Скоп’е
Скоп’е | |||||
мак. Скопје | |||||
| |||||
Краіна: | Паўночная Македонія | ||||
Плошча: | 571,46 км² | ||||
Вышыня: | 240 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2002) | |||||
колькасьць: | 506 926 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 887,07 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +389 02 | ||||
Паштовы індэкс: | 1000 | ||||
Нумарны знак: | SK | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 41°59′46″ пн. ш. 21°25′54″ у. д. / 41.99611° пн. ш. 21.43167° у. д.Каардынаты: 41°59′46″ пн. ш. 21°25′54″ у. д. / 41.99611° пн. ш. 21.43167° у. д. | ||||
Скоп’е | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.skopje.gov.mk/ |
Ско́п’е (па-македонску: Скопје) — сталіца і найбуйнейшы горад Паўночнай Македоніі. Насельніцтва на 2002 год складала 506 926 жыхароў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скоп’е ўпершыню было згадана Кляўдыюсам Пталямэем пад антычным імем «Скубі». Горад быў створаны ў III стагодзьдзі да н. э., а ў 164 годзе да н. э. ён трапіў пад уладу Рыму і стаўся правінцыі Мэзія. У 84 або 85 годзе н. э. імпэратар Даміцыян заснаваў тут калёнію, якая стала пасьля вялікім горадам. З прыходам славянаў у VI стагодзьдзі горад быў захоплены племенем брсяцы, якое дало яму імя «Скоп’е». Падчас валадарства цара Самуіла Скоп’е стаўся на кароткі пэрыяд сталіцай Баўгарскага царства. У далейшым горад напераменку трапляў пад уладу Бізантыйскай імпэрыі і Сэрбіі.
19 студзеня 1392 году горад быў захоплены асманамі пад правадырствам Эврэноса і атрымаў імя «Юскюб» (Üsküp)[2]. 25—26 кастрычніка 1689 году горад быў заняты аўстрыйскім генэралам Энгельбэртам д’Уга Пікаляміні, які быў вымушаны падпаліць Скоп’е з-за эпідэміі халеры. Горад гарэў два дні і быў неўзабаве цалкам зьнішчаны. У XIX стагодзьдзі Скоп’е ізноў стаўся буйным горадам. 25 кастрычніка 1912 году скончылася 520-гадовае асманскае валоданьне горадам, але ўжо ў наступным годзе горад быў захоплены сэрбскім войскам і атрымаў сэрбскую назву — «Скопле».
Падчас Першай сусьветнай вайны Скоп’е знаходзіўся пад акупацыяй баўгарскіх і аўстра-вугорскіх сілаў, але зь ейным сканчэньнем горад увайшоў у склад Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў. У Каралеўстве Югаславія з 1929 па 1941 гады Скоп’е зьяўляўся адміністрацыйным цэнтрам Вардарскай банавіны. У Другой сусьветнай вайне Скоп’е было паўторна акупаванае Баўгарыяй, хаўрусьнікам нацысцкай Нямеччыны. 22 красавіка 1941 году баўгарскае войска заняло Скоп’е і заставалася ў горадзе да капітуляцыі Баўгарыі 9 верасьня 1944 году. 13 лістапада 1944 году горад быў канчаткова вызвалены ад нямецкіх войскаў[3].
Пасьля 1944 году горад пачаў хутка разьвівацца, што дазволіла яму стаць індустрыяльным, культурным і адміністрацыйным цэнтрам Сацыялістычнай Рэспублікі Македонія ў складзе Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславіі. 26 чэрвеня 1963 году ранкам Скоп’е быў разбураны землятрусам (6,9 балаў паводле шкалы Рыхтэра), у выніку якога 1070 жыхароў загінулі і больш за 20 тысячаў засталіся без прытулку. Пасьля землятрусу горад быў адноўлены паводле пляну японскага архітэктара Кэндзо Тангэ. Рэканструкцыя была скончаная пераважна да 1980 году, але многія заплянаваныя будынкі гэтак і ня былі пабудаваныя праз вычарпаньне сродкаў[4]. Гарадзкі пейзаж Скоп’я быў кардынальна зьменены, і горад стаў сапраўдным прыкладам мадэрнісцкай архітэктуры.
Пасьля 1962 годзе ў месьце быў вялікі дэмаграфічны рост. Гэтак да 1981 году насельніцтва ў Скоп’я ужо пераўзвысіла 400 тысяч жыхароў[5]. У горадзе адбыўся значны рост колькасьці македонцаў, пераважна за кошт сельскай моладзі, якая актыўна мігравала ў сталіцу, дзе была ўцягнутая ў працэс рэканструкцыі места[6][7][8]. Колькасьць альбанскага насельніцтва таксама павялічылася, калі людзі мігравалі сюды з паўночных вёсак, а таксама з Косава. Гэты працэс быў выкліканы альбо пошукам працы і попытам на працоўную сілу, альбо праз пагаршэньня палітычнай сытуацыі ў Косава, асабліва ў 1990-я гады.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скоп’е месьціцца на поўначы краіны, фактычна ў цэнтры Балканскага паўвострава на паўдарозе паміж Бялградам і Атэнамі. Горад быў пабудаваны ў даліне Скоп’я, якая месьціцца ўздоўж рэчышча ракі Вардар, якая ўпадае ў Эгейскае мора на тэрыторыі Грэцыі. Даліна мае шырыню каля 20 км[9] і абмежаваная некалькімі горнымі сьцягамі на поўначы і поўдні. Гэтыя хрыбты абмяжоўваюць пашырэньне гораду. У сваіх адміністрацыйных межах Скоп’е цягнецца больш чым на 33 км[10], але шырынёю займае ўсяго 10 км[11]. Горад месьціцца прыкладна на вышыні 245 мэтраў над узроўнем мора і займае плошчу 571,46 км²[12], але заселенай ёсьць толькі 337 км², што такім чынам вызначае шчыльнасьць насельніцтва ў 65 жыхароў на гектар[13]. Скоп’е ў сваіх адміністрацыйных межах уключае мноства вёсак ды іншых населеных пунктаў, як то Драчава, Горна-Нэразі і Бардаўцы. Паводле перапісу 2021 году, сам горад налічваў каля 422 540 жыхароў. На паўночным усходзе места ажно сягае мяжы з Косава.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скоп’е мае вільготны субтрапічны клімат паводле кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна[14][15]. Сярэднегадавая тэмпэратура складае 13,5°C. Ападкаў адносна замала праз дажджавы цень ад Паўночнаальбанскіх гораў на паўночным захадзе. Ападкаў значна менш, чым на ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора на той жа шыраце. Лета доўгае, гарачае і адносна сухое зь нізкай вільготнасьцю. Сярэдняя тэмпэратура ліпеня ў Скоп’і складае 31°C. Звычайна ў Скоп’і штогод назіраецца 88 дзён з тэмпэратурай вышэй за 30°C і 10,2 дзён з тэмпэратурай вышэй за 35°C. Зімы кароткія, адносна прахалодныя і вільготныя. Сьнегапады ёсьць звычайнай зьявай у зімовы пэрыяд, але доўга сьнег не ляжыць. Звычайна сьнежнае покрыва трымаецца толькі некалькі гадзінаў або некалькі дзён, калі сьнегапады асабліва моцныя. Улетку тэмпэратура сягае вышэй за 31°C, а часам вышэй за 40°C. Увесену і ўвосень тэмпэратура вагаецца ад 15°C да 24°C. Узімку дзённая тэмпэратура прыкладна вагаецца ў дыяпазоне ад 5 да 10°C, але ноччу яна часта апускаецца ніжэй за 0°C, а часам ніжэй за −10°C. Тэмпэратура цягам году вагаецца ад −13°C да 39°C. Ападкі разьмяркоўваюцца аднамерна цягам году, найбольшая іхняя колькасьць выпадае з кастрычніка па сьнежань і з красавіка па чэрвень.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скоп’е зьяўляецца сярэднім эўрапейскім горадам, але з-за сваёй адміністрацыйнай функцыі, яго можна параўнаць зь невялікімі рэгіянальнымі мегаполісамі, як то Сафія і Тэсалёнікі[16]. Дзякуючы таму, што Скоп’е зьяўляецца сталіцай і найбуйнейшым горадам у Паўночнай Македоніі, тут канцэнтруецца значная доля нацыянальнай эканомікі. Скопскі рэгіён, які ахоплівае горад Скоп’е і некаторыя суседнія муніцыпалітэты, вырабляе 45,5% македонскага СУП[17]. У 2009 годзе рэгіянальны СУП на душу насельніцтва склаў 6 565 даляраў ЗША, або 155% ад СУП на душу насельніцтва Паўночнай Македоніі. Гэтая лічба, аднак, меншая за такі ж паказчык Сафіі (10 106 даляраў ЗША), Сараева (10 048 даляраў ЗША) або Бялграду (7983 даляры ЗША), але вышэй за Тырану (4126 даляраў ЗША).
З-за таго, што ў краіне больш няма іншых даволі вялікім гарадоў, а таксама з-за разьмяшчэньня ў горадзе палітычнай і эканамічнай цэнтралізацыі, вялікая колькасьць македонцаў, якія пражываюць за межамі Скоп’я, працуюць у самом горадзе. Дынамізму гораду таксама спрыяе адток сельскага насельніцтва, а ня толькі з Паўночнай Македоніі, але і з Косава, Альбаніі і Паўднёвай Сэрбіі[18].
Ад 1995 году ў Скоп’і працавала Македонская біржа. У горадзе месьціліся галаўныя сядзібы такіх буйных прадпрыемстваў, як «Македонскі Тэлекам» і «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі».
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Улада Ўрошавіч — літаратар
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://www.stat.gov.mk/pdf/kniga_13.pdf
- ^ Скопье // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907.
- ^ A brief highlight of the history of Skopje. // Skopje.gov.mk
- ^ Robert Homes. «Rebuilding Skopje». Anglia Ruskin University, Cambridge and Chelmsford.
- ^ Georges Castellan (2003). «La Macédoine: un pays inconnu»]. Ed. Armeline. — С. 17. — ISBN 978-2910878245.
- ^ Neofotistos, Vasiliki P. (2010). «Postsocialism, Social Value, and Identity Politics among Albanians in Macedonia»]. Slavic Review. 69 (4): 893. — doi:10.1017/S003767790000989X.
- ^ Thiessen, Ilka (2002). «'Leb I Sol'(Bread And Salt): The Meanings of Work in the Changing Society of Macedonia». Anthropology of Work Review. 23 (1—2): 10. — doi:10.1525/awr.2002.23.1-2.8.
- ^ Brown, Keith S. (2001). «Beyond ethnicity: The politics of urban nostalgia in modern Macedonia». Journal of Mediterranean Studies. 11 (2): 417–442.
- ^ «Nature of the region of Skopje». Tourist office of Macedonia.
- ^ «Traffic and transport projects». City of Skopje.
- ^ «Figures». City of Skopje.
- ^ «Drisla Landfill Feasibility Study, Volume 1 of 2 — Main Findings — Final Report». Mott MacDonald Ltd.
- ^ «The Study on Wastewater Management in Skopje in the Republic of Macedonia». Tokyo Engineering Consultants.
- ^ Baba, A.; Tayfur, G.; Gündüz, O.; Howard, K.W.F.; Friedel, M.J.; Chambel, A (2011). «Climate Change and its Effects on Water Resources: Issues of National and Global Security». NATO Science for Peace and Security Series C: Environmental Security. Springer. XVI. — С. 318. — ISBN 978-9400711457.
- ^ Bergant, Klement (2013) «Climate Change Scenario for Macedonia: Summary». University of Nova Gorca, Centre for Atmospheric Research.
- ^ Michel Dimou et El Mouhoud Mouhoud (2008). «Urbanisation, effets d’agglomération et disparités régionales». Editions L’Harmattan. — С. 142. — ISBN 9782296204034.
- ^ Gross domestic product and gross fixed capital formation, by regions, 2009 (PDF). State Statistical Office of the Republic of Macedonia.
- ^ William Bartlett, Hristina Cipusheva, Marjan Nikolov and Miroljub Shukarov (2010). The Quality of Life and Regional Development in FYR Macedonia. Hrčak, Portal znanstvenih časopisa Republike Hrvatske.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны партал гораду
- Скоп’е ўначы. Фотагалерэя