Хартыя’97
«Хартыя’97» | |
Файл:Logo charter97.png | |
Дата ўтварэньня | 10 лістапада 1997 (27 гадоў таму) |
---|---|
Юрыдычны статус | Арганізацыйны камітэт |
Мэта | Аднова народаўладзьдзя ў Беларусі |
Штаб-кватэра | Варшава (Польшча) |
Міжнародны каардынатар | Андрэй Саньнікаў |
Сайт | www.charter97.org |
«Хартыя’97» — абвешчанае 10 лістапада 1997 году беларускае грамадзянскае згуртаваньне адновы народаўладзьдзя ў Беларусі замест усталяванай дыктатуры (Аляксандра Лукашэнкі) дзеля прадухіленьня ўтварэньня таталітарнай імпэрыі на постсавецкай прасторы. Складзеная па аналёгіі з Хартыяй’77 — дэклярацыяй, што абвесьціла прынцыпы пераадоленьня таталітарызму і аднаўленьня дэмакратыі ў Чэхаславаччыне. Тэкст на прапанову журналіста Зьмітра Бандарэнкі[1] напісаў псыхоляг Уладзімер Уладзімеравіч Мацкевіч[2]. Канстатавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, разбурэньне нацыянальнай культуры. Тэкст апублікавалі тагачасныя вядучыя незалежныя газэты: «Имя», «БДГ», «Народная воля», «Свабода», «Свободные новости» і іншыя.
У арганізацыйны камітэт грамадзкай ініцыятывы ў розны час уваходзілі Андрэй Саньнікаў, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Мацкевіч, Віктар Івашкевіч, Людміла Гразнова, Пётар Марцаў, Юры Хашчавацкі і іншыя вядомыя дзеячы. Першымі Хартыю падпісалі 104 вядомыя ў краіне палітыкі, грамадзкія і культурныя дзеячы, журналісты. З найбольш значных урадоўцаў сярод іх былі 2-ія міністар унутраных справаў Юры Захаранка (1994—1995), міністар абароны Павал Казлоўскі (1992—1994), старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч (1991—1995) і старшыня ўраду Міхаіл Чыгір (1994—1996), міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч (1994—1998), усе 3 старшыні Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч (1991—1994), Мечыслаў Грыб (1994—1996) і Сямён Шарэцкі (1996). Пазьней дакумэнт падпісалі больш за 100 000 грамадзян Беларусі.[3]
Сайт
«Хартыя’97» | |
Тып | навіновы |
---|---|
Даступныя мовы | Беларуская, ангельская, расейская |
Пачатак працы | 11 верасьня 1998 (26 гадоў таму) |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | няма |
Актуальны стан | Дзейны |
Рэйтынг Alexa | 20 (у Беларусі) |
www.charter97.org |
У ліпені 1998 г. адбылася рэгістрацыя дамэну charter97.org і стварэньне першага дызайну старонкі. 11 верасьня сайт пачаў працу. Абнаўленьне разьдзелаў адбывалася штомесяц. Ладзілася рассылка навінаў на электронную пошту. Сайт патрапіў у 20-ку найбольш наведвальных грамадзка-палітычных бачынаў паводле расейскага вэб-лічыльніка «Рамблер». 4 студзеня 1999 году пачалося штодзённае абнаўленьне навінаў і зьмяніўся выгляд сайту, які стаўся 43-ім дададзеным у каталёг беларускага вэб-лічыльніка «Акавіта» (www.akavita.by). 30 траўня бачына ўпершыню займела больш за 1000 непаўторных наведнікаў за дзень праз асьвятленьне трагедыі на Нямізе, зьвесткі і фатаздымкі аб якой скарысталі замежныя выданьні. 21 ліпеня ўпершыню адбылася наўпроставая перадача зь Менску ў сеціва аб вулічным сходзе «Провады прэзыдэнта», прысьвечаным сканчэньню прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі. Таксама цягам году адбыліся першыя он-лайн-канфэрэнцыі з палітыкамі.
9 верасьня 2001 году Дзяржаўны цэнтар бясьпекі зьвестак, які кіраваў сыстэмай дамэнных імёнаў у зоне .by, на загад Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь блякаваў доступ да сайту ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. 19 красавіка 2002 году сайт упершыню зьмясьціў відэакліпы аб вулічным шэсьці «Так жыць нельга». У кастрычніку лік наведнікаў дасягнуў 50 тыс. з 80 краінаў, бо сайт ад пачатку меў ангельскамоўную вэрсію. Увосень 2003 году першым навіны сайту пачаў разьмяшчаць расейскі партал «Яндэкс». З 17 кастрычніка 2004 году сайт зноў блякавалі цягам тыдня вулічных шэсьцяў супраць махінацыяў з вынікамі парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. З 19 сакавіка 2006 году бачыну блякавалі да разгону 25 сакавіка вулічнага сходу на Кастрычніцкай плошчы сталіцы супраць фальсыфікаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Увосень 2007 году адбыўся запуск сучаснага дызайну сайту[4]. У красавіку 2010 году сайт займаў 19 месца ў рэйтынгу беларускіх сайтаў па колькасьці наведвальнікаў зь Беларусі паводле зьвестак «Акавіты»[5]. 23 сакавіка 2011 году Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла пазасудовую пастанову аб закрыцьці наўпроставага доступу да сайту з урадавых установаў на падставе ўласнага абвінавачаньня ў парушэньні часткі 2 артыкула 8 Закону аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь («Да атрыманьня дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства.. асобы ня маюць права абвяшчаць у сродках масавай інфармацыі аб даце, месцы і часе яго правядзеньня»)[6]. 29 і 30 сьнежня 2011 году сайт прыпыняў працу праз узлом[7]. 14 верасьня 2012 году сайт займеў сваю сядзібу ў Варшаве (Польшча)[8].
Журналісты
- Алег Бябенін, заснавальнік і першы кіраўнік (1998—2010)
- Натальля Радзіна, рэдактарка
- Мікалай Халезін
- Аляксандар Атрошчанкаў
Крытыка
Уранку 11 красавіка 2007 году сайт зьмясьціў адцэнзураваную частку інтэрвію старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Зянона Пазьняка, якое той даў Сяргею Навумчыку для Радыё «Свабода» ў Нью-Ёрку (ЗША)[9]. А 17-ай гадзіне поўны тэкст інтэрвію зьявіўся на сайце радыё[10]. На сайце «Хартыі’97» зь інтэрвію выкрэсьлілі ўрывак з адказу датычна гвалтоўнага спыненьня галадоўкі супраць неканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 году: «Што да некаторых псэўдаапазыцыйных дзеячоў, дык яны альбо тады былі ў хунце, падтрымлівалі Лукашэнку ў гэтай гнюснай справе, альбо, ў лепшым выпадку, маўчалі. Гэта прэм’ер Чыгір, Ганчар, Булахаў, Лябедзька, міністры Лявонаў і Марыніч, Фядута». Таксама выкрэсьлілі згадку пра былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Сяргея Скрабца і Валерыя Фралова: «Нядаўна ў Менску два арыгіналы кухоннай думкі на поўным сур’ёзе прыкінуліся сьвяцейшымі за Лукашэнку (ўсё згодна з „тэорыяй шлангу“) і абвясьцілі мітынг „едіненія“ з Расеяй, пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і расейскім трыкалёрам».
З апошняга адказу аб ігнараваньні праблемаў беларускай мовы і нацыянальнай культуры выдалілі 3 з 4 абзацаў: «Чужая імпэрская прапаганда супрацьпастаўляе Адраджэньню пазыцыю „статус кво“, якая накіраваная на замацаваньне вынікаў акупацыйнай палітыкі ў якасьці сацыяльнай нормы(en), на якую мусіць абапірацца ўсялякае праўнае і грамадзкае дзеяньне. Зьмяненьне дэмаграфічнай сытуацыі ў выніку генацыду, зьнішчэньне беларускай школы, забарона беларускай мовы, русыфікацыя, — усё гэта прадстаўлялася рускімі камуністамі і імпэрцамі усіх масьцяў як існуючая норма грамадзтва. Як існуючае дэ-факто. А яно так і было.
Грамадзкая дэфармацыя — вынік антыбеларускай палітыкі — прадстаўлялася як „статус кво“, на падставе якога мусіў бы і далей існаваць народ. Усялякая спроба выпраўленьня дэфармацыі трактавалася імпэрцамі як радыкалізм, экстрэмізм, парушэньне парадку, гвалт над грамадзтвам і гэтак далей.
Агрэсіўнасьць пазыцыі «статус-кво» вынікае зь яе імпэрскай антыбеларускай сутнасьці. Усе антынацыянальныя, так званыя «агульнадэмакратычныя» і прамаскоўскія групы стаялі і стаяць на пазыцыі «статус-кво». З гэтай жа пазыцыі вынікае і кухонная філязофія «прыкідваньня», патрабаваньне «не выпячвацца з нацыянальнай ідэяй, зь беларускай мовай» і гэтак далей. Усё гэта гучыць часам камічна, але ня выглядае, аднак, такім ужо і сьмешным, бо адлюстроўвае выразную антыбеларускую пазыцыю, выяўленую ў дэмагагічнай і бесталковай форме»[11].
Глядзіце таксама
Крыніцы
- ^ 10 гадоў Хартыі’97 // Хартыя’97, 10 лістапада 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
- ^ Мацкевіч Уладзімер Уладзімеравіч Хто ёсьць хто ў Беларусі. Радыё «Рацыя». Праверана 28 лютага 2012 г.
- ^ Віншуем Хартыю’97 з юбілеем!
- ^ Сайту Хартыі - 10 год // Хартыя’97, 11 верасьня 2008 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
- ^ У красавіку 2010 году сайт займаў 19 месца ў рэйтынгу беларускіх сайтаў па колькасьці наведвальнікаў зь Беларусі паводле зьвестак «Акавіты»
- ^ Сяргей Гезгала (11 красавіка 2011) У Беларусі абмежаваны доступ да сайтаў «Хартыя-97» і «Беларускі партызан». Наша Ніва. Праверана 28 лютага 2012 г.
- ^ БелаПАН. Сайт «Хартыя’97» паўторна ўзламаны, прыпыніў працу // Наша Ніва, 30 сьнежня 2011 г. Праверана 1 сакавіка 2013 г.
- ^ Зьміцер Уласаў. У Варшаве адкрыўся офіс «Хартыі-97» // БелаПАН, 14 верасьня 2012 г. Праверана 1 сакавіка 2013 г.
- ^ Зянон Пазьняк: «У тую ноч кіраваў "апэрацыяй" Лукашэнка» // Хартыя’97, 11 красавіка 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
- ^ Сяргей Навумчык. Зянон Пазьняк: «У тую ноч кіраваў “апэрацыяй” Лукашэнка» // Радыё «Свабода», 11 красавіка 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
- ^ Янка Базыль. Фальшыўка ад «Хартыі’97» // Беларуская Салідарнасьць, 17 красавіка 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.