Перайсьці да зьместу

Беларуска-летувіскія дачыненьні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларуска-летувіскія адносіны»)
Беларуска-летувіскія дачыненьні
Беларусь і Летува

Беларусь

Летува
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі ў Летуве Амбасада Летувы ў Беларусі
Амбасадары
Амбасадар няма Амбасадар

Белару́ска-летуві́скія дачыне́ньні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Летувы.

Глыбокая повязь Беларусі і Летувы грунтуецца на больш як паўтысячы гадоў суіснаваньня ў адзінай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім — з XIII па XVIII стагодзьдзе. Супольная мяжа працягласьцю 679 км ёсьць найбольш працяглым адрэзкам дзяржаўнай мяжы Летувы. Адлегласьць між Вільняй і Менскам складае 172 км, што менш за адлегласьць ад сталіцы Беларусі да ўсялякага абласнога цэнтру краіны. Гэтыя акалічнасьці аказваюць пастаянны ўплыў на дачыненьні беларускага і летувіскага народаў[1].

На 2019 год Амбасада Беларусі ў Летуве месьцілася ў Вільні па вуліцы Міндоўга, д. 13 і працавала з панядзелка па пятніцу а 8:30—17:30 зь перапынкам на абед (12:00—13:00). Консульскі аддзел Амбасады Беларусі знаходзіўся па вуліцы Муйцінэс, д. 41 і прымаў наведнікаў з панядзелка па пятніцу з 8:30 да 12:30[2]. Звычайная аднакратная віза да 90 дзён для грамадзянаў Летувы каштавала 25 эўра і афармлялася за 5 дзён[3].

Амбасада Летувы ў Беларусі месьцілася ў Партызанскі раёне Менску па вуліцы Захарава, д. 68[4] і працавала з панядзелка па чацьвер з 9:00 да 18:00 і ў пятніцу за 9:00 да 17:00 зь перапынкам на абед (13:00—13:45). Консульскі аддзел Амбасады прымаў дакумэнты на атрыманьне візы з панядзелка па чацьвер з 9:00 да 13:00[5]. Генэральнае консульства Летувы месьцілася ў Горадні па вуліцы Горкага, д. 104[6] і працавала з панядзелка па чацьвер з 8:30 да 17:30 і ў пятніцу за 8:30 да 16:15 зь перапынкам на абед (12:45—13:30). Дакумэнты на візы прымалі з панядзелка па пятніцу з 9:30 да 12:00[7]. Віза ў Летуву для беларускіх грамадзянаў каштавала 60 эўра і магла афармляцца празь візавыя цэнтры ТАА «Сусьветнае візавае садзейнічаньне» (Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) ў 8 гарадах Беларусі: Берасьці, Гомелі, Горадні, Магілёве і Менску, а таксама ў Баранавічах, Лідзе і Пінску[8]. Візавыя цэнтры бралі дадаткова 18 эўра за афармленьне[9].

У 2012 годзе беларускі транзыт празь Летуву склаў звыш 22 млн тонаў і заняў каля 25% грузаабароту Клайпедзкага порта[10].

Летува ўваходзіць у 10-ку найбольшых гандлёвых партнэраў Беларусі. У 2017 годзе яна заняла 8-е месца паводле абсягу таваразвароту і 7-е — паводле абсягу экспарту зь Беларусі. Таваразварот вырас на 13 % да $1,168 млрд. Пагатоў станоўчае сальда Беларусі павялічылася да $532 млн. Беларускі экспарт пераважна складалі нафтапрадукты, палімэры этылену, угнаеньні, сталёвы дрот і пруткі, драўніна, алей і абсталяваньне. Зь Летувы завозілі катлы і мэханічнае абсталяваньне, плястмасу, электрычныя машыны, паперу і кардон. У 2017 годзе гандаль паслугамі вырас на 20 % да $695 млн, што склала 6,4 % гандлю паслугамі Беларусі. Пагатоў беларускі экспарт паслугаў павялічыўся на 20 % да $269 млн, зь якіх перавозкі склалі $210 млн (+28%)[11].

Таксама Летува ўваходзіць у 10-ку краінаў асноўных капіталаўкладнікаў у гаспадарку Беларусі. У 2017 годзе яна заняла 6-е месца па ўкладаньнях у Беларусі. Укладаньні зь Летувы скараціліся да $198,2 млн, зь іх $180,6 млн склалі наўпроставыя, у тым ліку на чыстай аснове — $21,8 млн. Найбольшымі ўкладальнікамі былі: прадпрыемства «Арві» — у перапрацоўку жывёльных адкідаў і сельскую гаспадарку, група «Вакару Мэдзенас» — у дрэваапрацоўку, група «Модус» — у энэргетыку, а таксама прадпрыемствы «ВП», «Кеска», «Ома» і «Сенукай» — у гандлёвыя цэнтры. У Беларусі працавала 600 прадпрыемстваў зь летувіскім капіталам. У Летуве дзейнічала 250 прадпрыемстваў зь беларускімі ўкладаньнямі. Найбольшымі беларускім ўкладаньнямі былі: зборачная вытворчасьць тэхнікі ЗАТ «Амкадар-Балтык», гандлёвая дамы «БМЗ-Балтыя», «Белтаер» (ААТ «Белшына»), «Трансхема» (канцэрн «Белнафтахім»), «Р Балтык» (ААТ «Даламіт») і «Аградэталь» (ААТ «МТЗ»).

14 сакавіка 2024 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастановы № 181 і 182, якія ад 1 красавіка 2024 году абмяжоўвалі ўвоз тавараў зь Летувы ў адказ на закрыцьцё ўрадам Летувы 2-х памежных пераходаў на беларуска-летувіскай мяжы. Пастанова № 181 «Аб зьмяненьні пастановы ад 6 сьнежня 2021 г. № 700» тычылася прымяненьня адмысловых захадаў датычна асобных відаў тавараў, сярод якіх былі вырабленыя ў Летуве харчаваньне (згушчанае малако, кансэрваваныя фрукты, піва і воцат), будаўнічыя вырабы (цэгла) і побытавыя прылады (лядоўні), а таксама шкарпэткі і панчохі. Пастанова № 182 «Аб прымяненьні адмысловага абмежавальнага захаду» забараняла да 1 кастрычніка 2024 году ўвоз у Беларусь праз аўтамабільныя пункты пропуску на беларуска-летувіскай мяжы ўжываных адзеньня і запасных частак да транспартных сродкаў, а таксама шынаў і алькагольных вырабаў (віна, піва, сыдру і сьпіртовых настоек), незалежна ад краіны іх паходжаньня[12]. 18 ліпеня 2024 году ўрад Летувы забараніў уезд легкавікоў з аўтамабільнымі рэгістрацыйнымі знакамі Беларусі[13].

6 лютага 1995 году прэзыдэнты Беларусі і Летувы Аляксандар Лукашэнка і Альгірдас Бразаўскас падпісалі ў Вільні Дамову «Аб дзяржаўнай мяжы». 12 чэрвеня 1997 году летувіскі амбасадар Віктарас Баўбліс згадаў на сустрэчы з А. Лукашэнкам, што ў той дзень на супольнай мяжы паставілі першы памежны знак, што паклала пачатак абазначэньню беларуска-летувіскай мяжы на мясцовасьці. 25 сакавіка 1998 году міністры замежных справаў Беларусі, Латвіі і Летувы Іван Антановіч, Валдыс Біркаўс і Альгірдас Саўдаргас падпісалі Дамову «Аб парадку абазначэньня кропкі стыку дзяржаўных межаў», што набыла моц 17 сакавіка 1999 году[1].

10 сакавіка 2006 году ўсталявалі апошні 1955-ы памежны знак на возеры Гілута ў Браслаўскім раёне (Віцебская вобласьць, Беларусь). Агульная працягласьць мяжы склала 678,819 км, зь іх — 380 км па сушы і 299 км (44 %) па вадзе. Дэмаркацыя мяжы зь беларускага боку большасьцю фінансавалася Эўразьвязам. 2 лютага 2007 году падпісалі заключныя дакумэнты аб дэмаркацыі беларуска-летувіскай мяжы. 19 чэрвеня 2008 году заканчэньне дэмаркацыі адзначылі абменам нотамі. 16 верасьня 2009 году бакі падпісалі Дамову «Аб прававым рэжыме беларуска-летувіскай дзяржаўнай мяжы», якая набыла моц 7 ліпеня 2010 году. Адначасна ўрады Беларусі, Летувы і Польшчы падпісалі Дамову «Аб стыку дзяржаўных межаў», што набыла моц 26 кастрычніка 2010 году. На 2014 год на беларуска-летувіскай мяжы дзейнічала 6 міжнародных памежных пунктаў пропуску, зь іх 4 аўтадарожных і 2 чыгуначных. Яшчэ 11 аўтадарожных пунктаў кантролю працавала для мясцовага руху[14].

29 жніўня 2022 году летувіскі дзяржаўны холдынг «Апэратар сыстэмы перадачы электрычнасьці» («АСПЭ») паведаміў пра заканчэньне будаўніцтва агароджы даўжынёй 502 км на беларуска-летувіскай мяжы. Улетку 2021 году ўрад Летувы заказаў яе будаўніцтва коштам 152 млн эўра за пазыковыя сродкі, каб зьменшыць пранікненьне ірацкіх перасяленцаў у ходзе міграцыйнага крызісу[15].

21 лютага 2024 году ўрад Летувы падтрымаў прапанову Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі аб закрыцьці ад 1 сакавіка 2024 году 2-х памежных пунктаў пропуску Лаварышкі і Райгарад. Міністарка ўнутраных справаў Летувы Агне Білатайтэ патлумачыла закрыцьцё нястачай сродкаў для выкрыцьця кантрабанды: «У суседніх дзяржавах дзейнічае па адным пункце пропуску, у Летуве — 4. У выніку на 50 % павялічылася плынь грузаў, транспарту і людзей». Сярод іншага, яна зрабіла ўдакладненьне ў сувязі з арыштам некалькіх грамадзянаў Летувы ў Беларусі: «Гэтая пастанова таксама была абумоўленая рызыкамі, зьвязанымі з узмацненьнем дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў супраць Летувы і нашых грамадзян»[16].

20 сьнежня 1991 году Вярхоўны Савет Летувы(en) прызнаў незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. 27 сьнежня 1991 году Беларусь прызнала незалежнасьць Летувіскай Рэспублікі. 30 сьнежня 1992 году ў Менску падпісалі Пагадненьне «Аб дыпляматычных дачыненьнях». У 1993 годзе адчынілі Амбасаду Летувы ў Беларусі і Амбасаду Беларусі ў Летуве. Першымі кіраўнікамі Амбасадаў да 1994 году былі часовыя павераныя ў справах Уладзімер Шчасны ад Беларусі і Алфонсас Аўгуліс ад Летувы. 6 лютага 1995 году прэзыдэнты Беларусі і Летувы Аляксандар Лукашэнка і Альгірдас Бразаўскас падпісалі ў Вільні Дамовы «Аб добрасуседзкіх і сяброўскіх дачыненьнях» і «Аб дзяржаўнай мяжы». У 1996 годзе Амбасада Беларусі ў Летуве набыла ў Вільні будынак па вул. Міндоўга, д. 13. Зямельную дзялянку, дзе месьціўся будынак, плошчай 4874 кв.м. Амбасада атрымала ў бясплатную арэнду на 50 гадоў. Пасьля некалькіх гадоў аднаўленьня ў стылі нэабарока Амбасада пераехала ў набыты будынак[17].

5 верасьня 1997 году А. Лукашэнка наведаў Летуву для ўдзелу ў міжнароднай нарадзе «Суіснаваньне народаў і добрасуседзкія дачыненьні». 12 лістапада 1998 году прэзыдэнты Беларусі і Летувы А. Лукашэнка і Валдас Адамкус сустрэліся на памежнай заставе Меднікі. Ад 1 верасьня 2004 году да 31 сьнежня 2010 году Амбасада Летувы ў Беларусі спалучала ў сабе прадстаўніцтва АПАД. 25 траўня 2007 году адбылася сустрэча міністраў замежных справаў на памежнай заставе «Каменны Лог — Меднікі». У кастрычніку 2007 году ў Летуве пабываў старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі для адкрыцьця ў Вільні выставы «Беларусь-Экспа». У лістападзе 2007 году пасюля далучэньня да Шэнгенскага пагадненьня аб паездках грамадзянаў урад Летувы павысіў цану ўязной візы для беларускіх грамадзянаў з 5 да 60 эўра. Па стане на канец 2007 году пабрацімскія дачыненьні падтрымлівалі 24 акругі і гарады Беларусі і Летувы. 16 верасьня 2009 году А. Лукашэнка наведаў Вільню для адкрыцьця Дзён эканомікі, навукі і культуры Беларусі і Беларуска-летувіскага гаспадарчага форуму «Беларусь і дзяржавы Балтыйскага мора» ў выстаўні «Летэкспа». 20 кастрычніка 2010 году прэзыдэнтка Летувы Даля Грыбаўскайце наведала Беларусь[18].

У 2011 годзе ў Летуве акрэдытавалі вайсковага аташэ Беларусі С. Зязюліна. У Беларусі акрэдытавалі вайсковага аташэ Летувы Д. Кідзікаса. 6 сакавіка 2015 году 1-м ганаровым консулам Беларусі ў Клайпедзе стаў Мікалай Логвін[19].

  1. 1 2 Уладзімер Русаковіч. Беларуска-летувіскія дачыненьні (1997—1998 гг.) // Белая вежа : часопіс. — Кастрычнік 2017. — № 7 (46). — С. 125-129. — ISSN 2311-245x.
  2. Адрас і час працы (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  3. Расцэнка консульскіх збораў за выдачу візаў Рэспублікі Беларусь (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  4. Месцазнаходжаньне // Амбасада Летувы ў Беларусі, 1 ліпеня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  5. Час працы // Амбасада Летувы ў Беларусі, 16 студзеня 2018 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  6. Разьмяшчэньне ў горадзе (рас.) // Генэральнае консульства Летувы ў Горадні, 26 жніўня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  7. Час працы (рас.) // Генэральнае консульства Летувы ў Горадні, 26 жніўня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  8. Візы (рас.) // Амбасада Летувы ў Беларусі, 17 ліпеня 2018 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  9. Кароткая інфармацыя аб візавым зборы // Холдынг «Сусьветнае візавае садзейнічаньне» (Дубай, ААЭ), 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  10. Аляксандар Шпакоўскі. Каму патрэбна «атамная» спрэчка // Зьвязда : газэта. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  11. Гандлёва-гаспадарчыя дачыненьні (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  12. Беларусь увяла меры ў адказ на недружалюбныя дзеяньні Летувы па закрыцьці пунктаў пропуску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 сакавіка 2024 г. Праверана 17 сакавіка 2024 г.
  13. Летува з 18 ліпеня закрывае граніцу для аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі // БелТА, 17 ліпеня 2024 г. Праверана 20 ліпеня 2024 г.
  14. Палітычнае супрацоўніцтва // Амбасада Летувы ў Беларусі, 2 ліпеня 2014 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  15. Летува завяршыла ўзьвядзеньне 502-кілямэтровай агароджы на граніцы зь Беларусьсю // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 жніўня 2022 г. Архіўная копія ад 29 жніўня 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
  16. Летува патлумачыла, чаму закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю // «Хартыя'97», 22 лютага 2024 г. Праверана 17 сакавіка 2024 г.
  17. Палітычныя дачыненьні (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  18. Пра будынак Амбасады (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.
  19. Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у г. Клайпедзе (рас.) // Амбасада Беларусі ў Летуве, 2019 г. Праверана 18 студзеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]