Пэрсыдзкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Фарсі»)
Пэрсыдзкая мова, фарсі
فارسی
Арэал пэрсыдзкай мовы на мапе Сярэдняй Азіі (з улікам дары й таджыцкай мовы)
Ужываецца ў Іране, Аўганістане, Таджыкістане, Узбэкістане, Пакістане, Іраку, Кувэйце, Бахрэйне, Азэрбайджане
Рэгіён Сярэдняя Азія, Пярэдняя Азія
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Іране,
Аўганістане (як дары),
Таджыкістане (як таджыцкая)
Рэгулюецца Акадэміяй пэрсыдзкай мовы й літаратуры (Іран)
Пісьмо пэрсыдзкае пісьмо[d] і арабскае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-1 fa
ISO 639-2(Б) per
ISO 639-2(Т) fas
ISO 639-3 fas

Пэрсы́дзкая мо́ва (саманазва: فارسی, вымаўл. [fɒːɾˈsiː] або زبان فارسی, вымаўл. [zæ'bɒːne fɒːr’siː]) — адна з моваў іранскай групы індаіранскай галіны індаэўрапейскай сям’і моваў, распаўсюджаная перадусім у Іране, Аўганістане, Таджыкістане[2], а таксама ў шэрагу суседніх краінаў.

Сёньняшняя пэрсыдзкая мова — самая пашыраная мова з іранскай галіны. Пэрсыдзкая мова, саманазва якой фарсі (fârsi), а ў больш пурыстычнай форме парсі — афіцыйная мова Ісламскай Рэспублікі Іран. Мясцовыя адмены пэрсыдзкае мовы зьяўляюцца дзяржаўнымі мовамі ў Аўганістане (дары́ ці фарсі́-кабулі́) і ў Таджыкістане (тоджыкі, таджыцкая мова). Агулам па-пэрсыдзку размаўляюць каля 50 мільёнаў чалавек у Іране (каля 80 адсоткаў насельніцтва), 7 мільёнаў у Аўганістане (да 40% насельніцтва), 4 мільёны ў Таджыкістане.

Агульная колькасьць асобаў, што лічаць мову роднай — каля 60 млн чал., яшчэ каля 50 млн размаўляюць як на другой[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старонка зь сярэдневечнага манускрыпта паэмы Шагнамэ Фірдаўсі, што лічыцца пэрсыдзкім нацыянальным эпасам

У гісторыі пэрсыдзкае мовы вылучаюць 3 пэрыяды: старажытны, сярэдні ды новы. Мовы гэтых эпохаў адпаведна названыя: старажытнапэрсыдзкай, сярэднепэрсыдзкай (паглаві або пэглеві) і новапэрсыдзкай (ці сучасны фарсі).

Старажытнапэрсыдзкая мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытнапэрсыдзкая мова паўстала на паўднёвым-захадзе Ірану (гістарычны рэгіён Парс, зь якім зьвязваецца паходжаньне мовы) і функцыянавала, на думку навукоўцаў, да ІІІ ці IV ст. да н. э. Была роднай мовай уладароў старажытнапэрсыдзкай Ахемэнідзкай дзяржавы (farsi-ye hakhameneshyan). У пісьме выкарыстоўваўся клінапіс (які ня быў прымітыўнай сыстэмай пісьменнасьці, бо ім пасьпяхова карысталіся самыя розныя мовы тры з паловай тысячагодзьдзі). Напачатку І тыс. да н. э. сфармавалася і роднасная старажытнапэрсыдзкай — авэстыйская мова, літургічная мова, якая засталася ўвасобленай у рэлігійных тэкстах Авэсты.

Мяркуецца, што старажытнапэрсыдзкі клінапіс, які ўяўляе сабой спрошчаны від асыра-бабілёнскага, выкарыстоўваўся Ахемэнідамі толькі ў асабліва ўрачыстых момантах, а мовай дзяржаўнай канцылярыі была тагачасная міжнародная мова — арамэйская. Пазьней арамэйская пісьмовасьць стала выкарыстоўвацца ў пэрсыдзкай мове і на яе аснове былі створаныя пісьмовасьці, якія выкарыстоўваліся ў Іране да канчатковай ісламізацыі (сярэднеіранскія пісьмовасьці).

Надпісы ўладароў Дарыя і Ксэркса захавалі да цяперашняга часу старажытнапэрсыдзкую мову ў яе клясычнай форме, якая адрозьнівалася багатай марфалёгіяй, блізкай да сыстэмы іншае старажытнаіранскае мовы — авэстыйскай — і да сыстэмы санскрыту. Пазьнейшыя надпісы — Артаксэркса I і II — сьведчаць пра значнае спрашчэньне марфалёгіі, а надпісы Артаксэркса III паказваюць, што ў яго часы (IV ст. да н. э.) пачынаўся сярэднепэрсыдзкі пэрыяд разьвіцьця мовы. Сярэднепэрсыдзкая мова адрозьніваецца ад старажытнапэрсыдзкай у асноўным марфалягічнай сыстэмай. Спрашчэньне і распад старажытнапэрсыдзкага скланеньня і спражэньня, зьвядзеньне розных катэгорыяў, клясаў ды склонаў да адной-дзьвюх, паступовае падзеньне канчаткаў пад уплывам новага, эксьпіраторнага націску — увесь гэты працэс, пачатак якога заўважны ўжо ў надпісах Артаксэркса III, прывёў пры канцы сасанідзкай эпохі (III—VII стагодзьдзі) да таго аналітычнага стану пэрсыдзкай мовы, які назіраецца пазьней у той жа мове ў помніках, напісаных новай, арабскай графікай — у новапэрсыдзкай мове.

Сярэднепэрсыдзкая мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэднепэрсыдзкая мова (паглаві́) прыйшла на зьмену старажытнапэрсыдзкай прыкладна ў 250 г. да н. э. і праіснавала ў тым ліку як афіцыйная мова дзяржавы Сасанідаў да прыкладна 700 году. Пасьля заваёвы Ірану арабамі ў VII стагодзьдзі гэтая мова, як і старажытныя рэлігійныя веды ў закансэрваваным выглядзе захаваліся ў зараастрыйскіх грамадах Ірану і ў нашчадкаў імігрантаў з Ірану — парсаў Індыі. Менавіта парсы дапамаглі першым эўрапейскім дасьледнікам дэшыфраваць старажытныя тэксты. На пісьме ў паглаві выкарыстоўваліся варыянты арамэйскай графікі (нагадваюць узор «елачку»).

Сярэднепэрсыдзкая мова мае больш пісьмовых помнікаў за старажытнапэрсыдзкую, прычынаю чаго сталі ня толькі гістарычныя разбурэньні, але й меншы статус паглаві ў параўнаньні з арамэйскай. Тым ня менш, паглаві, у адрозьненьне ад старажытнапэрсыдзкай, выкарыстоўвалася ўжо ў розных сфэрах. Пра тое сьведчаць разнастайныя літаратурныя помнікі, у тым ліку пазьнейшыя пераробкі і дасьледаваньні ў наступны пэрыяд разьвіцьця пэрсыдзкае мовы.

Арабскі ўплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вынікам арабскай заваёвы і распаўсюджаньня ў Іране ісламу стала грунтоўнае пераўтварэньне мовы і зьяўленьне новапэрсыдзкай мовы, першыя помнікі якой вядомыя з IX стагодзьдзя. Яна выкарыстоўвае ўдасканаленае арабскае пісьмо (дададзеныя літары для гукаў [p], [ʧ], [ʒ], [g], зьмененыя фанэтычныя значэньні многіх арабскіх літараў і агаласовак). Пэрсыдзкая мова хутка трансфармавалася пад уплывам арабскай. Часткова гэта тлумачыцца тым, што яшчэ да заваёвы Ірану арабамі, у краіне, як і ва ўсім рэгіёне, шырока выкарыстоўвалася роднасная арабскай арамэйская мова. Між тым, заваяваныя насельнікі Ірану мелі больш разьвітую культуру за арабаў, што датычылася, у тым ліку, мовы і літаратуры. Арабы нават мусілі яшчэ доўгія гады працягваць весьці сваё справаводзтва на заваяваных іранскіх землях на паглаві, ейнай пісьмовасьцю і пры дапамозе мясцовых сакратароў-адміністратараў сасанідзкай школы.

Новапэрсыдзкая мова фармавалася, як літаратурная мова пэрсыдзкай арыстакратыі, што і адлюстроўвае старая назва гэтае мовы забан-і-дарі (прыдворная мова). З такім асяродзьдзем фармаваньня зьвязаныя і многія яе рысы — пэўная герархічная ўстаноўка, якая выяўляецца ў тым, што для цэлага шэрагу паняткаў, і перадусім для дзеясловаў, існуюць паралельныя шэрагі словаў, якія ўказваюць, якія адносіны існуюць паміж суразмоўцамі, напрыклад, рознае сацыяльнае становішча суразмоўцы або ўзровень паводле грамадзкай герархіі. Прыкладам, панятак «казаць» (паміж роўнымі — гофтан, пра вышэйшага — формудан, у ягонай прысутнасьці і ўвогуле — арз кярдан). Варта адцеміць і выкарыстаньне арабскіх запазычаньняў, што ўказвае на вялікую дзелю запазычваньняў арабскага паходжаньня мовы, а менавіта: арабскія словы зазвычай выкарыстоўваліся раўналежна зь іх пэрсыдзкім адпаведнікам, як то — ба сэйд ва шікар рафт — «на паляваньне (ар.) і паляваньне (пэрс.) пайшоў». Новапэрсыдзкая мова дары пачала складваць на аснове пэрсыдзкіх гаворак Сярэдняй Азіі і паўночна-ўсходніх правінцыяў Ірану ў ІХ—Х стагодзьдзях.

Неўзабаве пасьля ісламізацыі Ірану пэрсыдзкая мова стала другой па значэньні літаратурнай мовай ісламскага сьвету. Дзякуючы сваёй ролі ў ісламскай цывілізацыі пэрсыдзкая мова перажыла чарговую хвалю свайго пашырэньня па ўсім Блізкім Усходзе, а таксама на Каўказе, у Сярэдняй Азіі ды Індыі (у яе гістарычным значэньні, то бок у сёньняшняй Індыі і Пакістане). Пэрсыдзкая мова аказала велізарнае ўзьдзеяньне на фармаваньне мовы ўрду (а таксама і яе індыйскага варыянту гіндзі) ды асманскай турэцкай мовы. Пэрсыдзкая мела ролю лінгва-франка на ўсходзе ісламскага сьвету цягам тысячагодзьдзя, што, у тым ліку, тлумачыцца параўнальнай прастатой яе граматыкі, марфалёгіі ды сынтаксісу.

Сёньняшнія межы пашырэньня пэрсыдзкай мовы шмат меншыя за нядаўнія. Да 1835 году пэрсыдзкая мова была афіцыйнай мовай пры вядзеньні дзяржаўных справаў на ўсім індыйскім субкантынэнце (пазьней яе зьмяніла ангельская). На Каўказе пэрсыдзкая мова як мова адміністрацыі, справаводзтва і літаратуры (побач з асманскай) была паступова зьмененая на расейскую мову толькі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.

Пэрсыдзкая мова найноўшага часу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узбагаціўшыся запазычаньнямі з арабскай, цюрскіх, мангольскай і эўрапейскіх моваў у ХХ стагодзьдзі новапэрсыдзкая мова змагла трансфармавацца ў дзейсны сродак камунікацыі сучаснага грамадзтва ва ўсіх ягоных сфэрах.

Распаўсюджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Два іншыя варыянты мовы цяпер займаюць горшае становішча, што зьвязана з доўгатэрміновым заняпадам навукі ў Аўганістане і інтэнсіўнай русіфікацыяй у Таджыкістане. Але ўсе тры варыянты застаюцца цалкам узаемна зразумелымі (прынамсі, у вуснай форме з прычыны пераводу таджыцкай мовы на кірыліцу). Праз гэта на цяперашні час пэрсыдзкая мова, зазнаўшы тры гістарычныя этапы, мае тры рэгіянальныя варыянты ды дзьве пісьмовасьці (арабска-пэрсыдзкі альфабэт і кірыліцу). Пры ўсім гэтым яна захоўвае трывалае адзінства, выяўленае ва ўзаемаразуменьні паміж яе носьбітамі — ад Паміру да Каўказу.

У Іране на пэрсыдзкай мове размаўляе каля 50-60% ад насельніцтва краіны, зьяўляючыся нацыянальнай мовай пэрсаў і дзяржаўнай мовай Ірану. У краіне пэрсыдзкай мовай звычайна валодаюць таксама іншыя іранскія народы (мазэндэранцы, курды, бэлуджы і г.д.), а таксама народы не-іранскага паходжаньня (напрыклад, азэрбайджанцы).

У якасьці моваў меншасьці іранская мова мае распаўсюджаньне ў Пакістане, ва Ўзбэкістане (дзе пэрсыдзкая мова прыкметныя супольнасьці носьбітаў сярод старажытнага насельніцтва іранскага паходжаньня), у Азэрбайджане й Дагестане (распаўсюджаная сярод народнасьці татаў, што размаўляюць на ўласным дыялекце пэрсыдзкай, а таксама горскіх габрэяў, якія маюць падобныя дыялекты), а таксама ў іншых суседніх краінах і дыяспары.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
  2. ^ Samadi, Habibeh; Nick Perkins. / Martin Ball, David Crystal, Paul Fletcher. — Assessing Grammar: The Languages of Lars. — Multilingual Matters, 2012. — С. 169. — ISBN 978-1-84769-637-3
  3. ^ Windfuhr, Gernot. The Iranian Languages. — Routledge, 2009. — С. 418.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]