Павал Крынчык
Павал Сьцяпанавіч Крынчык (17 верасьня [ст. ст. 5 верасьня] 1898, в. Едначы, Слонімскі павет — 22 верасьня 1975, Слонім) — дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносінаў у 1921. У 1920-я актыўны ўдзельнік Таварыства беларускай школы. З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акруговай управы ТБШ, з траўня 1929 сябра Галоўнай управы ТБШ.
Пасьля арышту Аляксандра Стагановіча ў чэрвені 1928 году абраны дэпутатам польскага сойма па сьпісе беларускіх арганізацыяў. Адзін з арганізатараў і сябраў Галоўнага сакратарыяту клюбу «Змаганьне». Уваходзіў у заходнебеларускі аргкамітэт па падрыхтоўцы Эўрапейскага сялянскага кангрэсу ў Бэрліне.
У жніўні 1930 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 10 гадоў вязьніцы. У верасьні 1932 патрапіў пад абмен палітвязьнямі паміж Польшчай і СССР.
Працаваў на гаспадарчай рабоце. Арыштаваны 26 кастрычніка 1935. Асуджаны 1 красавіка 1936 «тройкай» НКУС за «сувязь з выведкай буржуазнай Польшчы» да 5 гадоў папраўчых калёніяў. Этапаваны ў адзін з Калымскіх лягераў. Рэабілітаваны 30 сакавіка 1956.
Жыў у Слоніме. Муж А. К. Лябецкай. Асабовая справа К. № 6824-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Перад сьмерцю расказаў свайму пляменьніку Уладзімеру Шундрыку, нібыта ў 30-х гадах у БССР існавала антысавецкае падпольле, якое выбрала падпольны ўрад, куды ўваходзіў і Крынчык. А пасьля пачаліся арышты. Напэўна, Крынчык быў адзіны з кіраўніцтва падпольля, які вярнуўся з канцлягераў[1].
Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (У суровыя гады падполля. Мн., 1958).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Праз 50 гадоў(недаступная спасылка) Сяргей Ёрш, Наша Ніва 1999-21
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 17 верасьня
- Нарадзіліся ў 1898 годзе
- Беларускія грамадзкія дзеячы і дзяячкі
- Беларускія парлямэнтарыі Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Дэпутаты Сойму Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Сябры Таварыства беларускай школы
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Высланыя на Калыму
- Памерлі 22 верасьня
- Памерлі ў 1975 годзе
- Памерлі ў Слоніме