Перайсьці да зьместу

Ліра (прэмія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Ліра»
Апісаньнемузычная прэмія
АрганізатарМіністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
ВядучыАнатоль Ярмоленка
Правядзеньне9 лютага 2017
Палац Рэспублікі (Менск)
КраінаБеларусь
Узнагарода77 базавых велічыняў
Першае прысуджэньне13 сьнежня 2011 (12 гадоў таму)
Бягучы ўладальнік«Джэй Морс»
Тэлетрансьляцыя
Сеткі«Агульнанацыянальнае тэлебачаньне»
 ← «Ліра-2016»    

«Лі́ра» — нацыянальная музычная прэмія Беларусі ў галіне папулярнай музыкі, заснаваная 24 сьнежня 2010 году на прапанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У 1994 годзе папярэдніцай гэтай беларускай музычнай прэміі была «Залатая ліра»[1]. Зь 2014 году ладзіцца на тэлеканале «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», цяпер праз 2 гады.

Лепшая беларускамоўная песьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дата Пераможца (выканаўца) Песьня Музыка Словы
1 2011 г., 13 сьнежня Алена Ланская «Белая ластаўка» Уладзімер Кандрусевіч Вольга Болдырава
2 2012 г., 12 сьнежня Анатоль Ярмоленка «Прыяжджайце да нас у Беларусь»
3 2013 г., 16 сьнежня гурт «Ілі-ілі» «Танчыць»
4 2015 г., 31 студзеня
5 2017 г., 27 студзеня дуэт «Наві» «Гісторыя майго жыцьця» Арцём Лук'яненка Арцём Лук’яненка

15 кастрычніка 2010 году старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі паведаміў, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прапанавала стварыць у сьнежні рэспубліканскі тэлеконкурс «Нацыянальная музычная прэмія». Узнагароды мелі ўручыць у намінацыях: «Лепшая песьня году», «Лепшы выканаўца», «Лепшы гурт», «Адкрыцьцё году» і «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады»[2]. 24 сьнежня 2010 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1885 "Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва». У 2-м пункце Палажэньня ў якасьці мэты конкурсу называлася «прасоўваньне творчасьці таленавітых беларускіх эстрадных выканаўцаў, а таксама кампазытараў, паэтаў-песеньнікаў, гукарэжысэраў, аранжыроўшчыкаў, прадусараў і журналістаў». Паводле 3-га пункту, "конкурс можа праводзіцца па наступных намінацыях: 3.1. намінацыі, пераможцы ў якіх вызначаюцца экспэртнай радай з улікам вынікаў інтэрнэт- і смс-галасаваньня (6): «Лепшая песьня году», «Лепшы выканаўца», «Лепшы калектыў выканаўцаў», «Адкрыцьцё году», «Лепшы кампазытар» і «Лепшы паэт-песеньнік»; 3.2. намінацыі, пераможцы ў якіх вызначаюцца экспэртнай радай (10): «Лепшая беларускамоўная песьня году», «Лепшы музычны альбом», «Лепшая аранжыроўка», «Лепшая канцэртная праграма», «Лепшы канцэрт за мяжой», «Лепшы кліп году», «Лепшы журналіст», «Лепшы гукарэжысэр», «Лепшы прадусар» і «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады». Згодна з 4-м пунктам «конкурс праводзіцца штогод у пэрыяд са студзеня па сьнежань», а «пераможцы конкурсу вызначаюцца па выніках іх дзейнасьці за бягучы год». Пагатоў «вынікі конкурсу падводзяцца ў сьнежні». Паводле 6-га пункту, "арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне», якія забясьпечваюць «падрыхтоўку і трансьляцыю гала-канцэрту». Пагатоў "выраб тэлевізійнай вэрсіі гала-канцэрту, анансаваньне і інфармацыйнае забесьпячэньне конкурсу ажыцьцяўляе ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне» аднаасобна, як і «стварэньне інфармацыйна-рэклямных ролікаў, іх пракат на тэлебачаньні і радыё». Згодна з 7-м пунктам "склад арганізацыйнага камітэту зацьвярджаецца Мінкультуры па ўзгадненьні з ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне». У 8-м пункце згадавалася, што Аргкамітэт «вызначае намінацыі, па якіх праводзіцца конкурс», і «зацьвярджае склад адборачнай камісіі, экспэрнай рады і падліковай камісіі». Паводле 3-й Главы Палажэньня, спаборніцтва праводзяць у 3 этапы. У намінацыях, што прадугледжваюць інтэрактыўнае галасаваньне ў этэры радыёвяшчаньня і на сайтах радыёстанцыяў, вылучэньне ў 1-м этапе ажыцьцяўляецца па выніках такога галасаваньня. Адборачная камісія вылучае на 1-м этапе па 3 канкурсанты для кожнай іншай намінацыі, сярод якіх экспэртная рада на 2-м этапе выбірае пераможцу. У заключным 3-м этапе падліковая камісія складае сумы балаў экспэртнай рады і і інтэрактыўнага галасаваньня ў час гала-канцэрту канкурсантаў у намінацыях з такім галасаваньнем. Згодна з 26-м пунктам «пераможца ў намінацыі „Лепшая песьня году“ атрымлівае грашовую прэмію ў памеры 95 базавых велічыняў (3,325 млн рублёў; $1111) і сэртыфікат на стварэньне музычнага кліпу. У намінацыі ўзнагароджваюцца выканаўца і аўтары песьні». У іншых намінацыях зь інтэрактыўным галасаваньнем узнагароджвалі 77 базавымі велічынямі (БВ). Паводле 27-га пункту, «пераможца ў намінацыі „Лепшая беларускамоўная песьня году“ атрымлівае грашовую прэмію ў памеры 73 базавых велічыняў» (2,555 млн рублёў; $853). У намінацыі «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады» ўзнагарода складала 70 БВ, у іншых намінацыях — па 62 БВ. Пагатоў узнагароду за «Лепшы музычны альбом» дзялілі выканаўца і прадусар, а за «Лепшы кліп году» — «сцэнарыст, рэжысэр, апэратар і мантажор»[3].

1 красавіка 2011 году начальнік кіраўніцтва мастацтваў Мінкультуры Міхаіл Казловіч удакладніў, што на гала-канцэрце пры канцы году адзнака будзе на 50% складацца зь меркаваньняў прафэсійнага журы і на 50% з вынікаў галасаваньня гледачоў[4]. 1 лістапада 2011 году 1-ы намесьнік міністра культуры Беларусі Уладзімер Карачэўскі паведаміў, што для ўдзелу ў конкурсе заяўкі варта накіраваць ад 15 лістапада ў Моладзевы тэатар эстрады. Карачэўскі абвясьціў, што гледачы змогуць прагаласаваць за творцаў, якія спаборнічаюць за 5 з 16 узнагародаў. На 2011 год вызначылі наступныя намінацыі: «Лепшая песьня на беларускай мове», «Лепшая песьня году», «Лепшы жаночы сьпеў», «Лепшы мужчынскі сьпеў», «Лепшы музычны гурт», «Адкрыцьцё году», «Лепшы аўтар музыкі», «Лепшы аўтар словаў», «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады», «Лепшы альбом году», «Лепшы канцэрт году», «Лепшы кліп году», «Лепшы журналіст» (музычны крытык), «Лепшы прадусар», «Лепшы гастрольны тур» і «Зорачка году» (лепшы юны выканаўца). Скульптар Андрэй Хацяноўскі распрацаваў дызайн статуэткі для ўручэньня пераможцам, якая спалучала беларускі ўзор, зорку і ноты[5]. Намесьнік кіраўніка «Сталічнага тэлебачаньня» («СТБ») Павал Каранеўскі паведаміў, што кампазытар Яўген Алейнік напісаў для ўручэньня прэміі музыку, што спалучыла клясычны, папулярны і фальклёрны кірункі. Каранеўскі прызнаў, што да конкурсу прымаюцца і заяўкі беларускіх выканаўцаў замежжа[6]. Да разгляду прымаліся песьні створаныя ад сьнежня 2010-га да лістапада 2011-году. У экспэртную раду ўвайшло 100 чалавек. Рэжысэрамі гала-канцэрту ў менскім Палацы Рэспублікі, які прызначылі на 13 сьнежня, выступілі Вячаслаў Панін і Аляксандар Вавілаў. Білеты на канцэрт каштавалі 20—50 тыс. рублёў ($2,4—$5,9)[7]. 1 сьнежня 2011 году кіраўніца прадусарскага цэнтру «СТБ» Настасься Гузель-Гудзіева паведаміла, што на сайце тэлеканала пачалося галасаваньне на «Прыз глядацкіх сымпатыяў»[8]. Экспэртную раду ўзначаліў Анатоль Ярмоленка. На конкурс паступіла 545 заявак[9]. 13 сьнежня 2011 году ў намінацыі «Лепшая песьня на беларускай мове» перамагла Алена Ланская зь песьняй «Белая ластаўка» (музыка Ўладзімера Кандрусевіча, словы Вольгі Болдыравай)[10]. Пераможцамі ў 15 астатніх намінацыях сталі: «Лепшая песьня году» — Зьміцер Калдун («Караблі»), «Лепшы жаночы сьпеў» — Іна Афанасьева, «Лепшы мужчынскі сьпеў» — Аляксей Хлястоў, «Лепшы музычны гурт» — «Троіца», «Адкрыцьцё году» — Тэа, «Лепшы аўтар музыкі» — Леанід Шырын, «Лепшы аўтар словаў» — Ніна Багданава, «Лепшы альбом году» — гурт «Сундук» (Ганна Хітрык, «Том першы»), «Лепшая аранжыроўка» — Саша Нэма, «Лепшы канцэрт году» — Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч («Любоў-лёс» у Летнім амфітэатары 4 траўня 2011 году), «Лепшы гастрольны тур» — гурт «Джэй Морс» («Электрыфікацыя ўсёй краіны»), «Лепшы кліп году» — гурт «Лайтсаўнд» («Пабачымся ў Вэгасе»), «Лепшы журналіст» — Алег Клімаў, «Лепшы прадусар» — Максім Алейнікаў (гурт «Топлес»), «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады» — Уладзімер Мулявін (пасьмяротна, ансамбль «Песьняры») і «Зорачка году» — Лідыя Заблоцкая. Таксама адмысловыя ўзнагароды атрымалі: «Аўтарскі дэбют» — гурт «Праспэкт», «Лепшая пастаноўка нумару» (за яркі сцэнічны вобраз) — Венера, «Лепшы дуэт» — Вадзім Галыгін і Ільля Міцько (песьня «Толькі ты») і «За разьвіцьцё традыцыі беларускай песьні» — Міхаіл Фінберг[11]. «Прыз глядацкіх сымпатыяў» атрымала Ірына Відава за песьню «Апошні раз»[12].

16 лістапада 2012 году намесьнік міністра культуры Ўладзімер Карачэўскі паведаміў, што 2-ю Нацыянальную музычную прэмію мелі ўручыць у 19 намінацыях[13]. Прыём заявак доўжыўся 2 тыдні да 1 сьнежня[14]. 12 сьнежня 2012 году на гала-канцэрце ў менскім Палацы спорту пераможцам раздалі ўзнагароды ў намінацыях: «Лепшая беларускамоўная песьня» — Анатоль Ярмоленка («Прыяжджайце да нас у Беларусь»), «Лепшая песьня году» — Ларыса Грыбалёва («Ня крыўдзі мяне»), «Лепшы поп-выканаўца» — Саша Нэма, «Лепшы-рок выканаўца» — гурт «Open Space», «Лепшы джаз-выканаўца» — гурт «Apple Tea», «Лепшы этна-фольк-выканаўца» — гурт «Стары Ольса»[a], «Адкрыцьцё году» — гурт «Аёва», «Лепшы аўтар музыкі» — Герман («У цішыні сьвітаньня»), «Лепшы аўтар словаў» — Яраслаў Ракіцін («Чуеш, я іду да цябе»), «Лепшы музычны альбом» — гурт «Цягні-Штурхай(ru)» («Мне з табой пашанцавала»), «Лепшы аранжыроўшчык» — Юры Вашчук, «Лепшы канцэрт году» — гурт «Безь Білета» («Зорка»), «Лепшы гастрольны тур» — Аляксандар Саладуха («Берагі»), «Лепшы кліп году» — гурт «Лермант» («Прыгажосьць»), «Лепшы журналіст» — Сяргей Андрыянаў, «Лепшая музыка для кіно» — гурт «Драм Экстазі» (музыка для фільма «Салетра № 7»), «Лепшы прадусар» — Уладзімер Кубышкін, «За ўклад у разьвіцьцё сучаснай музыкі» — Якаў Навуменка (пасьмяротна) і «Зорачка году» — Аляксандра Лакціёнава[16]. Таксама ўручылі адмысловыя ўзнагароды: «Дэбют году» — Юлія Жыдкая, «Юбілей году» — Аляксандар Ціхановіч, «Крэатыў году» — Аляксандар Саладуха, «Надзея году» — Алена Ланская і «Дублёры году» — удзельнікі праекту «Сьпеўныя гарады» з Рагачова. На конкурс падалі каля 1000 заявак[17].

1-21 лістапада 2013 году правялі збор заявак на 3-ю Нацыянальную музычную прэмію. Песьні, абнародаваныя з 1 лістапада 2012 году па 31 кастрычніка 2013-га, прымалі на электронную пошту: nmpremia@ctv.by. Узнагароджаньне прызначылі на 16 сьнежня ў Палацы Рэспублікі[18]. Білеты на гала-канцэрт каштавалі 50—150 тыс. рублёў ($5,3—$15,9)[19]. 16 сьнежня 2013 году прэміяй узнагародзілі ў наступных намінацыях: «Лепшая беларускамоўная песьня» — гурт «Ілі-ілі» за песьню «Танчыць», «Лепшая песьня году» — Іна Афанасьева («Падаў першы сьнег», муз. Яўген Алейнік, словы Юлія Быкава), «Лепшая поп-выканаўца» — Алена Ланская, «Лепшы рок-выканаўца» — гурт «beZ bileta», «Лепшы джаз-выканаўца» — гурт «Apple tea», «Лепшы этна-фольк-выканаўца» — аркестар «Харошкі», «Лепшы аўтар музыкі» — Леанід Шырын і Юры Вашчук («Беларусь вялікая»), «Лепшы аўтар словаў» — Павал Берташ («Ты больш не мая», вык. Аляксей Хлястоў), «Лепшы музычны альбом» — гурт «Крыві» («Траўка-мураўка»), «Лепшы аранжыроўшчык» — Сьвятаслаў Пазьняк («Летняя», вык. Іскуі Абалян), «Лепшы канцэрт году» — Прэзыдэнцкі аркестар Беларусі (рок-праект «Дым над вадой»), «Лепшы гастрольны тур» — Гюнэш Абасава («Што ў гэтым сэрцы»), «Лепшы кліп году» — «У нескладовае» («Станцыя», рэжысэр Зьміцер Вайценка), «Лепшы журналіст» — Тацяна Мушынская (часопіс «Мастацтва»), «Лепшая песьня для кіно» — «Сьляды апосталаў» у аднайменным фільме (муз. Максім Алейнікаў і Фелікс Луцкі, словы Алена Ярмаловіч, вык. Валер Дайнека), «За ўклад у разьвіцьцё сучаснай музыкі» — Эдуард Ханок, «За лепшую харэаграфію» — «Трэнд дэлюкс», «Новыя імёны» — Юлія Фомкіна, «Народны гіт» — ансамбль «Верас» і «Лепшы юны выканаўца» — Ільля Воўкаў[20]. На конкурс падалі каля 300 заявак[21].

30 кастрычніка 2014 году Нацыянальная музычная прэмія атрымала назву «Ліра». Адбор сталі праводзіць на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» («АНТ»), на сайце якога разьмясьцілі гіт-парад з амаль 70 песьняў. На 22 лістапада прызначылі пачатак 5 адборачных канцэртаў. На студзень 2015 году заплянавалі ўзнагароджаньне. У 4 намінацыях адбор прадугледжваў галасаваньне прафэсійнага журы і гледачоў: «Лепшы музычны твор на беларускай мове», «Лепшы выканаўца», «Лепшая песьня году» і «Лепшы кліп году». Яшчэ ў 9 намінацыях пераможцаў выбіралі толькі судзьдзі: «Лепшы аўтар музыкі», «Лепшы аўтар словаў», «Лепшы аранжыроўшчык», «Прадусар году», «Лепшы арганізатар канцэртаў», «Лепшы музычны тэлепраект у сфэры эстраднай творчасьці», «Адкрыцьцё году», «Мэцэнат культуры Беларусі ў сфэры папулярнай эстраднай творчасьці» і «За ўнёсак у разьвіцьцё эстраднай папулярнай музыкі»[22]. Сярод 65 песьняў на конкурсе 10 былі беларускамоўнымі[1]. 31 студзеня 2015 году ў Палацы Рэспублікі статуэтку бронзавай дзівы ўручылі Тэа як «Лепшаму выканаўцу году», і за песьню «Чызкейк» у намінацыі «Лепшая песьня году». Аляксандра Ціхановіча і Ядвігу Паплаўскую ўзнагародзілі «За ўклад у беларускую эстраду». Таксама зьявіліся намінацыя «Стыль году»[23].

27 кастрычніка 2016 году, пасьля гадавога перапынку, Міністэрства культуры Беларусі абвясьціла пра пачатак адбору на прэмію «Ліра» у 12 намінацыях. Прымаліся песьні, абнародаваныя са студзеня па сьнежань 2016 году. Узнагарода складала 77 базавых велічыняў. На сайце тэлеканала «АНТ» распачалі галасаваньне ў 6 намінацыях: «Лепшая песьня на беларускай мове», «Лепшая выканаўца», «Лепшы выканаўца», «Лепшы калектыў выканаўцаў», «Лепшая песьня году» і «Лепшы кліп году». Журы выбірала пераможцаў у 3 намінацыях: «Лепшы аўтар музыкі», «Лепшы аўтар словаў» і «Лепшы аранжыроўшчык». Арганізатары спаборніцтва вызначалі пераможцаў на прапанову журы ў астатніх 3-х намінацыях: «Адкрыцьцё году», «Стыль году» і «Нашыя за мяжой»[24]. 27 студзеня 2017 году вызначылі фіналістаў, якімі ў намінацыі «Лепшая песьня на беларускай мове» сталі: Кірыл Ермаковіч зь песьняй «Той дзень» (словы Р. Каладко, музыка Л. Шырын), гурт «Джэй Морс» зь песьня «Блізка» (словы і музыка Ўладзімер Пугач) і дуэт «Наві» зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця» (словы і музыка Арцём Лук'яненка)[25]. 9 лютага 2017 году гурт «Джэй Морс» атрымаў музычную прэмію «Ліра-2016» у 2 намінацыях «Лепшы калектыў выканаўцаў» і «Лепшая песьня году», якой упершыню стала беларускамоўная песьня «Блізка». У намінацыі «Лепшая песьня на беларускай мове» перамог дуэт «Наві» зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця». Іна Афанасьева і Саша Нэма сталі лепшымі выканаўцамі ў жаночай і мужчынскай намінацыі. Зьміцер Калдун перамог у намінацыі «Нашыя за мяжой»[26]. У намінацыі «Адкрыцьцё году» — гурт «Радыёхваля», «Лепшы кліп году» — гурт «Безь Білета» («Адрас — плянэта Зямля», рэж. Міхаіл Бычанок), «Лепшы аўтар музыкі» — Алена Атрашкевіч, «Лепшы аўтар словаў» — Алег Жукаў, «Лепшы аранжыроўшчык» — Сьвятаслаў Пазьняк, «Стыль году» — гурт «Правакацыя», мэцэнат культуры — ААТ «Амкадар»[27].

Напачатку 2013 году Зьміцер Падбярэскі з радыё «Свабода» ў сваёй калонцы на Хартыі’97 панаракаў, што арганізатары прэміі ў сваіх намінацыях «не заўважаюць» дастаткова папулярных, але часткова зацэнзураваных у краіне артыстаў: Сяргея Міхалка, Лявона Вольскага, Аляксандара Кулінковіча[28]. Ён жа на запыт БелаПАН раскрыў заганную практыку масавага выкарыстаньня фанаграмы на канцэртах, у той час як самі журналісты агенцыі знайшлі доказы плагіяту ў асобных сьпевах нумароў выступоўцаў[29].

У 2014 годзе Аляксандар Чарнуха, рэдактар «Ultra-music.com», па выніках асьвятленьня трох цырымоніяў рэзка негатыўна ацаніў рэалізацыю прысваеньня ўзнагародаў музычнай прэміі: «Год за годам мы назіралі за каласальнымі недапрацоўкамі, памылкамі й прафанацыямі: узнагароду за найлепшую песьню году атрымлівае Ларыса Грыбалёва, якая сядзіць у журы, Ірыну Дарафееву блытаюць з Іскуі Абалян, у Валера Дайнэка абрываецца фанаграма, і аказваецца, што ён не ведае слоў песьні»[30].

Сьпявачка Ірына Відава(ru), уладальнік прыза глядацкіх сімпатыяў у 2011 годзе, у шэрагу калонак на БелаПАН згаджалася з крытыкай рэалізацыі ўручэньня прэміі ад шэрагу журналістаў, прыводзячы й свае прыклады халатнасьці арганізатараў, і акцэнтавала ўвагу на неабходнасьці большай празрыстасьці ў галасаваньнях, плюралізму ў працэсе намінаваньня канкурсантаў і фармаваньні складу журы, сталасьці ў правілах конкурсу, прыцягненьня спэцыялістаў альтэрнатыўных тэлеканалаў і СМІ да яго арганізацыі, тым ня менш выводзячы значнасьць і важнасьць праекту ў нацыянальным маштабе ў цэлым[31][32][21].

У 2013 годзе заснавальнік музычнага парталу «Experty.by» Зьміцер Безкаравайны адзначыў, што прэмія ёсьць «вялікі праект, які паказваюць па тэлебачаньні», й «за перамогу на якім людзі атрымліваюць грошы», аднак паставіў пад сумнеў якасны склад яе журы на прыкладзе аналізу другой цырымоніі[33], што разам з іншымі недахопамі падрывае яе нацыянальны статус[34].

Ён жа на запыт Тараса Тарналіцкага з «Белорусов и рынка» сьцвердзіў меркаваньне інтэрвіюэра аб тым, што эканамічныя праблемы дабраліся й да айчыннай эстрады з адменаю «дырэктыўнай і штучнай» цырымоніі ў 2015 году: «Ёсьць загад — робіць які-небудзь прызначаны тэлеканал. Няма загаду — ніхто не робіць. Гэта паказчык узроўню прафэсійных узаемаадносінаў унутры эстраднай супольнасьці Беларусі, яе расьпешчанасьці дзяржаўнай увагаю. За прэміяю не стаіць ні прафэсійная супольнасьць, як у многіх краінах, ні ініцыятыўная група. Мінкульт жа не павінен увязвацца ў падобныя праекты»[35].

Павал Сьвярдлоў, рэдактар «KYKY.ORG», у аглядзе ўсіх музычных прэміяў Беларусі на 2013 год апісаў другую цырымонію як дзейства, якое «нагадвала раздачу дзяржаўных прэміяў СССР», аднак «з той розніцаю, што сярод ляўрэатаў не-не, ды й праскоквалі прадстаўнікі альтэрнатыўнай сцэны»[34].

  1. ^ Гурт вярнуў узнагароду Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь назад у 2020 годзе, бо «дзяржава пачала адкрыты генацыд свайго ж народу» (гл. Пратэсты ў Беларусі (2020))[15]
  1. ^ а б Сяргей Трафілаў. Прас і цёмныя конікі // Культура. — 15 лістапада 2014. — № 46 (1172).
  2. ^ Праект «Прэмія» // Культура : газэта. — 16 кастрычніка 2010. — № 42 (962).
  3. ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 сьнежня 2010 г. № 1885 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 29 сьнежня 2010 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  4. ^ Надзея Бунцэвіч. Нацыянальная музычная прэмія: канцэпцыя старту // Культура. — 2 красавіка 2011. — № 14 (985).
  5. ^ Тацяна Пастушэнка. Нацыянальная музычная прэмія прадэманструе дасягненьні эстраднага мастацтва - У.Карачэўскі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 лістапада 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  6. ^ Тацяна Пастушэнка. Гала-канцэрт Нацыянальнай музычнай прэміі спалучыць усе напрамкі сучаснай эстрады // БелТА, 1 лістапада 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  7. ^ Пазыўныя «НМП» // Культура. — 5 лістапада 2011. — № 45 (1016).
  8. ^ Надзея Бунцэвіч. Пазыўныя «НМП» // Культура. — 5 лістапада 2011. — № 49 (1020).
  9. ^ Тацяна Мушынская. «А дзе мне ўзяць такую песьню» // Мастацтва : часопіс. — Студзень 2012. — № 1 (346). — ISSN 0208-2551.
  10. ^ Надзея Бунцэвіч. «Залатая калекцыя» з караоке // Культура. — 17 сьнежня 2011. — № 51 (1022).
  11. ^ Названыя ўладальнікі Нацыянальнай музычнай прэміі // БелТА, 14 сьнежня 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  12. ^ Тацяна Пастушэнка. Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі «Прыз глядацкіх сымпатый» удастоена Ірына Відава // БелТА, 13 сьнежня 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  13. ^ Тацяна Пастушэнка. Памер II Нацыянальнай музычнай прэміі вар'іруецца ад 62 да 95 базавых велічынь // БелТА, 16 лістапада 2012 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  14. ^ Надзея Бунцэвіч. Намінанты — у панядзелак // Культура. — 1 сьнежня 2012. — № 48 (1070).
  15. ^ NN.by (2020-08-19) Гурт «Стары Ольса» вярнуў Мінкульту ўзнагароду Нацыянальнай прэміі (бел.). Наша НіваПраверана 2020-09-05 г. Архіўная копія ад 2020-09-05 г.
  16. ^ Виктория Попова. (2012-12-14) Артистам раздали подарки (рас.) Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Советская БелоруссияПраверана 2020-03-15 г. Архіўная копія ад 2020-03-15 г.
  17. ^ У Беларусі аб'яўленыя пераможцы Нацыянальнай музычнай прэміі // БелТА, 13 сьнежня 2012 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  18. ^ Вікторыя Целяшук. Што пець будзем // Зьвязда : газэта. — 1 лістапада 2013. — № 207 (27572). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  19. ^ Пётра Васілеўскі. Нацыянальная музычная: заяўкі — прымаюцца // Культура. — 2 лістапада 2013. — № 44 (1118).
  20. ^ Названыя ўладальнікі III Нацыянальнай музычнай прэміі // Газэта «Зьвязда», 17 сьнежня 2013 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  21. ^ а б Ірына Відава. (2013-12-29) Ирина Видова. НАЦИОНАЛЬНАЯ МУЗЫКАЛЬНАЯ ПРЕМИЯ. Хотели как лучше… (рас.). БелаПАНПраверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
  22. ^ Вікторыя Целяшук. Нацыянальная музычная прэмія зьмяніла фармат і «прапіску» // Зьвязда. — 31 кастрычніка 2014. — № 208 (27818). — С. 7.
  23. ^ Дар’я Амяльковіч. ТЭАрэтычная «Грэмі» // Культура. — 7 лютага 2015. — № 6 (1184).
  24. ^ Пачаты адбор прэтэндэнтаў на Нацыянальную музычную прэмію «Ліра» // Газэта «Зьвязда», 27 кастрычніка 2016 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  25. ^ Вызначаныя фіналісты Нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра» // БелТА, 27 студзеня 2017 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  26. ^ Гурт «J:морс» стаў пераможцам музычнай прэміі «Ліра-2016» // «Эўрарадыё», 10 лютага 2017 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
  27. ^ Алег Клімаў. Яны абуджалі «Ліру» // Культура. — 11 лютага 2017. — № 6 (1289).
  28. ^ Зміцер Падбярэзскі. (2013-01-29) Збрэндзілі! (бел.) Свабода. Хартыя’97Праверана 2020-04-10 г. Архіўная копія ад 2020-04-10 г.
  29. ^ Захар Щербаков; Дмитрий Копаль. (2013-12-20) Достойна ли «фанера» Национальной музыкальной премии? (рас.). БелаПАНПраверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
  30. ^ Александр Чернухо.; Марина Бегункова. (2014-10-17) Толчок Минкульта (рас.). Ultra-music.comПраверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
  31. ^ Ірына Відава. (2011-12-24) Ирина Видова. ШОУ-БИЗ. Какой должна быть Национальная музыкальная премия (рас.). БелаПАНПраверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
  32. ^ Ірына Відава. (2012-12-30) Ирина Видова. ШОУ-БИЗ. Национальная музыкальная премия: трудности роста (рас.). БелаПАНПраверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
  33. ^ Маша Калеснікава. (2013-05-14) Безкаравайны: Галоўнае развіццё адбываецца ў межах незалежнай культуры. Эўрапейскае радыё для БеларусіПраверана 2020-01-21 г. Архіўная копія ад 2013-08-15 г.
  34. ^ а б Павел Свердлов. (2013-01-31) Пляски на костях «Рок-каранацыі», или зачем Беларуси шесть музыкальных премий (рас.). KYKY.ORG. Праверана 2020-03-21 г. Архіўная копія ад 2020-03-21 г.
  35. ^ Тарас Тарналицкий. (2015-12-28) В культурном остатке (рас.). Белорусы и рынокПраверана 2020-04-09 г. Архіўная копія ад 2020-04-09 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]