Перайсьці да зьместу

Тамаш Зан

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Зан.
Тамаш Зан
лац. Tamaš Zan
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 сьнежня 1796(1796-12-21)[1][2]
Памёр 19 ліпеня 1855(1855-07-19)[1][2] (58 гадоў)
Пахаваны
Род Заны
Бацькі Караль Зан[d]
Кацярына Зан з Дылеўскіх[d]
Жонка Брыгіда са Сьвентаржэцкіх
Дзеці Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемэнт (1852), Станіслаў (1854)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, геоляг, дасьледнік прыроды, музэязнавец
Кірунак рамантызм
Жанр элегія, баляда, трыялет, паэма
Мова польская мова[3]
Подпіс Выява аўтографу

Тама́ш Зан (польск. Tomasz Zan; 21 сьнежня 1796, в. Мясата, Ашмянскі павет, Віленская губэрня — 19 ліпеня 1855, маёнтак Кахачын каля Воршы) — удзельнік вызвольнага руху, дасьледнік прыроды, літаратар[4], музэязнавец, геоляг, дасьледнік прыродных багацьцяў Урала. Адзін з стваральнікаў таварыства філяматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазьней у таварыства філярэтаў; сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацыяў на Беларусі і Літве[5]. Адыграў значную ролю ў разьвіцьці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[6]. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасьць за адзін з найгалоўнейшых разьдзелаў свае паэтычнае праграмы[7].

Тамаш Зан у маладыя гады

Сапраўднае прозьвішча самога паэта і яго продкаў вымаўлялася мякка — «Зань»[6][8]. У часе вучобы ў Віленскім унівэрсытэце вымаўленьне зь невядомых прычын пацьвярдзела[9], імаверна, па звычайным недаглядзе аднаго з службоўцаў канцылярыі[8]. Род Заняў належыў да тыповай беларускай шляхты[8].

Дзед Тамаша Зана — таксама Тамаш — быў бурмістрам у Радашкавічах, дзе меў зямельныя надзелы і арандаваў непадалёк адсюль маёнтак Селішча. Продкі Тамаша Зана па матчынай лініі жылі ва Ўзьдзе і былі перайшоўшымі з праваслаўя ўніятамі[10].

Бацька Тамаша — Караль Зан — атрымаў у спадчыну ўладаньні ў Радашкавічах. Удзельнічаў у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі і пасьля яго здушэньня вярнуўся дамоў, але з пачаткам рэпрэсіяў у дачыненьні да паўстанцаў уцякае пад Каралявец[9].

Цяжарную жонку Кацярыну зь першым сынам Вінцэнтам адводзіць у маёнтак Селішча да брата, дзе яна мусіла пачакаць, пакуль вызваліцца маёнтак Халецкаўшчына ў Вілейскім павеце, аднак зь невядомых прычын, дакумэнты на куплю маёнтка губляюцца і Кацярына, даведаўшыся пра гэта ўжо ў дарозе, вымушаная была застацца ў вёсцы Мясата, дзе 21 сьнежня 1796 году нарадзіўся Тамаш Зан[10].

Некаторыя лічаць, што роды адбыліся ў доме паноў Тышынскіх, зь якімі зналіся Заны[10]. Зрэшты, беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве СССР у Ленінградзе знайшоў «выпись крестной метрики», якая сьведчыць, што Тамаш Карлавіч Зан, нарадзіўся ў 1796 у карчме Мясата за 14 км ад Маладэчна на тракце, пралеглым між Менскам і Вільняю[11][12].

Паводле меркаваньняў біёграфаў паэта, жонка Караля Зана была вымушаная ўцячы зь Вінцэнтам і Тамашам у лес празь небясьпечнасьць надыходзячых у Мясату казацкіх войскаў. Там ёй дапамагала мясцовая сялянка, якая хадзіла туды наведаць свайго мужа, які хаваўся ад рэкрутчыны[10]. Пасьля Мясаты Кацярына разам зь дзецьмі вярнулася ў Селішчы, куды неўзабаве, пачуўшы пра амністыю, трапіў і сам Караль Зан. Тут ён уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войскаў Трэмбіцкага ў недалёкім маёнтку Вязынь, дзе праходзіць маленства будучага паэта і першыя ўрокі граматы ў дзяка Аляшкевіча[10].

Неўзабаве маці адвозіць юнага Тамаша да сваіх бацькоў у мястэчка Ўзда, дзе ўладкоўвае яго ў парафіяльную школу, аднак пасьля сьмерці свайго дзеда разам з бабуляй ізноў вяртаецца ў Вязынь. Цяпер ён працягвае вучобу ў гувэрнэра Калантая ў суседняй Слабадзе (вучыцца разам зь дзецьмі нейкіх Мікуліцкіх)[9]. Празь некалькі месяцаў, у 1807 годзе, разам з малодшым братам Ігнасем пасылаецца ў Менскую гімназію.

Менская гімназія: 1805—1812

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тамаш Зан у маладыя гады. Малюнак Яна Рустэма. За своеасабліую форму ілба паэта жартаўліва называлі «Трохкутным»[13]

Будучы гімназістам Тамаш належыў да ліку найбольш здатных вучняў. Таксама актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх зборах і забавах[9]. Будынак тагачаснай Менскай гімназіі знаходзіўся на Высокім рынку, які з XVII ст. зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Менску. Асобныя вобразы з тагачаснага жыцьця гораду запомніліся юнаму Тамашу надзвычай:

« Габрэйка з абаранкам, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзьведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка, Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі менскіх дзяцей да 1812 году. Нянавісьці і розьніцы між нацыямі ня ведалі... З тае грубае і дзікае мовы маскалёў, бо менскім сялянскім прастамоўем ахвотна карысталіся студэнты, прыжылося башкірскае «гайда»[14] »

Найбліжэйшымі сябрамі Тамаша Зана ў Менскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзэф. Асабліва моцна ён пасябрыўся зь Міхалам, дзякуючы якому Тамаш пазнаёміўся зь ягонаю сястрой Марыляй Верашчакай — будучай каханай Адама Міцкевіча, які, у сваю чаргу, пазнаёміўся зь ёю праз пасярэдніцтва Зана[9].

Далейшай вучобе ў Менскай гімназіі перашкодзіла хвароба Тамаша, таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў у фальварак Выверы, які ягоныя бацькі арандавалі[10]. Тут прайшлі самыя яркія юнацкія гады Тамаша. Выверы былі недалёка ад Маладэчна, таму па выздараўленьні Тамаша бацькі паслалі яго разам з малодшым Ігнасем і Стэфанам давучвацца ў Маладэчанскую павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйску[10]. У здыманай маладэчанскай кватэры разам з братамі пасялілася і бабка Далеўская.

Маладэчанскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тамаш Зан, частка малюнку Р. Жукоўскага (1814—1886)

Зьвесткі пра маладэчанскі пэрыяд жыцьця паэта захаваліся збольшага ў дакумэнтах сьледчай камісіі працэсу над філяматамі.

Напрыклад, абвінавачаньне ў «непажадным кірунку думак» абгрунтоўвалася тым, што Тамаш «яшчэ зь дзяцінства, з павятовай маладэчанскай школы зьневажаў урад і пісаў недобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства»[9]. Пад згаданым таварыствам мелі на ўвазе вайсковую гульню, што вымагала хлапчукоў дзяліцца на дзьве «арміі»: расейскую — армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалёна, бога любові. На чале арміі Апалёна часта быў Тамаш Зан, які карыстаўся павагаю паплечнікаў за «менскую вучонасьць»[9]. Да справы таксама быў далучаны верш, напісаны Занам у 1815 годзе пад назваю «Марш для студэнтаў, апалёнавага войска», дзе быў прамы заклік да падрыхтоўкі вайны супраць «маскаля», і незакончаная камэдыя «Сталасьць у сяброўстве», што таксама накіроўвалася супраць царскага самадзяржаўя.

Саміх «маладэчанскіх» твораў Тамаша Зана не захавалася. Адзінае сьведчаньне пра іх — рапарт сэнатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў траўні 1824 году, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи» (Варшава, 1898)[10].

Віленскі ўнівэрсытэт: 1815—1820

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзядзінец Віленскага ўнівэрсытэту і Царква сьвятога Яна, дзе ў 1815—1820 гадох вучыўся Тамаш Зан

У 1815 годзе Тамаш Зан за ўласны кошт паступае на фізыка-матэматычны фалькутэт Віленскага ўнівэрсытэту і, каб мець сродкі на жыцьцё, працуе гувэрнэрам. Становіцца тут чальцом патрыятычнага таварыства шубраўцаў; прымаецца ў масонскую лёжу[15].

Ужо ў першы год навучаньня ён ўступае ў Таварыства шасьці, у якое ўваходзілі студэнты-менчукі[10]. У 1817 годзе Тамаш Зан становіцца адным з заснавальнікаў Таварыства філяматаў, у 1820 — стварае Таварыства прамяністых, рэарганізаванае пазьней у Таварыства філярэтаў. Згодна з назвай «тэорыі прамянёў», ад кожнага добразычлівага чалавека сыходзяць прамяні, якія жыватворна ўзьдзейнічаюць на тых, хто яго абкружае[15]. Таварыства прамяністых за кароткі час сабрала 200 сяброў і складалася ў пераважнай большасьці зь беларускай моладзі[16].

У 1823 годзе арыштоўваецца царскімі ўладамі[17]. Захаваліся дакумэнты аб выдачы Зану дыплёма магістэрскай ступені па філязофіі, які ён не пасьпеў атрымаць праз арышт[6]. У часе сьледзтва 1823—1824 гадоў усю віну за стварэньне і дзейнасьць згуртаваньняў моладзі бярэ на сваю адказнасьць[10], дзякуючы чаму астатніх арыштаваных, у ліку якіх знаходзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і слабы здароўем Юзэф Яжоўскі выслалі ўглыб Расеі, а не зьняволілі ў цытадэлі[18]. Адам Міцкевіч пазьней увасобіў сумленнасьць і таварыскасьць Тамаша ў III частцы «Дзядоў». На адным з допытаў Зан выказаўся: «Мы не стваралі часу — час ствараў нас»[16].

За некалькі дзён да высылкі Зана ў кляштарныя муры дазволілі наведацца тым, хто хацеў зь ім разьвітацца. Філярэт Ота Сьлізень прыгадвае ў сваіх нататках, што «дзьверы ў камэры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся» і калі ён туды ўвайшоў:

« …у камэры было ўжо некалькі філярэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэенд, два Тамашовы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ… Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанэмэнт гітары Тамаша сьпяваў толькі што складзеную ім песьню на народнай гаворцы, песьню жаласную, разьвітальную, якая сваёй мэлёдыяй і зьместам выклікала ўсеагульны плач…[19] »

Пра гэтае разьвітаньне таксама расказвае Антоні Эдвард Адынец:

« Было нас некалькі дзясяткаў вечарам у камэры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні засьпяваў пад гітару толькі што складзеную ім песьню на народнай гаворцы:
Да лятуць, лятуць да дзікіе гусі,
Да нас павязуць до далёкое Русі…

Далей у песьні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае ці вярнуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песьня, што яна выклікала агульны плач, а сьпявак стаў аб’ектам абдымкаў[19].
»
Мапа экспэдыцыйных перамяшчэньняў Тамаша Зана (цэльная лінія) у 1831—1834 гадах у часе Арэнбурскай высылкі

За арганізацыю падпольных таварыстваў Тамаша Зана ў кастрычніку 1824 году высылаюць у Арэнбурскую фартэцыю, адкуль яго вызваляюць 22 лістапада 1825 году. Там ён застаецца верным сваім ідэалам і, паводле зьвестак расейскага пісьменьніка Эрнста Сафонава, удзельнічае ў тайных арганізацыях расейскіх рэвалюцыянэраў у Арэнбургу і сябруе зь яе кіраўніком, расейскім паэтам Пятром Кудрашовым[10]. У 1833 годзе прымае ўдзел у змове высыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстаньне супраць мясцовых удадаў з мэтай уцячы за мяжу, аднак спроба гэтая не ўдалася.

У высылцы Тамаш Зан сустракае вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Ўрал для навуковай экспэдыцыі. Пад яго ўзьдзеяньнем паэт захапляецца вывучэньнем геалёгіі і батанікі[10]. Празь некаторы час Тамашу даручаюць геалягічную выведку на шырокіх прасторах Прыўральля і Тургайскага стэпу. На Волзе, пад Самарай, ён адшукаў нафту, у Заўральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіцкай фартэцыі — медную руду[9]. У высылцы Тамаш Зан сустракаўся з многімі дасьледнікамі, якія прыязджалі вывучаць прыроду Прыўральля — батанікам з Дэрпта Эдуардам Аляксандравічам Эвэрсманам, яго землякамі геолягамі Грыгорыем Пятровічам Гельмэрсэнам і Эрнстам Гофманам, хімікам Карлам Гэбэлем, астраномам Васілём Фёдаравічам Фёдаравым, прафэсарам Хрыстафорам Ганстэнам, лейтэнантам Дуэ з Нарвэгіі і іншымі[20].

У арэнбурскай ссылцы паэт таксама пазнаёміўся з Грыгорыем Сілычам Карэліным — прадзедам паэта Аляксандра Блока[21]. Меў сустрэчы з сасланым кампазытарам Аляксандрам Аляксандравічам Аляб’евым, удзельнікам вайны 1812 году, сябрам Дзяніса Давыдава і Аляксандра Грыбаедава, аўтарам славутых вакальных твораў «Салавей», «Вячэрні звон», «Доўгая дарога»[22].

З прапановы генэрал-губэрнатара П. Сухцелена напісаў грунтоўную працу па музэйнай справе «Аб мэтах і спосабах утрыманьня прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу». Стварыў багаты мінэралягічны музэй у Арэнбургу[18], за што атрымаў званьне чыноўніка XIV клясы (калескага рэгістратара).

У 1831 годзе ў ангельскім часопісе «Рэвю брытанік», выдаваным на францускай мове, быў зьмешчаны артыкул «Палітычная гісторыя Літвы» з аповедам падзеяў 1817—1823 гадоў у Віленскім унівэрсытэце з падрабязным асьвятленьнем лёсаў іх удзельнікаў, у тым ліку і «найпрамяністага» Тамаша Зана[23]. Улетку 1833 году знаходзіўся на лячэньні на Сергіеўскіх серных водах каля Самары. У сьнежні 1833 году вярнуўся да выкананьня сваіх абавязкаў. З 18 ліпеня па 5 сьнежня 1834 году праводзіў геагнастычныя дасьледаваньні кыргыскага стэпу, у выніку якіх ён выявіў у наносах рэк Адырлы, Таўкарагайлы-Аят, Сарымсаклы і іншых дзесяць золатаўтрымальных прыіскаў, а таксама паклады меднай руды на поўдні ад Тройцкай крэпасьці.

За гэта Тамаш Зан быў прыстаўлены да грашовай узнагароды ў 1500 рублёў і быў узьведзены ў X клясу паводле «Табелі аб рангах»[24] (атрымаў чын калескага сакратара).

Падарожнічаў па Башкартастану, пабываў у Екацярынбургу (пісаў пра цяжкія ўмовы работы ў Саймонаўскіх капальнях золата і малахіту). Цікавіўся фальклёрнымі традыцыямі башкіраў. Адным зь першых вывучаў народную паэзію і норавы казахаў, татар, башкір і пакінуў запіс адной цюрскай песьні[25]. Пад уражаньнем сваіх падарожжаў па Прыўральлю і расказаў відавочцаў у 1833 годзе выказаў намер напісаць трылёгію пра гэты край у часе Пугачоўскага паўстаньня, аднак плянаванага ня зьдзейсьніў.

Улічваючы нямалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэньні прыроды Ўрала і выяўленьні пакладаў золата, 3 траўня 1837 году, паэту паведаміла, што:

« Государь император всемилостивейше соизволил разрешить Зану оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину[26] »

Пасьля ад’езду Тамаша Зана, створаны ім Арэнбурскі музэй перайшоў у рукі былога інспэктара Гарадзенскай гімназіі Міхаіла Фадзеевіча Зялёнкі, які за ўдзел у паўстаньні знаходзіўся ў ссылцы ў Арэнбургу[24].

Санкт-Пецярбург: 1837—1841

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тамаш Зан у сталым веку. Паводле малюнка Ю. І. Крашэўскага

У кастрычніку 1837 году Тамаш прыяжджае ў Санкт-Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданьнем «Геагнастычных назіраньняў» — вынікам сямігадовых дасьледаваньняў прыродных багацьцяў Урала агульным аб’ёмам у сто друкаваных аркушаў. Аднак апублікаваць кнігу Зану не ўдалося, а месцазнаходжаньне гэтага рукапісу невядома дагэтуль[9]. Таксама склаў мапу Прыўральскага краю[27]. У 1839 годзе здае экзамэны на атрыманьне кваліфікацыі горнага інжынэра. Двойчы запрашаецца для выступленьня з дакладамі ў Імпэратарскае Расейскае геаграфічнае таварыства[28].

Неўзабаве пасьля прыезду Тамаша выклікаюць у канцылярыю III аддзяленьня імпэратарскага ведамства. Даведаўшыся аб ягоным удзеле ў арэнбурскай змове 1833 году, яго вырашаюць вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэньні жандара[10]. На дапамогу паэту прыходзяць ягоныя віленскія сябры, аселыя ў Пецярбургу, і найперш Францішак Малеўскі. Аднак справа аб удзеле ў плянаваным бунце даходзіць да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзяленьня графа Бенкендорфа[9]. У гэты момант за Тамаша Зана заступаецца арэнбурскі генэрал-губэрнатар Васіль Аляксеевіч Пятроўскі, які высока цаніў высыльнага за ягоныя геалягічныя адкрыцьці і шырыню ведаў[10][29].

Вёска Далматаўшчына, дзе некаторы час у маёнтку філямата Антонія Вяржбоўскага Тамаш Зан жыў разам зь Янам Чачотам

Пасьля сямнаццацігадовай высылкі ў 1841 годзе Тамаш Зан вяртаецца на радзіму. Пасьля Горадні і Вільні некаторы час разам зь Янам Чачотам жыў у Далматаўшчыне каля Карэлічаў, у маёнтку філямата Антонія Вяржбоўскага[29]. Працаваў у Віленскім корпусе горных інжынэраў, а праз чатыры гады — інспэктарам дзяржаўных маёнткаў на Аршаншчыне і з 1844 году на Лепельшчыне. Тут сышоўся зь сям’ёй Кусьцінскіх. Міхаіл Кусьцінскі, студэнт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, а пазьней вядомы археоляг, успамінаў, што Зан быў душой кожнага таварыскага сходу. Сачыняў музыку, песьні, у тым ліку і на словы Я. Чачота[30]. У 1845 годзе выходзіць у адстаўку[28].

Як адзначае Тамашовы паплечнік і блізкі сябра Ігнат Дамейка: «Тамаш Зан прыехаў здаровы і вясёлы, як і раней — сардэчны, разумны. Здавалася, ён зьбярог у сабе ўсю маладую сілу і кемлівасьць». Але празь некалькі месяцаў Зан захварэў: «гэта быў пачатак вар’яцтва, якое прыйшло не адразу, нягледзячы на лекі, што даваў яму брат»[30].

Па вяртаньні паэта адразу акружаюць сябры і асабліва Марыля Путкамэр, якая забірае яго да сябе ў маёнтак Бальценікі, дзе Тамаша кранае Марыліна дачка Зося, якая сьпявае яму, граючы на фартэпіяна, песьні Яна Чачота[10]. Разам з Марыляй і малодшым братам Ігнасем наведвае сям’ю Бялінскіх у Янушах, Марыліных братоў Юзэфа ў Смольчыцах і Міхала ў Дварцы, дзе яго прымаюць зь вялікаю радасьцю[10]. Варта адзначыць, што будучы героем міцкевічавых «Дзядоў», Тамаш Зан стаў жывой легендай у вачох сваіх сучасьнікаў[10].

У вёсцы Аборак на Маладэчаншчыне ў сям’і добрых знаёмых Дэдэркаў Тамаш Зан сустракае маладую Брыгіду Сьвентажэцкую зь недалёкае Маліноўшчыны, якая зачытвалася рамантычнаю літаратурай і захаплялася творчасьцю свайго сучасьніка Адама Міцкевіча. Неўзабаве Брыгіда закахалася ў Тамаша і той адказаў узаемнасьцю. Пазьней у лісьце Марылі Путкамэр ён прызнаваўся:

« Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнаньня, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосьць, боства, якое прадракае мне шчасьлівую будучыню[31] »
Брыгіда Зан (народжаная Сьвентаржэцкая) з сынамі. Сядзіць — Абдон, стаяць (зьлева направа) — гувэрнэр, Віктарын і Клемэнт.
Магіла Тамаша Зана на акварэлі Н. Орды, 2-я палова XIX стагодзьдзя

29 кастрычніка 1846 году ў мястэчку Лебедзеве пад Маладэчнам яны пабраліся шлюбам[10]. Вясельле было мнагалюднае і апрача радні прыехалі яго найбліжэйшыя сябры Марыля і Ваўжынец Путкамэры, браты Верашчакі — Юзэф і Міхал[10].

Апошнія дзевяць гадоў жыцьця вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную работу[32]. Нейкі час жыў у Беніцы, займаўся геалягічнымі дасьледаваньнямі і геалягічнай працай. У беніцкіх сваякоў жонкі ў старасьвецкім будынку бачыў галерэю і мэмарыяльную залю, у якой суткі правёў Напалеон у сьнежні 1812 году[24]. Пасьля Беніцы разам зь сям’ёй пераехаў у Аборак, дзе пражыў тры гады. Пад канец жыцьця пры дапамозе Марылінага мужа Ваўжынца Путкамэра за грошы, атрыманыя ў якасьці пасагу, Зан набыў маёнтак Кахачын (сёньня — в. Какоўчына). У набыцьці маёнтку яму таксама дапамог А. Дабравольскі, які паставіў своеасаблівую ўмову: «новасьпечаны памешчык» мусіў «аддзякаваць» яго, напісаўшы тут аўтабіяграфію, аднак задума засталася нязьдзейсьненай[30]. Адам Міцкевіч з Парыжа паведамляў ў Чылі Ігнату Дамейку: «У Зана вёсачка ў Беларусі»[33].

Спачатку неспрактыкаванаму ў гаспадарцы паэту маёнтак Кахачын прынёс толькі турботы. У лісьце да Кусьцінскіх Зан скрадзіўся: «За два прайшоўшых гады вычарпаў у мяне гэты маёнтак усе зьберажэньні». Пазьней Марылі Путкамэр ён напіша:

« Вязень над Віліяй, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзьвіной, не прытуліла мяне сяброўства на Літве, горная справа на Жмудзі, сваяцтва і вучоная сябрына на Чорнай, грамадзянства і набожнасьць над Дняпром і на Белай Русі. Няўжо ж, пакуль жыву, буду вечным выгнаньнікам і пілігрымам?[34] »

Толькі празь некалькі гадоў, калі Заны пабудавалі дом, займелі гаспадарку, жыцьцё пайшло належным парадкам. У Тамаша і Брыгіды Занаў нарадзіліся чатыры сыны: Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемэнт (1852) і Станіслаў (1854)[35].

Памёр тут жа 7 ліпеня 1855 году. Пахаваны на каталіцкіх могілках у мястэчку Смаляны. Жонка Брыгіда памерла 23 жніўня 1900 году ў веку 81 году. Яе пахавалі побач з мужам[36]. У эпітафіі на мэмарыяльнай пліце, усталяванай кс. Уладзіславам Любамірскім, што ляжыць перад помнікамі, гаворыцца:

« Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславенна. Жыў шэсьцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 году ў Кахачыне. Зь Сьвентаржэцкіх Брыгіда Зан пахаваная побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 году ва ўзросьце 81 год. Сын іх немаўля Стась памёр у 1854 годзе. »

Блізкі сябра Тамаша Зана Ігнат Дамейка наступным чынам апісваў зьнешнасьць свайго таварыша:

« Быў Тамаш Зан... чалавекам з шырокімі схільнасьцямі: грунтоўна ведаў прыродазнаўчыя і экспэрымэнтальныя навукі, слыў добрым матэматыкам і паэтам, ведаў літаратуру і нашу гісторыю, старажытныя мовы; быў вялікім аматарам мастацтваў, у першую чаргу музыкі, якую добра ведаў; выдатна сьпяваў. Сярэдняга росту, смуглаватага твару, з малымі агністымі вачыма і цёмнымі кучаравымі валасамі, з высокім ілбом, які трохі звужаўся ўверсе. Калі ён сьпяваў, імправізаваў, тады ад яго, казалі, ад чала і вачэй нібы сыходзіла праменьне, якім проста паланяў сэрцы ўсіх, хто яго слухаў. Нездарма Зан атрымаў ганаровую мянушку «архіпрамяністы»[15] »

Тамаш Зан — аўтар заснаваных на беларускім фальклёры паэтычных твораў на польскай мове. У камэдыі «Грэцкія піражкі» (1817, пастаўлена ў Арэнбургу 11 лютага 1830 году[37]) выкарыстаў беларускі фальклёр, у паэме «Табакерка» (1818) апісаў беларускае вясельле, сьвята Купальле, звычаі і абрады беларусаў. Ім напісаныя баляды і паэмы «Цыганка», «Сьвіцязь-возера» (абедзьве 1820), «Твардоўскі», «Бекеш» і лірычныя вершы, у прыватнасьці, верш «Мінчук» (1836) і «Сабіраемся з-над Урала на Літву» (1838)[38]. Тамаш Зан адыграў значную ролю ў разьвіцьці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[6].

Ва ўральскім дзёньніку «З выгнаньня» паэт выказаў намер пісаць на беларускай мове, аднак ніводзін зь яго беларускіх твораў не захаваўся[4].

У 1833 годзе Т. Зан адзначыў у дзёньніку, што "напісаў па-расейску дзіцячую камэдыю «Русалки и леший», накшталт «Грэцкіх піражкоў»[37]. Невядома, ці ставілася яна на сцэне ў Арэнбургу.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьвестак Арэнбурскага краязнаўчага музэю, імя Тамаша Зана носіць араграфічнае ўзвышша на Паўднёвым Урале[28].

  • Tryolety i wiersze miłosne. Warszawa, 1922;
  • Z wygnania. Wilno, 1929. Бел. пер.: Філаматы і філарэты: Зборнік. Мн., 1998.
  • Філаматы і філарэты / укладаньне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі й камэнты Кастуся Цьвіркі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1998. — С. 197—230. — 400 с. — (Серыя І. Мастацкая Літаратура). — 10 100 ас. — ISBN 985-6318-21-1
  1. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #102354931X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ а б Bibliothèque nationale de France Tomasz Zan // data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  3. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  4. ^ а б Кастусь Цьвірка. Зан Тамаш // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 404.
  5. ^ 21 снежня — 210 год з дня нараджэння Т. Зана (1796—1855), паэта-рамантыка, даследчыка прыроды, удзельніка вызваленчага руху // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  6. ^ а б в г Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл. / Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Барыс Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 434—435. — 671 с.
  7. ^ Станкевіч, С. Тамаш Зан // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 16. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  8. ^ а б в Марціновіч А. А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» Тамаш Зан // У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. — Мн.: Полымя, 1999. — С. 292. — ISBN 985-07-0297-4
  9. ^ а б в г д е ё ж з і Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  10. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Цьвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
  11. ^ ЦГИА СССР, ф. 1343, оп. 22, д. 950, л .16
  12. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 94. — 303 с.
  13. ^ Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 383. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  14. ^ Z filareckiego świata: zbiór wspomnień z lat 1816-1824. Wydae Henryk Mościcki. — Warszawa, 1924. — S. 196.
  15. ^ а б в Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 24. — ISBN 985-6133-40-8.
  16. ^ а б Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 40.
  17. ^ Зан Тамаш // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  18. ^ а б Уладзімер Арлоў (5 сьнежня 2006) Імёны Свабоды: Тамаш Зан 21.12.1796, в. Мясата (цяпер Маладэчанскі раён) — 19.7.1855, маёнтак Кухачын паблізу Воршы. Пахаваны ў в. Смаляны, Аршанскі раён. Радыё СвабодаПраверана 4 жніўня 2011 г.
  19. ^ а б Кастусь Цвірка Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 19. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  20. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 113. — 303 с.
  21. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 108. — 303 с.
  22. ^ Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 41.
  23. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 121. — 303 с.
  24. ^ а б в Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» // Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1984. — С. 61. — 199 с.
  25. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 126. — 303 с.
  26. ^ Грицкевич, В. От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: 1986. — С. 128.
  27. ^ Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 96. — 254 с.
  28. ^ а б в Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  29. ^ а б Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 97. — 254 с.
  30. ^ а б в Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 25. — ISBN 985-6133-40-8.
  31. ^ Wawrzykowska-Wieciochowa D. Adam i Maryla. — Warszawa: 1990. — С. 214.
  32. ^ Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54-56.
  33. ^ Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 42.
  34. ^ Wawrzykowska-Wieciochowa D. Adam i Maryla. — Warszawa: 1990. — С. 242.
  35. ^ Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 26. — ISBN 985-6133-40-8.
  36. ^ Марціновіч А. А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» Тамаш Зан // У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. — Мн.: Полымя, 1999. — С. 307. — ISBN 985-07-0297-4
  37. ^ а б Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 112—113. — 303 с.
  38. ^ Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 26. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6

  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Літаратура Беларусі : першая палова XIX стагоддзя : хрэстаматыя / [укладанне, прадмова, біяграфічныя даведкі і каментарыі К. Цвіркі]. Мінск, 2000. С. 52—67. Змест : [Біяграфічная даведка] / [К. А. Цвірка]. [Выбраныя творы] / Тамаш Зан.
  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Філаматы і філарэты : зборнік / [укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі Кастуся Цвіркі]. Мінск, 1998. С. 197—230. Змест: [Біяграфічная даведка] / [К. Цвірка]. Творы ; Пісьмы / Тамаш Зан.
  • Зан Тамаш // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 525—526.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
  • Зан Тамаш // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 321.
  • Зан Тамаш // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 176—177.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 484.
  • Зан Тамаш // Памяць : Карэліцкі раён / [рэдакцыйная калегія : В. К. Кунашка і інш.]. Мінск, 2000. С. 78.
  • Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі / Станіслаў Станкевіч; пераклад Міколы Хаўстовіча // Спадчына. 1998. № 5. С. 100—139. Са зместу: Тамаш Зан. С. 109—136.
  • Мароз, У. В. Філамат Тамаш Зан / Уладзімір Мароз // За брамай забытых мелодый : эсэ. Вершы. Мініяцюры / Уладзімір Мароз. Мінск, 2004. С. 90—97.
  • Цвірка, К. Дарогамі Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX стагоддзя / Кастусь Цвірка. Мінск, 2004. С. 82—125.
  • Тое ж // Лісце забытых алеяў : эсэ / Кастусь Цвірка. Мінск, 1993. С. 99—177.
  • Тое ж // Полымя. 1992. № 5. С. 159—172 ; № 6. С. 148—165.
  • Марціновіч, А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» : Тамаш Зан / Алесь Марціновіч // У часе прасветленыя твары : гістарычныя эсэ, нарысы / Алесь Марціновіч. Мінск, 1999. С. 290—308.
  • Цішук, Г. Архіпрамяністы / Глеб Цішук // Беларусь. 2003. № 6. С. 40-42.

  • Лютынскі, В. Таямніца маёнтка Кахачын / Віктар Лютынскі // Беларуская Мінуўшчына. 1997. № 1. С. 28-31. (Постаці).
  • Пра лёс Т. Зана, яго грамадскую дзейнасць і маёнтак, дзе ён правёў апошнія гады жыцця.
  • Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым : жыццё і творчасць Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Роднае слова. 1994. № 2. С. 17—24.
  • Мохнач, Н. Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. / Н. Н. Мохнач; под редакцией А. С. Майхровича. — Минск : Наука и техника, 1985. — 94 с.
  • Также об этических воззрениях и деятельности Т. Зана.
  • Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» / Генадзь Каханоўскі // Адчыніся, таямніца часу : гісторыка-літаратурныя нарысы / Генадзь Каханоўскі. Мінск, 1984. С. 58-61.
  • Жыццёвы шлях Т. Зана.
  • Лютынскі, В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне / Лютынскі В. П. // Аршанскі краязнаўчы зборнік № 2 / укладальнік В. Лютынскі. [Орша], 1997. С. 24-27.
  • Грицкевич, В. П. Ташкараган ищет золото / В. П. Грицкевич // От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. Минск, 1986. С. 92-131.
  • Об участии Т. Зана в освоении Урала.
  • Ермоленко, В. А. Зан Томаш Карлович / В. А. Ермоленко // Вестник Белорусского государственного университета. Серия 2, Химия. Биология. География. 1997. № 1. С. 72-73.
  • О Т. Зане как естествоиспытателе и его вкладе в мировую науку о Земле.
  • Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54—56.
  • Гужалоўскі, А. Тамаш Зан — аўтар першага беларускага музейнага праекта / Аляксандр Гужалоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3. С. 60-62.
  • Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  • Лютынскі, В. Прыцягальны вобраз / Віктар Лютынскі // Голас Радзімы. 2002. 9 студз. (№ 3). С. 4.