Аб мэтах і спосабах утрыманьня прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу
«Аб мэтах і спосабах утрыманьня прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу» — музэязнаўчая праца паэта і дасьледніка прыроды Тамаша Зана, напісаная ў 1830 годзе ў часе высылкі літаратара ў Арэнбург.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1823 годзе ў часе выкрыцьця віленскіх студэнцкіх таварыстваў (філяматаў, філярэтаў, прамяністых) Тамаш Зан разам зь іншымі ўдзельнікамі вызвольнага руху на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага быў арыштаваны і сасланы ў Арэнбург, дзе знаходзіўся на працягу 13 гадоў.
У высылцы Тамаш Зан сустракае вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Ўрал па навуковую экспэдыцыю. Пад яго ўзьдзеяньнем паэт захапляецца вывучэньнем геалёгіі і батанікі[1]. Дзякуючы высокай адукаванасьці і асабістым якасьцям ён здолеў хутка заваяваць давер губэрнскіх улад і атрымаў дазвол на правядзеньне геаграфічных, батанічных і этнаграфічных дасьледаваньняў. Празь некаторы час Тамашу даручаюць геалягічную выведку на шырокіх прасторах Прыўральля і Тургайскага стэпу. На Волзе, пад Самарай, ён адшукаў нафту, у Заўральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіцкай фартэцыі — медную руду[2].
Праект музэю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі ў 1830 годзе арэнбурскі ваенны губэрнатар П. Сухцелен прыняў рашэньне аб стварэньні ў горадзе музэю і паўстала пытаньне пра кандыдатуру дырэктара, ён спыніў свой выбар на Т. Зане. Рыхтуючыся прыняць новае прызначэньне Зан напісаў работу пад назваю «Аб мэтах і спосабах утрыманьня прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу», якую ў тым жа годзе прадставіў ваеннаму губэрнатару.
Работа складалася з дзьвюх частак: першая, якая складалася з чатырох параграфаў («Прычыны і мэта стварэньня музэяў», «Карыснасьць і недахопы створаных музэяў», «Неабходнасьць музэю народнага», «Музэі правінцыяльныя як адзіны сродак стварэньня Нацыянальнага музэю»), утрымлівае плян стварэньня нацыянальнага музэю на базе сеткі рэгіянальных краязнаўчых музэяў, а другая («Стварэньне Заволскага музэю ў Арэнбургу») утрымлівае практычнае абгрунтаваньне зладжаньня музэю як сыстэмы.
- У першым параграфе Тамаш Зан разважае пра шматвобразнасьць і адзінства прыроды, сувязь зь ёй чалавека. Асбалівую ўвагу паэт надае «собранию в одно место всех предметов природы и промышленности, способных дать понятие о свойствах, виде, переменах земли и ее произведений, о способностях и деятельности животных и людей на ней обитающих[3].»
- У другім параграфе Тамаш Зан завяршае характарыстыку музэю як грамадзкага інстытута і дадае аналіз функцыі асьветніцкай, адзначаючы важную ролю музэю ў станаўленьні такіх навуковых дысцыплін, як этнаграфія, геалёгія, заалёгія, батаніка. Аўтар рэзка крытыкуе музэйную практыку пачатку XIX стагодзьдзя. Ён выступае супраць абмежаванасьці доступу да муэзйных збораў, а таксама іх элітарнасьці. Скептычна ставіцца да спробаў паказаць у экспазыцыях сталічных музэяў аб’ектыўную карціну жыцьця ў розных рэгіёнах Расейскай імпэрыі. Ён піша: «предметы природы и искусства, оторванные от своих принадлежностей, от причин оные произведших, от последствий оными исполненных и приготовленных, вынутые ощупью из красивого и великолепного строения как кирпичи и капители храмов, как обломки и черепы статуи, удивляются родственному соседству, в каковом оные с трудом размещаются[4].»
- Трэці параграф зьяўялецца цэнтральным ва ўсім праекце. У ім ідзе размова пра неабходнасьць стварэньня нацыянальнага музэю, дзе знайшлі б сваёй адлюстраваньне прырода і эканоміка Расейскай імпэрыі. Нацыянальны музэй, на думку аўтара, мусіць быць своеасаблііваю мікрамадэльлю імпэрыі, мець вялікае практычнае і навуковае значэньне і спрыяць асьвеце народа.
- У чацьвёртым параграфе разглядаецца правінцыяльныя музэі як лябараторыі нацыянальнага музэю, што складаюць зь ім агульнае цэлае. На думку аўтара, яны павінны стаць «источником изучения целого края», а з другога — зь іх дапамогаю «знание предметов природы и искусств вернее проникнут и распространятся в жизни народной, або не только учащиеся и грамотные, но простой пахарь, заводчик и рамесленник, купец и работник будут иметь близкую и ничего не стоящую способность увидеть в областном своем городе собранные в одно место примечательности края своего, имеющие тесную связь с его намерениями, трудами и благосостоянием[5].»
У другой частцы сваёй работы Тамаш Зан дае практычныя схемы ўвасабленьня сваіх канцэптуальных поглядаў, выказаных у першай частцы.
Т. Зан прапаноўвае першапачаткова адкрыць часовы музэй, які павінен быў выконваць функцыі фондасховішча і знаходзіцца ў будынку Няплюеўскага кадэцкага корпуса. Пасьля пашырэньня калекцыяў часовы музэй мусіў пераўтварыцца ў пастаянны, які меркавалася разьмясьціць у арэнбурскім доме генэрала П. К. Эсэна, што стаў казённым.
Пастаянны музэй павінен быў мець адпаведныя штатныя пасады. Т. Зан прапанаваў набіраць найбольш здольных вучняў мясцовых адукацыйных установаў, вучыць іх азам музэйнае справы на месцы, а потым накіроўваць на вучобу і стажыроўку ў сталічныя ўнівэрсытэты і музэі.
Дырэктар музэю мусіў ажыцьцяўляць навуковае кіраўніцтва, уся фінансавая і адміністрацыйна-гаспадарчая дзейнасьць ускладалася б на адмысловы камітэт, у які ўваходзілі б асобы, вядомыя ў грамадзтве. Камітэт фармаваў бюджэт, які б складаўся з урадавых субсідыяў, прыватных ахвяраваньняў, матэрыяльнай дапамогі з боку вучоных таварыстваў і ўнівэрсытэтаў, зацікаўленых у разьвіцьці музэю.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]П. Сухцелен станоўча паставіўся да праекта Тамаша Зана і 25 студзеня 1830 году ейны аўтар быў прызначаны дырэктарам заснаванага музэю. На ўтрыманьне музэю вызначаліся сродкі ў памеры 600 рублёў на год.
Першапачаткова ў распараджэньні Тамаша Зана знаходзілася свая калекцыя і некаторыя выпадковыя прадметы, але ўжо ў сьнежні 1831 году, па заканчэньні першай экспыдыцыі, музэйны збор узбагаціўся каштоўнымі гісторыка-этнаграфічнымі і прыродазнаўчымі прадметамі. У гэтым час музэй атрымлівае першыя ахвяраваньні: зборы чыноўніка Азіяцкага дэпартамэнта Ф. Гартынга, пермскага купца Зотава і інш.
У 1831 годзе музэй разьмяшчаецца ў трох адмыслова абсталяваных пакоях. Арэнбурская купчыха П. Шэляшнікава, якая агледжела музэй пасьля яго адкрыцьця, напісала наступнае:
Зан показывает нам разные редкости… Обращает на себя внимание череп какого-то ископаемого животного. Вдоль стоят манекены в человеческий рост, одетые в богатые азиацкие костюмы, по четыре с каждой стороны. С одной мордовка, калмычка, киргизка и уралка в костюмах замужних женщин, с другой — уралка и киргизка в девичьих костюмах, калмык в казацком мундире и сибирский шаман. Вокруг развешены кольчуги, сёдла, чепраки и разная одежда… В стеклянных шкафах и ящиках разложены минералы, на полках чучела мелких зверей и птиц. На стенах развешены портреты старых людей оренбургских[6] | ||
Пасьля сьмерці П. Сухцелена, новы генэрал-губэрнатар В. Пяроўскі распарадзіўся спыніць фінансаваньне музэю. У чэрвені 1837 году быў звольнены з пасады дырэктара. На працягу яшчэ шасьці гадоў пасьля заснаваньня музэю захоўваліся багатыя калекцыі мінэралаў (больш за 2 тыс. адзінак), па заалёгіі (больш за 4 тыс. адзінак), этнаграфіі (каля 1 тыс. адзінак), а таксама зборы кніг, рукапісаў і гравюр. У пачатку XX стагодзьдзя фонды музэю былі перададзеныя ў распараджэньне Арэнбурскай вучонай архіўнай камісіі.
Крынціы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цьвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
- ^ Кастусь Цвірка Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 19. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
- ^ Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы, ф. 151—1101, а. 155
- ^ Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы, ф. 151—1101, а. 159 адв.
- ^ Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы, ф. 151—1101, а. 164
- ^ Jaworski T. Tomasz Zan w Orenburgu // Odosy. M, 1916, s. 41
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гужалоўскі, А. Тамаш Зан — аўтар першага беларускага музейнага праекта / Аляксандр Гужалоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3. С. 60-62.
|