Перайсьці да зьместу

Васіль Севасьцьянавіч Лявонаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Лявонаў
Міністар сельскай гаспарадкі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь
4 жніўня 1994 — 19 лістапада 1997
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Чыгір (да 18 лістапада 1996), Сяргей Лінг
Папярэднік: Фёдар Мірачыцкі
Наступнік: Іван Шакола
Гандлёвы прадстаўнік Беларусі ў Нямеччыне
1991 — 1993
Прэм’ер-міністар: Вячаслаў Кебіч
Першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэту КПБ
1983 — 1990
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Кавалёў, Уладзімер Бровікаў (да 1986 г.)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 16 красавіка 1938
вёска Дубянец, Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Памёр: 4 студзеня 2015
пасёлак Шчомысьліца, Менскі раён, Беларусь
Партыя: КПСС
Бацька: Севасьцьян Лявонаў
Адукацыя: Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі (1964)
Узнагароды:
ордэн Леніна
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лявонаў.

Васі́ль Севасьцья́навіч Ляво́наў (16 красавіка 1938, в. Дубянец, Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць — 4 студзеня 2015, пас. Шчомысьліца, Менскі раён) — дзяржаўны дзяяч Беларусі.

У 1964 скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, а потым Менскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў цесьляром, шахтарам на Данбасе (Украінская ССР), інжынэрам-мэханікам, старшынём саўгасу ў Магілёўскай вобласьці. Затым быў першым намесьнікам начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўленьня сельскай гаспадаркі (1972—1975), першым сакратаром Горацкага райкаму КПБ (1975—1979), першым намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму (1982—1983), першым сакратаром Магілёўскага абкаму КПБ (1983—1990)[2]​. У 1984—1989 гг. дэпутат Вярхоўнага Савету СССР, старшыня Мандатнай камісіі. У 1991 на некалькі месяцаў прызначаны вядучым спэцыялістам Галоўнага ўпраўленьня эканамічных сувязяў з капіталістычнымі краінамі ў Маскве. Пасьля яго накіравалі гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыну (1991—1994).

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году падтрымаў тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча. Пасьля яго паразы прыняў прапанову прэзыдэнта А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. У якасьці міністра заклікаў правесьці рынкавыя пераўтварэньні ў сельскай гаспадарцы[3]. Увосень 1994 г. пасьпеў увесьці вольнае цэнаўтварэньне на малако ў Магілёўскай вобласьці, аднак рэформе запярэчыў А.Лукашэнка[4].

Не падтрымаў правядзеньня неканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі. Лявонава арыштавалі 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінэце. Яго арышт здымала група зь Беларускага тэлебачаньня. Яго абвінавацілі па артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: 91.1 — «крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах», 169 — «атрыманьне хабару» і 213 — «незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі». На судзе Лявонаў віны не прызнаў, заявіўшы, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай. 14 студзеня 2000 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прызнаў Лявонава вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ды пакараў 4 гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Вызваліўся 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

У 2001 г. узначаліў аргкамітэт руху «За новую Беларусь». Напісаў кнігу ўспамінаў. З 1990-х гг. жыў у пасёлку Шчомысьліца Менскага раёну[5].