Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы
Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы — сьвяточныя мерапрыемствы 2010 году ў розных краінах, прысьвечаныя сьвяткаваньню перамогі войска літоўскага і польскага над крыжакамі Тэўтонскага ордэну пад Грунвальдам у Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе. Цэнтральная падзея сьвяточных мерапрыемстваў — інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы на Грунвальдзкім полі ў Польшчы; іншыя падзеі — вайсковыя парады, канцэрты старажытнай музыкі і сярэднявечнага танцу, народныя забавы і рыцарскія баі.
Сьвяткаваньне ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы ў Беларусі адзначалася ў Наваградку, Лагойску (Сілічы), Дудутках, Гальшанах і часткова ў Менску, Горадні, Магілёве[1][2], Азярцы, Браславе ды Полацку[3]. Старшыня аргкамітэту па сьвяткаваньні 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы — Анатоль Грыцкевіч[4].
Сьвяткаваньне ў Сілічах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвяткаваньне ў Сілічах адбылося 24 красавіка[5]. Арганізатары — фонд «Краіна замкаў» супольна з гарналыжным цэнтрам «Сілічы». У праграме былі прадстаўлены масавыя рыцарскія баталіі, турніры, спаборніцтва лучнікаў, навучэньне сярэднявечным танцам, рамёствам (кавальства, ткацтва, чаканка, ганчарнае мастацтва), старажытныя конкурсы і забавы. На вольным паветры можна было пакаштаваць нацыянальныя стравы — ад дранікаў да парасяці на ражне. Увечары адбыўся штурм крыжацкага замка і сярэднявечная дыскатэка[6].
Сьвяткаваньне ў Наваградку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьвяткаваньне ў Наваградку адбылося 26-27 чэрвеня[7]. На ім прысутнічалі каля 400 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Летувы, Чэхіі, Расеі й Польшчы. Парад удзельнікаў, узначалены Вітаўтам і Ягайлам на баявых конях, пад гукі валынак у выкананьні музыкаў з гурту «Cornucopia» пачаў шэсьце па вуліцы Савецкай да гарадзкога пляцу, дзе была ўсталяваная сьвяточная сцэна. На адкрыцьці фэсту прысутнічалі міністар культуры Павал Латушка[8] (які і выказаў ідэю адзначыць юбілей Грунвальду ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага), кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, старшыня Гарадзенскага абласнога савету дэпутатаў Андрэй Навумовіч[9]. Для ўдзельніцтва ў мерапрыемствах зарэгістраваліся 34 рыцарскія клюбы з 11 гарадоў Беларусі, Расеі, Летувы, Чэхіі — усяго каля 400 рыцараў[10].
Для аматараў музыкі на гарадзкім пляцы адбыўся сьвяточны канцэрт беларускіх эстрадных артыстаў і Нацыянальнага аркестру сымфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга.
У рве пад Замкавай гарой адбыліся баі рыцараў на мячах. За званьне лепшага змагаліся рыцары зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Змаганьне вялося ў цяжкіх дасьпехах, вага якіх дасягала 30 кг. Першае і другое месцы дасталіся расейцам, трэцяе і чацьвёртае — украінцам. Перамогу на турніры атрымаў расеец Сяргей Уколаў (клюб «Баярд»).
Конны турнір сабраў шмат гледачоў. Большасьць прадстаўнікоў было з клюбу «Залатая шпора»: яго ўдзельнікі займаюцца ваеннай рэканструкцыяй, і ў іхняй уласнасьці 11 коней.
На тэрыторыі замку рыцары з клюбу «Сярэднявечныя вандроўцы» (рыцарскае брацтва Троцкага замка зь Летувы) правялі тэатралізаваныя паядынкі за сэрца прыгожых дам, абраных з кола глядачак. «Дама сэрца» пераможцы была абвешчаная Каралевай турніру. Таксама «Вандроўцы» паказалі танцы ХІІІ—ХV стагодзьдзяў. Прадстаўленьне працягнулася гішпанскімі і італійскімі сярэднявечнымі танцамі ў выкананьні менскага клюбу «Глорыя» пад акампанэмэнт ансамблю «Drolls».
Клюб гістарычнага фэхтаваньня і баявых сцэнаў «Бяроўнскія мяшчане» (Чэхія) пазнаёміў з тэхнікай фэхтаваньня і дуэляў.
Рыцарскі лягер у некалькі дзясяткаў шатроў разгарнуўся ля сьценаў старога замку. Госьці і гледачы маглі вольна прагуляцца па лягеры, назіраючы за бытам рыцараў: рыцары спалі на скурах, харчаваліся з глінянага посуду — усё максымальна аўтэнтычна.
На тэрыторыі Малога замку разьмясьціліся рамесьнікі, прадаючы ўпрыгожваньні з латуні, скуры, ювэлірныя вырабы з бурштыну. Тут жа даваў свае прадстаўленьні сапраўдны «Батлейны тэатар пана Скіргайлы».
Увечары ў замку выступаў прыдворны балет «Cracovia Danza» з прэм’ерай спэктаклю «Дамы і рыцары пры двары Ўладзіслава Ягайлы», створанага на падставе тагачасных танцавальных трактаў. Удзельнікамі балету было паказана багацьце прыдворнай і рыцарскай культуры ў Польшчы пачатку XV стагодзьдзя. Затым адбылося «вагнявое шоў», паказанае чараўніцай Аюнай і тэатрам «Крэда» (Беларусь). Потым горад асьвятліўся ўспышкамі сьвяточнага фаервэрку.
Ключавой імпрэзай нядзелі стала інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы пад гром гарматаў, шоргат стрэл і ляскат дасьпехаў. У «бугурце» ўдзельнічала па 15 рыцараў, 3 коньнікі і 5 лучнікаў з кожнага боку. Пасьля малітвы «Ойча наш» польска-літоўскае войска вырушыла ў паход супраць Тэўтонскага ордэну пад крыкі з шэрагаў гледачоў: «Давай, славяне!» Таксама ў нядзелю праходзіў турнір лучнікаў зь некалькіх практыкаваньняў, якімі валодалі сярэднявечныя стралкі (стральба з калена, з пасоўваньнем наперад; на адлегласьць; на хуткасьць; седзячы на бервяне, якое разгойдваецца (як на кані); маятнікавай мішэні). Перамогу ў ім атрымала Карына Трычык з «Гільдыі лучнікаў» (Менск).
Паводле словаў аднаго з арганізатараў фэсту Ігара Міхно, у Наваградак прыехалі прадстаўнікі 41 клюбу з 11 гарадоў Беларусі, Летувы, Польшчы, Чэхіі і найлепшыя байцы з Расеі і Ўкраіны.[11]
Сьвяткаваньне ў Менску
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Менску прайшлі мастацкія выставы, прысьвечаныя 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы. 16 траўня ў рамках міжнароднае акцыі «Ноч музэяў» у Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыцьцё выставы «Абразы мінулага» — супольны праект музэю і Беларускага саюзу мастакоў. Былі прадстаўлены творы жывапісу і скульптуры, станкавая і кніжная графіка айчынных мастакоў, сярод якіх — Уладзімер Савіч, Гаўрыл Вашчанка, Павел Татаранкаў і іншыя[12].
9 ліпеня ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесьці, адбылося адкрыцьцё мастацкай выставы «Грунвальд за смугою часу»[13]. Арганізатарам выставы выступіў сам музэй, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і таварыства «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. На выставе былі прадстаўлены 15 карцін беларускіх мастакоў — Міколы Купавы, Міхаіла Басалыгі, Анатоля Канцуба, Алеся Мары, Юрыя Каралевіча. На адкрыцьці выставы перад музэям адбылася тэатралізаванае відовішча і музычны фэст, прысьвечаныя 600-годзьдзю перамогі ў Грунвальдзкай бітве і 660-годзьдзю князя Вітаўта Вялікага[14].
14 ліпеня ва Ўправе БНФ адкрылася выстава «Грунвальд у нашай памяці». Адметнасьцю выставы было тое, што прадстаўленыя карціны намалявалі дзеці[15].
15 ліпеня моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Гісторыка» заплянавала правесьці каля Нацыянальнай бібліятэкі акцыю «Бой падушкамі», таксама прымеркаваную да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы. Але Менгарвыканкам не дазволіў яе правесьці[16].
З 3 да 21 лістапада ў Палацы мастацтва прайшла выстава, прысьвечаная 600-годзьдзю бітвы, дзе былі прадстаўленыя творы жывапісу, графікі, скульптуры больш за 100 мастакоў.[17]
Сьвяткаваньне ў Горадні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 ліпеня ў Горадні адкрылася беларуска-польская філятэлістычная выстава «Грунвальд-600». Падчас яе адбывалася гашэньне маркі «600-годзьдзе перамогі пад Грунвальдам», якую выпусьціла Белпошта[18].
Сьвяткаваньне ў Дудутках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Дудутках 31 ліпеня — 1 жніўня адбыўся «Другі юбілейны фэст беларускай зброі „Наш Грунвальд“»[19]. Ужо перад уваходам у музэйны комлекс «Дудуткі» можна было акунуцца ў час сярэднявечча, пашпацыраваўшы па разьмешчаным перад уваходам рыцарскім лягеры, дзе ўсё было максымальна набліжана да тых часоў — ежа гатавалася на агні ў кацялках, у гліняным посудзе (жбанах) і драўлянымі лыжкамі. Дзяўчыны, якія гатавалі ежу, былі апранутыя на тагачасны манер. На тэрыторыі музэйнага комплексу, апроч вольнага наведваньня экспазыцыйных выставаў музэю, можна было набыць сувэніры, якіх шмат прадавалася і ў невялікіх крамах музэю і ўздоўж галоўнай алеі, дзе можна было набыць прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з цэглы і дрэва, медзяныя пярсьцёнкі ручной работы з выслоўямі на латыні і іншае.
На працягу фэстывальных дзён гучала жывая старажытная музыка ў выкананьні трыё музыкаў з Горадні «Irdorath». Таксама можна было паспрабаваць сябе ў стральбе з луку ці арбалету, кіданьні сякеры альбо дзіды, а таксама навучыцца старажытнаму танцу. Ахвотныя маглі спыніцца ў клетцы ка́та. Таксама можна было прымерыць на сябе рыцарскія дасьпехі, сфатаграфавацца з рыцарамі альбо навучыцца старажытнаму танцу.
31 ліпеня аб 11-й гадзіне адбылося адкрыцьцё сьвяткаваньня. Затым прайшоў адборачны турнір зброяносцаў, пасьля якога прайшоў конкурс гістарычнага строю, адборачны турнір пешых мечнікаў і конкурс танцавальных калектываў. А 15-й гадзіне адбыўся відовішчны конны рыцарскі турнір, які прыцягнуў да сябе шмат гледачоў-заўзятараў. Удзельнічалі чатыры конныя рыцары зь Беларусі, уяўляўшых сабою ВКЛ, Францыю і Нямеччыну (ордэн тампліераў). Рыцары мусілі на скаку трапіць дзідай у мішэнь, а таксама ў невялікае кальцо і дзіка, зрубіць галаву (качан капусты на шасьце), а таксама прымалі ўдзел у конных спаборніцтвах на дзідах і мячах. Пасьля турніру адбылася галоўная падзея фэсту — рэканструкцыя Грунвальдзкай бітвы. Пасьля гэтай падзеі, якая прыцягнула да сябе ўсіх гледачоў, а 17-й гадзіне адбыўся канцэрт, на якім выступілі гурты «Стары Ольса», «Кейлі Кёл» і трыё «Irdorath». Завяршыў вечар а 21-й гадзіне конкурс агнявых шоў.
1 жніўня адбыліся тэатральныя пастановы, турнір лучнікаў, конкурс трукавых тэатраў, фінал пешага рыцарскага турніру, танцавальная праграма, пешы камандны турнір і бугурты. А ўвечары, у 17:30, адбылося закрыцьцё фэстывалю і ўручэньне прызоў.
Фотагалярэя сьвяткаваньня ў Дудутках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Конны рыцар
-
Рыцар-тампліер
-
Баярын Яраслаў, кіданьне дзіды ў дзіка
-
Рыцарскі турнір на дзідах
-
Рыцарскі турнір на мячах
-
Рэканструкцыя бітвы
-
Рэканструкцыя бітвы
-
Рэканструкцыя бітвы. Забойства Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгэна. У чырвонай кашулі, зь мячом і шыракаполым шаломе — кароль Ягайла
-
Сьвяточнае шыхтаваньне ўдзельнікаў рэканструкцыі бітвы пасьля бою
-
Можна было паспрабаваць сябе ў стральбе з луку ці арбалету.
-
Выступленьне трыё «Irdorath»
Сьвяткаваньне ў Гальшанах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 жніўня прайшоў фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі Замак — 2010» каля сьценаў славутага Гальшанскага замку[20], прымеркаваны ня толькі да сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, але таксама да:
- 400-годзьдзя заснаваньня Гальшанскага замку
- 730-годзьдзя заснаваньня Гальшанаў
- 605-годзьдзя з дня нараджэньня Соф’і Гальшанскай (пачынальніцы роду Ягелонаў)[21]
Фэст пачаўся аб 11-й гадзіне і доўжыўся да позьняга вечара. Госьці сьвята маглі назіраць бугурты (масавыя бітвы рыцараў у фармаце 10×10), турнір лучнікаў, пешы рыцарскі турнір, конны турнір, канцэрт старадаўняй музыкі (гурты «Стары Ольса», «ЛітвінТроль», «Тэстамэнтум Тэррэ», «Расалія», «Келіх кола», «Гальярда», «Cornucopia» і іншыя), старадаўнія танцы і фэер-шоў ад тэатраў «Гістрыён» і «Дэ-Грыза», а таксама ўзяць удзел у шматлікіх конкурсах (стральба з лука, кіданьне дзідаў, бой на мячах, апрананьне ў рыцарскі дасьпех, сэрсо, п’яны кат). Увесь дзень наведвальнікі сьвята маглі пакаштаваць смачную ежу і напоі, набыць сувэніры і браць майстар-клясы па народных рамёствах.
Паводле словаў аднаго з арганізатараў сьвята, дырэктара турыстычнай агенцыі «Гісторыя-тур» Алеся Кушнера, фэст вырашылі зрабіць штогадовым і кожны раз прымяркоўваць яго да якой-небудзь гістарычнай падзеі або даты рэгіёну ці краіны.[22]
Сьвяткаваньне ў беларускай Вікіпэдыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам была зладжаная супольная праца ў межах тыдню Грунвальдзкай бітвы.
Памятная манэта Нацыянальнага банку Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальным Банкам Рэспублікі Беларусь 7 ліпеня 2010 году ўведзеныя ў абарачэньне юбілейныя манэты «Памятная манэта Грунвальдзкая бітва. 600 год»[23]. Манэты выбіты з золата — наміналам 50 і 20 рублёў, срэбра — наміналам 20 рублёў і медна-нікелевага сплаву — 1 рубель. Авэрс: залатой манэты наміналам 50 рублёў, срэбнай і медна-нікелевай манэтаў разьмешчаны: уверсе — рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры — стылізаваны відарыс мяча, які па абрысе нагадвае чалавека: на залатой манэце — на фоне патрэсканай зямлі, на срэбнай і медна‑нікелевай манэтах — на фоне кальчугі; па крузе надпісы: у верхняй частцы — РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у ніжняй — 50 РУБЛЁЎ (на залатой), 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), проба сплаву (на залатой і срэбнай) і год выпуску манэтаў у абарачэньне.
Памятная марка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 чэрвеня 2010 г. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выдыла ў зварот марку «600-годдзе перамогі пад Грунвальдам».
Мастакі: Ганна Малаш, Іван Лукін. Друк афсетны, поўнакаляровы. Папера мелаваная, гуміраваная. Зуб. грэб. 14: 141/4. Памер маркі 40х28 мм. У лісьце 4 (2х2) маркі. Памер ліста 130х90 мм. Тыраж 52 тыс.. На марке прыменяны элемэнты абароны[24].
У дзень выхаду маркі ў зварот у аддзяленьні паштовай сувязі №3 Мсьціслаўля было праведзена спэцыйнае гашэньне на канвэрце «Першы дзень»[25].
Юбілейны каляндар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выпусьціла насьценны каляндар на 2010 год, прысьвечаны 600-годзьдзю перамогі аб’яднаных войскаў Вялікага княства Літоўскага над рыцарамі Тэўтонскага ордэну. На календары — рэпрадукцыя графічнага аркуша мастака Міхася Басалыгі, прысьвечанага гістарычнай перамозе. Адметнасьць календара ў тым, што ў ім надрукаваны падказкі жыхарам тых беларускіх рэгіёнаў, якія маюць асаблівае права і гонар сьвяткаваць вялікую перамогу. На ім пададзеныя назвы ўсіх беларускіх гарадоў, якія выставілі пад Грунвальд свае баявыя харугвы[26].
Сьвяткаваньне ў Польшчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дата правядзеньня — 15—17 ліпеня 2010 году. Месца правядзеньня — Грунвальд, Польшча.
Арганізатары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арганізатарамі сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы выступілі самакіраваньне Вармінска-Мазурскага ваяводзтва, а таксама самакіраваньне гміны Грунвальд і Фундацыя «Грунвальд». Гістарычную частку Грунвальдзкіх дзён арганізавалі Кшыштаф Гурэцкі і Яцэк Шыманскі. Старшыня Камітэту па падрыхтоўцы сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы — Пётар Жухоўскі[27].
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Удзел у трохдзённым фэсьце ўзяла 200 тысячаў гледачоў з усяго сьвету. Удзельнічалі каля 2000 рыцараў — прадстаўнікоў рэканструктарскіх рыцарскіх клюбаў з Польшчы, Беларусі, Расеі, Украіны, Летувы, Нямеччыны, Францыі, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Італіі, Фінляндыі, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны.[28]
Праграма Грунвальду-2010[29]
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 ліпеня (чацьвер)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 15.00 — зварот прэзыдэнта Польскай Рэспублікі да гасьцей з суседніх дзяржаваў з нагоды 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы
- 16.00 — Грунвальдзкія весьці: прыбыцьцё караля Ўладзіслава II Ягайлы і Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгэна з коннымі харугвямі на грунвальдзкія палі (пачатак, прадстаўленьне ўдзельнікаў, уручэньне грамат.
- 17.00 — конны рыцарскі турнір, рэпэтыцыі інсцэніроўкі
16 ліпеня (пятніца)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 10.00 — сярэднявечнае народнае гуляньне і кірмаш у рамесьніцкім пасяленьні, турніры, рыцарскія гульні і забавы ў рыцарскім лягеры
- 11.00 — VI Грунвальдзкія сустрэчы з фальклёрам
- 17.00 — рэпэтыцыі інсцэнізацыі
- 18.00 — канцэрты фольк-музыкі
- 20.00 — агульныя забавы на вольным паветры
17 ліпеня (субота)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 9.00 — урачыстае паседжаньне Савету гміны Грунвальд
- 10.00 — палявое набажэнства
- 11.30 — урачыстая паверка
- — Войт гміны Грунвальд вітае гасьцей
- — выступленьне старшыні выканаўчага органу самакіраваньня Вармінска-Мазурскага ваяводзтва Яцэка Протаса і запрошаных гасьцей
- — харцарская частка ўрачыстай паверкі
- — ускладаньне кветак да помніку Грунвальдзкай бітвы
- — парадная маршыроўка ваеннага аркестру
- — паветраны паказ з удзелам ваенных самалётаў «Іскра»
- 13.00 — рыцары выходяць на поле бітвы, падрыхтоўка да інсцэніроўкі
- 14.00 — інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы
- 16.00 — фэст фольк-музыкі
- 17.00 — выступленьне мастацкіх ансамбляў
- 22.00 — агнявы фэст
- 22.00 — агульныя забавы разам з ансамблямі
Сьвяткаваньне Грунвальдзкай бітвы ў розныя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
2003
-
15 ліпеня 2006
-
14 ліпеня 2007
-
12 ліпеня 2008
-
2009
Сьвяткаваньне Грунвальдзкай бітвы ў 2010 г.
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памятныя манэты Народнага Банку Польшчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы Народны Банк Польшчы ўвёў у абарачэньне срэбную манэту наміналам 10 злотых пад назвай «Вялікія бітвы — Грунвальд» (па-польску: Wielkie bitwy – Grunwald). Упершыню ў гісторыі калекцыянэрскія манэты Народнага Банку Польшчы былі выпушчаныя ў форме кліпы — манэты някруглай формы. Разам з тым банкам была эмітаваная круглая манэта вартасьцю 2 злотых пад назвай «Вялікія бітвы — Грунвальд, Клушын» (па-польску: Wielkie bitwy – Grunwald, Kłuszyn) з сплаву пад назвай «паўночнае золата».[30]
Сьвяткаваньне ў Летуве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]10-11 ліпеня ў Віленскім раёне Летувы ў замку Меднікі[31], найбольш буйным абаронным замку на тэрыторыі Летувы, сабраліся рыцары ў дасьпехах, лучнікі, фокусьнікі, ганчары, кавалі, кухары, скурадзелы, ювэліры, майстры па вырабу старажытнай адзёжы, гурты старажытных песень і танцаў. Гасьцям можна было ўзяць адзежу XV ст. напракат.
Адбыўся тэатралізаваны паказ з удзелам рыцараў, караля Ягайлы і князя Вітаўта. У Медніцкім касьцёле адбылася ўрачыстая мэса. Адбылося агнявое шоў ды іншыя мерапрыемствы. У фінале турніру — узнагароджаньне пераможцаў. Рыцарскія турніры арганізаваў клюб вайсковай тэхнікі «Віленскі воўк», інвэстыцыйны фонд разьвіцьця Віленскага рэгіёну, Віленскае раённае самакіраваньне і клюб «Антычны воін».
Памятная манэта Нацыянальнага Банку Летувы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальным банкам Летувы 29 чэрвеня 2010 уведзены ў абарачэньне юбілейныя манэты «600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы»[32]. Манэты выбіты з золата — наміналам 500 літаў, срэбра — наміналам 50 літаў, і медна-нікелевага сплаву — 1 літ.
Памятная манэта Нацыянальнага Банку Ўкраіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 ліпеня 2010 году Нацыянальным Банкам Украіны ў абарачэньне была ўведзеная памятная манэта пад назвай «Грунвальдзкая бітва, 600-годзьдзе». Манэта зробленая з срэбра 925 пробы, яе вартасьць складае 20 грыўняў, агульны наклад — 5000. На авэрсе знаходзяцца малы Дзяржаўны Герб Украіны, намінал манэты, а таксама на фоне разьмешчанага па коле ляўровага вянка кампазыцыя з трох рук у дасьпехах, пакладзеных на меч, што сымбалізуе рыцарскае братэрства і клятву воінаў на зброі перад бітвай. На рэвэрсе знаходзяцца рэльефныя выявы воінах, якія ідуць у наступ, а таксама надпісы «Грунвальдзкая бітва» і «600 гадоў».[33]
Сьвяткаваньні ў іншых краінах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэспубліка Палаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэспубліка Палаў да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы выпусьціла 3 памятныя манэты пад агульнай назвай сэрыі «600 Years Battle Of Grunwald». На адной зь іх выяўленыя Вітаўт і Ягайла, на другой — польскі рыцар на кані, на трэцяй — тэўтонец. Вартасьць усіх манэтаў складае 1 даляр, наклад кожнай — 2500 асобнікаў.[34]
Выспы Кука
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выспы Кука адзначылі 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы выпускам памятнай манэты наміналам у 5 даляраў. Манэта зробленая з срэбра 925 пробы, агульны наклад склаў 1000 асобнікаў. На авэрсе манэты адлюстраваны партрэт каралевы Лізаветы II, на рэвэрсе — выява польскага караля Ягайлы на фоне бітвы з подпісамі «Wladyslaw II Jagiello», «1362—1434» і «1410 Battle Of Grunwald».[34]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 600 год перамогі пад Грунвальдам адзначылі ў Магілёве // Радыё «Свабода». 22 ліпеня 2010.
- ^ Планета дорог. Белоруссия начинает празднование 600-летия Грюнвальдской битвы (рас.)
- ^ Аб святкаваньні на Беларусі 600-годдзя Грунвальдскай бітвы(недаступная спасылка)
- ^ Анатоль Грыцкевіч: Дзяржава святкуе 600-годдзе Грунвальда ў раённым маштабе
- ^ Фестиваль рыцарской культуры «Грюнвальд-фэст» (рас.) // Men’s.by
- ^ У «Сілічах» праходзіць фэстываль рыцарскай культуры «Грунвальд-фэст» // БелаПАН, 24 красавіка 2010
- ^ В Новогрудке отметили 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.) // «Туризм и отдых», 29.06.2010
- ^ В Новогрудке отпраздновали 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.) // Naviny.by, 28.06.2010
- ^ «Гэта наш пяцізоркавы фэст» // Наша Ніва, Сямён Печанко, 1 ліпеня 2010
- ^ В Новогрудке отметили 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.) // Delfi.lt, 28.06.2010
- ^ Наваградак акунуўся ў Сярэднявечча (фотарэпартаж) // Budzma.org, Зарына Кандрацьева, 28 чэрвеня 2010
- ^ В Минске открылась выставка к 600-летию Грюнвальдской битвы (рас.) // Naviny.by, 16.05.2010
- ^ К 600-летию Грюнвальдской битвы в Минске прошел фестиваль и открылась выставка (рас.) // TUT.BY, 10.07.2010
- ^ У Траецкім прадмесьці адзначалі перамогу пад Грунвальдам // Радыё Свабода, 10 ліпеня 2010
- ^ У Менску адкрылася дзіцячая выстава «Грунвальд у нашай памяці» // Радыё Свабода, 14 ліпеня 2010
- ^ Мингорисполком не разрешил провести в Минске «Бой подушками» по случаю 600-летия Грюнвальдской битвы (рас.) // БелаПАН, 13.07.2010
- ^ Больш за 100 мастакоў выставілі ў Мінску творы, прысвечаныя Грунвальду // TUT.BY, 06 лістапада 2010 г.
- ^ Паштовыя маркі і Грунвальд // Радыё Свабода, 20 ліпеня 2010
- ^ Дудуткі: «Наш Грюнвальд»
- ^ Фэстываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі Замак — 2010»
- ^ Сярэднявечча адкрыецца ў Гальшанах 21 жніўня(недаступная спасылка) // Звязда, Настасься Занько, 11 жніўня 2010
- ^ Другі фэстываль рыцарскай культуры «Гальшанскі замак — 2010» сабраў каля дзьвюх тысяч гасьцей // БелаПАН, 23 жніўня 2010
- ^ Нацбанк выпусьціў памятную манэту «Грунвальдзкая бітва. 600 год» // Наша Ніва
- ^ 600-летие победы под Грюнвальдом (рас.) Информационный листок. Белпошта (7 чэрвеня 2010). Праверана 13 сьнежня 2010 г.
- ^ 600-летие победы под Грюнвальдом (рас.) Новости филателии. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ (14 ліпеня 2010). Праверана 13 сьнежня 2010 г.
- ^ Валянціна Аксак (30 сьнежня 2010) Каляндар да юбілею перамогі пад Грунвальдам Культура. Радыё Свабода. Праверана 24 сьнежня 2010 г.
- ^ 600-гадавіна Грунвальдзкай бітвы
- ^ Грунвальд: 600 год, +40 °C і 200 тысяч удзельнікаў (фота)(недаступная спасылка) // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 19 ліпеня 2010
- ^ Праграма Дзён Грунвальду 2010
- ^ Monika Skarbek: WIELKIE BITWY — GRUNWALD I KŁUSZYN. NBP.pl, 2010-06-21.
- ^ Рыцарские турниры в честь 600-летия Грюнвальдской битвы пройдут 10-11 июля в Литве(недаступная спасылка) (рас.) // БЕЛТА
- ^ 600 — летие Грюнвальдской битвы… (рас.)
- ^ Пам’ятна монета «600-річчя Грюнвальдської битви» (укр.) // Національний банк України
- ^ а б Рэха Грунвальда дакацілася да Палінезіі // Наша Ніва, 17 лістапада 2010 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны Мін. культуры РБ. Аб святкаванні на Беларусі 600-годдзя Грунвальдскай бітвы(недаступная спасылка)
- Эўрапейскае радыё, Грунвальд
- 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы на Польша.ru
- Наваградак акунуўся ў Сярэднявечча
- В Новогрудке отметили 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.)
- Грюнвальд-фэст 24 апреля в Силичах (рас.)
- «Гальшанскі Замак — 2010»
- К 600-летию Грюнвальдской битвы в Минске прошёл фестиваль и открылась выставка (рас.)
- В Национальном историческом музее Беларуси в Минске открывается выставка, посвященной 600-летию Грюнвальдской битвы(недаступная спасылка) (рас.)
- Рыцарские турниры в честь 600-летия Грюнвальдской битвы пройдут 10-11 июля в Литве(недаступная спасылка) (рас.)
- Второй юбилейный фестиваль славы белорусского оружия «Наш Грюнвальд» (рас.)