Перайсьці да зьместу

Юзэф Аляксандар Ябланоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юзэф Аляксандар Ябланоўскі
Юзэф Аляксандар Ябланоўскі. Невядомы мастак, XVIII ст.
Юзэф Аляксандар Ябланоўскі. Невядомы мастак, XVIII ст.

Герб «Прус ІІІ»
Стольнік вялікі літоўскі
1744 — 1755
ПапярэднікПётар Павал Сапега
НаступнікСтаніслаў Аўгуст Панятоўскі
Ваявода наваградзкі
1755 — 1772
ПапярэднікЮры Радзівіл
НаступнікЮзэф Несялоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 лютага 1711
Тыхомель, Валынь
Памёр 1 сакавіка 1777 (66 гадоў)
Ліпск
Род Ябланоўскія
Бацькі Аляксандар Ян Ябланоўскі
Тэафілія зь Сяняўскіх
Жонка Караліна Тэрэза з Радзівілаў
Францішка Вікторыя з Варанецкіх
Дзеці Тэафіла Стрэжыслава з Ябланоўскіх[d][1]
Дзейнасьць мастацтвазнавец

Юзэф Аляксандар Ябланоўскі (4 лютага 1711, Тыхомель на Валыні — 1 сакавіка 1777, Ліпск) — дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай, гісторык, бібліёграф, мэцэнат мастацтва. Стольнік вялікі літоўскі (1744—1755), ваявода наваградзкі (1755—1772), сябра шматлікіх эўрапейскіх акадэміяў і навуковых таварыстваў.

Меў рэзыдэнцыі ў Падгорцах каля Стрыю, Ябланове Літоўскім, Ляхавічах. Быў старостам бускім, корсунскім і зьвянігарадзкім.

Прадстаўнік магнацкага роду Ябланоўскіх гербу «Прус ІІІ», адзіны сын Аляксандра Яна (1670—1723), харунжага вялікага кароннага, і Тэафіліі зь Сяняўскіх (1677—1754). Атрымаў хатнюю адукацыю, падарожнічаў па Францыі, Італіі, Нямеччыне, Галяндыі, Ангельшчыне. Неаднаразова абіраўся паслом на соймы.

Ю. А. Ябланоўскі

У 1740 годзе ажаніўся з Каралінай, дачкой канцлера вялікага літоўскага Караля Станіслава Радзівіла, што дало яму магчымасьць набыць маёнткі і ўрады ў Вялікім Княстве Літоўскім[2].

У часы другога панаваньня Станіслава Ляшчынскага быў ягоным прыхільнікам, паслом ад караля польскага і вялікага князя літоўскага да караля францускага Людовіка XV. У 1743 годзе ад імпэратара Карла VII атрымаў тытул князя. Падтрымліваў Барскую канфэдэрацыю, па паразе якой адмовіўся ад пасады наваградзкага ваяводы, каб ня ўдзельнічаць у санкцыянаваньні першага падзелу Рэчы Паспалітай[2].

Напісаў некалькі значных гістарычных працаў. Дзякуючы яго прапанове і фінансаваньню ў Парыжы ў 1772 годзе годзе выйшаў вядомы атляс Rizziego-Zannoniego, першы атляс Рэчы Паспалітай «Carte de Pologne...». Заснаваў у 1774 годзе ўва ўнівэрсытэце ў Ліпску Навуковае Таварыства Ябланоўскіх (лац. Societas Jablonoviana), якое існуе да сёньня. У XVIII стагодзьдзі выдаваліся яноныя працы з гісторыі Польшчы, матэматыцы, эканоміцы. Здолеў вылучыць зь ліку забароненага дасьледаваньні Мікалая Капэрніка, папулярызаваў ягоныя працы. У 1761 годзе выкупіў маёнтак у Чарнолесьсі, каб захаваць памяць пра Яна Каханоўскага. Напісаў: «Ostafi… tudzież nauka o wierszach i wierszopisach polskich» (1751, вершам), «Museum Polonum» (1752), «L’Empire des Sarmates» (1748) і працы з генэалёгіі.

Аднавіў Наваградзкі замак[2].

У 1740 годзе ажаніўся з князёўнай Тэрэзай Каралінай (1707—1765), удавой ваяводы берасьцейскага Казімера Лявона Сапегі (1697—1738), дачкой канцлера вялікага літоўскага Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719) і Ганны Кацярыны з князёў Сангушкаў (1676—1746). У шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Тэафілія Стражыслава (1743-1816), жонка з 1766 году краўчага вялікага літоўскага Юзэфа Сапегі (1737—1792)
  • Ганна Дабрагнева (1745—1782), жонка з 1766 году кашталяна кіеўскага і ваяводы брацлаўскага Мацея Лянцкаронскага (1723—1789)
  • Ядвіга Тэрэза

Па сьмерці першай жонкі ў 1766 годзе ажаніўся з князёўнай Францішкай Вікторыяй Варанецкай (1742—1827), у шлюбе зь якой нарадзіўся Аўгуст Дабрагост (1769-1792), ротмістар кавалерыі (1789)

  1. ^ Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 102. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. ^ а б в Пазднякоў В. Ябланоўскі Юзаф Аляксандр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 774.

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0

Вонкавыя спасылік

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юзэф Аляксандар Ябланоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў