.by

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
.by
DotBy domain logo.png
Уведзены 10 траўня 1994 (26 гадоў таму)
Тып дамэну Нацыянальны дамэн верхняга ўзроўню
Статус дзейны
Рэгістратар «Надзейныя праграмы»
Арганізатар Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь
Прызначэньне аб’екты, зьвязаныя з Рэспублікай Беларусь
Выкарыстаньне папулярны ў Беларусі
Дакумэнты Інструкцыя аб парадку рэгістрацыі дамэнных імёнаў у прасторы герархічных імёнаў нацыянальнага сэгмэнта сеткі Інтэрнэт
Вэб-старонка cctld.by

.byнацыянальны дамэн верхняга ўзроўню для Беларусі, зарэгістраваны Сеціўным таварыствам па надаваньні імёнаў і нумароў 5 траўня 1994 г. і створаны IANA 10 траўня 1994 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы зарэгістраваны беларускі дамэн — minsk.by, які робіцца геаграфічнаю зонаю. У канцы 1994 году ўтвораныя (суб)дамэны — ok.minsk.by (верасень?), cacedu.minsk.by (канец 1994 — пачатак 1995?). На студзень 1995 году ў Беларусі 1 дамэн (minsk.by) і 2 гасты (ok.minsk.by, cacedu.minsk.by), у ліпені 1 дамэн і 5 гастоў.

На студзень 1996 у Беларусі 4 дамэны (ac.by, bas-net.by, minsk.by, unibel.by) і 23 гасты, у ліпені 1996 — 5 дамэнаў і 103 гасты. За 1996 дамэны беларускай адраснай зоны (*.by) запытваліся менш, чым 500 разоў. На студзень 1997 у Беларусі 14 дамэнаў і 255 гастоў, у ліпені 1997 — 28 дамэнаў і 451 гост. За 1997 дамэны беларускай адраснай зоны (*.by) запытваліся 3214 разоў.

Да 1998 году ў Беларусі існавалі чатыры інтэрнэт-правайдэры: «Белтэлекам» і «Адкрыты кантакт», NSYS ды Solo, якія выкарыстоўвалі агульны канал «Белтэлекама».[1] 30 сакавіка 1999 году зьявіўся першы беларускі партал — 09.open.by.[2] Увосень 1999 году пачаў дзейнічаць лічыльнік Акавіта, функцыянавалі каталёг «Беларускі рэйтынг», сайты «Менскі слон» і Open.by. У лютым 1999 году «Белтэлекам» пачаў прадастаўляць беспарольны доступ у інтэрнэт. Колькасьць пастаянных карыстальнікаў беларускага інтэрнэту складала 20 тысячаў асобаў.[3]

1 лютага 2000 году па адрасе dt.home.by пачаў працу першы беларускі партал і каталёг «Дзед Талаш».[4] 28 лютага 2000 году магчымасьць рэгістраваць сайты ў зоне .by атрымалі ня толькі інтэрнэт-правайдэры, але і юрыдычныя асобы.[5] 6 кастрычніка 2000 году адкрыўся найбуйнейшы па стане на 2009 год партал TUT.BY.

На 6 траўня 2012 г. у зоне .by налічвалася звыш 55 тыс. дамэнаў, на 1 кастрычніка 65 тыс. адрасоў[6]. 25 сакавіка 2014 г., у Дзень Волі, лік дамэнаў дасягнуў 100 тысячаў, зь якіх звыш 90% прыпадала на грамадзянаў Беларусі[7][8].

Рэгістрацыя дамэнаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова рэгістрацыю дамэнаў у зоне «.by» ў Беларусі ажыцьцяўляла адзіная кампанія ААТ «Адкрыты кантакт». У кастрычніку 2006 году ліцэнзію «на права ажыцьцяўленьня тэхнічнай абароны інфармацыі, у тым ліку крыптаграфічнымі мэтадамі, уключаючы ужываньне электроннага лічбавага подпісу» атрымалі яшчэ дзьве беларускія кампаніі: УП «Надзейныя праграмы» і СП ААТ «Дзелавая сець». Першая зь іх з 27 сакавіка 2007 году пачала прымаць заяўкі і ажыцьцяўляць рэгістрацыю дамэнаў. 3 верасьня 2007 году ліцэнзію атрымала таксама кампанія «Экстмэдыя». Па стане на 2013 год усе 4 кампаніі ажыцьцяўляюць афіцыйную рэгістрацыю дамэнаў[9]. У лютым 2012 г. адзіным тэхнічным адміністратарам зоны .by замест ААТ «Адкрыты кантакт» сталася УП «Надзейныя праграмы»[10][11]. Зьявілася магчымасьць уводзіць зьвесткі на беларускай мове пры рэгістрацыі дамэна[12].

Па стане на 2009 год рэгістрацыя і дэлегаваньне дамэнаў другога ўзроўню ажыцьцяўляецца для прыватных і юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь, а таксама для прыватных і юрыдычных асобаў замежных дзяржаваў. Дамэннае імя мусіць утрымліваць ад 2 да 63 літараў лацінскага альфабэту, лічбаў, сымбаляў злучка («-»), а таксама ня мусіць пачынацца альбо скончвацца сымбалем злучка («-»).[10]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя байнэту ў выявах: Эпізод 2
  2. ^ Гісторыя байнэту ў выявах: Эпізод 3
  3. ^ Гісторыя байнэту ў выявах: Эпізод 4
  4. ^ Архіў навінаў сайту «Дзед Талаш»
  5. ^ История Байнета в датах // TUT.BY, 28 траўня 2008 г.
  6. ^ Якаў Бута. У Байнэце стартаваў маштабны дабрачынны аўкцыён па продажы прыгожых дамэнных імёнаў // Белтэлерадыёкампанія, 1 кастрычніка 2012 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
  7. ^ Нацыянальнай дамэннай зоне BY сёньня спаўняецца 20 гадоў // Белтэлерадыёкампанія, 5 траўня 2014 г. Праверана 7 траўня 2014 г.
  8. ^ Национальной доменной зоне BY сегодня исполняется 20 лет(рас.). Белтелерадиокомпания (5 Мая 2014).
  9. ^ Рэгістратары // cctld.by Праверана 11 верасьня 2017 г.
  10. ^ а б Правілы рэгістрацыі дамэнаў // cctld.by Архіўная копія ад 30 жніўня 2013 г. Праверана 26 красавіка 2013 г.
  11. ^ Статыстыка дамена .BY. Регистрация доменного имени .by. cctld.by. Праверана 11 верасьня 2017 г.
  12. ^ Аляксей Арэшка. Нацыянальнай дамэннай зоне .BY споўнілася 18 гадоў // БелаПАН, 6 траўня 2012 г. Праверана 15 чэрвеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]