Перайсьці да зьместу

Гары Кейн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гары Кейн
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 28 ліпеня 1993(1993-07-28)[1] (33 гады)
Рост 188 см[3]
Вага 86 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбная інфармацыя
Клюб Баварыя
Нумар 9
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2009—2023 Тотэнгэм Готспур 317 (213)
2011 Лэйтан Орыент[d] 18 (5)
2012 Мілўол 22 (7)
2012—2013 Норыдж Сіці 3 (0)
2013 Лэстэр Сіці 13 (2)
2023—4 Баварыя 94 (98)
Зборныя
2010 Ангельшчына (да 17)[d] 6 (2)
2010—2012 Ангельшчына (да 19)[d] 14 (6)
2013—2015 Ангельшчына (да 21)[d] 14 (8)
2013 Ангельшчына (да 20)[d] 3 (1)
2015—4 Ангельшчына 121 (85)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
16 траўня 2026.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
15 ліпеня 2026.

Га́ры Кейн (па-ангельску: Harry Kane; нар. 28 ліпеня 1993 году, Ўолтэмстаў, Вялікі Лёндан) — ангельскі футбаліст, нападнік нямецкага клюбу «Баварыя» і нацыянальнай зборнай Ангельшчыны. Кейн лічыцца адным з найлепшых нападнікаў у сьвеце, дзякуючы сваім выніковым паказьнікам і здольнасьцю распачаць удалыя наступы на браму супернікаў[4][5]. Ён займае першае месца ў клюбе «Тотэнгэм Готспур» паводле колькасьці галоў за ўсе часы, пры гэтым ачольваючы сьпіс бамбардзіраў Прэм’ер-лігі, калі лічыць толькі галы ў складзе адной дружыны[6]. Ёсьць адной з ключавых постасьцяў зборнай Ангельшчыны, якой дапамог дасягнуць фіналу буйных першынстваў на чэмпіянаце Эўропы 2020 году ўпершыню ў гісторыі ангельскага футболу зь фіналу чэмпіянату сьвету 1966 году[7]. Сябра ордэну Брытанскай імпэрыі (MBE, 2018). Найлепшы бамбардзір зборнай Ангельшчыны.

Кейн гуляў за мясцовы клуб «Рыджўэй Ровэрз» з 1999 году, калі яму было толькі шэсьць гадоў[8]. У веку васьмі гадоў хлопец прыяднаўся да моладзевай акадэміі «Арсэналу». Паводле словаў Ліяма Брэйдзі, які тады кіраваў акадэміяй «кананіраў», хлопца выключылі пасьля першага сэзону, бо ён быў «крыху пухнатым» і «ня вельмі спартовым»[9]. У лістападзе 2015 году тагачасны трэнэр «Арсэналу» Арсэн Вэнгер заявіў, што расчараваны тым, што «Арсэнал» пазбавіўся ад Кейна[10]. Футбаліст тады праходзіў прагляд у «Тотэнгэм Готспур», які таксама спачатку ня быў пасьпяховым. У выніку малы Кейн вярнуўся ў свой былы клюб «Рыджўэй Ровэрз». У 2004 годзе ён далучыўся да акадэміі «Ўотфарду», а неўзабаве быў запрошаны ў «Тотэнгэм Готспур». Празь некалькі гадоў па далучэньні да каманды адбыўся вялікі прагрэс, бо хлопец стаў вышэйшы і фізычна мацнейшы. Кейн двойчы зьяўляўся на лаўцы запасных асноўнай каманды ў сэзоне 2009—2010 гадоў.

Кейн у 2016 годзе.

Кейн падпісаў свой першы прафэсійны кантракт з «Тотэнгэмам» у ліпені 2010 году[11], пасьля чаго пачаў свой шлях па арэндах. 7 студзеня 2011 году футбаліст часова перайшоў у «Лэйтан Орыент», дзе першым голам адзначыўся ў канцы месяца ў матчы супраць «Шэфілд Ўэнздэй». 12 лютага ён правёў два галы ў пераможным матчы супраць «Брыстал Ровэрз», выйшаўшы на замену на 70-й хвіліне[12]. Па вяртаньні з арэнды нападнік пасьпеў дэбютаваць у складзе каманды ў матчы Лігі Эўропы супраць шатляндзкага клюбу «Гартс». Перад пачаткам 2012 году Кейн і ягоны аднаклюбнік Раян Мэйсан пагадзіліся на арэнду ў «Мілўол» з другога дывізіёну ангельскага першынства[13]. Менавіта ў гэтым клюбе адбыўся прарыў маладзёна, які за апошнія 14 матчаў сэзону адзначыўся сямю галамі. 18 жніўня 2012 году нападнік дэбютаваў у Прэм’ер-лізе ў складзе «Тотэнгэму» ў матчы супраць «Ньюкасл Юнайтэд»[14], але неўзабаве быў аддадзены ў арэнду іншаму клюбу найвышэйшага дывізіёну «Норыдж Сіці»[15]. Аднак, траўма нагі выбіла Кейна да канца году. У лютым 2023 годзе футбаліст быз адкліканы з арэнды, але хутка быў аддадзены клюбу «Лэстэр Сіці», які на той час спаборнічаў у другім дывізіёне.

Кейн улучыў свой першы гол за «Тотэнгэм» у сэзоне 2013—2014 гадоў у матчы Кубка лігі супраць «Гал Сіці», ураўнаўшы лік у дадатковы час[16], а таксама рэалізаваў сваю спробу ў сэрыі пасьляматчавых пэнальці[16]. У красавіку 2014 году ён у трох матчах запар адзначаўся голам у матчах супраць «Сандэрлэнду», «Ўэст Бромўіч Альбіёну» і «Фулгэму». У сэзоне 2014—2015 гадоў ангелец стаў сапраўднай сэнсацыяй эўрапейскага футболу, калі паводле вынікаў розыгрышу ангельскай Прэм’ер-лігі быў другім найлепшым бамбардзірам. Наступны сэзон пачаўся няўдала, але зь цягам розыгрышу пачаў адзначацца галамі. Гуляючы за «Тотэнгэм» у сэзоне 2015—2016 гадоў, гулец стаў найлепшым бамбардзірам ангельскай лігі, паклаўшы на свой рахунак 25 галоў. Кейн апярэдзіў на адзін гол Сэрхіё Агуэра і Джэймі Вардзі. У наступным сэзоне ён зноў стаў пераможцам спаборніцтваў найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату Ангельшчыны, гэтым разам 29 разоў улучаючы мяч у браму супернікаў, не зважаючы на тое, што Кейн прапусьціў некаторыя гульні і ўзяў удзел толькі ў 30 матчах турніру. У сэзоне 2017—2018 гадоў ён яшчэ больш палепшыў свой бамбардзірскі рэкорд, стаўшы аўтарам 30 галоў у Прэм’ер-лізе, але нават гэтага было недастаткова, каб стаць найлепшым бамбардзірам лігі ў трэці раз, саступіўшы толькі на 2 галы эгіпецкаму нападніку «Лівэрпула» Магамэду Салягу.

Кейн (10-ы нумар) у матчы супраць «Манчэстэр Юнайтэд» у сакавіку 2022 году.

Сэзоны 2018—2019 і 2019—2020 гадоў былі азмрочаныя траўмамі, якія часам выбівалі нападніка з складу каманды. 1 чэрвеня 2019 году гулец згуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў, не зважаючы на тое, што выбар яго на ўдзел у матчы пасьля траўмы быў прадметам дыскусіяў, бо «Тотэнгэм» саступіў «Лівэрпулу» зь лікам 2:0[17]. 4 кастрычніка 2020 году ён зрабіў галявы дубль у выязным матчы супраць «Манчэстэр Юнайтэд», калі сталічныя футбалісты перамаглі зь лікам 6:1. Гэта было найбуйнейшай перамогай «Тотэнгэму» на «Олд Трафард» і іхным найлепшым вынікам супраць «Юнайтэд» з часоў хатняй перамогі ў 1932 годзе[18]. Кейн правёў свой 200-ы гол за «Тотэнгэм» у сваім 300-м матчы за клюб у пераможным матчы супраць «Лудагорца» ў групавым этапе Лігі Эўропы[19]. 23 траўня 2021 году ангелец адзначыўся голам у пераможным матчы супраць «Лэстэр Сіці», што стала ягоным 23-м голам у сэзоне. Гэта прынесла яму трэцюю ўзнагароду «Залатая буца» ў кар’еры[20]. Ён таксама атрымаў узнагароду найлепшаму плэймэйкера сэзону Прэм’ер-лігі за найбольшую колькасьць галявых перадач у сэзоне, стаўшы першым гульцом, які атрымаў узнагароды «Залатая буца» і плэймэйкер году ў адным сэзоне з моманту інаўгурацыі ўзнагароды для плэймэйкераў у 2018 годзе[21].

Сэзону 2021—2022 гадоў папярэднічала спрэчка з нагоды жаданьня Кейна пакінуць «Тотэнгэм». Ён заявіў, што ў яго ёсьць джэнтэльмэнскае пагадненьне з старшынём клюбу Дэніелам Леві, якое дазволіць яму сысьці ўлетку[22]. Пагадненьне не было выканана, і Леві адхіліў цікавасьць, выказаную «Манчэстэр Сіці» да паслугаў Кейна[23], у тым ліку прапанову аб трансфэры ў памеры 127 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў[24]. У выніку футбаліст застаўся ў Лёндане. 16 сакавіка 2022 году Кейн улучыў гол у выязным матчы супраць «Брайтану», дзякуючы чаму лёнданцы перамаглі зь лікам 2:0, давёўшы сваю колькасьць галоў на выезьдзе ў Прэм’ер-лізе да 95, перасягнуўшы рэкорд Ўэйна Руні паводле колькасьці галоў, улучаных у гасьцях у Прэм’ер-лізе[25].

У жніўні 2022 году Кейн усталяваў рэкорд у колькасьці галоў, праведзеных за адзін клюб у Прэм’ер-лізе, улучыўшы свой 185 гол у браму «Ўулвэргэмптан Ўандэрэрз»[26]. 11 сакавіка 2023 году ён стаў найлепшым бамбардзірам «Тотэнгэму» ўсіх часоў[27]. У 2023 годзе ён заняў другі радок у сьпісе бамбардзіраў лігі пасьля Эрлінга Голяна, маючы 30 галоў на рахунку, стаўшы першым гульцом, які адзначыўся 30-ю галамі ў двух асобных сэзонах Прэм’ер-лігі з 38 матчаў[28]. Па сыходзе Карыма Бэнзэмы з «Рэалу» 6 чэрвеня 2023 году галоўны трэнэр мадрыдцаў Карлё Анчэлёцьці, які быў зацікаўлены ў падпісаньні Кейна, як паведамляліся, папрасіў сваю раду дырэктароў ініцыяваць магчымы трансфэр[29][30]. У канцы чэрвеня 2023 году «Баварыя» зрабіла першую прапанову за Кейна ў памеры 70 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, але яна была адхіленая[31]. Перад пачаткам новага сэзону лёнданцы яшчэ раз адхілілі прапановы мюнхэнцаў, але бакі ўсё ж такі дамовіліся. 12 жніўня Кейн апублікаваў разьвітальнае відэа у Instagram, падзякаваўшы пэрсаналу і заўзятарам «Тотэнгэму» за час у клюбе[32]. «Тотэнгэм» апублікаваў афіцыйную заяву неўзабаве пасьля гэтага, аддзякаваўшы Кейна за ягоную працу[33].

Кейн у 2025 годзе.

Пасьля таго, як 10 жніўня 2023 году «Баварыя» і «Тотэнгэм» дамовіліся аб угодзе, Кейн узгадніў асабістыя ўмовы і на наступны дзень вылецеў у Мюнхэн[34]. 12 жніўня «Баварыя» абвесьціла аб складаньні з ангельцам чатырохгадовага кантракту[35][36]. Кейн стаў самым дарагім падпісаньнем у гісторыі Бундэсьлігі, абыйдучыся клюбу ў 100 мільёнаў эўра[37][38]. Ён правёў свой першы гол за клюб у першым туры лігі, а таксама аддаў галявую перадачу на Лероя Санэ, калі «Баварыя» перамагла «Вэрдэр» зь лікам 4:0 на выезьдзе[39]. 27 жніўня Кейн адзначыўся галявым дублем за «Баварыю» ў хатнім матчы лігі супраць «Аўгсбургу» (3:1)[40]. 23 верасьня нападнік аформіў свой першы хет-трык за «Баварыю», а таксама аддаў дзьве галявыя перадачы ў пераможным матчы супраць «Бохуму» (7:0), павялічыўшы сваю колькасьць галоў у лізе да сямі і ўсталяваўшы новы клюбны рэкорд паводле колькасьці галоў, праведзеных гульцом у першых пяці матчах Бундэсьлігі[41]. 28 кастрычніка Кейн зрабіў чарговы хет-трык у матчы супраць «Дармштату-98»[42]. 4 лістапада футбаліст у трэці раз адзначыўся хет-трыкам у матчы супраць дортмундзкай «Барусіі». 24 лістапада, пацэліўшы ў пераможным матчы супраць «Кёльну» свой 18-ы гол сэзону ў лізе, ён стаў найлепшым англельцам паводле колькасьці праведзеных галоў за адзін сэзон у гісторыі Бундэсьлігі, апярэдзіўшы Кевіна Кігана і Джэйдана Санча[43]. Па сакавіцкім матчы супраць «Дармштату-98» Кейн ліквідаваў рэкорд Увэ Зээлера, які правёў 30 галоў у дэбютным сэзоне Бундэсьлігі[44]. У наступным сэзоне 2024—2025 гадоў ангелец працягнуў свой галявы марш. У выніку ён здабыў свой першы вялікі трафэй, стаўшы чэмпіёнам Нямеччыны. Пагатоў, Кейн завяршыў сэзон як найлепшы бамбардзір другі сэзон запар і быў названы найлепшым футбалістам сэзону лігі за выдатную гульню ў складзе «Баварыі»[45][46].

У 2010 годзе дэбютаваў за юнацкую зборную Ангельшчыны, узяўшы ўдзел у 17 гульнях на моладзевым узроўні і пацэліўшы 8 галоў. З 2013 году бараніў колеры моладзевай зборнай Ангельшчыны. На моладзевым узроўні згуляў у 13 афіцыйных матчах, у якіх адзначыўся 9-ю галамі.

У складзе нацыянальнай зборнай Ангельшчыны.

27 сакавіка 2015 году запачаткаваў выступы ў афіцыйных матчах нацыянальнай зборнай Ангельшчыны. Футбаліст выйшаў на замену на 71-й хвіліне адборачнага матчу чэмпіянату Эўропы 2016 году супраць зборнай Летувы. Празь некалькі хвілінаў па выхадзе на поле ўсталяваў канчатковы лік гульні, улучыўшы чацьверты гол ангельскай каманды ў матчы[47]. У фінальнай частцы чэмпіянату Эўропы 2016 году ўзяў удзел ва ўсіх чатырох матчах сваёй каманды, але гэтак і ня здолеў правесьці аніводнага голу, і ягоная каманда нечакана завяршыла спаборніцтвы на стадыі 1/8 фіналу, саступіўшы зборнай Ісьляндыі. 16 траўня 2018 году быў улучаны ў заяўку нацыянальнай зборнай на чэмпіянат сьвету ў Расеі таго году, быў абраны капітанам каманды на гэтым турніры. У выніку гулец стаў найлепшым бамбардзірам турніру, паклаўшы на свой рахунак 6 галоў. На чэмпіянаце Эўропы 2020 году стаў аўтарам чатырох галоў ды дапамог зборнай прабіцца ў фінал, дзе 11 ліпеня на Ўэмблі яны зазналі паразу ад зборнай Італіі. Асноўны час матчу скончыўся ўнічыю зь лікам 1:1, але ангельцы саступілі па пэнальці зь лікам 2:3. У той гульні Кейн рэалізаваў адзін з пасьляматчавых стрэлаў. 7 чэрвеня 2022 году ён правёў свой 50-ы гол за нацыянальную зборную ў гульні супраць зборнай Нямеччыны ў Лізе нацыяў.

На чэмпіянаце сьвету 2022 году ангелец ня даў рады ў справе галоў у адразу трох матчах групавога этапу, але аддаў тры галявыя перадачы. У 1/8 фіналу ён зрабіў гол у гульні супраць зборнай Сэнэгалу (3:0). У чвэрцьфінале супраць зборнай Францыі нападнік рэалізаваў пэнальці ў другім тайме пры ліку 0:1 і зраўняўся з Ўэйнам Руні ў колькасьці галоў за зборную Ангельшчыны, якіх на ягоным рахунку стала 53. 23 сакавіка 2023 году ў адборачным матчы чэмпіянату Эўропы 2024 году супраць зборнай Італіі (1:2) ён адзначыўся голам і афіцыйна стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі зборнай.

«Баварыя»:

  1. Harry Kane // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. https://www.tottenhamhotspur.com/teams/men/players/harry-kane/
  3. http://www.tottenhamhotspur.com/first-team-profiles/harry-kane/
  4. «Harry Kane: Tottenham and England forward 'the best striker in the world', says David Villa». Sky Sports.
  5. «Ranked! The 10 best strikers in the world». FourFourTwo.
  6. «Harry Kane Sets Premier League Record». Sports Illustrated.
  7. «How England reached their first final in 55 years». The Telegraph.
  8. Law, Matt. 'This should shut up all the idiots who say Harry Kane has never won anything' // The Telegraph, 04.05.2025 г.
  9. Zeqiri, Daniel. Liam Brady: Arsenal released Harry Kane because he was 'a bit chubby' // The Daily Telegraph, 12.02.2018 г. Архіўная копія ад 11.01.2022 г.
  10. Hytner, David. Arsène Wenger: I was angry when I found out Arsenal had let Harry Kane go // The Guardian, 06.11.2015 г. Архіўная копія ад 30.03.2019 г.
  11. Kane in O's loan. Tottenham Hotspur F.C. (07.01.2011). Архіўная копія ад 01.07.2018 г.
  12. Leyton Orient 4–1 Bristol Rovers // 12.02.2011 г.
  13. Millwall agree loans for Tottenham’s Ryan Mason and Harry Kane // 29.12.2011 г. Архіўная копія ад 25.02.2013 г.
  14. Losing start for Villas-Boas. Sky Sports (18.08.2012). Архіўная копія ад 21.04.2015 г.
  15. From Leyton Orient to Tottenham's first team via Millwall: Charting the rise of Harry Kane. Sky Sports. Архіўная копія ад 20.12.2019 г.
  16. 1 2 Tottenham 2–2 Hull (8–7 on pens) // 30.10.2013 г. Архіўная копія ад 21.12.2014 г.
  17. Delaney, Miguel (2.06.2019). «Champions League final: Why the decision to start Harry Kane ultimately proved irrelevant for Tottenham». The Independent.
  18. «Harry Kane stars in Tottenham's 6–1 thrashing of hapless Manchester United». The Guardian.
  19. Taylor, Louise (5.11.2020). «Harry Kane makes it 200 goals in 300 Spurs games during win at Ludogorets». The Guardian.
  20. «Harry Kane: Tottenham striker wins Premier League Golden Boot award for third time». Sky Sports.
  21. «Kane wins double with Golden Boot and Playmaker awards». Premier League.
  22. Kilpatrick, Dan (18.05.2021). «Harry Kane hoping 'gentleman’s agreement' will allow him to leave this summer». Evening Standard.
  23. Burt, Jason (19.08.2021). «Daniel Levy playing hardball leaves Harry Kane stuck but he should not be vilified». The Daily Telegraph.
  24. «Harry Kane confirms he is staying at Spurs after accepting City deal is dead». The Guardian.
  25. «Who has the most away goals in Premier League history? Harry Kane sets new English top flight record». Sporting News.
  26. Tottenham vs Wolves: Harry Kane breaks Premier League goal record in 1–0 win // 20.08.2022 г. Архіўная копія ад 09.04.2023 г.
  27. Herman, Martyn. Kane double helps Tottenham lift gloom with win over Forest // Reuters, 11.03.2023 г. Архіўная копія ад 11.03.2023 г.
  28. How Harry Kane Keeps Getting Better in a Tottenham Team That is Getting Worse. Opta Analyst (28.05.2023). Архіўная копія ад 28.05.2023 г.
  29. Harry Kane: Real Madrid want Tottenham striker to replace Karim Benzema // 05.06.2023 г. Архіўная копія ад 05.06.2023 г.
  30. Transfer news: Spurs to resist Kane approach // 30.05.2023 г. Архіўная копія ад 05.06.2023 г.
  31. Bayern set to make improved offer for Kane // 28.06.2023 г. Архіўная копія ад 16.07.2023 г.
  32. Harry Kane on Instagram: "Hard to put into words how to say goodbye to a club and fans who have done so much for me in my career. You will always be in my heart. Thank you Tottenham, thank you Tottenham fans. 💙". Instagram. Архіўная копія ад 12.08.2023 г.
  33. Harry Kane departs to Bayern Munich. Tottenham Hotspur F.C.. Архіўная копія ад 12.08.2023 г.
  34. Harry Kane: Tottenham striker arrives in Germany to finalise move to Bayern Munich. Sky News (11.08.2023). Архіўная копія ад 12.08.2023 г.
  35. FC Bayern sign Harry Kane. FC Bayern Munich (12.08.2023). Архіўная копія ад 12.08.2023 г.
  36. Bayern Munich sign England striker Harry Kane from Tottenham Hotspur. Bundesliga (12.08.2023). Архіўная копія ад 12.08.2023 г.
  37. Bayern München: Verhandelt Tottenhams Harry Kane mit einem anderen Verein? // Bild, 10.08.2023 г. Архіўная копія ад 11.08.2023 г.
  38. Bayern Munich sign Lucas Hernandez from Atletico Madrid for club-record fee. Sky Sports (27.03.2019). Архіўная копія ад 02.04.2023 г.
  39. Sutcliffe, Steve. Werder Bremen 0–4 Bayern Munich: Harry Kane scores and assists on Bundesliga debut // 18.08.2023 г. Архіўная копія ад 18.08.2023 г.
  40. Rostance, Tom. Harry Kane: England captain scores twice as Bayern Munich beat Augsburg // 27.08.2023 г. Архіўная копія ад 27.08.2023 г.
  41. 'Super Bayern' in seventh heaven with Kane. FC Bayern Munich (23.09.2023). Архіўная копія ад 03.10.2023 г.
  42. Bayern Munich 8–0 Darmstadt 98 // 28.10.2023 г. Архіўная копія ад 28.10.2023 г.
  43. Kane scores again as Bayern back on top of the Bundesliga with 1–0 win over Cologne // 24.11.2023 г. Архіўная копія ад 13.01.2024 г.
  44. Thomas, Marissa. Darmstadt 98 2–5 Bayern Munch: Harry Kane sets personal best for league goals in a season // 16.03.2024 г. Архіўная копія ад 07.06.2024 г.
  45. Harry Kane wins Bundesliga top scorer award for second season in a row. Deutsche Fußball Liga (20.05.2025).
  46. Harry Kane named Bundesliga Player of the Season for 2024/25. Deutsche Fußball Liga (21.05.2025).
  47. McNulty, Phil (27.03.2015). «England 4–0 Lithuania». BBC Sport.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]