоля Швоба, дзеля якога ён ужо выканаў быў некалькі невялікіх праектаў рэканструкцыі. Яму быў вылучаны вялікі бюджэт і свабода ня толькі праектаваньня дому, але і стварэньня ўнутранага аздабленьня і абраньня мэблі. Кірыючыся запаветам Агюста Пэрэ, ён пабудаваў каркас збудаваньня з жалезабэтону да абклаў сьцены цэглай. У сярэдзіне дому была створаная вялікая бэтонная скрыня з двума паўкалённымі канструкцыямі паабапал, што адлюстравала ягоныя ўяўленьні аб чыстых геамэтрычных формах. Вялікая адкрытая зала з жырандоляй займала цэнтар будынка. Вялікія амбіцыі архітэктара сутыкнуліся з абмежаваньнем бюджэту ягонага кліента і меркаваньнем замоўцы. Гэта прывяло да вострых канфліктаў. Швоб зьвярнуўся ў суд і адмовіў архітэктару ў доступе да будаўнічай пляцоўцы. Лё Карбюзье адказаў, што, не зважаючы на такую пастанову, ягоная прысутнасьць ужо была ўпісаная ў кожным кутку будаванага дома. Архітэктар вельмі ганарыўся домам і дадаваў ягоныя фатаграфіі ў некаторыя з сваіх кнігаў[19].
У веку 29 гадоў архітэктар пасяліўся ў Парыжы. У 1917 годзе ён стварыў там уласную архітэктурную майстэрню. З 1919 году пачаў выдаваць архітэктурную газэту «Новы дух» (франц. Esprit Nouveau), у якой свае артыкулы падпісваў псэўданімам Лё Карбюзье. Хутка ён наблізіўся да парыскіх авангардысцкіх мастацкіх асяродзьдзяў. Разам з Амэдзі Азэнфантам стварыў новы кірунак выяўленчага мастацтва — пурызм. З 1925 году ён актыўна карыстаўся сваім псэўданімам як архітэктар і мастак. З 1923 да 1940 году кіраваў майстэрняй разам з сваяком П’ерам Жанэрэ, зь якім разам працавалі над праектамі і артыкуламі[20].
У 1926 годзе Лё Карбюзье напісаў кнігу «Архітэктура машыннай эпохі». Праз два гады ён стаў адным з заснавальнікаў Міжнароднага архітэктурнага кангрэсу. У гэты пэрыяд Лё Карбюзье часта наведваў ЗША, Нямеччыну і Савецкую Расею, дзе пазнаёміўся з Усеваладам Меерхольдам і Альбэртам Айнштайнам. 19 верасьня 1930 году Лё Карбюзье атрымаў францускае грамадзянства, і 18 сьнежня гэтага ж году ажаніўся з Івон Галіс. Падчас Другой сусьветнай вайны Лё Карбюзье з 1942 да 1943 году жыў у Францыі Вішы, а потым быў высланы з гораду ў Альжыр, які ў той час быў францускай калёніяй. Мясцовая архітэктура мела пэўны ўплыў на архітэктара. У 1942 годзе Лё Карбюзье пачаў працу над «Мадулярам» — аўтарскім узорам прапорцыі, які потым апісаў у некалькіх працах.
У канцы вайны Лё Карбюзье заснаваў Асамблею будаўнікоў па рэканструкцыі архітэктуры, якая займалася плянамі адбудовы паваеннай Францыі. Пасьля вайны, Лё Карбюзье, як аднаму з самых вядомых архітэктараў свайго часу, даручалі рэалізацыі самых прэстыжных праектаў ня толькі ў Эўропе, але і ў Індыі і Бразыліі. У 1947 годзе ён увайшоў у камітэт архітэктараў, якія плянавалі будову штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, але быў прыняты плян амэрыканца Ўолеса Гарысана.
Лё Карбюзье спраектаваў мастацкую галерэю[21] на беразе возера ў Цюрыху на замову ўладальніцы галерэі Гайдзі Вэбэр у 1962—1967 гадах. Цяпер гэтая галерэя носіць імя знакамітага архітэктара. Гэта адна зь ягоных апошніх працаў у жыцьці[22], бо аўтар памёр 27 жніўня 1965 году ў Ракбрун-Кап-Мартэне, падчас адпачынку на Міжземным моры[23].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Arkitekter verksamma i Sverige — 2014.
- ^ а б Le Corbusier (нід.)
- ^ а б Le Corbusier (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ Arkitekter verksamma i Sverige — 2015.
- ^ а б http://www.sikart.ch/KuenstlerInnen.aspx?id=4000293
- ^ а б The Other Interface
- ^ Charles-Edouard; Jeanneret-Gris, Charles-Edouard Le Corbusier [Jeanneret] — 2006.
- ^ The Architectural Work of Le Corbusier, an Outstanding Contribution to the Modern Movement (анг.)
- ^ а б Journel 2015. С. 32.
- ^ Actes du colloque La ville et l’urbanisme après Le Corbusier, éditions d’en Haut 1993 — ISBN 2-88251-033-0.
- ^ Solitaire, Marc (1988). «Le Corbusier entre Raphael et Fröbel». Journal d’histoire de l’architecture N°1. Presses universitaires de Grenoble. — С. 9—27. — ISBN 2-7061-0325-6.
- ^ Journel 2015. С. 49.
- ^ Journel 2015. С. 48.
- ^ Journel 2015. С. 32—33.
- ^ Journel 2015. С. 48—49.
- ^ Choay, Françoise (1960). «Le Corbusier». George Braziller, Inc. — С. 10—11. — ISBN 978-0-8076-0104-4.
- ^ Benton, Tim (1987). «Les Villas de Le Corbusier 1920–1929». Philippe Sers éd. Paris.
- ^ Journel 2015. С. 50—51.
- ^ Journel 2015. С. 50.
- ^ «Encyclopédie Larousse en ligne — Charles Édouard Jeanneret dit Le Corbusier». Larousse Éditions.
- ^ Duyan, Efe (2017). «Le Corbusier’s Exhibition Pavilion: The Heterogeneous Character of his Modernism Between Representation and Functionalism»(недаступная спасылка). A/Z: ITU Journal of Faculty of Architecture. 14 (3): 181—194. — doi:10.5505/itujfa.2017.83702.
- ^ Journel 2015. С. 212.
- ^ Choay, François. «Le Corbusier». Britannica.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Journel, Guillemette Morel Le Corbusier — Construire la Vie Moderne. — Editions du Patrimoine: Centre des Monument Nationaux, 2015. — ISBN 978-2-7577-0419-6
- Нарадзіліся 6 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1887 годзе
- Нарадзіліся ў Швайцарыі
- Памерлі 27 жніўня
- Памерлі ў 1965 годзе
- Памерлі ў Францыі
- Камандоры францускага Ордэна мастацтваў і літаратуры
- Вялікія афіцэры ордэна Ганаровага легіёну
- Камандоры ордэна Ганаровага легіёну
- Ганаровыя дактары Кембрыдзкага ўнівэрсытэту
- Францускія архітэктары