Перайсьці да зьместу

Мацей зь Вільні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мацей зь Вільні
лац. Maciej ź Vilni
Мацей зь Вільні. Невядомы мастак, XVIII ст.
Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
Нарадзіўся1370 або каля 1370
Памёр9 траўня 1453
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Маце́й зь Вільні (лац.: Matthias Vilnensis; лет. Motiejus Trakiškis; пол.: Maciej; каля 1370 — 1453, Вільня) — рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Першы жамойцкі біскуп (1417—1422), віленскі біскуп (4 траўня 1422 — 7 траўня 1453).

У 1408 годзе скончыў Карлаў унівэрсытэт у Празе, дзе атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў. Потым навучаўся ў Сіенскім унівэрсытэце. Служачы дэканам Трокаў, удзельнічаў у хрысьціянізацыі Жамойці. Падтрымліваў палітычны курс Вітаўта Вялікага. Быў намінаваны вялікім князем на пост жамойцкага біскупа. 24 кастрычніка 1417 году ў Троках адбылося яго пасьвячэньне.

Паводле Яна Длугаша, Мацей паходзіў з інфлянцкіх немцаў, але вялікі князь Вітаўт менаваў яго ліцьвінам. У лютым 1422 году ў Наваградку ён шлюбаваў караля польскага Ягайлу і князёўну Соф’ю Гальшанскую. Таго ж году стаў біскупам віленскае дыяцэзіі.

Падчас прызначэньня на медніцкую катэдру было адзначана, што Мацей здавальняюча валодае жамойцкай (samogithice) гаворкай[1] (а храніст Ян Длугаш зазначаў, што той «добра ведаў мовы літоўскую і жамойцкую»[2]). Паводле летувіскіх дасьледнікаў, гэта азначае, што Мацей пашыраў летувіскую мову ў касьцёле Вялікага Княства Літоўскага[1]. Тым ня менш, веданьне жамойцкае гаворкі ў прывілеі Вітаўта было адзначана як дадатковая якасьць Мацея, а «літоўскай» мовай у ВКЛ, у тым ліку ў касьцёле, тады называлася старабеларуская мова, пра што сьведчыць прывілей вялікага князя Аляксандра 1501 году, які патрабаваў, каб казані ў касьцёлах Радашкавічаў, Маладэчна, Койданава, Слоніму, Ліды, а таксама Трысьцянкі, Далістава і Гонядзі на Падляшшы, ды іншых местаў абавязкава прамаўляліся «ў літоўскай мове» (Lythuanici idiomatis)[a][3].

Біскуп Мацей пасылаў прадстаўнікоў на Флярэнтыйскі сабор. Заснаваў шмат цэркваў і актыўна абараняў правы й прывілеі ліцьвінаў. Увёў інквізыцыю дзеля змаганьня з гусітамі. 27 кастрычніка 1430 году адпяваў вялікага князя Вітаўта.

  1. ^ Codex Ecclesie Vilnensis. Nr. 507. P. 616—617.
  1. ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. S. 27.
  2. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 22.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 32—33.