Харошкі (ансамбль)
«Харошкі» | |
Гады | з 1974-га |
---|---|
Месца ўтварэньня | Менск (Беларусь) |
Жанр | беларускі народны танец[1] |
Удзельнікі | Валянціна Гаявая |
Былыя ўдзельнікі | Мікалай Дудчанка, Фёдар Балабайка |
Узнагароды і прэміі | |
khoroshki.by/be |
«Харо́шкі» — беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль, заснаваны ў студзені 1974 году пры Беларускай дзяржаўнай філярмоніі[2].
На 2020 год ансамбль «Харошкі» складаўся з танцавальнай і сьпеўна-інструмэнтальнай групаў. Аркестрам выкарыстоўваліся клясычныя і сучасныя музычныя інструмэнты: клярнэт, флейта, скрыпка, альт, баян, гармонік, бас-гітара і барабаны. Упершыню ў Беларусі «Харошкі» аднавілі выкарыстаньне такіх інструмэнтаў, як ліра, гудок, басэтля, акарына, жалейка і кмена. У балетнай трупе налічвалася 60 прафэсійных танцораў. У аркестры працавала 18 музыкаў і 4 сьпевакі. У залежнасьці ад праграмы ў выступленьні ўдзельнічала ад 25 да 60 артыстаў[1].
Праграмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2020 год ансамбль «Харошкі» выконваў 5 праграмаў:
- «Фальклёр» зь 17 танцаў;
- «Полацкі сшытак» зь 19 танцаў;
- «Местачковыя карцінкі» 2010 году з 13 танцаў;
- «Поры году» 2008 году з 26 танцаў;
- «Тураўская легенда» 2017 году[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1974 годзе харэографы Валянціна Гаявая і Мікалай Дудчанка стварылі ансамбль «Харошкі» пры Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Назву ансамбль атрымаў ад вёскі Харошкі ў Магілёўскім раёне, дзе на пачатку 1970-х гадоў запісалі танец «Гусарыкі»[1]. Першае выступленьне адбылося празь 9 месяцаў пасьля заснаваньня. У 1975 годзе прайшлі гастролі ў Малдаўскай ССР. Затым ансамбль «Харошкі» даў некалькі канцэртаў ва Ўкраінскай ССР. У 1976 годзе ўпершыню выступілі за мяжой у Даніі. У 1977 годзе «Харошкі» сталі атрымалі дыплём 1-й ступені на Ўсесаюзным конкурсе прафэсійных калектываў у Маскве (Расейская СФСР). Пасьля конкурсу правялі па 2 канцэрты з аншлягам у зале «Расея» і ў зале Чайкоўскага[4]. Таксама ў 1977 годзе першай азіяцкай краінай, дзе выступілі «Харошкі», стала Сырыя. У 1979 годзе першай заходнеэўрапейскай краінай выступу стала Ангельшчына. У 1984 годзе ўпершыню выступілі на фэстывалі ў Азіі — «Ташкенцкая залатая восень» ва Ўзбэцкай ССР. У 1985 і 1987 гадах прайшлі гастролі ў Японіі і Індыі. У 1987 годзе пры ансамблі «Харошкі» адчынілі школу-студыю беларускага народнага танцу, дзе сталі выкладаць дзейныя артысты ансамблю[5]. У 1989 годзе першай афрыканскай краінай, дзе выступілі «Харошкі», стала Лібія. У 2000 годзе ўпершыную выступілі ў Кітаі. У 2000-я гады ансамбль стаў выступаць на Днях культуры Беларусі за мяжой. У 2002 годзе ансамбль выступаў на зімовых Алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк-Сіці (ЗША). У 2003 годзе «Харошкі» атрымалі адмысловы прыз 6-га фальклёрнага фэстывалю ў Кальтавутуро (Італія). У 2004-м — адмысловую ўзнагароду 15-га сусьветнага фальклёрнага фэстывалю ў Францыі. У 2005-м — Карону 24-га фэстывалю «Сьвятыні фальклору» ў Францыі[6]. Да 2014 году ў «Харошках» стварылі звыш 20 аўтарскіх праграмаў у выглядзе харэаграфічных спэктакляў, якія спалучалі беларускія народныя танцы, харэаграфічныя мініяцюры і сьпеўна-харэаграфічныя кампазыцыі[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Аб калектыве // Ансамбль «Харошкі», 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мастацкі кіраўнік // Ансамбль «Харошкі», 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2020 г.
- ^ Праграмы // Ансамбль «Харошкі», 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2020 г.
- ^ Зьмітрок Верас. Стварэньне цуду // Зьвязда : газэта. — 27 лістапада 2013. — № 223 (27588). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Школа-студыя // Ансамбль «Харошкі», 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2020 г.
- ^ Гастролі // Ансамбль «Харошкі», 2020 г. Праверана 27 чэрвеня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула па музыцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |