Ядвіга Паплаўская
Ядвіга Паплаўская | |
Дата нараджэньня | 25 красавіка 1949 (75 гадоў)[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Далідавічы, Івянецкі раён, Баранавіцкая вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | |
Прафэсія | сьпявачка |
Гады дзейнасьці | з 1971 году |
Сябра ў | Верасы[2] |
Жанры | эстрадная музыка |
Інструмэнты | фартэпіяна, клявішны музычны інструмэнт[d] і голас[d] |
Гурты | «Верасы» (1971—1986), дуэт «Шчасьлівы выпадак» (1986—2017) |
Узнагароды | пераможца Беларускага конкурсу артыстаў эстрады (1973), 3-й прэмія Ўсесаюзнага конкурсу (1974), лаўрэатка тэлевізійнага конкурсу «Зь песьняй па жыцьці» (1977) |
Ядвіга Канстанцінаўна Паплаўская (нар. 1949, Далідавічы, цяпер Валожынскі раён, Менская вобласьць, Беларусь) — беларуская сьпявачка, музыка-клявішніца і кампазытарка.
Народная артыстка Беларусі (2006). Сьпявала ў гурце «Верасы» і ў дуэце з мужам Аляксандрам Ціхановічам. У складзе «Верасоў» стала пераможцай Беларускага конкурсу артыстаў эстрады зь беларускамоўнай песьняй «Завіруха», а ў 1974 годзе — ляўрэаткай 3-й прэміі Ўсесаюзнага конкурсу. У 1977 годзе «Верасы» сталі лаўрэатамі тэлевізійнага конкурсу «Зь песьняй па жыцьці». У 1990-я гады на словы Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка запісала песьню «Доўгі дзень» для тэлеперадачы «Калыханка».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям'і хормайстра Беларускага радыё Канстанціна Паплаўскага[3] і Стафаніі Пятроўны Паплаўскай. Бацьку ў раённым ЗАГСе пераканалі запісаць народзіны дачкі 1 траўня замест сапраўднай даты 25 красавіка[1]. Калі Ядвізе Паплаўскай было 3 гады сям'я пераехала з Далідовічаў (Івянецкі раён) ў Менск, дзе бацька Канстанцін Паплаўскі навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі. Пры гэтым, з усімі 3-ма дзецьмі бацька займаўся музыкай, у тым ліку са старэйшай сястрой Хрысьцінай і малодшым братам Чаславам. Ядвіга Паплаўская ўсе 11 гадоў адвучылася ў музычнай школе пры Беларускай кансэрваторыі, дзе яе прымаў дырэктар Ізраіль Герман. У школе зь ёй разам вучыліся Валеры і Генадзь Дайнэкі, Ігар Палівода і Васіль Раінчык, а таксама брат Часлаў. Захапілася эстраднай музыкай у 5-й клясе, калі зь сястрой набылі пласьцінку «Вакол сьвету», на якой былі замежныя песьні Дына Рыда, Элвіса Прэсьлі і Карэла Гота. У старэйшых клясах у складзе хору пасьля прэм’еры араторыі Зьмітра Кабалеўскага езьдзела ў агульнасаюзны летнік «Артэк» (Крымская АССР, Украінская ССР). На 4-м курсе Беларускай кансэрваторыі Паплаўскай патэлефанавала аднакурсьніца Тамара Тлехач, якая навучаласяя на факультэце харавога дыгыгенцтва: «Ёсьць ідэя зрабіць такі ж ансамбль, як “Песьняры”, толькі жаночы. Мы жывём у кансэрваторскім інтэрнаце ў адным пакоі: я, Рая Тарасава і Таня Каралёва. Рая іграе на бас-гітары, Таня — на рытм-гітары, а я — на сола. Далучысься да нас?» На наступны дзень кіраўніцтва Беларускай філярмоніі ўхваліла прапанову пасьля праслухоўваньня некалькіх п’есаў і выставіла дзьве ўмовы. У склад гурта ўзялі ляўрэтку конкурсу «Алё, мы шукаем таленты» Людмілу Шамяткову. Таксама да 1971 году рэпэтыцыямі ансамбля займаўся бацька Канстанцін Паплаўскі. Гурт стаў выступаць супольна з заслужаным артыстам Эдуардам Міцулём[4].
У 1971 годзе пачала сьпяваць у дзявочым ансамблі «Верасы». У 1972 годзе скончыла Беларускую кансэрваторыю па клясе фартэпіяна[3]. У 1973 годзе гурт, які стаў зьмяшаным з удзелам будучага мужу Аляксандра Ціхановіча, даваў да 4-х канцэртаў за дзень[5]. У складзе «Верасоў» стала пераможцай Беларускага конкурсу артыстаў эстрады, а ў 1974 годзе — ляўрэаткай 3-й прэміі Ўсесаюзнага конкурсу[6]. У выніку выпусьцілі грампласьцінкі, сталі выступаць у тэлеперадачы «Блакітны агеньчык» і гастраляваць у іншых рэспубліках Савецкага Саюзу. У 1977 годзе «Верасы» сталі лаўрэатамі тэлевізійнага конкурсу «Зь песьняй па жыцьці»[4]. У 1987 годзе сталя салісткай Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі. У 1988-м паўторна скончыла Беларускую кансэрваторыю па клясе кампазыцыі і стварыла 1-ы ў Беларусі Тэатар песьні разам з мужам Аляксандрам Ціхановічам[3]. Праз творчую студыю Тэатру песьні прайшлі Іна Афанасьева, Аляксандар Саладуха і Георгі Воўчак[7].
У 1986 годзе пачала сьпяваць дуэтам «Шчасьлівы выпадак» зь Ціхановічам[3]. У 1988 годзе ў дуэце з мужам стала ляўрэаткай Усесаюзнай конкурсу «Песьня году»[8]. У 1991 годзе атрымала ганаровую годнасьць заслужанай артысткі Беларусі[3]. З 1992 году пачала штогод выступаць дуэтам на міжнародным музычным фэстывалі «Славянскі базар» у Віцебску[8]. Напісала кантату «Сын зямлі» і сымфанічную паэму, цыкль прэлюдыяў і санаты, дзіцячыя п'есы для фартэпіяна і хароў, рамансы і эстрадныя песьні, апрацоўкі і аранжыроўкі беларускіх народных песьняў[3]. У 1990-я гады Тэатар песьні пераўтварылі ў прадусарскі цэнтар «Профіартвідэон», які зладзіў на Беларускім тэлебачаньні нацыянальны конкурс песьні «Гіт-момант» і 1-ы беларускі музычны адбор «Зорны дылiжанс». У гэтых тэлепраектах удзельнічалі сьпявак Герман, Ганна Шаркунова, Дзьмітры Калдун, Кацярына Іванчыкава з гурту «Аёва». Такс[7]. На словы Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка запісала песьню «Доўгі дзень» для тэлеперадачы «Калыханка»[9].
У чэрвені 2001 году разам з мужам выступала з канцэртам у менскай турме для дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, зь якім сябравалі больш за 10 гадоў[10]. 30 сакавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 185, якім надаў Ядвізе Паплаўскай і яе мужу Аляксандру Ціхановічу ганаровую годнасьць народнага артыста Беларусі[11]. Стала рэдактаркай фартэпіяннага зборніка песьняў для нотнага альбому «Уладзімер Мулявін. Беларусь — мая песьня». Стварыла гукавую дарожку да мастацкага фільму «Рыфмуецца з каханьнем» рэжысэра Аляксандра Яфрэмава. У 2000-я гады кіравала сьпеўнай школай «Белы ветразь»[7].
Сям'я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бацька — Канстанцін Паплаўскі (1912—1984), хормайстар і заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі.
- Маці — Стафанія Пятроўна Паплаўская сьпявала ў хоры касьцёла.
- Сястра — Хрысьціна Паплаўская.
- Брат — Часлаў Паплаўскі[4].
- Муж (з 1976 году праз ЗАГС, у 2011 годзе абвянчаліся ў царкве) — Аляксандар Ціхановіч (1952—2017), сьпявак у супольным дуэце і народны артыст Беларусі[6].
- Дачка — Настасься Ціхановіч, прадусарка і сцэнарыстка[4].
- Унук — Іван[12].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Вікторыя Захарава. Ядвіга Паплаўская сьвяткуе 70-годзьдзе // Газэта «Зьвязда», 2 траўня 2019 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ https://files.knihi.com/preview/Knihi/Slounik/Bielaruskaja_encyklapedyja.djvu.zip/Bielaruskaja_encyklapedyja.12.djvu/66_996x9999.jpeg
- ^ а б в г д е Георгі Загародні. Паплаўская Ядвіга Канстанцінаўна // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 66. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
- ^ а б в г Уладзімер Фалалееў. «Жыцьцё чалавека складаецца з кампрамісаў» // «Настаўніцкая газэта», 29 лютага 2016 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ Дар'я Тарасава, тэлеканал «Беларусь 1». Прымадонна беларускай эстрады Ядвіга Паплаўская адзначае юбілей // Белтэлерадыёкампанія, 1 траўня 2019 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ а б Вікторыя Целяшук. У песьнях трэба кожны раз уключаць душу і сэрца // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2019. — № 82 (28949). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Кацярына Карпіцкая. Голас беларускай калыханкі і наш сэкс-сімвал // Партал «Наша ніва», 1 траўня 2019 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ а б 65-годзьдзе сёньня адзначае народная артыстка краіны Ядзьвіга Паплаўская // Белтэлерадыёкампанія, 1 траўня 2014 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ Як здымаюць «Калыханку» // Газэта «Аргумэнты і факты» ў Беларусі, 2 красавіка 2020 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ Алег Грузьдзіловіч. Паплаўская і Ціхановіч сьпявалі для Андрэя Клімава // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 чэрвеня 2001 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2006 г. № 185 «Аб узнагароджаньні групы дзеячоў культуры і мастацтва дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 10 красавіка 2006 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь сёньня разьвітваецца з народным артыстам Аляксандрам Ціхановічам // Белтэлерадыёкампанія, 30 студзеня 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ядвіга Паплаўская // Газэта «Зьвязда», 3 траўня 2019 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
- Ядвіга Паплаўская // Радыё «Спадарожнік», 1 траўня 2019 г. Праверана 9 сакавіка 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |