Свабодная эканамічная зона
Свабо́дная эканамі́чная зо́на (СЭЗ) — землі дзяржавы з валютнымі, візавымі, мытнымі і падатковымі льготамі для прадпрымальніцтва. Спрыяе апрацоўцы тавараў для павелічэньня іх вартасьці і экспарту, прыцягненьню замежных укладаньняў і новых распрацовак, выхаду айчынных прадпрыемстваў на зьнешнія рынкі. Ствараецца за кошт укладаньняў у вытворчую інфраструктуру, скасаваньня мытаў і падаткаабкладаньня экспарту, зьмяншэньня падаткаў на даходы прадпрыемстваў, ільготнага перамяшчэньня даходаў замежных укладальнікаў за мяжу, наданьня права набыцьця ўчасткаў зямлі па льготнай стаўцы (зь зьніжкай), ільготнага пазычаньня для будаўніцтва вытворчых памяшканьняў. Упершыню зьявілася 28 студзеня 1959 г. у Шэнанскім аэрапорце (графства Клэр) на захадзе Ірляндыі (Шэнанская свабодная зона(en)). Праходзіць 3 ступені разьвіцьця: 1) ствараецца абслуговая і вытворчая інфраструктура, перавага надаецца прадпрыемствам з хуткім абарачэньнем капіталу ў гандлі, паслугах і сельскай гаспадарцы; 2) рост прамысловых прадпрыемстваў у спалучэньні са зьнешнім гандлем; 3) пераход да непрацаёмкіх галінаў вытворчасьці. Віды: 1) банкаўскіх і страхавых паслуг, 2) бязмытная (свабоднага гандлю; марскі порт і аэрапорт), 3) імпартна-вытворчая, 4) навукова-тэхнічнага разьвіцьця, 5) экспартна-вытворчая. На 2002 г. у сьвеце дзейнічала каля 480 СЭЗ[1], у тым ліку ў Беларусі і ўсіх 6 сумежных дзяржавах.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 лютага 1992 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 100 «Аб стварэньні свабоднай эканамічнай зоны ў раёне г. Берасьця» плошчай 10 км². Паводле адпаведнага Часовага палажэньня: 1) выключалася нацыяналізацыя замежных ўкладаньняў; 2) іншаземцам надавалася права пераводу за мяжу атрыманага прыбытку ў замежнай валюце; 3) іншаземцам дазвалялася арэнда зямельных участкаў на тэрмін да 70 гадоў; 4) прадпрыемствам СЭЗ «Берасьце» дазвалялася без абмежаваньняў атрымліваць пазыкі і страхаваньне за мяжой; 5) вырабленыя тавары вызваляліся ад колькасных і дазваляльных абмежаваньняў (квотаў і ліцэнзіяў) пры вывазе за мяжу з умовай, што дададзеная вартасьць тавару складала прынамсі 20% цаны; 6) Камітэт кіраваньня СЭЗ упаўнаважваўся дазваляць раздробны гандаль і аказаньне паслуг за замежную валюту; 7) увоз тавараў і паслуг таксама вызваляўся ад колькасных і дазваляльных абмежаваньняў; 8) тавары вызваляліся ад сплаты мыта пры вывазе за мяжу і ўвозе з-за мяжы; 9) падатак на прыбытак абмяжоўваўся 25%; 10) укладзены ў разбудову прадпрыемства прыбытак вызваляўся ад адпаведнага падаткаабкладаньня; 11) прадпрыемствы з замежным удзелам звыш 30% статутнага фонду вызваляліся ад сплаты падатку на прыбытак цягам 5 гадоў пры атрыманьні выручкі ад збыту тавараў і паслуг выключна ўласнай вытворчасьці; 12) прадпрыемствы з замежным удзелам менш за 30% статутнага фонду адлічвалі 10% валютнай выручкі ў каштарыс Берасьцейскай вобласьці; 13) вываз прыбытка за мяжу абкладаўся 10%-ым падаткам; 14) прадпрыемствам надавалася права выплочваць заробкі супрацоўнікам ва ўсялякай валюце; 15) Савет міністраў Беларусі прызначаў старшыню Камітэта кіраваньня СЭЗ; 16) Камітэт кіраваньня СЭЗ упаўнаважваўся весьці ўлік прадпрыемстваў і надаваць ім зямельныя ўчасткі[2].
2 сакавіка 1998 г. прэзыдэнт А. Лукашэнка падпісаў Указ № 93 «Аб стварэньні свабодных эканамічных зонаў „Менск“ і „Гомель-Ратон“» на 30 і 50 гадоў адпаведна[3]. 7 сьнежня 1998 г. А.Лукашэнка зацьвердзіў Закон «Аб свабодных эканамічных зонах», які ўпаўнаважыў Савет міністраў Беларусі ствараць адміністрацыі СЭЗ[4]. 4 жніўня 1999 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ «Аб стварэньні свабоднай эканамічнай зоны „Віцебск“» на 30 гадоў[5]. За 2000 г.: 1) прамыя замежныя ўкладаньні(en) ў 4 тагачасныя СЭЗ «Берасьце», «Віцебск», «Гомель-Ратон» і «Менск» склалі 6896,7 млн рублёў ($8,623 млн)[6]; 2) выручка прадпрыемстваў СЭЗаў склала менш за 1% ад сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі. На 1 студзеня 2001 г. у 4 тагачасных СЭЗ «Берасьце», «Віцебск», «Гомель-Ратон» і «Менск» налічвалася 169 прадпрыемстваў, зь іх 144 дзейных (85,2%). Сярод дзейных прадпрыемстваў 50% прыпадала на СЭЗ «Берасьце», 52,6% працоўных месцаў — на СЭЗ «Гомель-Ратон». Пераважалі прамысловыя прадпрыемствы 5 галінаў: дрэваапрацоўчыя, лесанарыхтоўчыя, харчовыя, цэлюлёзна-папяровыя і электратэхнічныя[1]. 31 студзеня 2002 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 66 «Аб стварэньні свабоднай эканамічнай зоны „Магілёў“» на 30 гадоў[7]. 16 красавіка 2002 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 208 «Аб стварэньні свабоднай эканамічнай зоны „Горадняінвэст“» на 30 гадоў[8].
22 верасьня 2005 г. А.Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 12 «Аб Парку высокіх тэхналёгіяў» (ПВТ) плошчай 50 га, які праз 3 месяцы стварылі ў Менску на 15 гадоў для «распрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь праграмнага забесьпячэньня». Прадпрыемствы ПВТ вызвалілі ад выплаты мытаў і падаткаў на дададзеную вартасьць, нерухомасьць і прыбытак. Падаходны падатак для супрацоўнікаў прадпрыемстваў устанавілі ў памеры 9%. Рада дэпутатаў Менску вызваліла прадпрыемствы ПВТ ад сплаты мясцовых падаткаў і збораў[9]. 28 студзеня 2008 г. А.Лукашэнка Ўказам № 42 устанавіў, што заяўлены аб’ём укладаньняў прадпрыемства, якое дамагаецца ўдзелу ў СЭЗ, «пасьля 1 красавіка 2008 г. мае складаць суму, эквівалентную прынамсі 1 млн эўра»[10]. За 2013—2015 гг.: 1) прадпрыемствы 6 СЭЗ «Берасьце», «Віцебск», «Гомель-Ратон», «Горадняінвэст», «Магілёў» і «Менск» вырабілі звыш 11% вартасьці прамысловых тавараў Беларусі; 2) доля прадпрыемстваў 6 СЭЗ у экспарце краіны дасягнула 15%; 3) доля экспарту ў выручцы прадпрыемстваў СЭЗ перавысіла 65%. На 1 красавіка 2016 г. у 6 СЭЗах Беларусі дзейнічала 429 прадпрыемстваў з 124 тыс. супрацоўнікаў (4,3% занятых у Беларусі)[11].
На 2016 г. у выніку пашырэньня землі СЭЗ сягалі за межы абласных цэнтраў і ператварыліся з гарадзкіх у абласныя.
- СЭЗ «Берасьце» (вул. Камуністычная, д. 23; засн. 1992 г.) налічвала 82 прадпрыемствы з удзелам замежных укладаньняў з 20 дзяржаваў. Агульная плошча складала 73,68 км² зь землямі ў 5 з 16 раённых цэнтраў Берасьцейскай вобласьці: Баранавічы, Берасьце, Ганцавічы, Кобрын і Пінск[12].
- СЭЗ «Віцебск» (вул. 1-я Журжэўская, д. 4; засн. 1999 г.) налічвала 39 прадпрыемстваў з удзелам інвэстараў з 12 краінаў. Агульная плошча складала 21,86 км² зь землямі ў 2 з 21 раённага цэнтру Віцебскай вобласьці: Віцебск і Ворша.
- СЭЗ «Гомель-Ратон» (вул. Фядзюнінскага, д. 17; засн. 1998 г.) налічвала 76 прадпрыемстваў з удзелам замежных укладаньняў з 17 краінаў. Агульная плошча складала 74,74 км² зь землямі ў 11 з 21 раёну Гомельскай вобласьці: вёска Глушкавічы (Лельчыцкі раён), Гомель, Добруш, Жлобін, Карма, Мазыр, в. Някрасава (Веткаўскі раён), Рэчыца, Шацілавічы, Тураў (Жыткавіцкі раён), Хвойнікі.
- СЭЗ «Горадняінвэст» (вул. Горкага, д. 91а; засн. 2002 г.) налічвала 75 прадпрыемстваў з удзелам замежных укладаньняў з 35 краінаў. Агульная плошча складала 30,79 км² зь землямі ў 7 з 17 раёнаў Гарадзенскай вобласьці: аэрапорт «Горадня» (в. Абухава), в. Гожа (Гарадзенскі раён), Горадня, Ліда, Масты, Наваградак, Слонім, Смаргонь, Шчучын.
- СЭЗ «Магілёў» (вул. Ленінская, д. 63; засн. 2002 г.) налічвала 41 прадпрыемства з удзелам замежных укладаньняў з 8 краінаў. Агульная плошча складала 28,41 км² зь землямі ў 4 з 21 раёну Магілёўскай вобласьці: Асіпавічы, Бабруйск, в. Буйнічы (Магілёўскі раён), Магілёў, Шклоў.
- СЭЗ «Менск» (вул. Крапоткіна, д. 44; засн. 1998 г.) налічвала 118 прадпрыемстваў з удзелам замежных укладаньняў з 23 краінаў. Агульная плошча складала 26,53 км² зь землямі ў 6 з 22 раёнаў Менскай вобласьці: Барысаў, аэрапорт «Менск» і в. Масьцішча (Смалявіцкі раён), Маладэчна, Менск, Стоўпцы, Фаніпаль (Койданаўскі раён).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Вольга Булко. Свабодная эканамічная зона // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 244-245. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ Вячаслаў Кебіч. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 1992 г. № 100 (рас.) // Прававы сайт «Кулічкі», 25 траўня 2007 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 1998 г. № 93 (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 18 сьнежня 2015 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодных эканамічных зонах» ад 7 сьнежня 1998 г. № 213-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 12 ліпеня 2013 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 1999 г. № 458 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 22 кастрычніка 2012 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2000 год (799,77 рублёў за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2002 г. № 66 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 22 кастрычніка 2012 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 2002 г. № 208 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 30 красавіка 2015 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасьня 2005 г. № 12 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 3 лістапада 2014 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2005 г. № 262 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 22 ліпеня 2014 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ Марына Носава. Мінэканомікі Беларусі: Страты СЭЗ па выніках першага квартала зьвязаныя са стварэньнем новых экспартна арыентаваных вытворчасьцяў // БелаПАН, 13 чэрвеня 2016 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 1996 г. № 114 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 3 лістапада 2014 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Свабодная эканамічная зона «Менск» // Агенцтва тэлівізійных навінаў, 18 лютага 2016 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
- СЭЗ «Берасьце» (рас.)
- СЭЗ «Віцебск» (рас.)
- СЭЗ «Гомель-Ратон» (рас.)
- СЭЗ «Горадняінвэст» (рас.)
- СЭЗ «Магілёў» (рас.)
- СЭЗ «Менск» (рас.)