Перайсьці да зьместу

Скірмантава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скірмантава
лац. Skirmantava
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Койданаўскі
Сельсавет: Путчынскі
Насельніцтва: 617 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1716
Паштовы індэкс: 222743
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°54′0″ пн. ш. 27°6′0″ у. д. / 53.9° пн. ш. 27.1° у. д. / 53.9; 27.1Каардынаты: 53°54′0″ пн. ш. 27°6′0″ у. д. / 53.9° пн. ш. 27.1° у. д. / 53.9; 27.1
Скірмантава на мапе Беларусі ±
Скірмантава
Скірмантава
Скірмантава
Скірмантава
Скірмантава
Скірмантава
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Скі́рмантава[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Іслачы. Уваходзіць у склад Путчынскага сельсавету Койданаўскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 18 км на поўнач ад Койданава, за 49 км ад Менску; за 24 км ад чыгуначнай станцыі Койданава, за 5 км на паўночны захад ад шашы Р65.

Скірымунт або Скірмунд (Sciremunt, Skīrmund[2]) — імя германскага паходжаньня[3]. Іменная аснова скер- (скір-) (імёны ліцьвінаў Скерэль, Скірвін, Скірман; германскія імёны Skerilo, Scirwine, Scirman) паходзіць ад гоцкага skeirs 'ясны, чысты'[4], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[5] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[4]. Такім парадкам, імя Скірмунт азначае «чыстая гарлівасьць» або «ясны розум»[6].

Упершыню ўпамінаецца ў 1802 годзе. У пачатку XX ст. у Койданаўскай воласьці Менскага павету, вёска, 35 двароў, 145 жыхароў, маёнтак, 1 двор, 13 жыхароў. Пад час ІІ-й Усясьветнай вайны лясы на поўначы Койданаўскага раёну сталі сховішчам і прыстанішчам для жыдоў, якія ўцякалі зь Менскага гета. Неўзабаве адыход жыдоў у лес зь Менскага гета набыў стыхійны характар. Невялікія групы накіроўваліся ў лес, ведаючы толькі тое, што недзе ёсьць вёскі Старое Сяло, Лісаўшчына, Скірмантава, і калі дабярэсься туды, то будзеш у небясьпецы — у «партызанскай краіне». Калі група з 30 жыдоў, якія ўцяклі зь Менскага гета, 29 жніўня 1943 г. прыбыла ў в. Скірмантава, то яе раптоўна з усіх бакоў акружылі эсэсаўцы. Разам са 162 (з 170) мясцовымі жыхарамі жыды былі сагнаны ў хлеў і зажыва спалены. Была спалена і вёска — 38 дамоў. Раіса Паўлаўна Куніцкая цудам выжыла — змагла ўцячы ў лес і расказаць пра трагедыю вёскі. Пасьля вайны вёска адноўлена. У часы сталінскіх рэпрэсіяў многія жыхары вёскі былі высланыя ў Сыбір, адкуль так і не вярнуліся.

У 1956 г. на магіле ахвяр фашызму ў цэнтры в. Скірмантава пастаўлены абэліск. Каля Дома культуры ў цэнтры вёскі пастаўлены абэліск на ўшанаваньне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну. Вёска ўвекавечана ў мэмарыяльным комплексе «Хатынь». На 1 студзеня 2004 году — 168 двароў.

  • 1909 год — 157 чалавек у вёсцы Скірмунтаве, 28 чалавек у маёнтку Скірмунтаве і 6 чалавек у сялібе Скірмунтаве[7]
  • 1999 год — 689 чалавек
  • 1 студзеня 2004 году — 510 чалавек
  • 2010 год — 617 чалавек

Ля вёскі знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Сьвятая.

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 181.
  2. ^ Briggs K. An index to personal names in English place-names. — Nottingham, 2023. P. 239.
  3. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1308.
  4. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  5. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
  7. ^ Список населенных мест Минской губернии. — Минск, 1909. С. 183.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]