Арсэнал Лёндан
| Арсэнал | ||||||
| Поўная назва | па-ангельску: Arsenal Football Club | |||||
|---|---|---|---|---|---|---|
| Заснаваны | 1886 | |||||
| Горад | Лёндан, Ангельшчына | |||||
| Стадыён | Эмірэйтс Умяшчальнасьць: 59 867 | |||||
| Прэзыдэнт | Стэн Кронке[d] | |||||
| Кіраўнік | Kroenke Sports & Entertainment[d] | |||||
| Галоўны трэнэр | ||||||
| Чэмпіянат | Прэм’ер-Ліга | |||||
| · 2024—2025 | 2 месца | |||||
| ||||||
arsenal.com (анг.) | ||||||
«Арсэна́л» (па-ангельску: Arsenal Football Club) — прафэсійны ангельскі футбольны клюб, разьмяшчаецца на поўначы Лёндану. Выступае ў ангельскай Прэм’ер-Лізе і зьяўляецца адным з самых пасьпяховых клюбаў Ангельшчыны. «Арсэнал» 13 разоў станавіўся чэмпіёнам, 14 разоў здабываў Кубак Ангельшчыны. З штогадовым прыбыткам у памеры 340,3 млн фунтаў стэрлінгаў у сэзоне 2019—2020 гадоў[1] «Арсэнал» быў ацэнены на суму 2,68 мільярдаў даляраў ЗША, што робіць яго восьмым самым каштоўным клюбам у сьвеце[2]. Дэвізам клюбу ёсьць выраз «Перамога праз гармонію».
Клюб быў заснаваны супрацоўнікамі арсэналу Ўулвічу ў 1886 годзе пад назовам «Даял Сквэр». У 1913 годзе каманда пераехала на стадыён «Гайбэры» ў паўночнай частцы брытанскай сталіцы. «Гайбэры» быў хатняй арэнай «Арсэналу» да жніўня 2006 году, калі клюбам быў дабудаваны новы 60-тысячны стадыён «Эмірэйтс».
Самым доўгатэрміновым і самым пасьпяховым трэнэрам у гісторыі клюбу стаў Арсэн Вэнгер. Зь ім «Арсэнал» заваяваў 7 Кубкаў Ангельшчыны (рэкорд краіны) і ўсталяваў рэкордную бяспройгрышную сэрыю з 49 матчаў[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Клюб «Арсэнал» быў заснаваны ў 1886 годзе працаўнікамі Каралеўскага арсэнала Ўулвічу і першапачаткова зваўся «Даял Сквэр», але неўзабаве быў пераназваны ў «Каралеўскі Арсэнал». Пасьля прыняцьця клюбам прафэсійнага статусу яго ізноў пераназвалі ва «Ўулвіч Арсэнал». Фанатам клюб быў вядомы як Woolwich Reds. «Ўулвіч Арсэнал» першым з паўднёвых камандаў уступіў у Футбольную Лігу ў 1893 годзе. Клюб стартаваў у другім дывізіёне і ў 1904 годзе прабіўся ў першы дывізіён. Аднак геаграфічная аддаленасьць клюбу стала прычынай нізкай наведвальнасьці матчаў, што прывяло да фінансавых праблемаў. У 1913 годзе (неўзабаве пасьля вяртаньня ў другі дывізіён) клюб перасёк Тэмзу, каб заняць новую арэну — стадыён «Гайбэры», разьмешчаны на поўначы Лёндану. У выніку ў наступным жа годзе каманда адкінула з назвы частку «Ўулвіч». Сэзон 1919 году «Арсэнал» скончыў на 5 месцы, але, тым ня менш, быў пераведзены ў першы дывізіён у сувязі зь фінансавымі праблемамі «Тотэнгэму».
У 1925 годзе на пост галоўнага трэнэра «Арсэналу» быў прызначаны Гэрбэрт Чэпман. Пад кіраўніцтвам Чэпмана ў 1924 годзе каманда «Гадэрсьфілд Таўн» заняла першае месца ў лізе. З гэтым чалавекам зьвязаныя першыя посьпехі «Арсэналу». Ягоныя рэвалюцыйныя тактыка і спосабы трэніроўкі ў спалучэньні з зорнымі гульцамі, такімі як Алекс Джэймз і Кліф Бастын, дапамаглі клюбу стаць дамінуючым у 30-х гадах. Паміж 1930 і 1938 гадамі «Арсэнал» выйграў 5 разоў у першым дывізіёне і двойчы станавіўся ўладальнікам Кубка Ангельшчыны, хоць Чэпман так і ня ўбачыў усіх гэтых дасягненьняў, бо ў 1934 годзе памёр ад пнэўманіі.
У Другую сусьветную вайну «Арсэнал» страціў больш гульцоў, чым будзь-які іншы топавы ангельскі клюб. Ён, аднак, здолеў заваяваць чэмпіёнскі тытул у сэзоне 1947—1948 рокаў — першым для новага трэнэра Тома Ўітакера, а ў сэзоне 1952—1953 заваявалі рэкордны сёмы тытул. Тым ня меней, патрэба рэканструкцыі стадыёну і недахоп гульцоў сказаліся на выніках клюбу. Цягам наступных 18 гадоў ён не заваяваў ніводнага тытулу.

У 1966 року «Арсэнал» вырашыў выпрабаваць у ролі галоўнага трэнэра клюбнага фізыятэрапэўта Бэрці Мі. З дапамогай такіх набыткаў, як Боб Макнаб і Джордж Грэм Мі двойчы — у 1967—68 і 1968—69 — упершыню выводзіў клюб у фінал Кубка лігі. У наступным сэзоне «Арсэнал» упершыню заваяваў міжнародны Кубак кірмашоў, а праз год дабіўся яшчэ большага трыюмфу: стаў чэмпіёнам і ўладальнікам Кубка Ангельшчыны. Болей зь Мі падобных посьпехаў паўтарыць не давялося. Наймаладзейшым на той час трэнэрам «Арсэналу» ў 1976 року стаў 34-гадовы былы футбаліст клюбу Тэры Ніл. З новымі гульцамі — Малкальмам Макдональдам і Пэтам Джэнінгсам — і пляядай дасьведчаных клюб тройчы даходзіў да фіналу Кубка (1978, 1979, 1980) і да фіналу эўрапейскага Кубка кубкаў-1980, дзе саступіў па пэнальці. Адзіным трафэям «Арсэналу» ў гэты пэрыяд стала перамога 3:2 на апошняй хвіліне над «Манчэстэр Юнайтэд» у фінале Кубка 1979 року.
У 1986 року ў клюб вярнуўся колішні гулец Джордж Грэм, цяпер на пасаду трэнэра. У першы ж сэзон «Арсэнал» заваяваў Кубак Ангельшчыны. Новыя падпісаныя гульцы Найджэл Ўінтэрбэрн, Лі Дыксан і Стыў Болд далучыліся да клюбу да 1988 года, сфармаваўшы «знакамітую чацьвёрку», якую ачоліў зорка клюбу Тоні Адамз[4]. У 1988 року клюб заваяваў Трафэй стагодзьдзя Футбольнай лігі, чэмпіёнскі тытул сэзону 1988—1989 і яшчэ адзін — у сэзоне 1990—1991, дзе саступіў толькі ў адным матчы. У 1993 клюб зрабіў дубль, у наступным року перамог у Кубку ўладальнікаў Кубкаў УЭФА. У 1995 року за факты хабарніцтва Джордж Грэм быў адстаўлены з пасады кіраўніка.

У 1996 да стырна каманды прыйшоў Арсэн Вэнгер. У клюбе сталі зьяўляцца францускія зоркі. У сэзоне 1997—98 «Арсэнал» зрабіў другі дубль у гісторыі, у 2001—02 — трэці. Таксама клюб стаў фіналістам Кубка УЭФА 1999—2000 рокаў, пераможцам Кубка Ангельшчыны 2003 і 2005 рокаў, а за перамогу ў чэмпіянаце Ангельшчыны 2003—2004 рокаў без аніводнае паразы атрымаў мянушку «Непераможныя». У гэты пэрыяд «Арсэнал» паставіў нацыянальны рэкорд па сэрыі без паразаў — 49 матчаў[3]. У першыя 9 гадоў за Вэнгерам клюб у чэмпіянаце не апускаўся ніжэй за другое месца.
У сэзоне 2005—2006 «Арсэнал» стаў першым лёнданскім клюбам за пяцідзесяцігадовую гісторыю Лігі чэмпіёнаў, які выйшаў у фінал турніру, дзе саступіў 1:2 «Барсэлёне». Дагэтуль найлепшым дасягненьнем «кананіраў» быў чвэрцьфінал. У 2006 року клюб пераехаў на ўласны стадыён «Эмірэйтс». Наступныя гады мінулі бяз тытулаў і адзначыліся хіба выхадам у фіналы Кубка лігі-2007 і 2011. Гол Эманюэля Адэбаёра, забіты на 52-й хвіліне ў вароты «Рэдынгу» ў матчы 13-га туру сэзону 2007—2008 (3:1), стаў для «кананіраў» тысячным у ангельскай прэм’ер-лізе. Другую тысячу галоў распачаў Аляксандар Глеб. З 2014 року клюб заваяваў Кубак Ангельшчыны тройчы: у 2014, 2015 і 2017, што вывела яго ў лідэры па колькасьці гэтых тытулаў, а Арсэна Вэнгера — у першыя трэнэры ангельскіх клюбаў, якія заваёўвалі 7 кубкаў краіны. Аднак у гэтым жа сэзоне «Арсэнал» упершыню за ўсе часы з Вэнгерам апынуўся па-за першай чацьвёркай у чэмпіянаце Ангельшчыны, і пасьля наступнага невыразнага сэзону Арсэн Вэнгер абвясьціў пра свой сыход.

23 траўня 2018 году новым галоўным трэнэрам лёнданцаў стаў гішпанскі спэцыяліст Унаі Эмэры, які стаў другім замежнікам у гісторыі клюбу на гэтае пасадзе. У першым сэзоне Эмэры «Арсэнал» спыніўся на пятым радку ў Прэм’ер-лізе, а ў Лізе Эўропы «кананіры» дайшлі да фіналу, дзе атрымалі паразу[5][6]. 29 лістапада 2019 году гішпанец быў звольнены з пасады галоўнага трэнэра, а ягонае месца часова заняў памочнік трэнэра першай каманды Фрэдзі Юнгбэрг[7][8][9]. У хуткім часе 20 сьнежня новым кіраўніком каманды быў прызначаны былы клюбны капітан Мікель Артэта[10][11]. Тым ня менш, паказчыкі клюбу ў наступныя сэзоны пагоршыліся, але клюб скіраваўся на падтрыхтоўку маладых футбалістаў.
«Арсэнал» завяршыў сэзон 2019—2020 гадоў на восьмым месцы, што было найгоршым вынікам клюбу з сэзону 1994—1995 гадоў, але перамог «Чэлсі» зь лікам 2:1, чым забыў рэкордную 14-ю перамогу ў Кубку Ангельшчыны[12]. Па сэзоне статус Артэты быў зьменены з галоўнага трэнэра на мэнэджара[13]. Наступны сэзон «гарматнікі» зноў скончылі сэзон на восьмым месцы і ўпершыню за 26 гадоў не кваліфікаваліся ў эўракубкі[14]. У сэзоне 2021—2022 гадоў Артэта згуртаваў наймаладзейшую каманду ў Прэм’ер-лізе зь сярэднім векам стартавага складу ў 24 гады і 308 дзён[15][16]. У тым жа сэзоне яны скончылі розыгрыш лігі на пятым радку і кваліфікаваліся ў Лігу Эўропы. У сэзоне 2022—2023 гадоў «Арсэнал» вярнуўся ў Лігу чэмпіёнаў, заняўшы другое месца за «Манчэстэр Сіці», усталяваўшы рэкорд паводле найбольшай колькасьці часу, праведзенага на вяршыні табліцы без рэальнай перамогі ў чэмпіянаце[17]. Праз год лёнданцы зноў былі другімі за «Манчэстэр Сіці», пры гэтым набраўшы 89 пунктаў, што было лепшым вынікам у параўнаньні з папярэднім сэзонам[18]. У Лізе чэмпіёнаў 2024—2025 гадоў клюб прабіўся ў паўфінал, але ангельцы саступілі там францускаму ПСЖ з агульным лікам 3:1[19]. У трэці сэзон запар «Арсэнал» быў другім, на гэты раз саступіўшы «Лівэрпулу»[20].
Уласьнікі і фінансы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Найбольшай дзеляй акцыяў «Арсэналу», больш за 90%, валодае амэрыканскі спартовы магнат Стэн Кронке. Раней вялікую долю ў клюбе мелі расейскі мільярдэр Алішэр Усманаў і іранскі бізнэсовец, які жыве ў Лёндане, Фаргад Машыры. Дзеля Ўсманава была перакуплена Кронке у жніўні 2018 году. Сума ўгоды склала 550 млн фунтаў стэрлінгаў.
Бацькоўская кампанія клюбу, «Arsenal Holdings plc», дзейнічае як некатаваная(en) публічная кампанія з абмежаванай адказнасьцю. Акцыі клюбу не паступаюць на адкрытыя біржы накшталт FTSE ці AIM; зрэдчас імі гандлююць на спэцыялізаванай біржы каштоўных папераў і дэрыватываў ISDX. У 2015 годзе кансультанты Brand Finance ацанілі клюбны брэнд і ягоныя нематэрыяльныя актывы ў 703 мільёны даляраў, таму прылічылі «Арсэнал» да глябальнага брэнду катэгорыі AAA[21]. У 2018 годзе бізнэсовы часопіс Forbes ацаніў «Арсэнал» агулам у 2,238 мільярдаў даляраў, што ўсунула клюб на трэці радок у сьпісе клюбаў ангельскага футболу[22]. Дасьледаваньне бізнэсовай школы Гэнлі выявіла, што «Арсэнал» мусіць быць на другім месцы ангельскага футболу паводле кошту брэнду, ацаніўшы цану клюбу ў 1,118 мільярда фунтаў стэрлінгаў у 2015 годзе[23][24].
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Чэмпіён Ангельшчыны (13):
- 1931, 1933, 1934, 1935, 1938, 1948, 1953, 1971, 1989, 1991,
- 1998, 2002, 2004
- Уладальнік Кубка Ангельшчыны (14):
- 1930, 1936, 1950, 1971, 1979, 1993, 1998, 2002, 2003, 2005,
- 2014, 2015, 2017, 2020
- Уладальнік Супэркубка Ангельшчыны (17):
- 1930, 1931, 1933, 1934, 1938, 1948, 1953, 1991 (сумесны), 1998, 1999,
- 2002, 2004, 2014, 2015, 2017, 2020, 2023
- Уладальнік Кубка футбольнай лігі (2):
- 1987, 1993
- Уладальнік Кубка УЭФА:
- 1970
- Уладальнік Кубка ўладальнікаў кубкаў:
- 1994
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Актуальны на 17 верасьня 2025 году
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ «Deloitte Football Money League 2021». Deloitte.
- ^ «The Business of Soccer». Forbes.
- ^ а б 49 Unbeaten (анг.). Арсэнал (1 чэрвеня 2017). Праверана 24 траўня 2018 г.
- ^ «Football: Joy of Six: Rob Smyth picks the greatest defences». The Guardian.
- ^ «Premier League Tables 2018/19». Premier League.
- ^ «Chelsea win the 2019 UEFA Europa League». UEFA.
- ^ «Unai Emery leaves club». Arsenal.
- ^ Sport, Telegraph (17.06.2019). «Freddie Ljungberg replaces Steve Bould as Unai Emery’s assistant as Arsenal shake up coaching staff». The Telegraph.
- ^ «Arsenal sack Emery after worst run in 27 years». ESPN.
- ^ «Mikel Arteta joining as our new head coach». Arsenal.
- ^ «Mikel Arteta asks for Arsenal patience but aims for 'top trophies' as manager». The Guardian.
- ^ FA Cup final 2020: Arsenal 2–1 Chelsea // 01.08.2020 г. Архіўная копія ад 01.08.2020 г.
- ^ Arsenal change Arteta role as part of restructure. ESPN.com (10.09.2020). Архіўная копія ад 14.01.2021 г.
- ^ Arsenal fails to qualify for Europe for 1st time in 25 years. The Indian Express (24.05.2021). Архіўная копія ад 09.12.2021 г.
- ^ Our 2021/22 season in numbers. Our 2021/22 season in numbers (15.09.2024). Архіўная копія ад 26.10.2022 г.
- ^ Smith, Adam (24.05.2022) Premier League: Top trends revealed for the 2021/22 season. Sky Sports. Архіўная копія ад 28.11.2022 г.
- ^ Drury, Sam. Mikel Arteta: Arsenal 'must heal' after painful collapse in Premier League title race // BBC Sport, 20.05.2023 г. Архіўная копія ад 03.07.2023 г.
- ^ Arsenal Analysed: 9 reasons why we shined in 23/24. Arsenal Analysed: 9 reasons why we shined in 23/24 (15.09.2024). Архіўная копія ад 23.09.2024 г.
- ^ Arsenal miss out on Champions League final after defeat in Paris // Tom Hancock
- ^ Premier League Table 2024/2025. TNT Sports.
- ^ Football 50 2015. Brand Finance. Архіўная копія ад 08.04.2016 г.
- ^ Ozanian, Mike. The Business of Soccer // Forbes Архіўная копія ад 20.08.2020 г.
- ^ WHAT'S YOUR CLUB REALLY WORTH?. Sporting Intelligence. Архіўная копія ад 08.04.2016 г.
- ^ Markham, Tom What is the Optimal Method to Value a Football Club? // SSRN. — 2013. — DOI:10.2139/ssrn.2238265
- ^ Arsenal Manager History. Centurycomm. Архіўная копія ад 16.12.2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Арсэнал — цяперашні склад
|
|---|
|
1 Рая · 2 Саліба · 3 Маскера · 4 Ўайт · 5 Інкап’е · 6 Габрыел · 7 Сака · 8 Эдэгар · 9 Жэзус · 10 Эзэ · 11 Мартынэльлі · 12 Тымбэр · 13 Арысабаляга · 14 Д’ёкерэш · 16 Нэргар · 19 Трасар · 20 Мадуэке · 22 Нванэры · 23 Мэрына · 29 Гавэрц · 33 Каляф’ёры · 36 Субімэндзі · 41 Райс · 49 Льюіс-Скелі · 56 Даўман · Трэнэр: Артэта |