Фіярэнтына Флярэнцыя
Фіярэнтына | ||||||
Поўная назва | ACF Fiorentina SpA | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1926 і 2002 | |||||
Горад | Флярэнцыя, Італія | |||||
Стадыён |
Артэміё Франкі Умяшчальнасьць: 47 282 | |||||
Кіраўнік | Рока Каміса[d] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Сэрыя А | |||||
· 2023—2024 | 8 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы acffiorentina.com |
«Фіярэнтына» (па-італьянску: Fiorentina) — італьянскі футбольны клюб з гораду Флярэнцыя. Заснаваны ў 1926 годзе пры аб’яднаньні клюбу «Фірэнцэ» й футбольнай сэкцыі моладзевай каманды «Лібэртас», аднак быў перафармаваны ў 2002 годзе пасьля банкруцтва. «Фіярэнтына» большасьць часу свайго існаваньня гуляе ў найвышэйшым дывізіёне італьянскага футболу, і толькі чатыры клюбы правялі ў Сэрыі А больш сэзонаў, чым «Фіярэнтына». «Фіярэнтына» двойчы перамагала ў італьянскім чэмпіянаце, у сэзоне 1955—1956 гадоў, а затым у сэзоне 1968—1969 гадоў. Таксама клюб зьяўляецца 6-разовым уладальнікам Кубка Італіі, уладальнікам Кубка кубкаў (1961).
З 1931 году клюб гуляў на стадыёне «Артэміё Франкі», які ў цяперашні час мае 47 282 месцаў. Стадыён выкарыстаў некалькі імёнаў на працягу многіх гадоў і зьведаў некалькі рэканструкцыяў. «Фіярэнтына» шырока вядомыя пад мянушкай «фіялкі», якая мае спасылку на іхны адметны фіялетавы колер формы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Фіярэнтына» была заснавана 26 жніўня 1926 году чальцом Нацыянальнай фашысцкай партыі маркізам Люіджы Рыдольфі[2], які ініцыяваў зьліцьцё двух флярэнтыйскіх клюбаў — «Фірэнцэ» (італ. Club Sportivo Firenze) і «Лібэртас» (італ. Palestra Ginnastica Libertas). Мэтай гэтага зьліцьця было зьяўленьне ў Флярэнцыі моцнага клюбу, здольнага канкураваць з супернікамі ў паўночна-заходняй Італіі. Таксама мела месца культурнае адраджэньне «Флярэнтыйскага кальча», продка сучаснага футболу, у які гулялі чальцы сям’і Мэдычы.
22 верасьня 1929 году на таварыскі матч з «Ромай» футбалісты «Фіярэнтыны» ўпершыню выйшлі на поле ў фіялетавых футболках з эмблемай у выглядзе флярэнтыйскай лілеі, да гэтага моманту каманда выступала ў чырвона-белай форме.
Пасьля цяжкага старту й трох сэзонаў у ніжэйшых лігах, «Фіярэнтына» выйшла ў Сэрыю А ў 1931 годзе. У тым жа годзе быў адкрыты новы стадыён у Флярэнцыі, названы «Джаваньні Бэрта», у гонар знакамітага фашыста, аднак цяпер ён вядомы як «Артэміё Франкі». У той час стадыён быў шэдэўрам інжынэрнага мастацтва й цырымонія ягонага адкрыцьця была грандыёзнай. Каб на роўных спаборнічаць з найлепшымі камандамі Італіі, «Фіярэнтына» ўмацавалася новымі гульцамі, у прыватнасьці ўругвайцам Пэдра Пэтроні па мянушцы «бамбардзір» (гішп. El Artillero). Нягледзячы на добра праведзены сэзон і занятае чацьвёртае месца, у наступным годзе «Фіярэнтына» вылецела ў Сэрыю B, аднак хутка вярнулася ў вышэйшы дывізіён. У 1941 годзе клюб перамог свой першы Кубак Італіі, але каманда ня здолела дамагчыся значнага посьпеху ў 1940-х гадах з-за Другой сусьветнай вайны й іншых праблемаў.
Першы скудэта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1950-х гадох «Фіярэнтына» займала стале месца ў пяцёрцы найлепшых камандаў лігі. Каманда складалася з выдатных гульцоў, Джуліяна Сарта, Сэрджыё Чэрвата, Франчэска Разэта, Гвіда Гратона, Джузэпэ К’япэля й Альда Скарамуччы, але найлепшым з усіх быў дуэт нападнікаў бразыльца Жуліньнё й аргентынца Мігеля Мантуоры. Гэтая каманда выйграла першае чэмпіёнства для «Фіярэнтыны» ў сэзоне 1955—1956 гадоў, на 12 пунктаў адарваўшыся ад фінішаваўшага другім «Міляну». «Мілян» абышоў «Фіярэнтыну» ў наступным годзе ў барацьбе за чэмпіёнства, але больш значным стала тое, што «Фіярэнтына» стала першай італьянскай камандай, якая згуляла ў фінале Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, дзе прайграла ў асноўны час зь лікам 0:2 мадрыдзкаму «Рэалу», дзе бліскаў Альфрэда Ды Стэфана. У наступных трох сэзонах «Фіярэнтына» займала другое месца ў Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў. У сэзоне 1960—1961 гадоў клюб зноўку перамог у розыгрышы Кубка Італіі й пасьпяхова выступаў на міжнароднай арэне, выйграўшы Кубак уладальнікаў кубкаў у матчы супраць «Рэйнджарз».
Пасьля некалькіх гадоў, на працягу якіх каманда станавілася віцэ-чэмпіёнам, «Фіярэнтына» апусьцілася ўніз у 1960-х гадох, займаючы 4—6 месцы, аднак клюб атрымаў перамогі ў Кубку Італіі й Кубку Мітропы ў 1966 годзе.
Сэзон 1968-69 гадоў пачаўся зь перамогі на алімпійскім стадыёне супраць «Ромы». Пасьля некалькіх нічыіх, перамог зь невялікай перавагай і адзінай паразы ў матчы з «Балёньняй», перамога на стадыёне Сан-Сыра супраць «Інтэра» абазначыла пачатак скачка да другога Скудэта. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Бруна Пэсаолё каманда захоўвала прагматызм і тактычную дысцыпліну. Трэнэр загружаў сваіх падначаленых песьнямі Пепіна Гальярды. Урэшце рэшт каманда, крычалкай якой была «Уе-уе», і якой кіраваў прэзыдэнт Нэля Бальіні, вырасла і гатова стаць cур’ёзным прэтэндэнтам на тытул. Паслядоўныя перамогі перарваліся толькі нічыёй у матчы супраць «Тарына». Перад калядамі перамаглі яшчэ і «Палерма». У Кубку кірмашоў каманда атрымала паразу ад «Віторыя Сэтубал». Чэмпіянат працягваўся, у тройцы лідараў разам з «Фіярэнтынай» былі «Кальяры» і «Мілян». У 21-м туры каманда згуляла ўнічыю зь «Вічэнца» і канчаткова заваёўвае вяршыню рэйтынга. Пасьля хатняй перамогі над «Пізай» за два туры да канца чэмпіянату, каманда мела на два ачкі больш за «Мілян» і на тры ачкі больш за «Кальяры». У перадапошнім туры каманда гуляла супраць «Ювэнтуса» ў Турыне, дзе прысутнічалі больш за дзесяць тысяч прыхільнікаў з Флярэнцыі і столькі ж з Паўночнай Італіі. Тысячы фіялетавых і чорна-белых сьцягоў перамешваліся паміж сабой. Гол Кьяруджы дапамог заваяваць тры ачкі ў гэтым матчы. Такім чынам, праз трынаццаць гадоў каманда другі раз перамагла ў Скудэта. Футбалісты, якія ўвайшлі ў гісторыю — вядомыя «Фіярэнтына Уе-уе» — былі ўганараваныя пятнаццацю тысячамі сваіх прыхільнікаў пасьля матча. Пераможцы вярталіся ў свой горад пакрытыя фіялетавым колерам. Гэта Кьяруджы, Дэ Сісты, Амарыльду, Эспазыта, Мэрла, Мараскі, Фэрантэ, Брыцы, Рыца, Франка Супэрчы, Бэрнарда Рагора, Эральда Манчын, Кляўдыюё Бандоні, Пэрлюіджы Чэнчэты, Джанкарлё Данава, Джорджыё Марыяні, Джаван Батыста Піравана, Паоліна Станцыял і трэнэр Бруна Пэсаолё.
1970—1979 — Антаньёні, чацьвёрты Кубак Італіі і Кубак Ангельска-Італьянскай Лігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон 1969—1970 гадоў стаўся супярэчлівым, у выніку толькі чацьвёртае месца і кваліфікацыя ў Кубак кірмашоў. У наступным сэзоне прэзыдэнт Бальіні аддаў абавязкі трэнэра «чараўніку з Туры» Онза Пульезэ, дзякуючы якому вылет ў Сэрыю В пазьбегнуты толькі па розьніцы галоў, замест яе ў ніжэйшы дывізіён накіраваўся «Фоджа». Новы прэзыдэнт Угаліні прызначыў трэнэрам Нільса Лідгалма, які адрадзіў дух сэзона 1969 году і запасіў у каманду новых футбалістаў. У выніку сэзон 1972—1973 гадоў скончаны на пятым месцы. Колькасьць ачкоў была аднолькавая зь «Інтэрам». «Фіярэнтына» атрымала права выступаць у Кубку УЭФА. У сэзоне 1972—1973 году каманда заняла чацьвёртае месца, зноў з аднолькавай колькасьцю ачкоў зь «Інтэрам» і з чарговым удзелам у Кубку УЭФА. Таксама пад час гэтага сэзона ў матчы супраць Вэроны ўпершыню гуляў Джанкарлё Антаньёні. Гэты 18-гадовы талент зьвярнуў на сябе ўвагу ў гэты дзень, бо адбыўся першы крок аднаго з самых важных гульцоў. Радысэ замяніў Лідгалма і перайшоў да агрэсыўнага і захапляючага стылю, але нявопытнасьць і надахоп фізычнай падрыхтоўкі для такога энэргічнага футболу прывялі да правалу ў выніках і шостага месца напрыканцы. На месца Радысэ прыйшоў Нэрэа Рока, але яму прыйшлося абыходзіцца без Дэ Сісты, якога прадалі ў Рому, і працаваць зь цяжкай камандай гульцоў; паводле вынікаў сэзона каманда заняла восьмае месца. Трэнэр з Трыеста перайшоў у «Мілян», пакінуўшы свайму намесьніку Марыё Мацоні (італ. Mario Mazzoni) задачу кіраваць камандай у фінальных частках Кубка Італіі 1974—1975 гадоў.
Пасьля перамогі над «Ромай», моладзь пад кіраўніцтвам Марыё Мацоні трапіла ў фінал Кубка Італіі, дзе на алімпійскім стадыёне сустрэлася зь «Мілянам». У старце матчу 28 ліпеня 1975 году выйшлі Супэрчы, Бэатрычэ, Марэна Роджы (італ. Moreno Roggi); Вінчэнца Гуерыні, Эніё Пэлегрыні, Маура Дэла Мартыра (італ. Mauro Della Martira), Дамэніка Каза, Кляўдыё Мэрла, Джанфранка Казарса (італ. Gianfranco Casarsa), Джанкарлё Антаньёні і Кляўдыё Дэзалаці. Яны перамаглі зь лікам 3:2. Аўтарамі галоў былі Казарса, Гуерыні ды Паолё Розі (італ. Paolo Rosi). Гульцы ў той вечар выступалі ў цалкам белых кашулях і маглі забіць яшчэ адзін гол. Такім чынам, «фіялетавыя» заваявалі чацьвёрты Кубак Італіі нягледзячы на тое, што «Мілян» лічыўся галоўным фаварытам. На трыбунах прысутнічаў Карлё Мацонэ (італ. Carlo Mazzone, які неўзабаве стаў трэнэрам каманды. Перамога дазволіла ўдзельнічаць у Кубку Англа-Італьянскай лігі, у якім сустракаліся пераможцы Кубкаў Італіі і Ангельшчыны. У сьнежні 1975 году быў пераможаны «Ўэст Гэм Юнайтэд», у першым матчы гол забіў Гуерыні, у другім матчы — Вальтар Спэгіярын (італ. Walter Speggiorin). Футбалісты Мацонэ вярнулі Кубак у Італію упершыню пасьля посьпеху «Балёньні» ў 1970 годзе.
Пасьля трыюмфаў быў час няўпэўненасьці, калі «Фіярэнтына» ледзь не выляцела ў Сэрыю B напрыканцы сэзона 1975—1976 гадоў. Пад час сэзона 1976—1977 дамінавалі каманды з Турыну, «Ювэнтус» набраў рэкордную колькасьць ачкоў. У гэты год бок Мацонэ заняў выдатнае трэцяе месца і кваліфікаваўся да ўдзелу ў Кубку УЭФА. У сэзоне 1977—1978 году каманда выйшла з зоны вылету толькі ў апошнім туры. Бэпэ Кьяпэля заняў месца галоўнага трэнэра, прэзыдэнт Угаліні падаў у адстаўку, яму на зьмену прыйшоў Рудолфа Мэлоні.
Паолё Карозі быў галоўным трэнэрам у сэзоне 1978—1979 гадоў. Пасьля добрага пачатку адзінаццаць матчяў прайшлі безь перамог, але потым удалося адгулялацца, каб скончыць чэмпіянат на шостым месцы, колькасьць ачкоў артымалася аднолькавай з «Напалі». Пад час сэзона 1979—1980 гадоў памёр Радольфа Мэлёні, прэзыдэнт Фіярэнтыны. На ягонае месца прыйшоў Энрыка Мартэліні, а ў 1980 годзе ўпершыню ў гісторыі прэзыдэнтамі клюба сталі два чалавекі — Флявіё Пантэля і ягоны сын Радольф. Скандал з дамоўнымі матчамі, які адбыўся ў гэтым годзе, так званы «Татанэра», не закрануў супрацоўнікаў і гульцоў клюба. Каманда была ў кепскай форме і скончыла сэзон на шостым месцы.
1980—1990 — ад Скудэта да фіналу Кубка УЭФА
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Улетку 1980 года кіраваць клюбам пачала сям’я Пантэля. Адначасова ў італьянскай сыстэме ліг стаў дазваляцца ўдзел замежных гульцоў. Пасьля жудасных гадоў пад кіраўніцтвам Карозі, былы гулец «Фіярэнтыны» Джанкарлё «Пічыё» Дэ Сісты заняў пасаду трэнэра і ня здолеў трапіць у Кубак УЭФА.
Супярэчнасьці з новай формай і новым лягатыпам зьмягчыліся набыцьцём дарагіх гульцоў Грацыяні, Пэчы, Паолё Манэлі, Масара, Кукурэду ды Верхавода. Матчы чэмпіянату былі засмучаныя сур’ёзнай траўмай галавы капітана каманды Антаньёні ў матчы супраць «Джэноа» і скончылася досыць незвычайна: у апошнім туры была нічыя з «Кальяры», а «Ювэнтус» перамог «Катандзара». Такім чынам, з-за спрэчнага рашэньня судзьдзі не адбыўся дадатковы матч для вызначэньня пераможцы Сэрыі А.
На месца Верхавода прыйшоў Даніэль Пасарэля (капітан зборнай Аргентыны). У чвэрцьфінале Кубка Італіі 1981—1982 гадоў «Фіярэнтына» перамагла «Тарына». У Кубку УЭФА 1982—1983 гадоў каманда атрымала паразу ў першым туры ад «Унівэрсытаця Краёва». У Сэрыі А сэзона 1982—1983 гадоў прыйшлося застацца без эўрапейскіх Кубкаў.
Дзякуючы працы Італя Алёды, які далучыўся да клюба ў 1982 годзе, каб засяродзіцца на трансфэрах, яшчэ раз быў дасягнуты верх табліцы лігі; праўда, другая траўма капітана Антаньёні зьнішчыла веру гульцоў у магчымасьць заваяваньня тытулу. Трэцяе месца дазволіла кваліфікавацца ў Кубак УЭФА.
У наступным сэзоне 1984—1985 гадоў прыйшоў зорны бразылец Сакрат, але яму было цяжка ўпісацца ў каманду. Дэ Сысты не хацеў зьмяняць сыстэму пад яго. Усё гэта і страта Антаньёні разбурыла надзеі; параза ад «Вэроны» ў Сэрыі А і вылет з Кубка УЭФА былі пачаткам заняпаду. Кіраўніцтва замяніла Дэ Сісты на Фэручыё Валькарэджы, але сэзон ужо быў прайграны.
Расчараваны негатыўным вопытам з Сакратам, які дорага каштаваў, клюб засяродзіў увагу на моладзі. Альда Аграпі заняў пасаду галоўнага трэнэра ў сэзоне 1985—1986 гадоў і прывёў каманду да кваліфікацыі Кубка УЭФА пасьля выдатных перамог над «Сампдорыяй» (1:0), «Мілянам» (2:0) і «Інтэрам» (3:0).
Пасьля адстаўкі Раньеры Пантэля новы прэзыдэнт П’ер Казарэ Барэты падпісаў Рамона Ангэля Дыяза, Альбэрта Ды Чыяра, Марка Ляндучы і былога гульца Рабэрта Гальбіяты. Эўджэніё Бэрсэліні, вельмі вопытны трэнэр, быў выбраны кіраваць камандай, але ня змог палепшыць вынікі ў сэзоне. Сэзон 1986—1987 гадоў стаўся таксама пачаткам аднаго зь вялікіх італьянскіх футбольных талентаў. Паміж Антаньёні і Руі Кошта, вялікая традыцыя кашулі зь дзясятым нумарам працягнутая маладым геніем, які забіваў пэнальці са спакоем трыццацігадовага профі: Рабэрта Баджа. Баджа нарадзіўся ў 1967 годзе і нягледзячы на тое, што шматлікія траўмы перашкаджалі старту ягонай кар’еры, пакінуў сьлед у гісторыі. Баджа атрымаў траўму калена, калі прыйшоў у клюб у 1985 годзе; ён упершыню выйшаў у апошнія 15 хвілін за канца ў матчы супраць «Інтэра» другога тура сэзона 1986—1987 гадоў. У наступны раз ён выступіў толькі напрыканцы сэзона. Ён забіў першы гол у Сэрыі А на стадыёне Сан-Паолё, на якім «Напалі» з Дыега Марадонай у складзе ўжо сьвяткаваў першую перамогу ў Скудэта. Вялікі Антаньёні даў магчымасьць маладому таленту забіць з флянга.
Нажаль, сэзон атрымаўся слабым. У верасьні каманда вылецела з Кубка Італіі і Кубка УЭФА, а іхнія вынікі ў лізе пагоршыліся: пасьля адзінай перамогі ў першых васьмі матчах адразу прыхільнікам клюба стала зразумела, чаго чакаць у гэтым сэзоне. Вяртаньне Джанкарлё Антаньёні не дадало неабходнага хрыбта, каб пераламіць ход сэзона, да таго ж вымушана адсутнічаў Рабэрта Баджа з-за траўмы калена напачатку сэзона.
Двухгадовае кіраўніцтва Свэна-Ёрана Эрыксана ад 1987 да 1989 года паступова палепшыла стыль гульні каманды і прынесла досыць розныя вынікі. Прагрэс у Кубку Італіі і добры пачатак сэзона зацьміліся авіякатастрофай, у якой загінуў прэзыдэнт П’ер Чэзарэ Барэты. Пасьля гэтага каманда збочыла і ў выніку заняла восьмае месца. У той час як бульдозэры руйнавалі хатні стадыён «Фіярэнтыны», каб перабаудаваць яго для Чэмпіяната Сьвету 1990 году[3], новы сэзон каманда пачала пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Лярэнца Рыгеты і з новымі гульцамі Стэфана Барганова, Энрыка Кукі ды Дунга. Гэты сэзон выдаўся лепшым за папярэдні: крэпкія паўабаронцы і галы Баджа ды Барганова ўражвалі прыхільнікаў і дазволілі заваяваць кваліфікацыю ў Кубак УЭФА.
Сэзон 1989—1990 гадоў стаў пераломным момантам для італянскага футболу і «Фіярэнтыны». Каманда ледзь ня вылецела з Сэрыі А, але дайшла да фінала Кубка УЭФА, паказваючы фантастычны футбол. Радасьць ад гэтага зьмянілася абурэньнем пасьля продажу Рабэрта Баджа «Ювэнтусу« і продажу самога клюба Чэкі-Горы. Першапачаткова каманду ўзначаліў Бруна Джорджы. Але ягоныя слабыя вынікі ў хатніх спаборніцтвах прымусілі клюб паспрабаваць захаваць тое, што можна было, шляхам прызначэньня Франчэска Грацыяні на апошнія два месяцы сэзона. Задача ў лізе была выкананая, але расчараваньне ў фінале Кубка УЭФА было невыносным для прыхільнікаў пасьля перамогі «Ювэнтуса» ў першым матчы зь лікам 3:1 і нічыёй у другім матчы.
1991—1996 — Сям’я Чэкі Горы, пяты Кубак Італіі і Супэркубак Батыстуты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990 годзе Марыё Чэкі Горы і ягоны сын Віторыё набылі клюб у сям’і Пантэля. Трансфэрнае вакно ў гэты момант ужо зачынілася. Трэнэра — Сэбаст’яна Лязароні, былога трэнэра зборнай Бразыліі — выбіралі іхнія папярэднікі, а склад патрабаваў перабудовы. Не ўратавала і перамога над «Ювэнтусам» у першы дзень, калі Баджа гуляў супраць сваёй былой каманды. Напрыканцы сэзона клюб разьмяшчаўся ў ніжняй палове турнірнай табліцы.
Пры першай магчымасьці ўлетку 1991 году Чэкі Горы набылі новых гульцоў: Мазыньню, П’етра Майеляра (італ. Pietro Maiellaro), Марка Бранка і Габрыеля Батыстута, які толькі што з трыюмфам выступаў у Аргентыне і атрымаў залатую буцу ў Кубку Амэрыкі. Пачатак паступовага ўзьлёту быў недастатковым для захаваньня пасады ні Лязароні, ні ягонага спадкаемцы Жыжы Радысэ, які прывёў каманду да невыразнага выніку ў турнірнай табліцы.
У 1992 годзе падпісаныя вялікія імёны — Штэфана Эфэмбэрга (ням. Stefan Effenberg, гулец зборнай Нямеччыны), Брайна Ляўдрупа, Фабрыцыё Ды Маўра (італ. Fabrizio Di Mauro), Даніэле Карнаск’ялі (італ. Daniele Carnasciali), Франчэска Баяна і Джанлюку Люпі (італ. Gianluca Luppi). Нягледзячы на адкрыты, агрэсіўны і сьмелы футбол у першым коле сэзона, Фіярэнтына была прыніжаная вельмі добра ўкамплектаваным «Мілянам», які забіў «Фіярэнтыне» сем галоў. Пасьля гэтага Віторыё Чэкі Горы прыняў рашэньне звольніць Жыжы Радычэ з пасады і прызначыць Альда Агропі. Гэта было пачаткам канца: незадавальняючыя вынікі прывялі да нечаканага вылету пасьля больш як пяцідзесяці гадоў у Сэрыі А.
У наступным сэзоне каманда адразу дабілася павышэньня ў Сэрыю А. У гэтым камандзе дапамог Кляўдыё Раньеры, які нарадзіўся ў Рыме. На вялікі жаль, Марыё Чэкі Горы памёр. Прэзыдэнтам клюба быў абраны ягоны сын Віторыё. Пасьля гэтага ў сэзоне 1993—1994 гадоў каманда зноў выступала ў Сэрыі А. Наступны год належаў Габрыелю Батыстута. Тады ж прыйшоў Руй Кошту. Сіла Аргентыны была неадмоўная: «Батыгол» скончыў сэзон з найбольшай колькасьцю забітых мячоў — 26. Тым ня менш, пасьля досыць шматабяцаючага пачатку сэзона вынікі пачалі чаргавацца на процілеглыя і то захаплялі прыхільнікаў, то засмучалі іх. Напрыканцы сэзона каманда займала дзясятае месца, што нікога не задавальняла. Але заставалася адчуваньне, што такія зоркі, як Батыстута, Франчэска Тольда, Руй Кошту і Баяна набяруць форму і займеюць посьпех.
Першым посьпехам Віторыё Чэкі Горы і Кляўдыё Раньеры была перамога ў Кубку Італіі 1995—1996 гадоў. «Фіярэнтына» здабыла перамогу над «Палерма», які ўсяляк выкручваўся ў чвэрцьфінале, пасьля ў паўфінале двойчы быў пераможаны «Інтэр» — 3:1 і 1:0. 2 мая 1996 года ў Флярэнцыі адбыўся першы матч паміж «Фіярэнтынай» і «Аталянтай». «Фіярэнтына» атрымала перавагу дзякуючы Батыстуце. Ён перайграў Фабрыцыё Фэрона надзвычайным бакавым ударам. «Фіярэнтына» яшчэ ўзмацніла добры вынік у Бэргама 18 мая 1996 года. У другім тайме галы ад Лярэнца Амаруза і Батыстуты прынеслі трафэй камандзе, наймацнейшай па выніку двух матчаў. Пяты Кубак «Фіярэнтыны» сьвяткавалі аматары, якія прыехалі ў Бэргама, і, неверагодна, аматары, якія глядзелі матч на вялізарным экране на стадыёне Артэміё Франкі. Яны чакалі некалькі гадзін, пакуль каманда вернецца дадому.
Каманда скончыла сэзон зь непаўторным рэкордам: перамогі ва ўсіх васьмі матчах. Зь іх пяць матчаў былі ў гасьцях. 17 галоў было забіта, тры прапушчана.
Потым камандзе пашчасьціла ячшэ. 25 жніўня 1996 года на стадыёне Сан-Сіра адбыўся матч за Супэркубак Італіі паміж чэмпіёнам Італіі «Мілянам» і ўладальнікамі Кубка Італіі «Фіярэнтынай». Нягледзячы на адсутнасьць важных гульцоў (Баяна, Паскаля Падаліна, Мікеле Сэрэна), «Фіярэнтына» была ў неверагоднай форме і Батыстута ўжо на дванаццатай хвіліне забіў гол у браму Франка Барэзі. «Мілян» адыграўся голам Дэяна Савічэвіча, але Батыстута вярнуў перавагу ў другім тайме. Такім чынам, у скарб трафэяў Фіярэнтыны дадалася яшчэ адзна узнагарода.
1997—2001 — шосты Кубак Італіі і падарожжа ў Бездань
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньеры сышоў з клюба пасьля паразы ад «Барсэлёны» ў паўфінале Кубка ўладальнікаў Кубкаў, на ягонае месца прыйшоў Альбэрта Малезані. Ягоныя варожыя дачыненьні зь Віторыё Чэкі Горы адразу трапілі ў газэты. Усё скончылася пасьля падпісаньня «Фіярэнтынай» аднаго з самых незвычайных гульцоў усіх часоў бразыльца Эдмунду. Негледзячы на тое, што прыхільнікі і большасьць гульцоў любілі Малезані, і нават незважаючы на тое, што ён прывёў каманду да ўдзелу ў Кубку УЭФА, ён быў звольнены. На ягонае месца ў сэзоне 1998—1999 гадоў прыйшоў Джаваньні Трапатоні.
Трансфэры ў каманду значна ўзмацнілі яе склад — абаронцы Томаш Ржэпка і Марэна Тарычэльлі, паўабаронцы Гільерма Амар і Ёрг Хайнрых, нападнік Эдмунду. «Фіярэнтына» мела адну з самых моцных ліній нападу свайго часу: Батыстута, Руй Кошту ды Эдмунду. Гэтае трыё захпляла прыхільнікаў і да лютага прывяло каманду да вяршыні, але прыкладна ў гэты час Батыстута быў вымушаны спыніць выступы з-за траўмы, і каманда пачала губляць рытм і зазнаваць незнаёмы ціск. Урэшцэ «Фіярэнтына» скончыла сэзон на трэцім месцы і трапіла ў кваліфікацыйны раунд Лігі Чэмпіёнаў. У Кубку Італіі былі пераможаныя «Падава», «Леччэ», «Аталянта» ды «Балёньня». У фінале Кубка Італіі горкім расчараваньнем стала параза ад «Пармы».
Віторыё Чэкі Горы ня стаў мірыцца з гэтым і перад сэзонам 1999—2000 гадоў набыў Прэдрага Міятавіча, Энрыка Кьеза, Абэля Бальба, Анджэлё Ды Лівіё, Даніэле Адані, Алясандра П’ерыні ды Фабіё Расыта. Гэтыя гульцы дадалі вялікую глыбіню ў склад. У лізе не атрымалася дасягнуць жаданых вынікаў, затое ў Лізе Чэмпіёнаў каманда дасягнула посьпеху. Фіярэнтына перамагла «Відзэў Лодзь» ў кваліфікацыйным раўндзе, а прыхільнікі змаглі атрымаць асалоду ад выдатных момантаў якаснага футболу. Амаль праз трыццаць гадоў «Фіярэнтына» зноў гуляла ў складзе Эўрапейскіх грандаў: пад час групавога этапу «Фіярэнтына» перамагла «Валенсію» (пазнейшага фіналіста турніру) і «Манчэстэр Юнайтэд». Таксама «Фіярэнтына» перамагла на вялізарным стадыёне Ўэмблі, на якім «Арсэнал» часам гуляў эўракубкавыя матчы. Фіярэнтына не змагла прайсьці праз другі групавы этап[4]. Гэта быў апошні прамень сьвятла для «Фіярэнтыны»: у маі 2000 году клюб разьвітаўся з Трапатоні і Батыстутай, апошні зь якіх забіў 152 галоў у Сэрыі А — больш за ўсіх.
Напрыканцы сэзона трэнэрам каманды быў прызначаны Фатых Тэрым. Павялічваліся спрэчкі паміж трэнэрам і прэзыдэнтам: добрых вынікаў і падтрымкі прыхільнікаў было недастаткова. Стасункі канчаткова сапсаваліся, калі высьветлілася, што ён падпісаў кантракт зь «Мілянам» на наступны сэзон. Тэрым сышоў у адстаўку, за ім звольніўся генэральны дырэктар Джанкарлё Антаньёні, пакінуўшы Чэкі Горы безь кіраўнікоў каманды. Лючана Кьяруджы быў выбраны кіраваць камандай да таго як ў сярэдзіне сэзона 2001 году быў прызначаны Рабэрта Манчыні. Вынікі не былі выбітнымі, і ўвогуле каманда скончыла сэзон у сярэдзіне табліцы. Але было ўсё ж адно дасягненьне: каманда заваявала свой апошні трафэй — шосты Кубак Італіі.
У паўфінале была пераможаная «Брэшыя». У паўфінале прыйшла чарга «Міляна» саступіць перад «Фіярэнтынай». «Мілян» прапусьціў чатыры галы: па два ў кожным матчы. У фінале «Фіярэнтына» сустрэлася з «Пармай». 24 мая 2001 году калі Паолё Ванолі (італ. Paolo Vanoli) забіў пераможны гол у браму за тры хвіліны да канца першага матчу, Флярэнцыя паверыла ў каманду і трэнэра Рабэрта Манчыні. 13 чэрвеня 2001 года на стадыёне Артэміё Франкі, поўным гледачоў, Нуну Гомэш супакоіў прыхільнікаў, зраўняўшы лік пасьля першага голу Савы Мілошэвіча «Пармы». Нічыёй 1:1 было дастаткова, каб Фіярэнтына атрымала свой шосты Кубак Італіі.
Продаж Руі Кошты «Міляну» і Франчэска Тольда «Інтэру» было цяжка прыняць. Рабэрта Манчыні быў зацьверджаны на пасадзе трэнэра і праяўляў аптымізм, але сэзон 2001—2002 гадоў складаўся з адных расчараваньняў: каманда не паказвала рашучасьці, рэгулярныя перабудовы і непастаянства трэнэрскага штабу, ад Манчыні праз Кьяруджы да Атавіё Бьянкі і ўзноў Кьяруджы. Выніковая табліца мела дэпрэсыўны выгляд: 22 паразы і ўсяго пяць перамог.
Лета 2002 — канец і новы пачатак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За некалькі месяцаў ад мая да ліпеня 2002 году. Смутак ад вылету з Сэрыі А ператварыўся ў асэнсаваньне таго, што падзеі ішлі па найгоршым сцэнарыі.
Камандай кіраваў мудры Эўджэніё Фашэці, вопытны трэнэр моладзевай каманды, які выдатна мог выхаваць маладыя таленты. Тым ня менш, было вялікім унутранае напружаньне паміж кіраўніцтвам і гульцамі, якія гулялі ў сэрыі А і напрацягу месяцаў не атрымлівалі заробак. Пад час летняга міжсэзоньня было асабліва шмат спрэчак, апатыі і пратэстаў прыхільнікаў.
Праўда, агонія была кароткай. Клюб ня выплаціў неабходны ўнёсак для ўдзелу ў Сэрыі Б і такім чынам зьнік зь італьянскай футбольнай сцэны пасьля 76 гадоў існаваньня. Футбольны клюб Фіярэнтына спыніў існаваньне.
Флярэнцыя Віёла, наноў створаны клюб, атрымаў у якасьці выключэньня дазвол удзельнічаць у Сэрыі C2. Уладальнікамі новага клюба сталі Дыега і Андрэа Дэля Вале, вядомыя бізнэсоўцы ў тэкстыльнай і абутковай прамысловасьці. Іх цяжкая праца і адданасьць засьцераглі ад небясьпекі футбол у Флярэнцыі. Яны пачалі без каманды, бяз формы, безь мяча, бяз спонсара, але поўныя энтузіязму, неабходнага для імгненнага вяртаньня.
2002—2009 — ад C2 да перамогі на Энфілдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля самых балючых старонак гісторыі «Фіярэнтыны» зьявілася надзея на адраджэньне, якога былі вартыя горад Флярэнцыя і прыхільнікі клюба. Пасьля зьнішчэньня футбольнага клюба Фіярэнтына, новая каманда «Флярэнцыя Віёла» была вымушаная пачынаць свой шлях у Сэрыі C2 у новай форме, у амаль цалкам новым складзе (застаўся толькі капітан Анджэлё Ды Лівіё). Але, зрэшты, засталася любоў прыхільнікаў. Яны па-ранейшаму запаўнялі стадыён. Пачатак сэзона быў цяжкім і пасьля дзевяці тураў трэнэр П’етра Верхавод быў звольнены. На ягонае месца быў прызначаны Альбэрта Кавазын. Зьмена трэнэра прынесла плён. Пасьля буйной паразы на хатнім стадыёне ад «Мантэваркі» гульцы пад кіраўніцтвам Кавазына падняліся дзякуючы галам Крыстыяна Рыгана (італ. Christian Riganò). Перамога над «Савояй» на хатнім стадыёне гарантавала выхад у Сэрыю C1. Пад час гэтага матчу стадыён Артэміё Франкі заліўся фіялетавым і на ім прысутнічалі 35 тысяч гледачоў.
У сэзоне 2003—2004 гадоў нечаканы пераход каманды ў Сэрыю B зьбянтэжыў і ўладальнікаў, і прыхільнікаў. Клюб меў змагацца на больш высокім узроўні, але каманда была для гэтага недастаткова якаснай. Рыгана забіў першыя некалькі галоў, але камандзе не хапала перамог для атрыманьня магчымасьці перайсьці ў Сэрыю A. Ліхаманкавая актыўнасьць падчас студзеньскага трансфэрнага вакна ўмацавала здольнасьці каманды, якую Эміліяна Манданіка (які замяніў Кавазына), выкарыстоўваў цалкам, каб згуляць два дадатковых матча плэй-оф з «Пэруджай», якая за год да гэтага заняла чацьвёртае з канца месца ў Сэрыі A. Гол забіў Энрыка Фантыні, якога набылі ў студзені. Хвалюючы другі матч скончыўся нічыёй, чым скончыў самы складаны пэрыяд у гісторыі клюба. Фіярэнтына вярнулася ў Сэрыю A!
Першы сэзон у Сэрыі A пад кіраўніцтвам сям’і Дэля Вале быў самым складаным. Зь непрыхільнымі рашэньнямі судзьдзі, зьменай трох трэнэраў (Эміліяна Манданіка, Сэрджа Буза ды Дына Дзофа), «Фіярэнтына» пазьбегла вылету толькі ў апошнім туры, заняўшы 16 месца. Хатні матч супраць «Брэшыі» стаў апошнім матчам Анджэлё Ды Лівіё, які скончыў кар’еру гульца ва ўзросьце амаль 39 гадоў і стаў найстарэйшым гульцом, які насіў фіялетавую кашулю.
Калі не зважаць на спагнаньні, накладзеныя на Фіярэнтыну за дачыненьне да карупцыйнага скандалу, то сэзон 2005—2006 гадоў стаў знакам пачатку задавальняючага пяцігадовага пэрыяду, пад час якога камандай зноў кіравала каманда з дваіх чалавек: трэнэра Чэзарэ Прандэльлі і спартыўнага дырэктара Панталэё Карвіна. Трэнэр з Арцынові ўразіў прыхільнікаў і даказаў, што ён выдатна матывуе каманду ў перапынках, можа скласьці моцны касьцяк гульцоў, на які ён мог заўсёды спадзявацца. Каманда правяла некалькі выдатных сэзонаў зь незабыўнымі момантамі — залатой буцай Люка Тоні, перамогай над «Ювэнтусам» на стадыёне дэле Альпі, паўфінал Кубка УЭФА 2007—2008 гадоў супраць «Рэйнджарз Глазга», два ўдзелы ў кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў і трыюмф у Лізе Чэмпіёнаў сэзона 2009—2010 гадоў на стадыёне Энфілд супраць «Лівэрпулу» (пасьля якога Фіярэнтына была выбітая на этапе адной восьмай фінала). Адначасова з момантамі вялікага спартыўнага задавальненьня ў гэты пэрыяд вынайдзены «трэці тэмп», якую «Фіярэнтына» ўжыла ў матчы супраць «Інтэра». Той матч таксама запомніўся эмацыянальнай хвілінай маўчаньня ў памяць пра заўчасную сьмерць спадарыні Прандэльлі.
2006—2012 — стыль Фіярэнтыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыход сям’і Дэля Вале да кіраўніцтва Фіярэнтынай прадвяшчаў новую эру, пад час якой клюб пачаў зацьвярджаць свой адметны стыль. Былі распачатыя спэцыфічныя ініцыятывы, сярод якіх узнагарода, накіраваная на заахвочваньне добрых паводзінаў прыхільнікаў; «трэці тэмп», пад час якога хатняя каманда апладзіравала і вітала супернікаў; «фіялетавая картка» — узнагарода, якую атрымлівалі тыя, хто паказваў надзвычайную фізычную падрыхтоўку і камандную гульню. Гэтыя ініцыятывы мелі глыбокі эфэкт на мэнтальнасьць італьянскага футболу. Да таго ж ніхто ня можа забыцца пра стварэньне Дабрачыннай Фундацыі Фіярэнтыны ў 2008 годзе і ад верасьня 2010 году спонсарскае пагадненьне з найбуйнешай незалежнай міжнароднай арганізацыяй Save The Children, якая прасоўвае правы дзяцей. У Эўропе толькі «Барсэлёна» зрабіла столькі ж з падобным спонсарскім пагадненьнем зь Дзіцячым фондам ААН.
Вядомае выслоўе «футбол створаны для забавы» (па-італьянску: il calcio è un divertimento), якое было разьмешчанае на кашулі ў пэрыяд перад сэзонам 2010—2011 гадоў умацавала зварот Флярэнтыйскага клюба да ўсяго футбольнага сьвету. Еднасьць клюба і прыхільнікаў знайшлі прызнаньне па ўсім спартыўным сьвеце, а УЭФА заклікаў усе эўрапейскія клюбы пераняць «мадэль Фіярэнтыны».
Яшчэ адной важнай вяхой у гісторыі клюба стала стварэньне Дабрачыннай Фундацыі Фіярэнтыны 7 ліпеня 2008 году. Гэта паказала жаданьне футбольнага клюба Фіярэнтына праз спэцыяльную стабільную арганізацыю актыўна ўдзельнічаць у дапамозе і абароне тых, хто больш за ўсё меў патрэбу ў гэтым.
У 2010 годзе клюб заснаваў і прыняў удзел у штогадовым «Гістарычным Флярэнтыйскім дэрбі» (дабрачынным матчы паміж двума прадстаўнічымі бакамі — Спартыўным клюбам Фірэнзэ і Фіярэнтынай Лібэртас, якія ў 1926 годзе аб’ядналіся для ўтварэньня «Фіярэнтыны») і футбольным Кубку Флярэнцыі (таварыскі турнір у супрацоўніцтве з вэтэранамі клюба, накіраваны на збор сродкаў для Фундацыі Стэфана Барганова, перад якім праводзіцца канфэрэнцыя, прысьвечаная нэўрадэгенэратыўным хваробам). 2 жніўня 2012 году была заснаваная Фундацыя спартыўных музэяў дзякуючы падтрымцы футбольнага клюба Фіярэнтына, музэя Флярэнцыі і Асацыяцыі дыяспары Флярэнцыі. Яны ўтварылі Флярэнтыйскую культурную арганізацыю, прысьвечаную футболу і спорту Флярэнцыі. Першай мэтай Фундацыі спартыўных музэяў зьяўляецца адраджэньне Музэя Флярэнцыі, былі створаныя пастаянныя і часовыя экспазіцыі прадметаў і гістарычных дакумантаў, зьвязаных з спартыўнай традыцыяй клюба. Яна таксама хоча выдаваць інфармацыю і адукацыйныя матэрыялы як у пісьмовым, так і ў мультымэдыйным фарматах, прысьвечаныя гісторыі «Фіярэнтыны» для адданых прыхільнікаў клюба і будучых пакаленьняў прыхільнікаў «Фіярэнтыны».
Сёньня Фіярэнтына зьяўляецца жывым прыкладам таго, што гісторыя футбола пішыцца ня толькі матчамі ды трафэямі ці мэдалямі ў нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах, але таксама пашырэньнем цэласнасьці, салідарнасьці і спартыўнай культуры[5][6].
Удзельнічала ў Лізе Эўропы 2013—2014 гадоў, дзе трапіла ў адну групу зь Менскім «Дынама»[7]. Ад 2017 да 2019 году галоўным трэнэрам каманды быў Стэфана Піёлі.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.transfermarkt.com/-/mitarbeiterhistorie/verein/430
- ^ Martin Simon. Football and Fascism: The National Game Under Mussolini. — Berg Publishers. — ISBN 1-85973-705-6
- ^ Zucconi, G. Florence: An Architectural Guide. — 2001 Reprint ed.. — San Giovanni Lupatoto (Vr): Arsenale Editrice, 1995. — P. 131.
- ^ Сезон 1999 | Лига чемпионов УЕФА. (рас.) UEFA.com
- ^ History (анг.). ViolaChannel. Архіўная копія ад 22 кастрычніка 2013 г.
- ^ Storia (італ.). ViolaChannel. Архіўная копія ад 4 кастрычніка 2013 г.
- ^ Стадыён БАТЭ — фартовы для беларускага клюбнага футболу. Радыё Свабода. (30 жніўнія 2014).