Перайсьці да зьместу

Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь
Львоўская школа падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў, Львоўская школа падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў №302, Львоўская сярэдняя спэцыяльная школа, Магілёўская сярэдняя спэцыяльная школа №302, Менская сярэдняя спэцыяльная школа №302, Найвышэйшыя курсы КДБ СССР, Найвышэйшыя курсы КДБ Беларусі, Інстытут нацыянальнай бясьпекі Беларусі, Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі
2013 год
2013 год
Заснаваны 27 сьнежня 1946 (77 гадоў таму)[1]
Тып дзяржаўная
Начальнік Ігар Паўлюшчанка
Факультэтаў 3
Колькасьць пэрсаналу звыш 65 выкладнікаў (2022 год)
Колькасьць студэнтаў звыш 1000 (2006 год)
Месцазнаходжаньне
Геаграфічныя каардынаты 53°54′28″ пн. ш. 27°34′56″ у. д. / 53.90778° пн. ш. 27.58222° у. д. / 53.90778; 27.58222Каардынаты: 53°54′28″ пн. ш. 27°34′56″ у. д. / 53.90778° пн. ш. 27.58222° у. д. / 53.90778; 27.58222
Горад Менск
Краіна Беларусь
Кампус гарадзкі
Былыя назвы Львоўская школа падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў (да 15 ліпеня 1952 г.), Львоўская сярэдняя спэцыяльная школа (да 20 лістапада 1954 г.), Магілёўская ССШ (да 21 жніўня 1961 г.), Менская ССШ (да 13 лістапада 1964 г.), Найвышэйшыя курсы КДБ СССР (да 15 студзеня 1992 г.), Найвышэйшыя курсы КДБ Беларусі (да 1 красавіка 1994 г.), Інстытут нацыянальнай бясьпекі Беларусі (да 10 кастрычніка 2022 г.)
Знаходзіцца ў складзе Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі
Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь на мапе Беларусі
Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь
Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь
Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь

Акадэ́мія нацыяна́льнай бясьпе́кі Рэспу́блікі Белару́сь — вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў сьнежні 1946 году ў якасьці Львоўскай школы падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў (цяпер Украіна).

На 2022 год АНБ Беларусі месьцілася ў Партызанскім раёне Менску па вуліцы Зьмітрака Бядулі, д. 2 (мікрараён Захарава-Пуліхава).

Паводле 13-га артыкула Статуту Акадэміі нацыянальнай бясьпекі Беларусі 2022 году, асноўнымі задачамі АНБ былі:

  1. падрыхтоўка адмыслоўцаў з вышэйшай адукацыяй у галіне забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі;
  2. павышэньне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кіраўнічых працаўнікоў і адмыслоўцаў у гэтай галіне;
  3. ладжаньне і правядзеньне фундамэнтальных і дастасоўных навуковых дасьледаваньняў у гэтай галіне;
  4. падрыхтоўка навуковых працаўнікоў найвышэйшай кваліфікацыі ў гэтай галіне;
  5. ладжаньне і правядзеньне ідэалягічнай і выхаваўчай працы;
  6. ладжаньне і ажыцьцяўленьне навуковай і інавацыйнай дзейнасьці;
  7. удзел у выкананьні задачаў, ускладзеных на органы дзяржаўнай бясьпекі[2].

Згодна з 14-м артыкулам Статуту АНБ выконвала 11 функцыяў:

  • адукацыя ў галіне забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі;
  • унясеньне прапановаў аб адкрыцьці падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі паводле спэцыяльнасьцяў адмыслоўцаў для органаў дзяржбясьпекі і іншых сілаў забесьпячэньня нацбясьпекі;
  • вызначэньне зьместу, формаў і спосабаў навучаньня і выхаваньня, якія забясьпечваюць якасьць адукацыі ў адпаведнасьці з адукацыйнымі стандартамі;
  • ідэалягічная і выхаваўчая праца з асабовым складам АНБ;
  • удзел у навуковай і навукова-тэхнічнай, досьледнай і інавацыйнай дзейнасьці, навукова-мэтадычным забесьпячэньні адукацыі ў галіне нацбясьпекі;
  • удзел у падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў у галіне нацбясьпекі, ва ўкараненьні вынікаў навуковых дасьледаваньня ў дзейнасьць КДБ і іншых сілаў забесьпячэньня нацбясьпекі;
  • міжнародная супраца ў галіне адукацыі і навукі, вонкавага гандлю, у тым ліку ў дачыненьні адмысловых тавараў і паслугаў;
  • даходная дзейнасьць;
  • ахова інфармацыі, распаўсюд і наданьне якой абмяжоўваецца, забесьпячэньне бясьпекі, усталяваньне рэжыму аховы тэрыторыі і прапускнога рэжыму ў адпаведнасьці зь мясцовымі прававымі актамі КДБ Беларусі;
  • паліграфічная і выдавецкая дзейнасьць;
  • дзейнасьць у галіне сувязі[2].

Будова і асабовы склад

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 16-м артыкуле Статуту АНБ Беларусі 2022 году да кіраўніцтва залічаліся начальнік АНБ і 3 ягоныя намесьнікі, зь якіх адзін першы. Паводле 17-га артыкула, асноўнымі падразьдзяленьнямі былі: факультэты з курсантамі і слухачамі, аддзяленьні і асяродкі, катэдры, навучальна-мэтадычныя і навукова-дасьледчыя падразьдзяленьні. Згодна з 18-м артыкулам забесьпячальныя падразьдзяленьні ажыцьцяўлялі тэхнічнае абслугоўваньне АНБ[2].

Паводле 22-га артыкула Статуту АНБ Беларусі, пастаянны склад утваралі вайскоўцы і цывільны пэрсанал АНБ. Зьменны склад утваралі навучэнцы: курсанты і слухачы, дактаранты, ад'юнкты і сушукальнікі. У 26-м артыкуле згадвалася, што лекарскую дапамогу зьменнаму складу АНБ аказвала ўстанова аховы здароўя Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Згодна з 27-м артыкулам зьменны склад АНБ зь ліку вайскоўцаў іншых вайсковых фармаваньняў, асобаў начальніцкага і шараговага складу ваенізаваных установаў мелі ўтрымлівацца іх уласнымі фармаваньнямі і ўстановамі грашовым забесьпячэньнем (заробкам), харчаваньнем і маёмасьцю харчовай службы, рэчавай маёмасьцю (форменнай вопраткай) і лекарскім абслугоўваньнем[2].

На 2012 год дзейнічала 5 факультэтаў, зь іх 3 асноўныя: падрыхтоўкі (супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй цягам 2-х гадоў), памежных войскаў і мытны. Дадаткова існавалі 2 факультэты перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі, а таксама аддзяленьне кіраўнічага складу для Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі[3].

Навучаньне і навука

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 30-га артыкула Статуту АНБ Беларусі 2022 году, АНБ ажыцьцяўляў адукацыйныя праграмы як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай падставе. Згодна з 33-м артыкулам «мовы навучаньня і выхаваньня ў АНБ — беларуская і расейская, пры патрэбе — замежныя». У 35-м артыкуле згадваліся вочная, завочная і аддаленая формы навучаньня, а таксама сушукальніцтва. Паводле 37-га артыкула, тэрмін атрыманьня 2-й вышэйшай адукацыі ў АНБ складаў прынамсі 2 гады. Згодна з 42-м артыкулам начальнік АНБ зацьвярджаў Палажэньне аб Навуковай радзе АНБ, якое вызначала яе паўнамоцтвы, склад і дзейнасьць у галіне ладжаньня навуковай дзейнасьці, павышэньня выніковасьці навуковых дасьледаваньня і ўкараненьня атрыманых вынікаў. У 43-м артыкуле прадугледжвалася стварэньне Радаў абароны дысэртацыяў[2].

На 2012 год навучальныя дысцыпліны падзяляліся на: грамадзкія, правазнаўчыя і апэратыўна-вышукавыя. У навучальнай нагрузцы пераважала вывучэньне замежных моваў, псыхалёгіі і права. Дзейнічала бібліятэка адмысловай літаратуры і 2 Рады абароны дысэртацыяў. Выдавалі часопіс «Працы Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», які Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі прызнала прыдатным для абнародаваньня навуковых артыкулаў[3].

Кіраваньне і маёмасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з 44-м артыкулам Статуту АНБ Беларусі 2022 году прэзыдэнт Беларусі прызначаў і вызваляў ад вайсковай пасады начальніка АНБ на прапанову старшыні КДБ Беларусі. Паводле 50-га артыкула, матэрыяльна-тэхнічную базу АНБ складалі зямельныя дзялянкі і будынкі, збудаваньні і ўзбраеньне, вайсковая тэхніка і транспартныя сродкі, а таксама абсталяваньне. У 57-м артыкуле прадугледжвалася пераўтварэньне АНБ паводле рашэньня прэзыдэнта Беларусі[2]. У Астрошыцкім сельсавеце Лагойскага раёну каля аўтамагістралі М3 месьцілася палявая навучальная база АНБ.

Міжнародная супраца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 55-м артыкуле Статуту АНБ Беларусі 2022 году згадвалася, што міжнародную супрацу АНБ ажыцьцяўляла ў рамках міжнародных дамоваў Беларусі, дамоваў АНБ і ўстановаў замежнай дзяржавы, а таксама міжнародных праграмаў і праектаў у галіне адукацыі і навукі[2]. На 2012 год ажыцьцяўлялі перападрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі супрацоўнікаў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Дзейнічалі дамовы аб супрацы з Парлямэнцкай асамблеяй Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы і «Цэнтрам дастасоўнай псыхафізыялёгіі» ў Маскве[3].

27 сьнежня 1946 году міністар дзяржаўнай бясьпекі СССР Віктар Абакумаў падпісаў Загад № 563 аб стварэньні Львоўскай школы падрыхтоўкі апэратыўных працаўнікоў (Украінская ССР). 5 красавіка 1952 году школа атрымала № 302. 15 ліпеня 1952 году яе пераўтварылі ў Львоўскую сярэднюю спэцыяльную школу, чые выпускнікі сталі атрымліваць дыплём аб сярэдняй правазнаўчай адукацыі. 20 лістапада 1954 году старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Іван Сяроў падпісаў Загад № 753 аб перамяшчэньні Львоўскай сярэдняй спэцыяльнай школы № 302 у Магілёў (Беларуская ССР) да 1 сьнежня 1954 году. У 1956 годзе Магілёўская сярэдняя спэцыяльная школа (ССШ) № 302 пачала падрыхтоўку апэратыўных працаўнікоў выключна на аснове вышэйшай адукацыі. У 1957—1960 гадоў рыхтавалі супрацоўнікаў КДБ зь веданьнем замежнай мовы, а таксама іх перападрыхтоўку. У выніку Магілёўская ССШ № 302 стала адной з 2-х у Савецкім Саюзе навучальных установаў, якія рыхтавалі супрацоўнікаў для тэрытарыяльных органаў КДБ[4].

21 жніўня 1961 году старшыня КДБ Аляксандар Шалепін падпісаў Загад № 142 аб перамяшчэньні Магілёўскай ССШ № 302 у Менск да 1 верасьня 1961 году. У выніку да навучаньня курсантаў сталі прыцягваць акадэмічных выкладнікаў. 18 верасьня 1964 году Савет міністраў СССР ўхваліў Распараджэньне аб пераўтварэньні Менскай ССШ № 302 у Найвышэйшыя курсы КДБ. 13 лістапада 1964 году адпаведны Ўказ № 321 падпісаў старшыня КДБ Уладзімер Сямічасны. У выніку перайшлі на гадавы тэрмін навучаньня апэратыўных працаўнікоў. У 1988 годзе сталі выдаваць дыплём аб вышэйшай спэцыяльнай адукацыі[4].

15 студзеня 1992 году Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастанову № 1416-ХІІ аб пераводзе Найвышэйшых курсаў КДБ у падпарадкаваньне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі[4]. 19 жніўня 1993 году Кабінэт міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову «Аб стварэньні часьце памежных войскаў», паводле якога Найвышэйшыя курсы КДБ Беларусі пачалі рыхтаваць памежнікаў паводле больш як 20 спэцыяльнасьцяў[3]. 1 красавіка 1994 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі ўхваліў Пастанову № 59 с аб пераўтварэньні Найвышэйшых курсаў КДБ Беларусі ў Інстытут нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь (ІНБ Беларусі)[4]. 29 верасьня 1994 году на факультэце памежных войскаў ІНБ Беларусі стварылі катэдру тактыкі і падрыхтоўкі памежных войскаў, а 16 кастрычніка 1995 году — кіраўніцтва апэратыўнай дзейнасьцю (адмысловую катэдру)[3]. У 1994 годзе запрацавала ад’юнктура. На 1999 год налічвалася 11 катэдраў[5]. У 1998 годзе на факультэце памежных войскаў ІНБ стварылі навукова-дасьледчую лябараторыю, якую 21 красавіка 2001 году пераўтварылі ў Цэнтар памежных дасьледаваньняў. Адначасна ў 2001 годзе стварылі цыкль падрыхтоўкі ахоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі[3].

У 1999 годзе ў ІНБ Беларусі стварылі дактарантуру. 15 красавіка 2004 году Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ухваліў Рашэньне № 788 аб уліку ІНБ Беларусі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за № 100783435. 1 лютага 2006 году старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў беларусі падпісаў Загад аб стварэньня навукова-дасьледчага аддзелу псыхалягічнага суправаджэньня на факкультэце памежных войскаў[3]. У 2006 годзе ІНБ Беларусі выпусьціў 1000 адмыслоўцаў з улікам перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі. На 2010 год налічвалася 3 факультэты[6].

На 2022 год ІНБ Беларусі ўлучаў 12 катэдраў і 3 асноўныя факультэты, 2 навукова-дасьледчыя аддзелы і дактарантуру. У Інстытуце выкладалі 26 дацэнтаў і 21 кандыдат навук, 9 прафэсароў і 8 дактароў навук, а таксама акадэмік. Сярод іх былі гісторыкі і грамадазнаўцы, заслужаныя дзеячы мастацтваў і палітолягі, сябры Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і правазнаўцы, псыхолягі і майстры спорту міжнароднай клясы, філёзафы і эканамісты. ІНБ Беларусі рыхтаваў адмыслоўцаў у галіне нацыянальнай бясьпекі зь ліку вайскоўцаў-кантрактнікаў КДБ Беларусі, падбор і накіраваньне на навучаньне якіх ажыцьцяўлялі тэрытарыяльныя падразьдзяленьні КДБ. Умовамі паступленьня былі: беларускае грамадзянства і вышэйшая адукацыя, вайсковая служба паводле закліку і працоўны стаж ад году, а таксама адсутнасьць судзімасьці[4]. 10 кастрычніка 2022 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 355 «Аб Акадэміі нацыянальнай бясьпекі» (АНБ), у якую перайменаваў ІНБ Беларусі. Да Ўказу № 355 прыкладаўся Статут АНБ Беларусі[7].

  1. ^ Лукашэнка павіншаваў калектыў Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Беларусі зь 75-годзьдзем установы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 сьнежня 2021 г. Архіўная копія ад 27 сьнежня 2021 г. Праверана 18 кастрычніка 2022 г.
  2. ^ а б в г д е ё А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2022 г. № 355 «Аб Акадэміі нацыянальнай бясьпекі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 12 кастрычніка 2022 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  3. ^ а б в г д е ё Единая с Отечеством судьба / Н. И. Смирнов. — Минск, 2012. — 213 с.
  4. ^ а б в г д ДУА «Інстытут нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» // Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, 2022 г. Праверана 18 кастрычніка 2022 г.
  5. ^ Станіслаў Князеў. Нацыянальнай бясьпекі Інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 226. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  6. ^ Станіслаў Князеў. Інстытут нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь // Ваенная энцыкляпэдыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 452. — 1136 с. — 2100 ас. — ISBN 978-985-11-0542-3
  7. ^ Аб зьмяненьні ўказаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 10 кастрычніка 2022 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  8. ^ Інстытут нацыянальнай бясьпекі ачоліў былы кіраўнік зьнешняй выведкі КДБ // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 10 ліпеня 2008 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  9. ^ Зьміцер Панкавец. Ракіроўкі ў КДБ: адыёзнага Ігара Кузьняцова замяніў Іван Корж // Газэта «Наша ніва», 23 траўня 2014 г. Архіўная копія ад 23 траўня 2014 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  10. ^ БелТА. Лукашэнка прызначыў начальніка Інстытуту нацыянальнай бясьпекі // Прэс-цэнтар «Хартыі’97», 8 лістапада 2016 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  11. ^ Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэньні ў кіраўніцтве КДБ // Беларускае радыё «Рацыя», 30 чэрвеня 2018 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  12. ^ Зьміцер Панкавец. Зьмяніліся пяцёра з шасьці кіраўнікоў абласных КДБ, але ня ўсё так проста // Газэта «Наша ніва», 4 ліпеня 2018 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  13. ^ Палкоўнік Ігар Паўлюшчанка прызначаны начальнікам Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Беларусі // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 24 красавіка 2020 г. Праверана 19 кастрычніка 2022 г.
  14. ^ Этапы большого пути 1946—2006 (очерки истории ИНБ РБ) / Сост.: А. П. Ходанович, Г. П. Сенюков. — Минск, 2008. — 109 с.