Леў Копелеў
Леў Копелеў | |
Лев Копелев | |
Леў Копелеў падчас выступу ў Бад Мюнстэрайфэлі (1980-я) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 красавіка 1912 Кіеў |
Памёр | 18 чэрвеня 1997 (85 гадоў) Кёльн |
Пахаваны | |
Жонка | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | крытык, дысыдэнт |
Мова | эспэранта, расейская мова[1] і нямецкая |
Узнагароды | |
Леў За́лманавіч (Зіно́ўевіч) Ко́пелеў (па-расейску: Лев Залма́нович (Зино́вьевич) Ко́пелев; 9 красавіка 1912, Кіеў, Расейская імпэрыя — 18 чэрвеня 1997, Кёльн, Нямеччына) — савецкі літаратурны крытык, дысыдэнт і праваабаронца.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Копелеў нарадзіўся ў Кіеве ў сям’і жыдоўскага агранома. У 1926 сям’я пераехала ў Харкаў.
У лютым 1929 року атрымаў на захоўваньне ад стрыечнага брата М. Паляка матэрыялы падпольнага цэнтру апазыцыі. Пасьля арышту брата матэрыялы былі перахаваныя, а на кватэры Копелевых адбыўся ператрус. Упершыню Леў Копелеў арыштаваны ГПУ 29 сакавіка 1929 за «сувязі з бухарынскай і трацкісцкай апазыцыяй» (раскідаў улёткі з пратэстам супраць арыштаў «бальшавікоў-ленінцаў»), празь дзесяць дзён вызвалены пад бацькаву заруку[2].
Працаваў рэдактарам радыёнавінаў на Харкаўскім паравозабудаўнічым заводзе імя Камінтэрна. У 1932, як адзін з «трыццацітысячнікаў(en)», увачавідкі назіраў за працай НКУС па рэквізіцыі ўраджаю і раскулачваньні. Пазьней гэты досьвед ён апісаў у мэмуарах «І зрабіў сабе куміра…»
У 1933 року паступіў на філязофскі факультэт Харкаўскага інстытуту народнай адукацыі. У гэты час зьявіліся ягоныя першыя артыкулы па-расейску і ўкраінску, у тым ліку ў «Камсамольскай праўдзе». У 1935 року Леў Копелеў перавёўся ў Маскоўскі інстытут замежных моваў на факультэт нямецкае мовы. З 1938 выкладаў у Маскоўскім інстытуце філязофіі, літаратуры і гісторыі, дзе атрымаў званьне доктара філязофіі.
З пачаткам нямецка-савецкай вайны запісаўся дабраахвотнікам у Чырвоную армію, дзякуючы веданьню нямецкае мовы служыў прапагандыстам і перакладнікам. З уваходам Чырвонай Арміі ва Ўсходнюю Прусію востра раскрытыкаваў гвалтаўніцтвы цывільнага нямецкага насельніцтва. Быў арыштаваны і прыгавораны да 10-гадовага зьняволеньня ў лягеры за прапаганду «буржуазнага гуманізму» і «спагадлівасьць да ворага». Сьпярша трапіў ва Ўнжлаг(ru), дзе быў брыгадзірам, пасьля — мэдбратам у лягернай больніцы[3]. Пасьля ў «шарашцы(ru)» «Марфіна»(ru) пазнаёміўся з Аляксандрам Салжаніцыным, які зробіць яго прататыпам Рубіна ў сваёй кнізе «Ў крузе першым».
Вызвалены ў 1954 року, у 1956 рэабілітаваны. Працягваў верыць у камунізм, у хрушчоўскую адлігу аднавіўся ў КПСС. У 1957—1969 выкладаў у Маскоўскім паліграфічным інстытуце і быў навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі мастацтваў.
З 1966 року актыўна заняўся праваабарончай дзейнасьцю. У 1968 звольнены з працы і выключаны з КПСС за падпісаньне лістоў супраць перасьледу дысідэнтаў і за крытыку савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну. Выказаўся таксама супраць выключэньня Салжаніцына з Саюзу пісьменьнікаў і ў падтрымку генэрала Пятра Грыгарэнкі, прымусова ўвязьненага(en) ў «псіхушцы».
Кнігі Копелева пачалі распаўсюджвацца праз самвыдат, правозіліся празь мяжу і публікаваліся на Захадзе. За палітычную дзейнасьць і кантакты з заходнімі краінамі ў 1977 року ён быў выключаны з Саюзу пісьменьнікаў, яму было забаронена выкладаць і друкавацца.
Яшчэ займаючыся дасьледаваньнямі па расейска-нямецкіх культурных повязях, Копелеў завязаў кантакты ва ўнівэрсытэце Вупэрталю. У 1980 року, знаходзячыся ў дасьледчай паездцы ў Нямеччыне, быў пазбаўлены савецкага грамадзянства. Застаўся ў ФРН, з 1981 — прафэсар Вупэртальскага ўнівэрсытэту, пазьней — ганаровы доктар філязофіі Кёльнскага ўнівэрсытэту.
У 1990 року Міхаіл Гарбачоў вярнуў Льву Копелеву савецкае грамадзянства.
Сканаў Копелеў у Кёльне ў 1997 року. Пахаваны на Данскіх могілках Масквы. У Кёльне створаныя ягоныя фундацыя і музэй.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Першая жонка з 1930 року — аднаклясьніца Надзея Калчынская[2]
- Дачка Мая Літвінава (Русакоўская)
- Дачка Алена Копелева
- Другая жонка з 1956 року — Раіса Арлова (у дзявоцтве Ліберзон)[2]. Эмігравала з мужам у Нямеччыну
- Дачка Сьвятлана Іванова (дачка Р. Арловай ад першага шлюбу)
- Дачка Марыя Арлова[4]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ а б в Копелев Лев Зиновьевич (Залманович) (1912—1997) литературовед, писатель (рас.) Воспоминания о ГУЛАГе и их авторы Праверана 13 лютага 2017 г.
- ^ Лев Копелев. Глава двадцать шестая. Сухобезводная. Унжлаг // Хранить вечно. — Москва: ТЕРРА — Книжный клуб, 2004.
- ^ Раиса Либерзон (Орлова) (рас.) JewAge Праверана 14 лютага 2017 г.
- Нарадзіліся 9 красавіка
- Нарадзіліся ў 1912 годзе
- Памерлі 18 чэрвеня
- Памерлі ў 1997 годзе
- Пахаваныя на Данскіх могілках
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Нарадзіліся ў Кіеве
- Расейскія літаратары
- Жыдоўскія літаратары
- Украінскія жыды
- Ашкеназы
- Украінскія літаратары
- Савецкія дысыдэнты
- Вязьні ГУЛагу
- Сябры КПСС
- Прымусова пазбаўленыя савецкага грамадзянства
- Габрэі ў СССР
- Удзельнікі нямецка-савецкай вайны
- Выключаныя з КПСС
- Выпускнікі Кёльнскага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Кёльнскага ўнівэрсытэту
- Савецкія эмігранты
- Нямецкія імігранты
- Савецкія літаратуразнаўцы
- Савецкія літаратары
- Савецкія літаратурныя крытыкі
- Савецкія публіцысты
- Савецкія праваабаронцы
- Выпускнікі Маскоўскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту
- Прататыпы літаратурных пэрсанажаў
- Памерлі ў Кёльне
- Рэабілітаваныя ў СССР