Від (вялікі князь літоўскі)
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1190 |
Памёр | 1270 |
Род | Рурыкавічы[d] |
Бацькі | Давіл Расьціслававіч |
Дзеці | Трайдзень, Борза, Лесі, Свелкені, Сірпуці |
Дзейнасьць | арыстакрат |
Від (каля 1190—1270) — легендарны[1] вялікі князь літоўскі (1268—1270). У хрышчэньні, імаверна, меў імя Раман, ад людзей атрымаў мянушку Воўк. Заходнія крыніцы пра яго ня ведаюць, упамінаецца толькі ў позьнім Васкрасенскім летапісе.
Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Імя Від цалкам адпавядае фарманту -від-, які ёсьць даволі пашыраным у імёнах літоўскіх князёў і баяраў: Будзівід, Відзігайла, Відзімін, Войшвід, Даўгвід, Манівід, Таўтвід, Ятвід ды іншыя. Імёны Відзімонт і Монтвід зьвязваюць Віда з Жыгімонтам — літоўскай (беларускай) формай старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[2]. Зь іншага боку, імя Гердзівід зьвязвае Віда зь імём Альгерд, якое мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну)[3].
Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які адзначае імавернасьць повязі ліцьвінаў з палабскімі люцічамі, аднак больш імаверным лічыць іх германскае паходжаньне, разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў. Паводле Алёхны Дайліды, фармант -від- (усходнегерманскія імёны Vidimer, Widericus, Widbod) тлумачыцца ад гоцкага wida 'повязь, злучэньне, моцнасьць' або ад гоцкага і германскага widus 'дрэва'[4]. Такім парадкам, імя Від азначае «моц» або «дрэва» і цалкам адпавядае германскаму імю Wido (Wida)[5].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле Васкрасенскага летапісу, быў сынам Давіла Расьціслававіча, нашчадкам полацкіх князёў, але шмат хто з дасьледнікаў лічыць гэткую генэалёгію хібнай паводле храналягічных падставаў. Аднак адмаўляць гістарычнае існаваньне Віда немагчыма, бо ён упамінаецца ў 1266 годзе, калі выдаў сваю дачку за кастрамскога князя Васіля Яраслававіча.
Памянёны ў тым жа Васкрасенскім летапісе, як малодшы брат Віда, Гердзень безумоўна гістарычная асоба. Гердзень жа завецца сынам Давіла Расьціслававіча ў сучасным яму Наўгародзкім летапісе, што хоць і ўскосна пацьвярджае сьведчаньні Васкрасенскага летапісу. Таксама Від пад імем Давыд II упамінаецца ў «Записках» маскоўскай гаспадырі Кацярыны II. Гэтыя акалічнасьці патрабуюць пільнага разгляду.
На час заняцьця вялікакняскай пасады Від быў сталага веку (магчыма, меў за 80 гадоў), таму ўсё, што кажуць пра яго дзейнасьць, відаць, трэба залічваць наконт яго сына — Трайдзеня, які па сьмерці бацькі заняў вялікакняскі пасад.
Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Трайдзень (1220-я — 1282), вялікі князь літоўскі (1270—1282)
- Борза (1220-я — да 1271)
- Лесі (1230-я — да 1271)
- Свелкені (1230-я — да 1271)
- Сірпуці (1230-я — па 1278), намесьнік гарадзенскі
- NN дачка (1240-я — па 1266), жонка Васіля Яраслававіча, князя кастрамскога (1247—1276), вялікага князя ўладзімерскага (1272—1276), князя ноўгародскага (1273—1276)
Папярэднік Шварн |
Вялікі князь літоўскі 1268—1270 |
Наступнік Трайдзень |
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Від // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2010 Т. 3. С. 110.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 20.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
|