Народны фронт Малдовы
Народны фронт Малдовы (па-малдаўску: Фронтул Популар дин Молдова, Frontul Popular din Moldova) — палітычны рух у Малдаўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы і Рэспубліцы Малдова. Фармальна Народны фронт Малдовы існаваў паміж 1989 і 1992 гадамі. Папярэднікам Народнага фронту Малдовы быў Дэмакратычны рух Малдовы (1988—1989). Яго пераемнікам стаў Хрысьціянска-дэмакратычны народны фронт (1992—1999), зь якога ў 1999 годзе была сфармавана Хрысьціянска-дэмакратычная народная партыя Малдовы.
Народны фронт быў добра арганізаваны на нацыянальным узроўні, з больш моцнай падтрымкай у сталіцы і раёнах, населеных этнічнымі румынамі. Хоць арганізацыя прыйшла да ўлады, унутраныя спрэчкі прывялі да рэзкага падзеньня народнай падтрымкі, і Народны фронт Малдовы распаўся на некалькі канкурыруючых фракцый у пачатку 1993 году.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1988 годзе паўсталі дзьве апазыцыйныя групы: Дэмакратычны рух у падтрымку перабудовы і музычна-літаратурны клюб імя Аляксея Мацеевіча. 20 траўня 1989 году быў створаны Народны фронт Малдовы, які выступаў за аўтаномію Малдаўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пры непасрэдным удзеле гэтых арганізацыяў летам 1989 гаду ў Кішынёве прайшлі шматлікія дэманстрацыі. Дэманстранты патрабавалі палітычнай і эканамічнай самастойнасьці Малдовы, ануляваньня наступстваў нямецка-савецкай дамовы 1939 году, прызнаньня за малдаўскай мовы на падставе лацінскага напісаньня статусу афіцыйнай мовы рэспублікі. У адказ на гэта 8 ліпеня адбылося ўстаноўчы зьезд руху «Унітатэ-Адзінства». 31 жніўня 1989 году Вярхоўны Савет МССР абвясьціў малдаўскі афіцыйнай мовай у «палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфэрах», расейская мова — мовай міжнацыянальных зносінаў. Быў прыняты закон аб вяртаньні малдаўскай мове лацінскай альфабэту. Старшынём Вярхоўнага Савету пры падтрымцы Народнага фронту быў абраны Мірча Снэгур.
25 лютага 1990 году былі праведзены першыя свабодныя выбары ў Вярхоўны Савет Малдаўскай ССР. Прыхільнікі Народнага фронту атрымалі 25% дэпутацкіх мандатаў. 27 красавіка 1990 году зьмянілі дзяржаўную сымболіку і ўвялі сіне-жоўта-чырвоны трыкалёр ў якасьці дзяржаўнага сьцягу. Дэпутаты, апазыцыйныя Народнаму фронту, 24 траўня 1990 году выйшлі са складу парлямэнту Малдовы.