Вядзеньне бізнэсу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

«Вядзе́ньне бі́знэсу» — рэйтынг заканадаўства краінаў паводле спрыяльнасьці мясцовым прыватным прадпрыемствам, створаны Сусьветным банкам (Вашынгтон, ЗША) у 2003 годзе.

Складаецца зь 10 паказьнікаў: «Улік прадпрыемства», «Дазвол на будаўніцтва», «Падлучэньне да электразабесьпячэньня», «Улік уласнасьці», «Пазычаньне», «Абарона ўкладальніка», «Падаткаабкладаньне», «Міжнародны гандаль», «Выкананьне дамовы» і «Вырашэньне неплатаздольнасьці». Грунтуецца на набліжанасьці да перадавога рубяжа ў 100 балаў, за які прымаюць найлепшыя прававыя ўстоі ў галіне прадпрымальніцтва[1]. Утвараецца на падставе ўмоваў у буйнейшым горадзе кожнай краіны[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2002 годзе Сусьветны банк (Вашынгтон, ЗША) пачаў распрацоўку 1-й справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2004», якая выйшла ў 2003 годзе і апісвала 5 паказьнікаў у 133 краінах. У 2007 годзе ў рэйтынгу зьявілася Беларусь, якая заняла 129-е месца сярод 175 краінаў[2].

20 кастрычніка 2011 году ў справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2012» 1-е месца сярод 183 краінаў паводле спрыяльнасьці прадпрымальніцтву заняў Сынгапур. За год урады 125 краінаў (68%) ажыцьцявілі 245 справавых пераўтварэньняў, што было на 13% больш за папярэдні год. За папярэднія 6 гадоў урады 163 краінаў (89%) палепшылі прававыя ўмовы прадпрымальніцтва[3]. У 2011 годзе сярод 10 паказьнікаў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» замянілі ўмовы найму на «Падлучэньне да электразабесьпячэньня», што прывяло да пераразьліку справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2011»[4]. 23 кастрычніка 2012 году ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу-2013» Сынгапур 7-ы раз запар заняў 1-е месца сярод 185 краінаў. Справаздача стала 10-й па ліку і засьведчыла за 10 гадоў каля 2000 пераўтварэньняў у 180 краінах. За год у 108 краінах правялі 201 пераўтварэньне для прадпрымальніцтва[5]. Ад чэрвеня 2014-га па чэрвень 2015 году дасьледаваньне «Вядзеньне бізнэсу-2016» ахапіла 189 краінаў і ўлічыла 231 пераўтварэньне ў галіне прадпрымальніцтва[1]. 26 кастрычніка 2016 году ў «Вядзеньні бізнэсу-2017» Новая Зэляндыя упершыню заняла 1-е месца сярод 190 краінаў, тады як Сынгапур упершыню перамясьціўся на 2-е[6]. 26 кастрычніка 2016 году ў справаздачу «Вядзеньне бізнэсу-2017» увайшло 190 краінаў. Пра іх сабралі звыш 52 000 дадзеных ад прадпрымальнікаў, дасьледнікаў і чыноўнікаў, якія ўлучылі ў больш як 8900 складнікаў паказьнікаў[2].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе Беларусь упершыню зьявілася ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу», дзе заняла 129-е месца сярод 175 краінаў[2]. Пасьля перагляду заканадаўства Беларусі апынулася на 115-м месцы[7].

20 кастрычніка 2011 году ў справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2012» Беларусь узьнялася з 91-га на 69-е месца сярод 183 ахопленых краінаў паводле спрыяльнасьці прадпрымальніцтву. Паляпшэньне адбылося за кошт 5 пераўтварэньняў: 1) скасаваньне патрэбы ў дазволе мясцовай улады на перадачу камэрцыйнага будынка, 2) адмена падатка з абароту і продажаў, 3) зьніжэньне частасьці падачы заявак аб аплаце падаткаў на карпаратыўны даход і дададзеную вартасьць (ПДВ), 4) увядзеньне электроннай падачы падаткаў, 5) павелічэньне ліку зьвестак для апавяшчэньня агульнага сходу акцыянэраў з боку рады кіраўнікоў. Адмоўна на выкананьне дамовы паўплывала папраўка ў Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь 1998 году, якая павялічыла тэрмін урэгуляваньня камэрцыйнай спрэчкі[3]. Рэйтынг Беларусі вырас паводе 5 зь 10 паказьнікаў: «Абарона ўкладальніка» — са 108-га на 79-е месца, «Падаткаабкладаньне» — з апошняга 183-га на 156-е, «Вырашэньне неплатаздольнасьці» — зь 98-га на 82-е, «Улік уласнасьці» — з 6-га на 4-е і «Дазвол на будаўніцтва» — з 45-га на 44-е. Паводле паказьніка «Міжнародны гандаль» Беларусь засталася на 152-м месцы. Пагаршэньне назіралася ў 4 паказьніках: «Выкананьне дамовы» — з 11-га на 14-е месца, «Улік прадпрыемства» — зь 7-га на 9-е, «Пазычаньне» — з 96-га на 98-е і «Падлучэньне да электразабесьпячэньня» — са 174-га на 175-е. Увядзеньне апошняга паказьніка (замест умоваў найму) прывяло да пераразьліку месца Беларусі ў справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2011» з паніжэньнем на 23 месцы да 91-га. На падлучэньне да электразабесьпячэньня выдаткоўвалі 254 дні і 234,992 млн рублёў ($78 494). Зь іх 195 дзён (76,8% часу) і 99,8% грашовых выдаткаў ішло на праектную працу і электрамантаж[4]. Ацэнку падаткаабкладаньня выводзілі з 3-х складнікаў, кожны зь якіх палепшыўся ў 2010 годзе: 1) «Лік плацяжоў» — зьменшыўся з 82 да 18, зь якіх 12 адносілася да адлічэньняў на абавязковае страхаваньне[8]; 2) «Падатковая нагрузка» — скарацілася з 80,4% да 62,8% прыбытку, зь якіх звыш паловы (38,4%) прыпадала на адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы; 3) «Лік выдаткаванага часу» — на вылічэньне і выплату падаткаў і адлічэньняў упаў з 798 да 654 гадзінаў. Апошні складнік палепшылі за кошт скасаваньня абавязковых плацяжоў у бюджэт і 10 формаў падатковых разьлікаў, скарачэньня разьліку падатку на прыбытак з 15 да 5 паказьнікаў і ўкараненьня электроннага дэкляраваньня з 2009 году[9]. Паводле ліку пераўтварэньняў для прадпрымальніцтва, урад Беларусі заняў 3-е месца ў сьвеце[10].

23 кастрычніка 2012 году ў справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2013» Беларусь узьнялася на 58-е месца сярод 185 краінаў. У гадавой справаздачы ўлічылі пераўтварэньні з чэрвеня 2011 году да траўня 2012 году. Урад Беларусі заняў 3-е месца паводле ліку пераўтварэньняў з 2005 году. Сярод суседніх краінаў Польшча знаходзілася на 55-м месцы, Расея — на 112-м, Украіна — на 137-м. Пагатоў перагляд рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу-2012» узьняў Беларусь з 69-га на 60-е месца. У «Вядзеньні бізнэсу-2013» рэйтынг Беларусі вырас у 5 зь 10 паказьнікаў: «Падаткаабкладаньне» — з 158-га на 129-е месца, «Дазвол на будаўніцтва» — з 42-га на 30-е, «Міжнародны гандаль» — з 154-га на 151-е, «Падлучэньне да электразабесьпячэньня» — з 173-га на 171-е і «Выкананьне дамовы» — з 14-га на 13-е. У паказьніках «Улік прадпрыемства» і «Улік уласнасьці» Беларусь засталася на 9-м і 3-м месцах. У 3-х паказьніках назіралася паніжэньне: «Пазычаньне» — з 97-га на 104-е месца, «Абарона ўкладальніка» — з 79-га на 82-е і «Вырашэньне неплатаздольнасьці» — з 42-га на 56-е. Станоўчыя пераўтварэньні адбыліся ў падаткаабкладаньні і вырашэньні неплатаздольнасьці: 1) зьнізіўся падатак на прыбытак, 2) электронная справаздачнасьць стала абавязковай для прадпрыемстваў з больш 50 супрацоўнікамі, 3) з банкруцтва прыватызаванага прадпрыемства выключылі былую дзяржаўную ўласнасьць, 4) нерухомасьць сталі прапаноўваць пазыкадаўцам пасьля аўкцыёну, 5) пры разарэньні дазволілі аўкцыён нерухомасьці безь дзяржаўнага ўліку. Адначасна адкрыцьцё прадпрыемства падаражэла за кошт росту цаны пячаткі [5].

29 кастрычніка 2013 году ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу 2014» Беларусь узьнялася на 63-е месца сярод 189 краінаў за кошт 4 захадаў: 1) зьніжэньне платы за ўлік юрыдычнай асобы, 2) скасаваньне патрэбы мець банкаўскі рахунак для ўліку юрыдычнай асобы, 3) скарачэньне часу выдачы тэхнічнай умовы і дазволу на земляную працу для падлучэньня да сеткі электразабесьпячэньня; 4) паскарэньне ўліку ўласнасьці пры яе перадачы. У мінулагоднім рэйтынгу пасьля перагляду Беларусь заняла 64-е месца[11]. Паводле паказьніка «Падаткаабкладаньне», становішча палепшылася са 135-га да 133-га месца параўнальна з удакладненай ацэнкай за папярэдні год. Падатковая нагрузка склала 54%, дзе 38,4% былі адлічэньні ў ФСАН Мінпрацы, 13,4% — падатак на прыбытак, 1% — падатак на нерухомасьць, 0,7% — страхаваньне ад здарэньня на вытворчасьці і 0,5% — зямельны падатак. Вылічэньне грунтавалася на прадпрыемстве з 60 супрацоўнікамі. Часавыя выдаткі на выплату падаткаў склалі 319 гадзінаў за год, зь якіх 157 — на падатак на прыбытак, 88 — адлічэньні ў ФСАН і 74 — на ПДВ. Гэты складнік палепшыўся за кошт пераходу да электроннага дэкляраваньня з боку больш як 130 000 плацельшчыкаў[12]. Пагатоў Беларусь 4-ы год запар заняла 3-е месца ў сьвеце паводле ліку спрыяльных прадпрымальніцтву пераўтварэньняў з 2005 году. З 2010 году ажыцьцявілі 13 станоўчых пераўтварэньняў[13]. Пагатоў суседняя Расея знаходзілася на 92-м месцы агулам у рэйтынгу[14].

29 кастрычніка 2014 году ў справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2015» Беларусь заняла 57-е месца, на якое ўзьнялася пры пераглядзе рэйтынгу за папярэдні год. Найбольш палепшылі стан у падаткаабкладаньні са 107-га да 60-га месца за кошт электроннага разьліку падаткаў на прыбытак і дададзеную вартасьць ды абавязковых унёскаў за страхаваньне ад здарэньняў на працы. Ва ўліку ўласнасьці Беларусь заняла 3-е месца, у выкананьні дамоваў — 7-е. Суседняя Расея апынулася на 62-м месцы[15]. 28 кастрычніка 2015 году заканадаўства Беларусі апынулася на 44-м месцы ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу-2016». Пагатоў пры пераглядзе папярэдняга рэйтынгу Беларусь уздымалася яшчэ вышэй на 43-е месца. Суседнія краіны занялі наступныя месцы: Летува — 20-е, Латвія — 22-е, Расея — 51-е і Ўкраіна — 83-е. У Беларусі адбылося 2 станоўчыя пераўтварэньні: 1) скарачэньне тэрміну ўліку нерухомасьці, 2) увядзеньне электроннага ўліку прадпрыемства, што павысіла паказьнік на 27 пунктаў. Набліжанасьць да перадавога рубяжа ў 100 балаў вырасла на 0,54 балу да 72,33 балу. З 2006 году ў Беларусі ўлічылі 32 пераўтварэньні, што дазволіла заняць 4-е месца паводле іх ліку за 10 гадоў[1]. 21 красавіка 2016 году ў пасланьні да Нацыянальнага сходу А. Лукашэнка падкрэсьліў: «У апошняй справаздачы Сусьветнага банку „Вядзеньне бізнэсу 2016“ па паказьніку „Падаткаабкладаньне“ наша краіна заняла 63 месца сярод амаль 200 дзяржаваў, рушыўшы наперад за 5 гадоў на 126 пазыцыяў»[16].

26 кастрычніка 2016 году Беларусь узьнялася на 37-е месца сярод 190 краінаў у справаздачы «Вядзеньне бізнэсу-2017», якая ўлічыла пераўтварэньні з 2 чэрвеня 2015 году па 1 чэрвеня 2016 году. Перагляд рэйтынга за папярэдні год даў 50-е месца. Суседнія краіны занялі наступныя месцы: Латвія — 14-е, Летува — 21-е, Расея — 40-е і Ўкраіна — 80-е. У 10 паказьніках Беларусь перамясьцілася на наступныя месцы: «Улік прадпрыемства» — з 31-га на 30-е, «Дазвол на будаўніцтва» — з 25-га на 28-е, «Падлучэньне да электразабесьпячэньня» — з 74-га на 24-е, «Улік уласнасьці» — з 7-га на 5-е, «Пазычаньне» — са 109-га на 101-е, «Абарона ўкладальніка» — з 62-га на 42-е, «Падаткаабкладаньне» — з 95-га на 99-е, «Міжнародны гандаль» — засталася на 30-м, «Выкананьне дамовы» — з 28-га на 27-е і «Вырашэньне неплатаздольнасьці» — з 95-га на 69-е. Урад Беларусі правёў 4 пераўтварэньні, якія спрасьцілі прадпрымальніцтва: 1) укараненьне аднаго вакна для будаўніцтва, праектаваньня і падлучэньня да разьмеркавальнай электрасеткі; 2) скарачэньне тэрміну перадачы зямельнай маёмасьці да 3-х дзён за кошт скарачэньня яе ходу да 2 працэдураў; 3) стварэньне Бюро крэдытных гісторыяў, якое стала прысвойваць ацэнкі крэдытаздольнасьці пазычальнікаў; 4) увядзеньне адказнасьці зьвязаных з прадпрыемствам бакоў за дзеяньні, шкодныя меншым пайшчыкам[6]. Таксама Беларусь засталася сярод 10 краінаў з найбольшым лікам спрыяльных прадпрымальніцтву пераўтварэньняў[17].

31 кастрычніка 2017 году ў справаздачы «Вядзеньне бізнэсу — 2018» Беларусь апусьцілася на 38-е месца. У краіне правялі адно пераўтварэньне наконт атрыманьня пазыкі. Сярод паказьнікаў былі наступныя вынікі: «Дазвол на будаўніцтва» — з 28-га на 22-е месца, «Улік уласнасьці» — засталося 5-е, «Падаткаабкладаньне» — з 99-га на 96-е, «Вырашэньне неплатаздольнасьці» — з 69-га на 68-е. Пагатоў улік уласнасьці займаў 2 працэдуры за 2 дні, дазвол на будаўніцтва — 16 працэдураў за 115 дзён[18]. Набліжанасьць да перадавога рубяжа павялічылася з 74,51 да 75,06 балу. Астатнія паказьнікі былі наступнымі: «Выкананьне дамовы» — 24-е месца, «Падлучэньне да электразабесьпячэньня» — 25-е, «Міжнародны гандаль» (3-і год запар) і «Ўлік прадпрыемства» — 30-е, «Абарона ўкладальніка» — з 42-га на 40-е і «Пазычаньне» — са 101-га на 90-е[19]. Урэшце ўрад Беларусі заняў 5-е месца паводле ліку пасьпяховых пераўтварэньняў з 2006 году[20].

2 лістапада 2018 году Беларусь зноў узьнялася на 37-е месца ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу — 2019». У 10 паказьніках былі наступныя вынік: улік уласнасьці — засталося 5-е месца, падлучэньня да электразабесьпячэньня — з 25-га на 20-е месца, міжнародны гандаль — з 30-га на 25-е, улік прадпрыемства — з 30-га на 29-е, выкананьне дамовы — з 24-га на 29-е, дазвол на будаўніцтва — з 22-га на 46-е, абарона ўкладальніка — з 40-га на 51-е, вырашэньне неплатаздольнасьці — з 68-га на 72-е, пазычаньне — з 90-га на 85-е і падаткаабкладаньне — з 96-га на 99-е. Сярод суседніх краінаў лепшы рэйтынг мелі: Летува — 14-е месца і Латвія — 19-е[21].

Беларусь у «Вядзеньні бізнэсу»
Год* Агульны рэйтынг (месца, бал)[22] Улік прадпры-
емства
Дазвол на будаў-
ніцтва
Падлу-
чэньне да электра-
сеткі**
Улік улас-
насьці
Пазы-
чаньне
Абарона ўкла-
дальніка
Падатка-
абкладаньне
Міжна-
родны гандаль
Выка-
наньне дамовы
Вырашэньне неплата-
здольнасьці
2020[23] Red Arrow Down.svg49-е (74,3) 30-е (93,5) 48-е (75,2) 20-е (90,3) 14-е (87,8) 104-е (50) 79-е (58) 99-е (71,2) 24-е (96,5) 40-е (67,6) 74-е (52,9)
2019 Green Arrow Up Darker.svg37-е (74,4) 29-е (93,4)[24] 46-е (74,8) 20-е 5-е 85-е 51-е 99-е 25-е 29-е 72-е
2018 Red Arrow Down.svg38-е (75,06) 30-е (91,9) 22-е (70,2) 25-е 5-е 90-е 40-е 96-е 30-е 24-е 68-е
2017 Green Arrow Up Darker.svg37-е (74,51) 30-е (91,9) 28-е (71,2) 24-е 5-е 101-е 42-е 99-е 30-е 27-е 69-е
2016 Green Arrow Up Darker.svg44-е (72,33) 31-е (91,9) 25-е (71,1) 74-е 7-е 109-е 62-е 95-е 30-е 28-е 95-е
2015 Green Arrow Up Darker.svg57-е (71,79) (89,6) (65,9) 3-е 60-е 7-е
2014 Red Arrow Down.svg63-е (65) (89,6) (65,5) 107-е
2013 Green Arrow Up Darker.svg58-е (62,2) 9-е (87,7) 30-е (64,5) 171-е 3-е 104-е 82-е 129-е 151-е 13-е 56-е
2012 Red Arrow Down.svg69-е (58,5) 9-е (87,8) 42-е (63,5) 173-е 3-е 97-н 79-е 158-е 154-е 14-е 42-е
2011 Red Arrow Down.svg68-е (53,7) 7-е (87,8) 45-е (63,4) 174-е 6-е 96-е 108-е 183-е (апошняе) 152-е 11-е 98-е
2010 Green Arrow Up Darker.svg58-е (52) (87,8) (62,4)
2009 Green Arrow Up Darker.svg85-е (78,5) (52,8)
2008 Green Arrow Up Darker.svg110-е (70,1) (40,8)
2007 Red Arrow Down.svg129-е (53,4) (44,4)
2006 106-е (49,7) (43,8)
*Паводле назвы справаздачы. **Паказьнік увялі з 2011 году замест умоваў найму.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Беларусь заняла ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» 44-ю пазіцыю // БелТА, 28 кастрычніка 2015 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  2. ^ а б в г Сьвятлана Міховіч. Уверх па лесьвіцы «Вядзеньня бізнэсу» // БелТА, 4 лістапада 2016 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  3. ^ а б Беларусь заняла 69-ю пазыцыю ў дакладзе Сусьветнага банка і МФК «Вядзеньне бізнэсу-2012» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 кастрычніка 2011 г. Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  4. ^ а б Ганна Кот. Беларускія энэргетыкі распрацавалі меры для павышэньня рэйтынгу Беларусі ў «Вядзеньні бізнэсу» // БелТА, 4 лістапада 2011 г. Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  5. ^ а б Ганна Кот. Беларусь палепшыла сваю пазыцыю ў сусьветным рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу - 2013», заняўшы 58-е месца // БелТА, 23 кастрычніка 2012 г. Праверана 7 сьнежня 2019 г.
  6. ^ а б Беларусь заняла ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» 37-ю пазыцыю // БелТА, 26 кастрычніка 2016 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  7. ^ Часопіс «ЗПІ» назваў Беларусь адным з самых прагрэсіўных рэфарматараў ва Ўсходняй Эўропе ў сфэры разьвіцьця бізнэсу // БелТА, 22 студзеня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2019 г.
  8. ^ МПЗ Беларусі мае намер выйсьці на якасна новы ўзровень падатковага адміністраваньня // БелТА, 20 красавіка 2012 г. Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  9. ^ Лілія Крапівіна. Як выводзяць ацэнку за падаткі // БелТА, 4 лістапада 2011 г. Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  10. ^ Вольгая Бяляўская. С.Румас адзначае рост прамых замежных інвэстыцый у эканоміку Беларусі // БелТА, 28 чэрвеня 2012 г. Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  11. ^ Усё вышэй // Зьвязда : газэта. — 30 кастрычніка 2013. — № 205 (27570). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Уладзімер Палуян: Меры па ўдасканаленьню падатковай сфэры не знайшлі адэкватнага адлюстраваньня ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу 2014» // БелТА, 31 кастрычніка 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2019 г.
  13. ^ Уладзіслаў Кулецкі. «Менавіта прыбытак, а не крэдыты — крыніца для разьвіцьця» // Зьвязда. — 5 лютага 2014. — № 21 (27631). — С. 1-2.
  14. ^ Сяргей Вайцяхоўскі: Ва ўмовах АЭП Беларусі неабходна ствараць мяккі клімат для замежных інвэстараў // БелТА, 28 лютага 2014 г. Праверана 7 сьнежня 2019 г.
  15. ^ Беларусь палепшыла паказчыкі па індыкатарах сусьветнага рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» і заняла 57-е месца // БелТА, 29 кастрычніка 2014 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  16. ^ Пасланьне прэзыдэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу // БелТА, 21 красавіка 2016 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  17. ^ Беларусь у сусьветным рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» // БелТА, 26 кастрычніка 2016 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  18. ^ Беларусь заняла ў рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» 38-ю пазыцыю // БелТА, 31 кастрычніка 2016 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  19. ^ Прыняцьце дакумэнтаў па лібэралізацыі ў эканоміцы Беларусі паўплывае на рэзультаты «Вядзеньне бізнэсу 2019» - Мінэканомікі // БелТА, 1 лістапада 2017 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  20. ^ Аліна Грышкевіч. Беларусь зьяўляецца для Кітая надзейным партнэрам - Дашук // БелТА, 12 красавіка 2018 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  21. ^ Беларусь у сусветным рэйтынгу «Вядзеньне бізнэсу» // БелТА, 2 лістапада 2018 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  22. ^ Месца Беларусі ў індэксе «Вядзеньне бізнэсу» // «Інфаграм», 2019 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  23. ^ Беларусь(анг.) // «Вядзеньне бізнэсу», 31 кастрычніка 2019 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.
  24. ^ Гістарычныя дадзеныя (поўныя з баламі)(анг.) // «Вядзеньне бізнэсу», 31 кастрычніка 2019 г. Праверана 8 сьнежня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]