Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны
Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны | |
Дата ўтварэньня | 1925 |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1930-я |
Тып | грамадзкая арганізацыя |
Штаб-кватэра | Прага |
Белару́скае (Крыві́цкае) культу́рнае тава́рыства імя́ Франці́шка Скары́ны — грамадзкая арганізацыя беларускай эмігранцкай інтэлігенцыі ў Празе ў 1925—1930-х роках.
Створаная ў траўні 1925 року з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і 400-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня. Сярод заснавальнікаў: Мікалай Вяршынін, Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Францішак Грышкевіч, Уладзімер Жылка, Васіль Захарка, Адольф Клімовіч, М. Коберац, Пётра Крачэўскі, Аляксандар Орса, Васіль Русак, Ян Станкевіч, М. Чарноцкі й іншыя. Старшыні: Мікола Ільляшэвіч (1925—1929), Францішак Грышкевіч (1931), Тамаш Грыб.
Філіі таварыства дзеялі ў Вільні, Варшаве, Бэрліне, Брусэлі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнцкага руху беларусаў, правядзеньне культурна-асьветніцкай работы, выхаваньне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэньне айчыннай гісторыі, народных звычаяў і традыцыяў, падрыхтоўка нацыянальна сьвядомых кадраў беларускай інтэлігенцыі, садзейнічаньне перакладам твораў беларускіх пісьменьнікаў на замежныя мовы й іншае. Імкнулася да супрацоўніцтва з Эўрапейскай асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славянаў, разьвівала ідэі дзяржаўнай незалежнасьці і самастойнасьці.
У першай палове 1930-х рокаў у сувязі з колькасным скарачэньнем дыяспары Скарынаўскае таварыства пераарыентавала дзейнасьць на выданьне ўласнага друкаванага органу «Iskry Skaryny». Фактычна спыніла дзейнасьць у 2-й палове 1930-х.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8 — С. 403.