Перайсьці да зьместу

Флярэнтыйская унія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Флярэнтыйская вунія»)

Флярэнцкая або Флярэнты́йская у́нія 1439 году — акт аб арганізацыйным злучэньні пад уладай рымскага папы каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, абвешчаны на царкоўным саборы ў Флярэнцыі (Італія). У Каталіцкай царкве лічыцца XVII Сусьветным саборам. Праваслаўнымі цэрквамі рашэньні Сабору адпрэчваюцца.

Сабор быў скліканы папам Яўгенам IV для аднаўленьня еднасьці паміж Заходняй і Ўсходняй Царквой і заключэньня царкоўнай уніі. Аднымі з ініцыятараў уніі былі кіруючыя колы Бізантыйскай імпэрыі, у тым ліку імпэратар Ян VIII Палеалог і канстантынопальскі патрыярх Ёсіф II, якія спадзяваліся ў абмен на саступкі ў дагматыцы атрымаць дапамогу Захаду ў барацьбе з турэцкай пагрозай. Сусьветны сабор (1438—1445) адкрыўся ў Фэрары, працягнуў сваю дзейнасьць у Флярэнцыі, а закончыў у Рыме, адсюль назва — Флярэнцкі (Фэрара-Флярэнцкі) сабор. На Сабор акрамя каталіцкіх гіерархаў сабраліся Ёсіф II, а таксама паўнамоцныя прадстаўнікі праваслаўных патрыярхаў александрыйскага, антыяхійскага і ерусалімскага, мітрапаліты Малдовы і Валахіі, Кіеўскі і ўсёй Русі Ісідар, два прадстаўнікі Грузінскай Праваслаўнай Царквы (біскуп і пляменьнік грузінскага цара Аляксандра), біскупы Эфэсу, Трапэзунда, Гэраклеі, Кізіка, Сард, Нікамэдыі, Нікеі, Тырнава, Манэмвасіі, Лакедэмону, Амасіі, Міцілены, Стаўрапаля, Родасу, Маленіка, Драмы, Ганка, Драстры, Анхіялу ды шматлікія багасловы, усяго каля 700 чалавек.

Праваслаўная царква мусіла прызнаць некаторыя каталіцкія дагматы — filioque (зыходжаньне Сьвятога Духа ня толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына), існаваньне чыстца і г. д. пры захаваньні абраднасьці і багаслужбы на грэцкай, царкоўнаславянскай і іншых мовах, шлюбу ў белага духавенства і права вернікаў прычашчацца віном з чашы.

Ідэю уніі з канца XIV стагодзьдзя пасьлядоўна спрабавалі рэалізаваць усе вялікія князі літоўскія, у першую чаргу Вітаўт (глядзіце Канстанцкі сабор), разьлічваючы ўзмацніць унутранае адзінства дзяржавы. Смаленскі эпіскап Герасім, у 1433—1435 гадах мітрапаліт кіеўскі і «ўсяе Русі», зь ведама Сьвідрыгайлы і канстантынопальскай патрыярхіі вёў зь Яўгенам IV перамовы аб уніі, якая не была рэалізаваная з-за пакараньня сьмерцю Герасіма Сьвідрыгайлам у 1435 годзе.

Дэлегацыю праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі (да 1458 году арганізацыйна адзінай у межах ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы) на Флярэнцкі сабор узначальваў мітрапаліт Ісідор, пастаўлены Ёсіфам II пасьля сьмерці Герасіма. У яе ўваходзілі будучы мітрапаліт Рыгор II Баўгарын, суздальскі эпіскап Аўраамій, аўтар «Аповесьці пра Флярэнцкі сабор» інак Сімяон з Суздаля і іншыя.

5 ліпеня 1439 году унія была падпісаная, а назаўтра ўрачыста абвешчаная ў катэдры Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ ў Флярэнцыі. З каталіцкага боку свае подпісы паставілі папа Яўген IV, 143 прымасы, кардыналы, архібіскупы і біскупы; з праваслаўнага — імпэратар Ян VIII, мітрапаліты Антон, Дасіфей, Ісідар і яшчэ 15 мітрапалітаў.

На зваротным шляху, у сакавіку 1440 году Ісідар з вугорскай сталіцы Буды зьвярнуўся з пастырскім пасланьнем да вернікаў Польшчы, ВКЛ, Інфлянтаў і Русі, заклікаўшы падтрымаць Флярэнцкую унію. Але нягледзячы на тое, што Ісідар правёў каля 6 месяцаў (паводле іншых крыніц, 11 месяцаў) у ВКЛ, імкнучыся ўмацаваць свае пазыцыі, наведаў Вільню, Полацак, Тураў (паводле Наўгародзкага летапісу, ён «повеле в лячкых божницах рускым попом свою службу служити, а в рускых церквах капланом»), спроба ўвесьці унію ў цэлым не ўдалася. Апрача праваслаўных колаў, яна сабатавалася і каталіцкімі герархамі Польшчы і Літвы, якія да 1443 году не прызнавалі уніі і яе ініцыятара Яўгена IV і падпарадкоўваліся Фэліксу V, абранаму альтэрнатыўным Флярэнцкаму Базэльскім саборам. Талерантнае стаўленьне Флярэнцкая унія сустрэла толькі ў Кіеве, Смаленску і некаторых іншых землях ВКЛ. Прызнаньне яе князем Юрыем Лугвенавічам, які ў 1440—1441 гадах на кароткі час аднавіў незалежнасьць былога Смаленскага княства ад ВКЛ, разьлічваючы атрымаць падтрымку Рыму, было яшчэ адной прычынай, чаму кіруючыя колы ВКЛ на той час не падтрымалі Флярэнцкую унію.

Яшчэ менш прыхільнасьці выклікала дзейнасьць Ісідара ў Маскве, дзе яго «лацінства» было ў 1441 асуджана царкоўным саборам, а сам ён зьняволены. Неўзабаве яму ўдалося ўцячы ў Цьвер, адкуль у 1442 годзе ён «поехал в Литву к Казимеру в Новый Городок и пробыв тамо пойде к Риму», дзе з часам атрымаў ад папы сан уніяцкага Канстантынопальскага патрыярха ў рангу кардынала. У рэшце рэшт пацярпела няўдачу і спроба ўвесьці унію ў Бізантыі.

Пасьля стварэньня ў 1458 годзе асобнай ад Кіеўскай мітраполіі (з рэзыдэнцыяй у Наваградку) Маскоўскай мітраполіі Флярэнцкая унія падтрымлівалася Казімірам IV, які сам, паводле некаторых зьвестак, быў у маленстве ахрышчаны спачатку паводле ўсходняга, а затым паводле лацінскага абраду. У 1470-х гадах ён арганізоўваў звароты ляяльных да уніі мітрапалітаў кіеўскіх Рыгора Баўгарына і Місаіла да папы Сікста IV аб гатоўнасьці працягнуць справу уніі. Да пачатку XVI стагодзьдзя кіеўскія мітрапаліты, як правіла, з смаленскіх эпіскапаў, (глядзіце Ёсіф I) фармальна лічылі Флярэнцкую унію сапраўднай на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ. Хоць гэта фактычна ніяк не адбівалася на жыцьці ніжэйшага духавенства і вернікаў, гэта зрабіла магчымым, напрыклад, выпуск папам адмысловых індульгенцыяў, збор ад якіх мусіў пайсьці на адбудову Кіева, разбуранага ў 1482 годзе крымскім ханам Менглі-Гірэем. На прынцыпах Флярэнцкай уніі была заснаваная Берасьцейская унія 1596 году, ідэолягі якой, асабліва Іпаці Пацей, часта зьвярталіся ў палеміцы да прыкладу Флярэнцкай уніі. Так, у 1605 годзе Пацей апублікаваў знойдзеную ім быццам бы ў крэўскай царкве рукапісную стараславянскую кнігу, якая ўтрымлівала апісаньне Флярэнцкага сабору і так званую «эпістолію» мітрапаліта Місаіла да Сікста IV у 1476 годзе, напісаную на старабеларускай мове, сапраўднасьць якой пачала аспрэчвацца адразу пасьля публікацыі. Сярод паслоў у Рым у ёй названы «благоверный княз Дмитр Вяземский сын князя Константинов з белое Руси».

Напісанае супраць Флярэнцкай уніі паміж 1461—1471 гадамі «Слово избранное от святых писаний еже на латыню» (перапрацоўка «Аповесьці» Сімяона Суздальскага) — першая ўсходнеславянская крыніца, у якой згадваецца Белая Русь, што паслужыла адной з падставаў памылковага меркаваньня пазьнейшых гісторыкаў, нібыта «Белая Русь» пры Васілі II і Іване III была афіцыйнай назвай Маскоўскай дзяржавы.

  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Попов А. Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875 («Слово избранное…»).
  • Павлов А. С. Критические опыты по истории древнейшей греко-русской полемики против латинян. СПб, 1878.
  • Архив Юго-Западной России, издаваемый комиссиею для разбора древних актов. Ч. I, Т. VII. Киев, 1887 («эпістолія» Місаіла).
  • Lewicki A. Unia Florenska w Polsce // Rozprawy Akademii umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny. Ser. II, T. 13 (38). Krakow, 1899.
  • митр. Макарий [Булгаков]. История русской церкви. Т. IX, кн. IV (История западно-русской или литовской митрополии). СПб., 1900.
  • Шпаков А. Я. Государство и церковь в их взаимных отношениях в Московском государстве от Флорентийской унии до учреждения патриаршества. Ч. 1. Княжение Василия Темного. Киев, 1904.
  • Пирлинг О. Россия и папский престол. Кн. 1. Русские и Флорентийский собор. М., 1912.
  • Грабарь В. Э. Вселенские соборы западно-христианской церкви и светские конгрессы XV в. // Средние века. Вып. 2, 1946.
  • ПСРЛ. Т. 25. М.-Л., 1949.
  • Мощинская H.В. Литературная история «Повести об Осьмом Ферраро-Флорентийском соборе» Симеона Суздальского // Вопросы русской литературы. М., 1971.
  • Acta Slavica Concilii Florentini // Concilium Florentinum. Documenta et Scriptores. Vol. XI. Roma, 1976.
  • Зимин А. А. Витязь на распутье. М., 1991.
  • Сьвятлана Марозава. Ідэя царкоўнай уніі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі XV — пачатку XVI ст. // Царква, № 1 (64), 2010.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]