Перайсьці да зьместу

Цешкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цешкаў
лац. Cieškaŭ
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Нараўлянскі
Сельсавет Вербавіцкі
Дата заснаваньня перад 1621 годам
Часавы пас
Каардынаты 51°41′20″ пн. ш. 29°37′51″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2355
СААТА 3238804116
Нумарны знак 3
Цешкаў на мапе Беларусі ±
Цешкаў
Цешкаў
Цешкаў
Цешкаў
Цешкаў
Цешкаў

Це́шкаў[1] — былая вёска ў Беларусі, каля ракі Славечны. Уваходзіла ў склад Вербавіцкага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці.

Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Цешкаў у разьмежаваньні канца 1621 — пачатку 1622 г.

Пры размежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 году добры Кіеўскага біскупства[a] сяло Кажушкавічы разам зь Цешкавам і Турчыновічамі, на тым грунце Кажушкаўскім абапал рэк Славешні і Прыпяці аселымі, паны камісары згодна запісалі прыналежнымі да ваяводзтва Кіеўскага[2]. Імаверна, гэта пакуль найранейшая зьвестка пра паселішча[b]. У тарыфе падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году прыведзеная хіба агульная сума выплаты з добраў Кіеўскага біскупства ў 500 злотых[4], таму ні колькасьць дымоў, ні выбраных злотых, што да Цешкава, невядомая.

Цешкаўская царква ў 1733 г.
Прыход Цішкаўскай царквы ў 1740 г.
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

Потым Цешкаў, які дагэтуль, акрамя іншага, знаходзіўся нібы ў ценю Кажушкавічаў, згаданы ажно ў 1733 годзе з нагоды ўзьвядзеньня тут намаганьнямі парахіянаў будынку царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы[5]. Надалей пра Цешкаў вялося ў сувязі з далучэньнем у 1736 годзе названай царквы да уніі. Да таго часу сяло і навакольлі належалі Кіеўскаму каталіцкаму біскупству ў асобе біскупа Яна Самуэля Ожгі. Пасьля імі завалодаў мазырскі маршалак Рафал Аскерка[6].

У візыце Брагінскага дэканату на 27 студзеня 1740 году[c] засьведчана, што прыход Цішкаўскай Раства-Багародзіцкай царквы, які ўзначальваў айцец Базылі, складалі верныя з 30 двароў у Цішкаве, 20 у Кажушках, 5 у хутары Вяжышчах[7].

12 лютага 1778 году ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Цешкаўскай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, паведамляецца, што ў яе прыходзе, які ўзначальваў сьвятар Аляксандар Высоцкі, — верныя з 50 двароў Цішкава, 35 Кажушкаў, 11 Ламачоў, 20 Вяжышчаў, 3 Рудні. Тады гэта былі добры войскага мазырскага Яна Мікалая, сына Рафала, Аскеркі. Сярод іншага, згаданыя дакумэнты: фундуш, датаваны 15-м красавіка 1770 г., ад пана войскага, ліст ад прыходзкай сялянскай грамады, пазначаны 12-м студзеня 1731 г., і яшчэ стары фундуш[8].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Цешкаў на схематычным пляне Рэчыцкага павету. Каля 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Цешкаў апынуўся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні.

Сьвятлана Адамовіч прывяла важную зьвестку на 1816 год: «…Имение Наровля… с деревнями Циошково, Карповичи, Вежицы, Кнуровка, Рудня Тельковска[d], Слобода Тартак, с фольварками Кожушки и селом того же названия… с двумя фольварочными строениями и винокуренными заводами… досталось Игнатию Горватту в потомственное владение от помещиков фон Гольстов… за сумму 242 650 рублей серебром по купчей от 1 сентября 1816 г.»[9].

У парэформавы пэрыяд Цешкаў адміністрацыйна належаў да Нараўлянскай воласьці.

На 1909 год у сяле Цешкаў налічвалася 105 двароў з 635 жыхарамі[10].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Цешкаў у складзе Нараўлянскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[11].

Вёска скасаваная 9 чэрвеня 2006 году[12].

  1. На той час яго ўзначальваў біскуп Багуслаў Радашэўскі.
  2. Не з XVIII ст. вядомае і ня ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводзтва яно месьцілася насуперак таму, як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
  3. У візыце Брагінскага дэканату 1743 г. Цешкаўская царква ўжо не названая.
  4. Рудня Цешкаўская.
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 242.
  2. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 96—97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—143.
  3. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 155
  4. Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 234
  5. Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага (ІР НБУВ). Ф. 233. Спр. 19. А. 796
  6. Регестр церквей в унию обращённых к благочестивой протопопии мозырской принадлежащих, списанный от меня Феодора Савицкого протопопа мозырского со всею о Христе братие 1745 г. октября 23 дня. // Черниговские епархиальные известия. – 1862. № 15. С. 269
  7. ІР НБУВ. Ф. 233. Спр. 19. А. 797
  8. НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 111адв.-112адв.
  9. Светлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. №2 (213)
  10. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 204
  11. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою: український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
  12. Пералік найменняў геаграфічных аб’ектаў, спыніўшых сваё існаванне за 2006—2008 гг. Архівавана 20 красавіка 2022. (рас.)