Гарадзец (Кобрынскі раён)
| Гарадзец лац. Haradziec | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | Беларусь | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Берасьцейская | ||||
| Раён | Кобрынскі | ||||
| Сельсавет | Гарадзецкі | ||||
| Магдэбурскае права | 10 сьнежня 1589 | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 52°12′14″ пн. ш. 24°39′44″ з. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 1272 чал. (2010) | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +375 1642 | ||||
| Паштовы індэкс | 225883 | ||||
| СААТА | 1243812011 | ||||
| Нумарны знак | 1 | ||||
| Гарадзец на мапе Беларусі ± Гарадзец | |||||
Гарадзе́ц[1] — вёска ў Беларусі, на Каралеўскім канале. Цэнтар сельсавету Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1272 чалавекі. Знаходзіцца за 22 км на ўсход ад Кобрыню, за 1,5 ад чыгуначнай станцыі Гарадзец; на шашы Кобрынь — Дарагічын.
Гарадзец — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася царква Ўшэсьця Гасподняга, помнік архітэктуры XVIII ст.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра Гарадзец датуецца 1287 годам. Каля 1465 году князі кобрынскія збудавалі тут царкву Сьвятога Ільлі. Пазьней у Гарадцы ўзьнікла каталіцкая парафія. У 1563 годзе ў мястэчку правялі вялікакняскую рэвізію, у якой упамінаюцца вуліцы Кобрынская, Прышахоцкая, Пінская, Грушаўская, Ільлінская і іншыя.
10 сьнежня 1589 году каралева і вялікая княгіня Ганна надала Гарадцу Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі выява святых Ганны і Марыі зь немаўлём Езусам на руках»[2]. У 1618 годзе Гарадзец наведаў Язафат Кунцэвіч, які адправіў набажэнства ў старажытнай Ільінскай царкве і прабыў ў мястэчку яшчэ адзін дзень. Тады ён цудам пазьбёг сьмерці ад разьюшаных сялянаў, якія неахвотна далучаліся да Берасьцейскай уніі. У 1784 годзе ў мястэчку спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Гарадзец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні. У 1808 годзе сядзіба перайшла ў валоданьне роду Ордаў, якія збудавалі тут мураваны палац.
У 1866 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады ліквідавалі каталіцкую парафію ў Гарадцы, касьцёл гвалтоўна перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. У 1886 годзе мястэчка стала цэнтрам воласьці. На 1891 год тут дзеяла царква, працавалі юдэйская школа, прыстань, штогод праводзілася 2 кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Гарадзец занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
- Старая графіка Гарадцу
- Палац Ордаў, 1860 г.
- Палац, 1880 г.
- Панарама мястэчка і палаца, 1877 г.
- Праект перабудовы касьцёла пад царкву-мураўёўку, 1866 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадзец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Гарадзец апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва.
У 1939 годзе Гарадзец увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Антопальскага, з 8 жніўня 1959 году Кобрынскага раёнаў. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1970 год тут было 411 двароў, на 1993 год — 569, на 1996 год — 560. У 2000-я гады Гарадзец атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку». 2 сьнежня 2008 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб і заснавалі сьцяг вёскі.
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл, 1934 г.
- Інтэр’ер касьцёла, 1934 г.
- Чыгуначная станцыя, 1925 г.
- Сынагога, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 360 муж., зь іх шляхты 35, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 156, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 166[4]; 1878 год — 1264 чал., зь іх 567 юдэяў[5]; 1891 год — 1559 чал.
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 688 чал.[6]; 1970 год — 1,5 тыс. чал.; 1993 год — 1516 чал.[7]; 1996 год — 1483 чал.[8]; 1999 год — 1439 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1272 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Гарадцы працуюць сярэдняя школа, бібліятэка, клюб, лякарня, пошта, 9 крамаў.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У вёсцы працуюць гароднінасушыльны і цагельны камбінаты.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Касьцёл Зьвеставаньня Панны Марыі (XIX ст., з савецкіх часоў перабудаваны будынак выкарыстоўваецца як школа)
- Царква Ўшэсьця Гасподняга (1799)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сынагога
- Сядзіба
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 185.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 175.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ↑ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 133.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VIII: Województwo Poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1924.
- ↑ ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 471.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 39.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||