Перайсьці да зьместу

Сьвіцязь-возера

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвіцязь-возера
Жанр: баляда
Аўтар: Тамаш Зан
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1820

«Сьвіцязь-возера» — баляда Тамаша Зана, напісаная ў 1820 годзе па матывах народнага паданьня.

Баляда пачынаецца з апісаньня начнога гораду Сьвіцязь, жыхары якога адпачываюць пасьля дзённага клопату. Прыгожай сьвіцязянцы Праксе сьняцца кашмары і мучаюць трывожныя прадчуваньні. Яна бачыць у сьне, як жаніц Воцех забівае на скрыжаваньні дарог купца дзеля таго, каб выканаць яе ўмову: яна згодзіцца пайсьці зь ім пад вянец толькі тады, як ён стане багатым. Па абуджэньні служанка супакойвае Праксу. Тым ня менш, празь дзень да яе заходзіць Войцех і кажа, што знайшоў скарб і можа цяпер зь ёю ажаніцца. Дзяўчына здагадваецца, што хлопец учыніў злачынства, але заплюшчвае на гэта вочы, хоць голас зь неба папярэджвае маладых аб пакараньні. Многія гады праходзяць у шчасьці і раскошы, аднак у прызначаны час на горад налятае бура, ён правальваецца пад зямлю з усімі сьвіцязянамі, а на яго месцы ўтвараецца аднайменнае возера.

Фальклёрны матэрыял

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паданьне пра забойства купца бедным хлопцам, які, завалодаўшы купцовым набыткам, мае магчымасьць узяць шлюб з багатаю паненкаю і за тое праз пэўную колькасьць гадоў, а яна ў адрозных вэрсіях неаднолькавая, Пан Бог пасылае кару на ўвесь горад і залівае яго вадою належыць да найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі этнаграфічнае Беларусі[1]. Яно сустракаецца ў Міхала Федароўскага[2], Яна Карловіча (у двух варыянтах)[3], Еўдакіма Раманава (у двух варыянтах)[4][5], пра адну вэрсію, зьвязаную з возерам Сьвіцязь, згадвае Павал Дземідовіч[6]. Доктар філязофіі ў галіне польскай і славянскай літаратур Станіслаў Станкевіч у часе сваіх росшукаў на Наваградчыне пераканаўся, што гэтае паданьне можна пачуць у любой вёсцы ў радыюсе 20—30 км ад возера Сьвіцязь[1].

Як адзначае Станіслаў Станкевіч, народнае паданьне паэт перадаў дастаткова дакладна, адно дазволіў сабе пэўныя зьмены. Галоўнаю мадыфікацыяю аўтара зьяўляецца тое, што пра злачынства Войцеха і зьвязаныя зь ім здарэньні, чытач даведваецца не непасрэдна, а з сну гераіні[1]. Знаёмства з злачынствам Войцеха з сну Праксы пададзена насуперак народнаму паданьню праз тое, што характар Праксы ў творы Т. Зана зусім іншым, чым у фальклёрным сюжэце. Пракса ўсьведамляе зло і саромеецца сваіх словаў, сказаных Войцеху, баючыся, каб яны не падштурхнулі яго на злачынства. Таму і Войцех ня можа адкрыць ёй страшную праўду, як гэта ў паданьні, а тлумачыць, што грошы паходзяць з знойдзенага скарбу[7]. У адрозьненьне ад Праксы, гераіня народнага паданьня ведае пра злачынства каханка, а ў асобных вэрсіях сама падштурхоўвае яго да злачынства, лічачы гэты спосаб здабываньня грошай цалкам натуральным.

Размова забітага купца з Богам пададзеная згодна з паданьнем, аднак у балядзе Бог абацяе забітаму купцу адпомсьціць праз дваццаць гадоў, тым часам як у паданьні Бог адказвае: — «Памшчуся, але за сто гадоў!»[7].

Таксама паэт не ўключыў у свой твор сцэну з ксяндзом, якая маецца ўва ўсіх вэрсіях паданьня, аднак уводзіць вобраз пакаёўкі Марты, якой Пракса апавядае свой сон пра злачынства Войцеха.

Урэшце, згодна з паданьнем, сужыцьце Праксы з Войцехам, якое ішло ў шчасьці і памыснасьці, абрываецца гадзінай помсты і горад падае пад зямлю. Пісьменьнік і публіцыст Мар’ян Гавалевіч (18521910) і прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Юзэф Уейскі (19831937) закідалі Зану, што катастрофа Сьвіцязі лягічна не зьвязаная з катастрофаю Войцеха, бо жыхары гораду не вінаватыя[8], аднак гісторык літаратуры і дасьледніца творчасьці Т. Зана Марыя Дунаюўна (19001979) лічыць, што гэты недахоп трэба аднесьці на рахунак паданьня, на якім заснаваны твор[9].

  1. ^ а б в Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 23. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  2. ^ Federowski M. Op. cit. T. II. S. 278
  3. ^ Podania i bajki ludowe zebrane na Litwie // Zbior Wiad. do Antrop. Kraj.. — 1887. — Т. XI. — С. 10, 275.
  4. ^ Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 4 : Сказки космогоническия и культурныя / Е. Р. Романов. — Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1891. — С. 137. — 220 с.
  5. ^ Материалы по этнографии Гродненской губернии. Выпуск 2 / Ред. Е. Романов ; Управление Виленского учебного округа. — Вильно : Издание Управления Виленского учебного округа, 1912. — С. 359. — 396 с.
  6. ^ Демидович П. Из области верований и сказаний белорусов. — С. 116—117.
  7. ^ а б Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 24. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  8. ^ Ujejski J. Ballady Tomasza Zana // Księga Pamiątkowa ku uczczeniu 350 rocznicy założenia Uniwersitetu Wileńskiego. — Warszawa: 1931. — С. 346.
  9. ^ Dunajówna M. Tomasz Zan. S. 176
  • Цьвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
  • Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).