Ян Дамінік Лапацінскі
Ян Дамінік Лапацінскі | |
Герб «Любіч» | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 9 траўня 1708 Лапаціна Амсьціслаўскага ваяводзтва |
| Памёр | 11 студзеня 1778 (69 гадоў) |
| Род | Лапацінскія |
| Бацькі | Лявон Лапацінскі Рэгіна Сьвянціцкая[d][1] |
| Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Ян Дамінік Лапацінскі (9 траўня 1708, мястэчка Лапаціна Амсьціслаўскага ваяводзтва — 11 студзеня 1778) — рэлігійны і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Канонік віленскі (з 1732) і схалястык (з 1753), духоўны сакратар вялікі літоўскі (1755—1762), біскуп жамойцкі (з 1762)[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]З шляхецкага роду Лапацінскіх гербу «Любіч», сын Лявона. Навучаўся ў сэмінарыі місіянэраў у Варшаве. Быў пробашчам у Крожах, каралеўскім капэлянам.
Прыхільнік Сапегаў, быў капэлянам іхнага хаўрусьніка М. Масальскага, выхоўваў ягонага сына Ігнація. Зблізіўся з Чартарыйскімі, потым кантактаваў з гетманам вялікім літоўскім М. К. Радзівілам. Далей дзейнічаў у рэчышчы праграмы прыдворнай партыі Ю. Мнішака і ягоных хаўрусьнікаў Радзівілаў.
У 1764 годзе ўдзельнічаў у абраньні каралём і вялікім князем Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Супрацоўнічаў у рэалізацыі каралеўскіх плянаў рэформаў. Потым прыхільна паставіўся да Барскай канфэдэрацыі, але адкрыта яе не падтрымаў. У 1771 годзе перад пагрозай арышту расейскімі войскамі выехаў у Прусію, пазьней вярнуўся.
Быў добрым адміністратарам, імкнуўся ўзьняць узровень адукацыі сьвятароў. Аднавіў некалькі касьцёлаў і біскупскіх рэзыдэнцыяў, заснаваў духоўную сэмінарыю ў Варнях. Трымаў мастацкую галерэю.
Аўтар рэлігійных твораў. Пераклаў кнігі Лянгле дзю Трэснуа «Збор кароткай касьцельнай гісторыі» і Вэрто д’Абэра «Гісторыя партугальскай рэвалюцыі» (Вільня, 1753)[3].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Партрэты Яна Дамініка Лапацінскага
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Невядомы мастак, 1775 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Крэсс В. К. Панятоўскія-Крапышы герба «Юноша»: радавод старажытнага шляхецкага роду (XVI–XVIII стст.) (белар.) // Архіварыус — Мінск: Дзяржкамархіў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2014. — вып. 12. — С. 367. — ISSN 2225-4412
- ↑ Мацук А. Лапацінскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 181.
- ↑ Мацук А. Лапацінскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 182.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
