Перайсьці да зьместу

Прапіска

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прапі́скаштамп у пашпарце з адрасам пражываньня ў жылым памяшканьні.

Пасьля ўвядзеньня ў 1933 годзе ў Савецкім Саюзе сяляне страцілі свабоду выезду ў горад, для чаго сталі патрабаваць даведку зь сельсавету. Бяз пашпарту, які выдавалі толькі месьцічам, іх арыштоўвала міліцыя на тэрмін да 2-х гадоў[1]. Пры канцы 1950-х гадоў вяскоўцам пачалі выдаваць пашпарты. Аднак і ў пашпарце кожная сялянская сям’я была прыпісанай да адпаведнага калгасу. Таму на справе ў сельскай мясцовасьці савецкі ўрад аднавіў прыгоннае права[2].

27 сьнежня 1932 году Цэнтральны выканаўчы камітэт СССР выдаў Пастанову № 1917 «Аб усталяваньні адзінай пашпартнай сыстэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапісцы пашпартоў». Паводле 2-га пункту Пастановы, яе ўвялі «цягам 1933 году, ахапіўшы ў першую чаргу насельніцтва Масквы, Ленінграда, Харкава, Кіева, Менска, Растова-на-Доне і Ўладзівастока». Адначасна з Пастановай зацьвердзілі Палажэньне аб пашпартах, паводле якога «ўсе грамадзяне Саюзу ССР у веку ад 16 гадоў, якія пастаянна пражываюць у гарадах, працоўных пасёлках, якія працуюць на транспарце, у саўгасах і на новабудоўлях, абавязаныя мець пашпарты». Згодна з 2-м пунктам Палажэньня прызнавалася, што «ўсе іншыя дакумэнты і пасьведчаньні, якія служылі відам на жыхарства, скасоўваюцца, як несапраўдныя». Пры гэтым, «пашпарт абавязковы для падачы: а) пры ўліку ўласьніка пашпарта (прапіска); 2) пры паступленьні на працу ў прадпрыемства і ўстанову; 3) на патрабаваньне міліцыі і іншых адміністрацыйных органаў». У 3-м пункце адзначалася: «Грамадзяне, якія мяняюць месца свайго жыхарства ў межах паселішчаў, дзе ўвялі пашпартную сыстэму, або якія зноў прыбываюць у гэтыя паселішчы, абавязаныя падаць свае пашпарты праз домаўправы для прапіскі ў органах міліцыі не пазьней за 24 гадзіны па прыбыцьці на новае месцажыхарства». Паводле 4-га пункту, «пашпарты выдаюцца органамі работніцка-сялянскай міліцыі». Аднак згодна зь 7-м пунктам пастанаўлялася «дазволіць органам работніцка-сялянскай міліцыі гарадоў пры прапісцы грамадзянаў, якія зноў прыбываюць, выконваць выдачу ім часовых пасьведчаньняў на тэрмін ня больш за 3 месяцы»[3].

У 11-м пункце Палажэньня аб пашпартах згадвалася: «Асобы, абавязаныя мець пашпарты і якія апынуліся без пашпартоў або часовых пасьведчаньняў, падвяргаюцца ў адміністрацыйным парадку штрафу ў памеры да 100 рублёў. Грамадзяне, якія прыбылі зь іншых мясцовасьцяў бяз пашпарту або часовага пасьведчаньня і якія ня выбылі цягам усталяванага інструкцыяй тэрміну пашпарта або часовага пасьведчаньня, падвяргаюцца штрафу ў памеры да 100 рублёў і выдаленьню распараджэньнем органаў міліцыі». Паводле 12-га пункту Палажэньня, «за пражываньне без прапіскі пашпарта або часовага пасьведчаньня, а таксама за парушэньне правілаў прапіскі віноўнікі падвяргаюцца ў адміністрацыйным парадку штрафу ў памеры да 100 рублёў, а пры паўторным парушэньні правілаў прапіскі падлягаюць крымінальнай адказнасьці». Урэшце 16-м пунктам прадугледжвалася: «Даручыць Галоўнай управе работніцка-сялянскай міліцыі пры АДПУ Саюзу ССР у 10-дзённы тэрмін падаць на зацьвярджэньне Савету народных камісараў Саюзу ССР інструкцыі аб ажыцьцяўленьні гэтага Палажэньня»[3].

Паводле 30-га артыкула Канстытуцыі Беларусі «Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесьперашкодна вяртацца назад»[4]. З улікам гэтага 7 верасьня 2007 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 413 «Аб удасканаленьні сыстэмы ўліку грамадзянаў па месцы жыхарства і прыбываньня», паводле якога пастанавіў «скасаваць сыстэму прапіскі грамадзянаў». Аднак згодна з 3-м пунктам Указу, «кожны грамадзянін абавязаны зарэгістравацца па месцы жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь і... мае права зарэгістравацца па месцы прыбываньня». Пры гэтым, «грамадзяне лічацца зарэгістраванымі: па месцы жыхарства — згодна з пастаяннай прапіскай. ... па месцы прыбываньня — згодна з часовай прапіскай». У 4-м пункце загадвалася: «да 1 сьнежня 2007 г. Савету міністраў Рэспублікі Беларусь... забясьпечыць падрыхтоўку і прыняцьцё нарматыўнага прававога акту, які вызначае, што зьняцьцё вайсковаабавязаных з вайсковага ўліку ажыцьцяўляецца без звароту гэтых грамадзянаў у вайсковыя камісарыяты, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў сельскай мясцовасьці, а таксама ў гарадах і пасёлках, дзе няма вайсковых камісарыятаў». Да Ўказу прыкладалася Палажэньне «Аб рэгістрацыі грамадзянаў па месцы жыхарства і прыбываньня», паводле якога пасьведчаньнем асобы ёсьць: 1) «пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; 2) пасьведчаньне аб нараджэньні — для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія не дасягнулі 14-гадовага веку і ня маюць пашпартоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь; 3) від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь; 4) пасьведчаньне ўцекача». Згодна з Палажэньнем «Аб рэгістрацыі...» падставай уліку па месцы жыхарства і прыбываньня былі:

Палажэньнем «Аб рэгістрацыі...» прадугледжвалася, што за ўлік па месцы жыхарства або прыбываньня адказвалі: кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і старшыня жыльлёвага каапэратыву, таварыства ўласьнікаў або садаводчага таварыства; старшыня сельскага выканаўчага камітэту і кіраўнік гасьцініцы або інтэрнату. Паводле 8-га пункту Палажэньня, «рэгістрацыя грамадзянаў па месцы жыхарства абмяжоўваецца... ў жылым памяшканьні, калі пасьля рэгістрацыі грамадзяніна забясьпечанасьць агульнай плошчай такога жылога памяшканьня стане меншай за 15 кв. мэтраў на аднаго чалавека (у Менску — менш за 20 кв. мэтраў)..., а забясьпечанасьць жылой плошчай жылога памяшканьня ў інтэрнаце — меншай за 6 кв. мэтраў». Згодна з 21-м пунктам «у выпадку часовага выезду зь месца жыхарства на тэрмін больш за 1 месяц грамадзянін мае права... зарэгістравацца па месцы прыбываньня» на тэрмін да 1-го году безь зьняцьця з уліку па месцы жыхарства[5].

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 28 сьнежня 2013. — № 244 (27608). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Тацяна Вадалаская, Уладзімер Мацкевіч. Сфэра прыватнага жыцьця // Беларусь для пачаткоўцаў: ад разуменьня да дзеяньня / перакл. Аляксандар Карцель, рэд. Марыя Мартысевіч. — Менск: Логвінаў, 2012. — С. 23—30. — 285 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-562-048-9
  3. ^ а б Міхаіл Калінін, Вячаслаў Молатаў. Пастанова ЦВК СССР ад 27 сьнежня 1932 г. № 1917 «Аб усталяваньні адзінай пашпартнай сыстэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапісцы пашпартоў» (рас.) // Электронны фонд прававых і нарматыўна-тэхнічных дакумэнтаў «Кодэкс», 2021 г. Праверана 27 ліпеня 2021 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 27 ліпеня 2021 г.
  5. ^ а б А. Лукашэнка. Указ ад 7 верасьня 2007 г. № 413 «Аб удасканаленьні сыстэмы ўліку грамадзянаў па месцы жыхарства і прыбываньня» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 19 сакавіка 2021 г. Праверана 27 ліпеня 2021 г.