Заходні фронт (Першая сусьветная вайна)
Заходні фронт | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Акопы на заходнім фронце | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Бэльгія Вялікабрытанія і залежныя тэрыторыі: Францыя і залежныя тэрыторыі Партугалія[13] (з 1916) | Нямеччына Аўстра-Вугоршчына[14] | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Да 26 сакавіка 1918 году не было адзінага камандаваньня, з 3 красавіка — маршал Фэрдынанд Фош | Нямеччына Гэльмут фон Мольтке † → Эрых фон Фалькенгайн → Паўль фон Гіндэнбург і Эрых Людэндорф → Паўль фон Гіндэнбург і Вільгэльм Гронэр | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
3 592 242 салдат (18 ліпеня — 7 жніўня1918)[15][16]:
| 3 273 000 салдат (ліпень 1918)[17]:
| ||||||||
Страты | |||||||||
~7 000 000 Зь іх: Францыя 3 936 700[1] Вялікабрытанія 2 700 000[2]
Партугалія 22 118[6]
Італія 14 874[7] (толькі ў 1918)
| ~ 5 400 000[18] Зь іх: Нямеччына 5 383 000 Аўстра-Вугоршчына 17 500+ (толькі за чэрвень-лістапад 1918)[19]
| ||||||||
Захо́дні фронт — адзін з тэатраў ваенных дзеяньняў Першай сусьветнай вайны (1914—1918).
Гэты фронт ахопліваў тэрыторыю Бэльгіі, Люксэмбургу, Эльзасу, Лятарынгіі, райнскія правінцыі Нямеччыны, а таксама паўночны ўсход Францыі. Працягласьць фронту ад ракі Шэльды да швайцарскай граніцы складала 480 кілямэтраў, у глыбіню — 500 кілямэтраў, ад Райну да Кале. Заходняя частка тэатру ваенных дзеяньняў уяўляла сабою раўніну з разгалінаванай дарожнай сеткай, зручную для дзеяньняў буйных вайсковых аб’яднаньняў; усходняя частка пераважна горная (Ардэны, Аргоны, Вагезы) абмяжоўвала свабоду манэўру войскаў. Асаблівасьцю Заходняга фронту было яго прамысловае значэньне (вугальныя капальні, жалезная руда, разьвітая апрацоўчая прамысловасьць).
Пасьля пачатку вайны ў 1914 годзе нямецкая армія пачала ўварваньне ў Бэльгію і Люксэмбург, пасьля працягнула наступ на Францыю, імкнучыся захапіць важныя прамысловыя рэгіёны краіны. У Марнскай бітве нямецкія войскі пацярпелі паразу, пасьля чаго абодва бакі ўмацаваліся на дасягнутых рубяжах, сфармаваўшы пазыцыйны фронт ад узьбярэжжа Паўночнага мора да француска-швайцарскай граніцы.
У 1915—1917 гадах было праведзена некалькі наступальных апэрацыяў. У баявых дзеяньнях выкарыстоўвалася цяжкая артылерыя і пяхота. Аднак сыстэмы палявых умацаваньняў, прымяненьне кулямётаў, калючага дроту і артылерыі прыводзіла да сур’ёзных страт, і для наступаючага, і для абараняючагася бакоў. У выніку не адбывалася значных зьменаў лініі фронту.
У сваіх спробах прарваць лінію фронту абодва бакі ўжывалі новыя ваенныя тэхналёгіі: атрутныя газы, самалёты, танкі. Нягледзячы на пазыцыйны характар баёў, Заходні фронт меў найважнейшае значэньне для заканчэньня вайны. Вырашальнае наступленьне саюзьнікаў увосень 1918 году прывяло да паразы нямецкай арміі і заканчэньня Першай сусьветнай вайны.
Пляны бакоў і разгортваньне войскаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 250-кілямэтровым адцінку француска-нямецкай граніцы знаходзілася сыстэма францускіх крэпасьцяў, якія мелі вялікае стратэгічнае значэньне. Галоўнымі апорнымі пунктамі гэтай сыстэмы былі магутныя крэпасьці Вэрдэн, Туль, Эпіналь і Бэльфор. На захад ад гэтай лініі знаходзілася яшчэ адна паласа ўмацаваньняў, у раёне Дыжону, Рэймсу, Ляну. Умацаваны лягэр знаходзіўся ў Парыжы. Таксама былі яшчэ крэпасьці на шляху ад Парыжу да бэльгійскай граніцы, але яны былі састарэлымі і ня мелі вялікай стратэгічнай значнасьці.[20]
Да францускіх умацаваньняў на француска-нямецкай граніцы нямецкае камандаваньне ставілася вельмі сур’ёзна, яшчэ ў 1905 годзе, Шліфэн пісаў:
Францыю варта разглядаць як вялікую крэпасьць. У вонкавым поясе ўмацаваньняў участак Бэльфор — Вэрдэн амаль непрыступны… | ||
—Альфрэд фон Шліфэн, з кнігі Аляксандра Строкава Вооруженные силы и военное искусство в первой мировой войне |
Таксама вялікае стратэгічнае значэньне мелі бэльгійскія крэпасьці: Льеж, Намюр, Антвэрпэн.
На тэрыторыі Нямецкай імпэрыі знаходзіліся крэпасьці: Мэц, Страсбург, Кёльн, Майнц, Кобленц і іншыя. Але абароннага значэньня гэтыя крэпасьці ня мелі, паколькі зь першых жа дзён вайны, нямецкае камандаваньне плянавала ўварваньне на тэрыторыю праціўніка.[21]
З пачаткам мабілізацыі бакі пачалі перакідку войскаў у раёны разгортваньня. Нямецкае камандаваньне разгарнула супраць Францыі 7 арміяў і 4 кавалерыйскія корпусы, да 5000 гарматаў, агулам групоўка нямецкага войска налічвала 1 600 000 чалавек. Нямецкае камандаваньне плянавала нанесьці сакрушальны ўдар па Францыі праз тэрыторыю Бэльгіі. Аднак нягледзячы на тое, што ўся асноўная ўвага нямецкага камандаваньня была прыцягнутая да ўварваньня ў Бэльгію, немцы прымалі ўсе захады для таго, каб ня даць францускай арміі, што наступала ў Эльзас-Лятарынгіі, захапіць гэты рэгіён.[20]
Нямецкім войскам супрацьстаялі францускія, бэльгійскія і брытанскія войскі. Француская армія была разгорнутая ў складзе пяці арміяў і аднаго кавалерыйскага корпусу, пры 4000 гарматах. Колькасьць францускіх войскаў складала 1 300 000 чалавек. У сувязі з наступленьнем немцаў праз тэрыторыю Бэльгіі на Парыж, францускаму камандаваньню давялося адмовіцца ад складзенага перад вайной «пляну № 17», які прадугледжваў захоп Эльзасу і Лятарынгіі. У сувязі з гэтым канчатковыя раёны разьмяшчэньня францускіх войскаў і іх склад у канцы жніўня значна розьніліся ад плянаваных мабілізацыйным «плянам № 17».[22]
Бэльгійская армія была разгорнутая ў складзе шасьці пяхотных і адной кавалерыйскай дывізіяў, пры 312 гарматах. Колькасьць бэльгійскіх войскаў склала 117 тысячаў чалавек.
Брытанскія войскі высадзіліся ў францускіх партах у складзе двух пяхотных карпусоў і адной кавалерыйскай дывізіі. Толькі да 20 жніўня ангельскія войскі колькасьцю 87 тысячаў чалавек, пры 328 гарматах, засяродзіліся ў раёне Мабёжу, Лё-Като. Варта адзначыць, што ў саюзных войскаў не было адзінага камандаваньня, што самым адмоўным чынам адбівалася на дзеяньнях войскаў Антанты[23].
Да канца разгортваньня сілы бакоў колькасна былі прыкладна роўныя (1 600 000 нямецкіх салдат супраць 1 562 000 салдат саюзьнікаў). Аднак стратэгічная ініцыятыва была на баку немцаў. Іх разгорнутыя войскі прадстаўлялі амаль замкнёную сканцэнтраваную сілу. Войскі жа саюзьнікаў былі няўдала разьмешчаны. Лінія фронту францускіх войскаў выгіналася ад Вэрдэну на паўночны захад уздоўж француска-бэльгійскай граніцы і абрывалася ў Ірсану. У раёне Мабёжу разгортваліся брытанскія войскі, бэльгійская армія мела свой уласны раён разгортваньня.[21]
Суадносіны сіл перад пачаткам вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для рэалізацыі пляну Шліфэна па хуткім разгроме Францыі Нямеччына засяродзіла на граніцы з Францыяй, Бэльгіяй і Люксэмбургам значныя ваенныя сілы: былі разгорнутыя сем арміяў (1-я — 7-я, 86 пяхотных і 10 кавалерыйскіх дывізіяў, да 5 тысячаў гармат) колькасьцю каля 1 мільёну 600 тысячаў чалавек пад камандаваньнем імпэратара Вільгельма II.
Кіраўнічы склад Нямецкай імпэрскай арміі на Заходнім фронце на пачатку вайны
| |||||||||||
Арміі саюзьнікаў:
- Францускія сілы налічвалі пяць арміяў (1-я — 5-я, 76 пяхотных і 10 кавалерыйскіх дывізіяў, больш за 4 тысячы гармат) колькасьцю каля 1 мільёну 730 тысячаў чалавек пад камандаваньнем генэрала Жазэфа Жофра;
Кіраўнічы склад францускай арміі на Заходнім фронце на пачатку вайны
| |||||||||||
- Бэльгійская армія (шэсьць пяхотных і адна кавалерыйская дывізія, 312 гарматаў) колькасьцю 117 тыс. чалавек пад камандаваньнем караля Альбэрта I;
- Брытанская экспэдыцыйная армія (4 пяхотных і 1,5 кавалерыйскіх дывізіі, 328 гарматаў) колькасьцю 87 тысячаў чалавек пад камандаваньнем фэльдмаршала Джона Фрэнча.[21]
1914 год: уварваньне Нямеччыны ў Бэльгію і Францыю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1914 году пачалася рэалізацыя скарэктаванага пляну Шліфэна, які прадугледжваў хуткую атаку на Францыю праз тэрыторыю Бэльгіі, абыход францускай арміі з поўначы і акружэньне яе каля граніцы зь Нямеччынай. 2 жніўня без супраціву быў акупаваны Люксэмбург. 4 жніўня нямецкія войскі на чале генэралаў Аляксандра фон Клюка і Карла фон Бюлаў уварваліся ў Бэльгію, якая адхіліла патрабаваньне прапусьціць праз сваю тэрыторыю немцаў.
Аблога Льежу 5—16 жніўня была першай бітвай на тэрыторыі Бэльгіі. Льеж прыкрываў пераправы праз раку Маас, таму для далейшага наступу немцам трэба было абавязкова захапіць горад. Льеж быў добра ўмацаваны і лічыўся непрыступнай крэпасьцю. Аднак, нямецкія войскі ўжо 6 жніўня захапілі сам горад і блякавалі крапасныя форты. 12 жніўня немцы падвезьлі асадную артылерыю і да 13—14 жніўня галоўныя форты Льежу былі ўзятыя, і праз горад рушылі асноўныя сілы нямецкіх войскаў углыб Бэльгіі, 16 жніўня быў узяты апошні форт.
20 жніўня 1-я нямецкая армія ўвайшла ў Брусэль, а 2-я армія падышла да крэпасьці Намюр і, блякаваўшы яе некалькімі дывізіямі, рушыла далей, да француска-бэльгійскай граніцы. Аблога Намюру працягвалася да 23 жніўня[24].
Даваенны францускі «Плян XVII» прадугледжваў захоп Эльзасу і Лятарынгіі. 7 жніўня пачаўся наступ 1-й і 2-й арміяў на Саарбург ў Лятарынгіі і Мюлюз у Эльзасе. Французы ўварваліся на тэрыторыю Нямеччыны. Аднак немцы хутка падцягнулі падмацаваньні і выбілі французаў назад.
Пагранічная бітва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля захопу Бэльгіі і Люксэмбургу нямецкія арміі (1-я, 2-я, 3-я) 20 жніўня выйшлі на паўночную граніцу Францыі, дзе натыкнуліся на францускую 5-ю армію і некалькі брытанскіх дывізіяў.
21—25 жніўня адбылася Пагранічная бітва — сэрыя бітваў, галоўнымі зь якіх былі Ардэнская (22—25 жніўня), Самбра-Мааская (21—25 жніўня) апэрацыі, бітва каля Монсу (23—25 жніўня). Пагранічная бітва была адной з найбуйнейшых бітваў Першай сусьветнай вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала больш за 2 мільёны чалавек.[22][23]
У Ардэнскай апэрацыі 3-я і 4-я францускія арміі былі разьбітыя 5-й і 4-й нямецкімі арміямі, у Самбра-Мааскай апэрацыі і ў апэрацыі ля Монсу брытанцы і 5-я француская армія пацярпелі паразу ад 1-й, 2-й і 3-й нямецкіх арміяў. 20—22 жніўня 1-я і 2-я францускія арміі, якія пачалі 14 жніўня наступ у Лятарынгіі, былі разьбітыя 6-й і 7-й нямецкімі арміямі.
Нямецкія войскі працягвалі наступ на Парыж, атрымліваючы перамогі ў Лё-Като (26 жніўня), Нэлю і Пруяру (28—29 жніўня), Сэн-Кантэне і Гіза (29—30 жніўня), да 5 верасьня выйшлі да ракі Марны. Тым часам, французы сфармавалі 6-ю і 9-ю арміі, узмацніўшы свае войскі на гэтым кірунку, а немцы ў жніўні вымушаны былі перакінуць два корпусы ва Ўсходнюю Прусію супраць дзьвюх расейскіх арміяў, якая ўварвалася туды.
Бітва на Марне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]5—12 верасьня адбылася буйная бітва на Марне. Да гэтага моманту саюзьнікі стварылі колькасную перавагу над праціўнікам (56 пяхотных і 10 кавалерыйскіх дывізіяў супраць 44 пяхотных і 7 кавалерыйскіх дывізіяў, агульная колькасьць войскаў каля 2 млн чалавек).
5 верасьня пачаліся баі ў раёне ракі Урк, а раніцай 6 верасьня 6-я француская армія перайшла ў наступ з заходняга флянгу 1-й нямецкай арміі. Для адбіцьця атакі немцы перакінулі 1-ю армію з Марны на раку Урк з мэтаю затрымаць францускае войска. У выніку між 1 ды 2 нямецкімі арміямі паўстаў разрыў у які ўклініліся 5-я француская і брытанская арміі. 7—8 верасьня сюды на 600 таксі прыехала падмацаваньне з Парыжу (першы выпадак выкарыстаньня аўтамабіляў для перакідваньня войскаў)[25]. Узьнікла пагроза акружэньня 2-й нямецкай арміі. 10 верасьня пачаўся адыход нямецкіх войскаў на поўнач да ракі Эна, якую яны перайшлі 12 верасьня і, умацаваўшыся на ёй, спынілі контрнаступ саюзьнікаў да 16 верасьня.
«Бег да мора»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утварыўся пазыцыйны фронт ад швайцарскай граніцы да ракі Ўаза, аднак на захадзе заставалася свабоднай тэрыторыя да Паўночнага мора. 16 верасьня пачаліся тры апэрацыі ангельска-францускіх і нямецкіх войскаў, якія атрымалі назву «Бег да мора»: 16—28 верасьня спроба 2-й францускай арміі паміж рэкамі Ўаза і Сома; 29 верасьня — 9 кастрычніка спроба 10-й францускай арміі на рацэ Скарп; 10—15 кастрычніка спроба брытанскай арміі на рацэ Ліс[26]. У ходзе апэрацыяў абодва бакі спрабавалі абыйсьці флянгі праціўніка, але пасьля ўпартых баёў пераходзілі да абароны.
20 кастрычніка — 15 лістапада нямецкія 4-я і 6-я арміі праводзілі наступальную апэрацыю ў Фляндрыі супраць ангельскай і бэльгійскай арміяў (Фляндрская бітва). Войскі нанесьлі ўдары ў раёне гораду Іпру і ракі Ізэр. Апэрацыя пры Іпры была няўдалай, 22—24 кастрычніка немцы фарсіравалі Ізэр, але па камандзе бэльгійскага камандаваньня былі адчыненыя шлюзы на рацэ, і да 31 кастрычніка быў затоплены 12-кілямэтровы раён каля вусьця ракі. 30 кастрычніка пачаўся новы нямецкі наступ у раёне Іпру, які быў спынены саюзьнікамі 3 лістапада. Баі ў Фляндрыі скончыліся 15 лістапада, завяршыўшы манэўраны пэрыяд на Заходнім фронце. У канцы сьнежня адбылося Каляднае замірэньне.
Вынікам кампаніі 1914 году на Заходнім фронце стаў правал нямецкага пляну па хуткім разгроме Францыі.
1915 год: пазыцыйная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1915 годзе абодва бакі на Заходнім фронце перайшлі да стратэгічнай абароны, буйнамаштабных бітваў не вялося. Да пачатку 1915 году ангельска-бэльгійскія войскі знаходзіліся ў вобласьці Артуа, часткова на тэрыторыі Бэльгіі, асноўныя францускія сілы былі сканцэнтраваны ў вобласьці Шампань. Немцы займалі частку тэрыторыі Францыі, прасунуўшыся ўглыб краіны да гораду Нуаён (Нуаёнскі выступ).
Згодна з плянам Жофра, ангельска-францускія войскі павінны былі арганізаваць атаку з абодвух флянгаў нямецкай групоўкі і акружыць яе.[27]
У лютым — сакавіку французы арганізавалі атаку ў Шампані, але прасунуліся толькі на 460 мэтраў, страціўшы 50 тысячаў чалавек.[23]
10 сакавіка пачаўся наступ брытанскіх сіл (чатыры дывізіі) у Артуа на вёску Нёў-Шапэль (Бітва пры Нёў-Шапэль). Пасьля 35-хвіліннай артпадрыхтоўкі пачалося хуткае прасоўваньне войскаў саюзьнікаў, якія праз 4 гадзіны захапілі Нёў-Шапель. Аднак з-за праблем з забесьпячэньнем і сувязьзю разьвіцьцё атакі замарудзілася, і немцы здолелі арганізаваць контраатаку. 13 сакавіка наступленьне было спынена, брытанцам удалося прасунуцца толькі на два кілямэтры.
5—14 красавіка францускія войскі праводзілі апэрацыю ў раёне Сэн-Міёлю.
Газавая атака
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]22—25 красавіка адбылася другая бітва пры Іпры, падчас якой нямецкая 4-я армія пачала контратаку на Іпрскі выступ і заняла яго большую частку.
22 красавіка, у першы дзень апэрацыі, пасьля двухдзённай артпадрыхтоўкі, немцы ўпершыню буйнамаштабна ўжылі хімічную зброю (хлёр). У выніку газавай атакі на працягу некалькіх хвілін загінулі каля 6 тысячаў чалавек.
Праз два дні была арганізавана другая газавая атака, але эфэктыўнасьць яе была нізкай з прычыны контразахадаў войскаў Антанты.
Паветраныя баі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку вайны авіяцыя ўжывалася для паветранай выведкі, пасьля самалёты сталі выкарыстоўвацца для ваенных мэтаў.
8 верасьня 1914 году расейскі лётчык Пётар Несьцераў першы ў сьвеце зьбіў самалёт праціўніка, выкарыстоўваючы таран, але пры гэтым сам загінуў.
1 красавіка 1915 году францускі пілёт Ралян Гарос выкарыстаў для паветранай атакі кулямёт, разьмешчаны за вядучым прапэлерам.
18 красавіка Гарос быў зьбіты, а яго самалёт быў захоплены і перададзены нідэрляндзкаму інжынэру Антоні Фокеру. Ён значна ўдасканаліў канструкцыю, першым ужыўшы на практыцы сынхранізатар, які дазваляў страляць з кулямёту праз дыск прапэлера, калі яго лопасьці не знаходзіліся на лініі агню.[28] Распрацоўка была выкарыстаная ў зьнішчальніку Fokker EI — першым хуткасным аднамесным зьнішчальніку з эфэктыўным узбраеньнем.
Першая сусьветная вайна дала штуршок да разьвіцьця авіяцыі: абодва бакі пачалі распрацоўку новых рухавікоў, авіяцыйных канструкцыяў і матэрыялаў. Сталі папулярныя лётчыкі-асы, хоць большасьць самалётаў была зьбіта не зьнішчальнікамі, а сіламі СПА.
Вытворчасьць самалётаў расла высокімі тэмпамі: калі напачатку вайны Ангельшчына і Францыя мелі 186 самалётаў, Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына — 297, то напрыканцы вайны бакі мелі, адпаведна, 5079 і 3352 самалётаў (у 27 і ў 11 разоў больш)[21].
У Першую сусьветную, немцы ўпершыню пачалі рэалізоўваць канцэпцыю далёкіх бамбардзіровак супраць стратэгічнага тылу праціўніка, выкарыстоўваючы для гэтага дырыжаблі канструкцыі Цэпэліна і Шутэ-Лянца. Валодаючы значна большай далёкасьцю палёту і грузападымальнасьцю, чым тагачасныя аэрапляны (і практычна супастаўныя ім па хуткасьці), дырыжаблі дазвалялі Нямеччыне ажыцьцявіць першыя ў гісторыі стратэгічныя бамбардзіроўкі тылоў Францыі, Вялікабрытаніі і ў меншай ступені — Расеі. Хоць ад гэтага і была малая матэрыяльная шкода, бамбардзіроўкі выклікалі перабоі ў працы фабрык і заводаў (з-за паветраных алярмаў), якія палохалі насельніцтва і прымушалі краіны Антанты адцягваць з фронту салдат, зэніткі і зьнішчальнікі для арганізацыі супрацьпаветранай абароны.
Далейшыя ваенныя дзеяньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошняй атакай саюзьнікаў вясной 1915 году была бітва ў Артуа з мэтай захопу грады Вімі. Француская 10-я армія пасьля шасьцідзённага абстрэлу пачала наступ 9 траўня і прасунулася на 5 км. Аднак войскі адступілі пасьля прымяненьня немцамі артылерыі. Да 15 траўня наступ быў спынены.
У верасьні саюзьнікі пачалі вялікі наступ (Трэцяя бітва пры Артуа): францускія войскі рушылі на Шампань, а брытанскія на Лёс. Французы на працягу лета вялі падрыхтоўку да будучага наступу.
22 верасьня пачаўся артабстрэл аб’ектаў, знаходжаньне якіх было вызначана з дапамогай аэрафотаздымкі.
Галоўны наступ пачаўся 25 верасьня і разьвіваўся пасьпяхова, нягледзячы на наяўнасьць загарод з дроту і кулямётных пунктаў. Аднак немцы, прадбачачы гэтую атаку, ўзмацнілі лініі абароны і змаглі адбіць атакі, якія працягваліся да лістападу. 25 верасьня брытанскія войскі пачалі наступ на Лёс для падтрымкі атакі ў Шампані. Наступу папярэднічала 4-дзённая артпадрыхтоўка, быў выкарыстаны хлёр. Для атакі былі задзейнічаны два карпусы, яшчэ два выконвалі дывэрсійныя заданьні ў Іпры. Падчас атакі брытанцы панесьлі цяжкія страты, асабліва ад кулямётаў. Захапіўшы абмежаваную тэрыторыю, яны адступілі. 13 кастрычніка наступ аднавіўся.
У сьнежні 1915 замест Джона Фрэнча камандуючым брытанскімі экспэдыцыйнымі войскамі стаў генэрал Дуглас Гэйг.
1916 год: абяскроўліваньне войскаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з плянам начальніка Генштабу Эрыха фон Фалькенгайна, асноўныя ваенныя дзеяньні ў 1916 годзе Нямеччына павінна была весьці з Францыяй, прымусіўшы яе капітуляваць[29].
Былі прыняты дзьве стратэгіі. Першая прадугледжвала неабмежаванае выкарыстаньне падводнага флёту для перакрыцьця замежных паставак. Мэтай другой стратэгіі было нанясеньне кропкавага ўдару па сухапутных войсках праціўніка замест буйнамаштабнага прарыву фронту. Для нанясеньня максымальных стратаў плянавалася арганізаваць напад на важныя стратэгічныя пазыцыі. Мэтай галоўнага ўдару быў абраны Вэрдэнскі выступ, які зьяўляўся апорай францускага фронту, што знаходзіўся недалёка ад граніцы зь Нямеччынай і пагражаў нямецкім камунікацыям. Апэрацыя плянавалася з разьлікам на тое, што французы з пачуцьця патрыятызму будуць абараняць горад да апошняга салдата[23].
Бітва пры Вэрдэне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для правядзеньня апэрацыі Нямеччына на 15-кілямэтровым участку фронту засяродзіла супраць 2 францускіх дывізіяў 6,5 сваіх дывізіяў. Апэрацыя пачалася 21 лютага. У ходзе наступу французы да 25 лютага страцілі амаль усе свае фарты вэрдэнскіх умацаваньняў, аднак прарыву фронту не адбылося. Нарачанская апэрацыя расейскіх войскаў на Ўсходнім фронце палегчыла становішча францускіх войскаў. Для забесьпячэньня войскаў была арганізавана «сьвятая дарога» Бар-лё-Д’юк — Вэрдэн.
З сакавіка галоўны ўдар немцаў быў перанесены на левы бераг ракі, але да траўня яны прасунуліся толькі на 6—7 км. Контраатака францускіх сіл у траўні была беспасьпяховай.
Дзеяньні расейскіх войскаў на ўсходзе і ажыцьцяўленьне саюзьнікамі апэрацыі на рацэ Соме дазволілі францускім войскам у кастрычніку пачаць наступ, і напрыканцы сьнежня становішча ў асноўным было адноўлена. Абодва бакі панесьлі ў бітве пры Вэрдэне страты прыкладна па 300 тысячаў чалавек, плян нямецкага камандаваньня на прарыў францускага фронту ня быў рэалізаваны.
Бітва на Соме
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увясну 1916 году вялікія страты францускіх войскаў пачалі выклікаць у саюзьнікаў заклапочанасьць, у сувязі з гэтым першапачатковы плян апэрацыі на Соме быў зьменены: галоўную ролю ў апэрацыі павінны былі выканаць ангельскія войскі. Апэрацыя павінна была дапамагчы францускім і расейскім войскам.
1 ліпеня, пасьля тыднёвай артылерыйскай падрыхтоўкі, брытанскія дывізіі ў Пікардыі пачалі наступ на добра ўмацаваныя пазыцыі немцаў. Наступ падтрымліваўся пяцьцю францускімі дывізіямі з правага флянгу. Францускія войскі дзейнічалі пасьпяхова, але брытанская артылерыя не была досыць эфэктыўнай. У першы дзень наступу ангельцы панесьлі самыя вялікія страты ў гісторыі брытанскай арміі (57 тысячаў чалавек, зь іх 21,5 тысяча забітых і тых, хто зьнік бязь вестак)[30][31][32].
Прааналізаваўшы паветраныя баі над Вэрдэнам, саюзьнікі ў баях на Соме пачалі прытрымлівацца новай тактыкі, мэтай якой было поўная перавага ў паветры над праціўнікам. Неба над Сомай было ачышчана ад нямецкай авіяцыі, а посьпех саюзьнікаў выклікаў рэарганізацыю нямецкай авіяцыі, і абодва бакі сталі выкарыстоўваць вялікія падразьдзяленьні ВПС замест індывідуальных дзеяньняў пілётаў[33].
Бітва працягвалася ў ліпені — жніўні зь некаторым посьпехам для брытанцаў, нягледзячы на нямецкія ўмацаваньні лініі абароны. Да жніўня брытанскае камандаваньне вырашыла перайсьці ад тактыкі прарыву фронту да сэрыі апэрацыяў, якія праводзяцца невялікімі воінскімі падразьдзяленьнямі для выпростваньня лініі фронту, што было неабходна для падрыхтоўкі да масіраванай артпадрыхтоўкі.
15 верасьня брытанцамі ўпершыню былі ўжытыя ў баях танкі. Саюзьнікі плянавалі атаку з удзелам 13 брытанскіх дывізіяў і чатырох францускіх карпусоў. Пры падтрымцы танкаў пяхота прасунулася толькі на 3—4 кілямэтры з прычыны нізкай эфэктыўнасьці і ненадзейнасьці машын.
У кастрычніку — лістападзе адбылася апошняя фаза апэрацыі, падчас якой саюзьнікі авалодалі абмежаванай тэрыторыяй цаной вялікіх стратаў. З-за распачатых дажджоў 13 лістапада наступ быў спынены.
Вынікам бітвы стала прасоўваньне саюзных войскаў на 8 кілямэтраў пры стратах 615 тысячаў чалавек, немцы страцілі каля 650 тысячаў чалавек[31] (паводле іншых зьвестак 792 тысячы і 538 тысячаў[34] адпаведна — дакладныя лічбы невядомыя). Асноўная мэта апэрацыі так і не была дасягнутая.
-
Брытанскі танк Mark I «самец» пад нумарам C-15, 25 верасьня 1916.
-
Шырокараспаўсюджаны паміж саюзных войскаў аднамесны выведнік Nieuport 17 C1, 1916
-
Лазьня-аўтамабіль францускай арміі, 1916
-
Бэльгійскі бронеаўтамабіль Мінэрва, 1916
-
Фота брытанскай батарэі 60-фунтавых гармат Mk I напярэдадні бітвы на Соме, 1916.
Лінія Гіндэнбурга
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1916 году начальнікам Генштабу замест Эрыха фон Фалькенгайна стаў Паўль фон Гіндэнбург; Эрых Людэндорф стаў першым генэрал-кватэрмайстарам Генштабу (намесьнікам начальніка). Новае ваеннае кіраўніцтва неўзабаве ўсьвядоміла, што наступальныя магчымасьці нямецкай арміі ў бітвах пры Вэрдэне і на Соме былі вычарпаныя. Было вырашана на Заходнім фронце перайсьці ў 1917 годзе да стратэгічнай абароны.
Падчас бітвы на Соме і зімой немцы абсталявалі абарончыя пазыцыі за лініяй фронту ад Арасу да Суасону, названыя «лініяй Гіндэнбурга». Яна дазволіла скараціць даўжыню фронту, вызваліўшы частку войска для правядзеньня іншых апэрацыяў.
1917 год: пераход наступальнай ініцыятывы да саюзьнікаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1916 галоўнакамандуючым францускіх арміяў замест Жазэфа Жофра стаў Рабэр Нівэль, які распрацаваў новы плян наступу на Нуаёнскі выступ. Ангельскі прэм’ер-міністар Лойд Джордж падтрымаў Нівэля, даручыўшы яму камандаваць брытанскімі войскамі ў сумеснай апэрацыі.[35] Пра пляны Нівэля стала вядома нямецкаму камандаваньню, якое вырашыла апярэдзіць плянаваную атаку, і з 23 лютага да 17 сакавіка адбывалася адступленьне нямецкіх войскаў на загадзя падрыхтаваную і добра ўмацаваную «лінію Гіндэнбурга».
«Неабмежаваная падводная вайна»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ ў 1915 годзе Нямеччынай была пачата «неабмежаваная падводная вайна», але пасьля патапленьня параходаў «Люзітанія» і «Арабіка» паўстала небясьпека ўступленьня ў вайну ЗША, і падводную вайну сталі весьці толькі супраць ваенных караблёў. У 1917 годзе паводле плянаў нямецкага камандаваньня сухапутныя войскі павінны былі перайсьці да абароны, а на моры было вырашана зноў пачаць «неабмежаваную вайну» (абвешчаная 1 лютага). Яе мэтай была эканамічная блякада Вялікабрытаніі і, як вынік, яе выхад з вайны на працягу паўгоду, у той час як войскі ЗША маглі адыграць істотную ролю на Заходнім фронце толькі праз год.
16—18 сакавіка 1917 году нямецкія падводныя лодкі патапілі тры амэрыканскія гандлёвыя судны. Прэзыдэнт ЗША Томас Ўудра Ўілсан, падтрыманы грамадзкай думкай, абвясьціў 6 красавіка Нямеччыне вайну[23].
Да сярэдзіны 1917 году дзеяньні нямецкіх падводных лодак нанесьлі сур’ёзную эканамічную шкоду Вялікабрытаніі, але арганізацыя сыстэмы супрацьлодкавай абароны зьнізіла страты гандлёвага флёту, і «неабмежаваная вайна» не прынесла жаданага выніку[36].
Наступ Нівэля
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да красавіка саюзьнікі засяродзілі значныя ваенныя рэсурсы для правядзеньня наступальнай апэрацыі: 110 дывізіяў, больш за 11 тысячаў гарматаў, 200 танкаў, каля 1 тысячы самалётаў.[37] Агульная колькасьць войскаў саюзьнікаў на Заходнім фронце складала каля 3 900 000 чалавек супраць 2 500 000 немцаў.[23]
Нягледзячы на адыход немцаў за «лінію Гіндэнбурга» ў красавіку пачаўся шырокамаштабны наступ саюзьнікаў паводле пляну Нівэля. 9 красавіка перайшлі ў наступ брытанскія войскі ў раёне Арасу, 12 красавіка — у Сэн-Кантэна, 16 красавіка — францускія войскі ў раёне Рэймсу, наступленьне працягнулася да канца красавіка — пачатку траўня. Пасьля захопу дзьвюх лініяў абароны наступ быў спынены, страты саюзьнікаў склалі больш за 200 тысячаў чалавек[37], зь якіх 120 тысячаў[35] — у францускіх войсках. Няўдалы наступ падарваў маральны дух францускіх войскаў, у якіх пачаліся мяцяжы, якія ахапілі 54 дывізіі, 20 тысячаў чалавек дэзэртыравалі[38] Пазьней салдаты паслухаліся да заклікаў пра патрыятызм і пачуцьцё грамадзянскага абавязку ды вярнуліся на абарончыя пазыцыі, але ісьці ў атаку адмаўляліся.[39]. У самой Францыі ўзьнялася хваля грамадзкага абурэньня, і 15 траўня Нівэля на пасадзе галоўнакамандуючага зьмяніў Анры Філіп Пэтэн.
Узімку 1916—1917 гадоў тактыка Нямеччыны па вядзеньні паветраных баёў значна зьмянілася, была адкрыта трэніровачная школа ў Валянсьене, у войскі паступілі новыя мадэлі самалётаў. Вынікам стала перавага Нямеччыны над саюзьнікамі ў паветраных баях, асабліва над дрэнна навучанымі брытанцамі, якія выкарыстоўвалі састарэлыя самалёты. Падчас паветранага бою над Арасам брытанцы за месяц, які ўвайшоў у гісторыю як «Крывавы красавік» (па-ангельску: «Bloody April»), страцілі 245 самалётаў і 316 лётчыкаў, немцы — 66 самалётаў і 114 лётчыкаў.[40]
Далейшыя баявыя дзеяньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]7 чэрвеня пачаўся наступ брытанскіх войскаў у раёне Мэсіну, на поўдзень ад Іпру, дзеля вяртаньня тэрыторыі, страчанай падчас першай бітвы пры Іпры ў 1914 годзе. З 1915 году інжынэры пракапалі пад пазыцыямі праціўніка тунэлі і заклалі ў 21 шахту 455 тон аманіту[41]. Праз 4 дні артпадрыхтоўкі былі ўзарваны 19 шахт, страты немцаў склалі 10 тысячаў чалавек забітымі. Хаця спачатку наступ замарудзіўся з-за цяжкапраходнай мясцовасьці, але да 14 чэрвеня апэрацыя завяршылася перамогай саюзьнікаў.
12 ліпеня немцы ўпершыню ўжылі ў раёне Іпру новую хімічную зброю — гарчычны газ, які атрымаў назву іпрыт. Пасьля іпрыт шырока ўжываўся як нямецкімі, так і саюзнымі войскамі.
З 25 чэрвеня ў Францыю пачалі прыбываць першыя воінскія падразьдзяленьні з ЗША, фармуючы амэрыканскі экспэдыцыйны корпус. Аднак іх уплыў на ваенныя дзеяньні ў 1917 годзе — пачатку 1918 году быў нязначным з-за малой колькасьці войскаў (у сакавіку 1918 году ў Францыі знаходзіліся ўсяго 85 тысячаў амэрыканскіх салдатаў, але ўжо да верасьня іх колькасьць дасягнула 1 200 000 чалавек).[23]
31 ліпеня — 6 лістапада ў раёне Іпру саюзьнікамі праводзілася апэрацыя (Трэцяя бітва пры Іпры), першапачатковай мэтай якой быў прарыў празь нямецкі фронт да баз падводных лодак на бэльгійскім узьбярэжжы. Пазьней мэтай стала заняцьце вышынь вакол Іпру для атрыманьня перавагі над нямецкай артылерыяй. 30 кастрычніка цаною 16-тысячных страт саюзьнікамі была захоплена вёска Пасхэндале. Наступ ускладняла цяжкапраходная мясцовасьць. Абодва бакі панесьлі значныя страты (саюзьнікі — 448 тысячаў, немцы — 260 тысячаў), бітва стала яшчэ адным прыкладам бессэнсоўных ахвяр пры нязначнасьці дасягнутых вынікаў.
Бітва пры Камбрэ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20 лістапада брытанскія войскі пачалі першую ў гісторыі масіраваную атаку з выкарыстаньнем танкавых падразьдзяленьняў. У атацы ўдзельнічалі 324 танкі[23]. Сьпераду на карпусе машын былі прымацаваныя фашыны для пераадоленьня нямецкіх акопаў і 4-мэтровых супрацьтанкавых равоў. Раптоўнасьць (адсутнасьць артпадрыхтоўкі) і перавага ў сілах і сродках прывялі да хуткага разьвіцьця атакі, брытанцы за 6 гадзін прарвалі абарону і прасунуліся на такую ж адлегласьць, на якую войскі ў апэрацыі на Іпры прасунуліся за 4 месяцы. Пры гэтым страты склалі толькі 4 тысячаў чалавек.[42]
Аднак у выніку імклівай атакі пяхота адстала, а танкі прасунуліся далёка наперад, нясучы сур’ёзныя страты. 30 лістапада 2-я нямецкая армія ажыцьцявіла раптоўную контраатаку, адкінуўшы сілы саюзьнікаў на першапачатковыя межы. Нягледзячы на адбіцьцё атакі, танкі даказалі сваю эфэктыўнасьць у баі, а сама бітва паклала пачатак шырокаму прымяненьню танкаў і разьвіцьцю супрацьтанкавай абароны.
Хаця саюзьнікі не дамагліся прарыву фронту, вынікам кампаніі 1917 году стаў крах плянаў немцаў па дасягненьні перамогі шляхам «неабмежаванай падводнай вайны» і пераход іх да стратэгічнай абароны. Наступальнай ініцыятывай завалодалі войскі саюзьнікаў.
1918 год: параза Нямеччыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля падпісаньня 3 сакавіка 1918 году Берасьцейскага замірэньня з Савецкай Расеяй і выхаду яе з вайны на Ўсходнім фронце вызвалілася 44 дывізіі, якія былі перакінутыя на Заходні фронт. Атрымаўшы перавагу на Заходнім фронце ў сілах і сродках (колькасьць дывізіяў павялічылася з 146 да 192 супраць 173 дывізіяў саюзьнікаў, а колькасьць нямецкіх войскаў павялічылася на 570 тысячаў чалавек[23]), нямецкае камандаваньне вырашыла перайсьці ў наступ з мэтай разгрому арміі Антанты да таго, як ЗША змаглі б павялічыць сваю прысутнасьць у Эўропе.
Згодна з плянам Людэндорфу нямецкія войскі павінны былі пачаць наступленьне ў раёне гораду Ам’ену і адрэзаць брытанскія войскі ад францускіх, адціснуўшы іх да ўзьбярэжжа Паўночнага мора.
Нямецкі наступ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы нямецкі наступ пачаўся 21 сакавіка. Перавага ў сілах (62 дывізіі, 6824 гарматы і каля 1000 самалётаў супраць 32 дывізіяў, каля 3000 гармат і каля 500 самалётаў у ангельцаў) дазволіла немцам прасунуцца на 60 кілямэтраў за першыя 8 дзён баёў. У адказ саюзьнікі ўвялі ў бой рэзэрвы і да 4 красавіка адкінулі нямецкія войскі, якія страцілі 230 тысячаў чалавек.[21]
14 красавіка Фэрдынанд Фош быў прызначаны вярхоўным галоўнакамандуючым саюзнымі войскамі, што дазволіла лепш каардынаваць дзеяньні брытанскіх і францускіх арміяў.
Немцы таксама праводзілі наступу ў раёне ракі Ліс (9 красавіка — 1 траўня), ракі Эна (27 траўня — 13 чэрвеня), паміж Мандыд’е і Нуаёнам (9—13 чэрвеня). Кожны раз, першапачаткова пасьпяховае разьвіцьцё атак нямецкіх войскаў, скончвалася правалам: прасунуўшыся на некалькі дзясяткаў кілямэтраў, яны не маглі пераадолець абарону саюзьнікаў.
15 ліпеня на рацэ Марна пачаўся апошні вялікі наступ нямецкіх войскаў (Бітва на Марне (1918)). Войскі 1-й і 3-й арміяў фарсіравалі раку, але змаглі прасунуцца толькі на 6 кілямэтраў. Адначасова войскі 7-й арміі няўдала атакавалі 6-ю францускую армію ў Рэймсу. 17 ліпеня саюзныя войскі спынілі прасоўваньне нямецкіх арміяў, і 18 ліпеня перайшлі ў контранаступ, адкінуўшы немцаў да 4 жніўня на першапачатковыя пазыцыі.
Контрнаступ саюзьнікаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8—13 жніўня саюзьнікі сіламі 4-й брытанскай, 1-й і 3-й францускай арміяў правялі Ам’енскую апэрацыю, падчас якой быў ліквідаваны Ам’енскі выступ, заняты 2-й і 18-й нямецкімі арміямі.
Апэрацыя пачалася раптоўна, без артпадрыхтоўкі; пры падтрымцы артылерыі пяхота і танкі саюзьнікаў прасунуліся за першы дзень наступу на 11 км. Людэндорф назваў 8 жніўня «чорным днём нямецкай арміі».[43] За наступныя пяць дзён апэрацыі лінія фронту была адсунутая яшчэ на 8—9 кілямэтраў.
12—15 верасьня амэрыканскія войскі пасьпяхова правялі першую буйную апэрацыю — атаку на Сэн-Міёльскі выступ. Улетку 1918 году ў Эўропу штомесяц прыбывала па 300 тысячаў амэрыканскіх салдатаў. Да верасьня іх колькасьць дасягнула 1 200 000 чалавек, а да канца вайны — 2,1 мільёну, што дазволіла ліквідаваць перавагу Нямеччыны ў жывой сіле.
26 верасьня, валодаючы перавагай перад немцаміі (202 дывізіі супраць 187[21]), саюзьнікі пачалі агульны Мёз-Аргонскі наступ па ўсім фронце ад Вэрдэну да Паўночнага мора. Змучаныя чатырохгадовай вайной нямецкія войскі пачалі здавацца ў палон. У кастрычніку Людэндорфа зьмяніў на пасадзе Вільгельм Гронэр. У выніку наступу лінія фронту да лістапада была адсунутая ўглыб да 80 кілямэтраў, да мяжы з Бэльгіяй, на поўначы — да лініі Гент — Монс.
У лістападзе ў Нямеччыне адбылася Лістападаўская рэвалюцыя, да ўлады прыйшоў новы ўрад Савет народных упаўнаважаных, які 11 лістапада, празь дзень пасьля свайго абраньня, заключыў Камп’енскае перамір’е, якое прадугледжвала неадкладнае спыненьне ваенных дзеяньняў, вывад нямецкіх войскаў з акупаваных тэрыторыяў, стварэньне на правым беразе Райну дэмілітарызаванай зоны. Вайна на Заходнім фронце скончылася.
Вынікі кампаніяў на Заходнім фронце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бітва | Год | Саюзьнікі | Нямеччына |
---|---|---|---|
Бітва на Марне | 1914 | 263 000 | 250 000 |
Вэрдэнская апэрацыя | 1916 | 714 033 | 426 519 |
Бітва на Соме | 1916 | 623 907 | 465 000 |
Наступленьне Нівэля | 1917 | 345 183 | 163 000 |
Вясновае наступленьне | 1918 | 850 000 | 688 000 |
Перамога саюзьнікаў над Нямеччынай на Заходнім фронце абумовіла галоўную ролю Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША ў выпрацоўцы ўмоваў мірных пагадненьняў на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. 28 чэрвеня 1919 году была падпісаная Вэрсальская дамова.
Паводле ўмоваў дамовы Нямеччына пазбавілася часткі сваёй тэрыторыі, усіх сваіх калёніяў, колькасьць яе сухапутнай арміі была абмежаваная 100 тысячамі чалавек, большая частка флёту перадавалася пераможцам, Нямеччына абавязвалася пакрыць страты краінаў Антанты, панесеныя ў выніку ваенных дзеяньняў. Вэрсальская дамова склала аснову Вэрсальска-Вашынгтонскай сыстэмы.
У мастацкай літаратуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ваенным падзеям, лёсам салдат і афіцэраў прысьвечаны творы Рэмарка («На Заходнім фронце нічога новага»), Юнгера («У стальных навальніцах»), Олдынгтана (кніга вершаў «Вобразы вайны»), Барбюса («Агонь») і іншых.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Official History of the Australian Army Medical Services, 1914–1918 Volume III – Special Problems and Services (1st edition, 1943) P. 870.
- ^ а б Чэрчыль (1923–1931). The World Crisis (Odhams 1938 ed.). London: Thornton Butterworth, P. 558.
- ^ Congressional Research Service, American War and Military Operations Casualties:Lists and Statistics
- ^ Annuaire statistique de la Belgique et du Congo Belge 1915–1919. Bruxelles. 1922, p.100
- ^ Statistics of the Military Effort of the British Empire During the Great War 1914–1920, The War Office, P. 352–357.
- ^ Statistics of the Military Effort of the British Empire During the Great War 1914–1920, The War Office, P. 352–357
- ^ Ministero della Difes: L’Esercito italiano nella Grande Guerra (1915-1918), vol. VII: Le operazioni fuori del territorio nazionale, t. 2°: Soldati d’Italia in terra di Francia, Rome 1951, n. 2, p. 218
- ^ First World War 1914—1918. Australian War Memorial. Праверана 6 снежня г. Архіўная копія ад 2012-01-28 г.
- ^ Sepoys in the Trenches: The Indian Corps on the Western Front 1914–15. — Spellmount Ltd., 1999.
- ^ Canada in the First World War and the Road to Vimy Ridge. Veteran Affairs Canada. Праверана 6 декабря 2006 г. Архіўная копія ад 2011-08-14 г.
- ^ New Zealand and the First World War — Overview. New Zealand's History Online. Праверана 26 января 2007 г. Архіўная копія ад 2012-01-28 г.
- ^ Uys I. S. The South Africans at Delville Wood. The South African Military History Society. Праверана 26 января 2007 г.
- ^ Hugo Rodrigues. Portugal in World War I. The First World War. Праверана 26 студзеня 2007 г. Архіўная копія ад 2007-09-29 г.
- ^ Austria-Hungary Goes to War. The Great War in a Different Light. Праверана 3 January 2009 г.
- ^ Der Weltkrieg 1914 bis 1918, т.14, с.544
- ^ Контрнаступление Антанты на Западном фронте в 1918 г. (издание французского генерального штаба). М., 1936, с. 24, 26, 29—31
- ^ Контрнаступление Антанты на Западном фронте в 1918 г. (издание французского генерального штаба). М., 1936, с. 32
- ^ Military Casualties-World War-Estimated," Statistics Branch, GS, War Department, 25 February 1924; cited in World War I: People, Politics, and Power, published by Britannica Educational Publishing (2010), P. 219
- ^ Statistics of the Military Effort of the British Empire During the Great War 1914–1920, The War Office, P. 356-357.
- ^ а б Заянчкоўскі А. М .: Першая сусьветная вайна
- ^ а б в г д е Першая сусветная вайна 1914—1918. ВСЭ, 3-е выд.
- ^ а б Пагранічная бітва 1914. ВСЭ, 3-е выд.
- ^ а б в г д е ё ж з World War I. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
- ^ Griess, 22—24, 25—26.
- ^ Marne, First Battle of the. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
- ^ Бег да мора. ВСЭ, 3-е выд.
- ^ Fuller, 165.
- ^ Фокер Антоні Герман Герард. ВСЭ, 3-е выд.
- ^ Lyons, 141.
- ^ Griess, 71-72.
- ^ а б Somme, First Battle of the. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
- ^ Камэнтарыі А. Коліна да кнігі: Цім Рыплі. Штыкі — да бою! Штык на палях бітваў XX стагодзьдзя. — М .: Эксма, 2006. — С.353.
- ^ Campbell, 42.
- ^ Сома (рака ў Францыі). ВСЭ, 3-е выд.
- ^ а б Nivelle, Robert-Georges. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
- ^ Griess, 144-5.
- ^ а б Нівэля наступ 1917. ВСЭ, 3-е выд.
- ^ Lyons, 243.
- ^ Marshall, 292.
- ^ Campbell, 71.
- ^ Wolff, Leon In Flanders Fields, Passchendaele 1917
- ^ Marshall, 317.
- ^ Griess, 155—156.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мировая война в цифрах. — М.: Военгиз, 1934. — 128 с — 15 000 экз.
- Эрлихман В. В. Потери народонаселения в XX веке. — М.: Русская панорама, 2004. — 176 с — (Весь мир). — 1500 экз. — ISBN 5-93165-107-1.
- Всемирная история: в 24-х тт. Т. 19. Первая мировая война/Бадан А. Н., Войнич И. Е., Волчек Н. М. и др. — Мн.: Литература, 1997.
- Мировые войны XX века: в 4 кн. / Ин-т всеобщей истории. — М.: Наука, 2002.
- Кн. 1: Первая мировая война: ист. очерк
- Кн. 2: Первая мировая война: док. и материалы
- Уткин А. И. Первая мировая война. — М.: Алгоритм, 2001. — 592 с — 5000 экз. — ISBN 5-926-50039-7.
- Шацилло В. К. Первая мировая война. 1914—1918. Факты. Документы. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2003. — 480 с — 5000 экз. — ISBN 5-224-03312-8.
- Такман Б. Жнівеньскія пушкі
- АЛЕКСАНДР НИКОЛАЕВИЧ ДЕ-ЛАЗАРИ. ХИМИЧЕСКОЕ ОРУЖИЕ НА ФРОНТАХ МИРОВОЙ ВОЙНЫ 1914—1918 гг.
- Марнская бітва 1914. ВСЭ, 3-е выд.
- Фландрская бітва 1914. ВСЭ, 3-е выд.
- Вердэнская аперацыя 1916. ВСЭ, 3-е выд.
- Камбрэ. ВСЭ, 3-е выд.
- Ам’енская аперацыя 1918. ВСЭ, 3-е выд.
- Версальскі мірны дагавор 1919. ВСЭ, 3-е выд.
- Verdun, Battle of. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
- Hindenburg Line. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
- Marne, Second Battle of the. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бітвы Першай сусьветнай вайны (рас.)
- Бітвы Першай сусьветнай вайны (рас.)
- Руская армія ў Вялікай вайне: Рускія войскі ў «Бойне Нівеля». Красавік 1917 (рас.)
- Матэрыялы на сайце Хронасу
- Марнская бітва (1914) (рас.)
- Бег да мора (рас.)
- Фляндрская бітва (1914) (рас.)
- Вэрдэнская апэрацыя (рас.)
- Бітва на Соме (рас.)
- Нівеля апэрацыя (рас.)
- Бітва пад Камбрэ (рас.)
- Сакавіцкі наступ у Пікардыі (рас.)
- Фляндрская бітва (1918) (рас.)
- Марнская бітва (1918) (рас.)
- Заходні фронт Першай сусьветнай вайны
- Кампаніі і тэатры ваенных дзеяньняў Першай сусьветнай вайны
- Бітвы Аўстра-Вугоршчыны
- Бітвы Нямеччыны
- Бітвы Партугаліі
- Бітвы Вялікабрытаніі
- Бітвы ЗША
- Бітвы Францыі
- Бітвы Бэльгіі
- Бітвы Расейскай імпэрыі
- Аўстра-Вугоршчына ў Першай сусьветнай вайне
- Нямеччына ў Першай сусьветнай вайне
- Расейская імпэрыя ў Першай сусьветнай вайне
- Вялікабрытанія ў Першай сусьветнай вайне
- Францыя ў Першай сусьветнай вайне
- ЗША ў Першай сусьветнай вайне
- Партугалія ў Першай сусьветнай вайне