Перайсьці да зьместу

Эрнст Юнгер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эрнст Юнгер
Ernst Jünger
Партрэт Эрнста Юнгера
Партрэт Эрнста Юнгера
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 29 сакавіка 1895
Гайдэльбэрг, Нямецкая імпэрыя
Памёр 17 лютага 1998 (102 гады)
Рыдлінген, Нямеччына
Пахаваны
Жонка Лізэлёта Лёрэр
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці вайсковец, энтамоляг, філёзаф, пісьменьнік, аўтар дзёньніку, журналіст, пісьменьнік навуковай фантастыкі, паэт
Кірунак вайна
Жанр дзёньнікі, раманы
Мова нямецкая[2]
Значныя творы
  • «In Stahlgewittern»
  • «Auf den Marmorklippen»
Узнагароды Прэмія Гётэ
Подпіс Выява аўтографу
http://www.juenger-haus.de/

Эрнст Ю́нгер (па-нямецку: Ernst Jünger; 29 сакавіка 1895, Гайдэльбэрг, Нямецкая імпэрыя — 17 лютага 1998, Рыдлінген, Нямеччына) — нямецкі пісьменьнік і філёзаф. Акрамя сваіх палітычных эсэ, раманаў і дзёньнікаў, вядомы дзякуючы дакумэнтальнаму аповеду пра свой досьвед у Першай сусьветнай вайне — «У сталёвых навальніцах».

Эрнст Юнгер паходзіў зь сярэдняе клясы. Бацька — інжынэр-хімік, пазьней фармацэўт. У 1901—1913 Эрнст навучаўся ў школе, а ў 1913 сышоў з хаты і ўступіў у Францускі замежны легіён. Аднак з пачаткам I сусьветнай вайны служыў у імпэратарскім нямецкім войску на Заходнім фронце. У 1917 атрымаў Жалезны крыж I клясы[3], а ў 1918 у званьні лейтэнанта — найвышэйшую прускую вайсковую ўзнагароду, Pour le Mérite.

Па вайне Юнгер служыў у войску Ваймарскай рэспублікі да дэмабілізацыі ў 1923. У 1925 ажаніўся з Грэтай фон Яйнсэн. Яны мелі двух дзяцей, Эрнста і Аляксандра (1934—1993).

У 1927 пераехаў у Бэрлін. Вывучаў марскую біялёгію, заалёгію, батаніку, філязофію і стаў вядомым энтамолягам.

Пасьля прыходу да ўлады нацыстаў Эрнст Юнгер адмовіўся і ад прапанаванага месца ў Райхстагу, і ад пасады кіраўніка Нямецкае акадэміі літаратуры[4]. Ён ня стаў сябрам НСДАП, адмовіўся выступаць на гебэльсавым радыё, напісаў у афіцыйную газэту НСДАП «Völkischer Beobachter» ліст з забаронай публікаваць ягоныя творы. Пасьля таго, як з вэтэранскай арганізацыі Гановэрскага палку «Traditionsverein der 73er» былі выключаныя ўсе жыды, Эрнст з братам Фрыдрыхам Георгам таксама пакінулі шэрагі гэтай арганізацыі[5].

У 1933 Юнгер зьехаў з Бэрліну; гестапа зладзіла ў ягонай хаце ператрус.

У II сусьветную вайну Эрнст Юнгер служыў капітанам. Знаходзячы на адміністрацыйнай пасадзе ў Парыжы, пазнаёміўся зь Пікаса і Както. Пасьля спробы забойства Гітлера быў зьняты з пасады, паколькі быў асабіста знаёмы зь некаторымі са змоўшчыкаў.

Па вайне выданьні Юнгера сьпярша былі забароненыя ў Нямеччыне з-за падазрэньняў у супрацоўніцтве з нацыстамі. У 1950-я ягоны аўтарытэт быў адноўлены, у 1965 выйшаў зборнік ягоных твораў у 10 тамох.

У 1960 памерла ягоная жонка Грэта, і ў 1962 Эрнст ажаніўся зь Лізэлётай Лёрэр.

Брат Эрнста Юнгера Фрыдрыха Георга — паэт і эсэіст.

У 1997 року Эрнст Юнгер навярнуўся ў рыма-каталіцтва. Памёр у Рыдлінгене ў 102-гадовым узросьце, апошнім з носьбітаў вайсковага ордэну Pour le Mérite.

Эрнст Юнгер пасьля I сусьветнай вайны

Першым ягоным творам, выдадзеным у 1920 року, стала кніга «Ў сталёвых навальніцах» (ням. In Stahlgewittern), якая прынесла яму нечаканую славу. Кніга была складзеная на аснове ўласнага досьведу аўтара і ацэненая як усхваленьне вайны. Нягледзячы на ягоную дыстанцыянавасьць ад нацыстаў, кніга «Ў сталёвых навальніцах» карысталася вялікім попытам у Нямеччыне ў 1930-х[6].

У кнізе «Вагонь і кроў» (ням. Feuer und Blut, 1925), як і ў «У сталёвых навальніцах», Юнгер усхвальваў вайну як унутраную падзею. Ён крытыкаваў крохкасьць і нестабільнасьць дэмакратыі ў Ваймарскай рэспубліцы, адзначаючы, што «ненавідзеў дэмакратыю як мор»[7].

У працы «Пра нацыяналізм і жыдоўскае пытаньне» (ням. Über Nationalismus und Judenfrage, выдадзенай у 1930, Юнгер прадставіў жыдоў пагрозай адзінству Нямеччыны і рэкамэндаваў асыміляцыю або эміграцыю ў Палестыну.

У 1948 былі надрукаваныя ягоныя дзёньнікі Другой сусьветнай вайны пад назовам «Рэфлексіі» (ням. Strahlungen).

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1985, у гонар 90-годзьдзя пісьменьніка, нямецкая зямля Бадэн-Вюртэмбэрг заснавала прэмію ягонага імя па энтамалёгіі. Яна ўручаецца штотры гады за выбітныя дасягненьні па энтамалёгіі.

  1. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  2. ^ Jünger, Ernst, 1895-1998 // CONOR.SI
  3. ^ Jünger 2004. С. 119.
  4. ^ Hoffmann 2004 . С. viii.
  5. ^ Hilary Barr. An Exchange on Ernst Jünger (анг.) // New York Review of Books, 24 чэрвеня 1993 г. Праверана 8 ліпеня 2013 г.
  6. ^ Hoffmann 2004 . С. x.
  7. ^ Hoffmann 2004 . С. vii.
  •  Jünger, Ernst Storm of Steel (ням.) = In Stahlgewittern. — London: Penguin, 2004. — ISBN 0-86527-310-3
  •  Hoffmann, Michael Introduction. — London: Penguin, 2004.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эрнст Юнгерсховішча мультымэдыйных матэрыялаў