Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак лац. Vitold Ašurak | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
13 кастрычніка 1970 |
Памёр: |
21 траўня 2021[1] (50 гадоў) |
Партыя: | |
Узнагароды: | Мэдаль Ордэну Пагоні |
Віто́льд Міха́йлавіч Ашу́рак (1970, в. Агароднікі, Лідзкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 2021, Шклоў, Магілёўская вобласьць, Беларусь) — беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч, палітычны вязень.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства, работа
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агародніках, паблізу гораду Бярозаўкі. Пасьля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман»(be), дзе працаваў выдзьмувальнікам. Потым звольніўся і пачаў зарабляць будаўнічымі працамі.
Палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2010 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў удзельнічаў у пратэстах 19 сьнежня ў Менску, яго затрымалі ды прысузілі да 12 содняў адміністрацыйнага арышту. Неўзабаве далучыўся да БНФ, пазьней робіцца паслом на Сойм партыі. Ён бесьперапынна бываў на ўгодках ушанаваньня паўстанцаў у Сьвіслачы, прыяжджаў на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.
Падымаў экаляґічныя праблемы. Разам з паплечнікамі судзіўся з шклозаводам за парушэньне Орхускай канвэнцыі, дамагаўся грамадзкіх слуханьняў па пытаньні арґанізацыі вытворчасьці шклаваты — урэшце на заводзе пабудавалі больш бясьпечную высокатэмпэратурную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Калі пачаўся мор рыбы ў Дзітве, каб прыцягнуць увагу да праблемы, узяў удзел у акцыі на прыступках райвыканкаму, за што атрымаў штраф, аднак неўзабаве пачалося пашырэньне лідзкіх ачышчальных збудаваньняў. У Лідзкім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 году. На працягу 2017—2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малым Вольжавам і Мохавічамі мэмарыял памяці паўстанцам Кастуся Каліноўскага.
Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты й парлямэнт.
Удзел у пратэстах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях у Лідзе ў час масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Яго ўпершыню затрымалі 9 жніўня. Суд рэжыму Лукашэнкі пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 5 за «непавагу да суда», адмовіўся ўстаць, калі зьявіўся судзьдзя. Аднак праз 5 дзён яго адпусьцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязьняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакараньне. Тым ня менш крымінальная справа была заведзеная ўжо тады. 16 верасьня Вітольда Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак зь мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у акцыях у Лідзе ў жніўні — верасьні. Калі заставалася адбыць 2—3 сутак, яго перавялі ў гарадзенскае СІЗА паводле крымінальнага артыкула.
Суд рэжыму Лукашэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Суд быў закрытым. Яго судзілі паводле двух артыкулаў: 364 «Гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Паводле першага артыкула суд пастанавіў пакараць актывіста 4 гадамі калёніі, а паводле другога — 2 гадамі і 4 месяцамі. Шляхам частковага паглынаньня атрымалася 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму — адзін з самых строгіх выракаў для ўдзельнікаў пасьлявыбарчых акцыяў пратэсту. Людзі пачалі крычаць судзьдзі Максіму Філатаву «Ганьба!» і падтрымліваць асуджанага. На наступны дзень пасьля працэсу ў лідзкім судзе 8 чалавек затрымалі паводле крымінальнай справы аб хуліганстве, якая была заведзеная паводле факту «непрыстойных дзеяньняў» падчас абвяшчэньня выраку Вітольду Ашурку[2].
27 студзеня 2021 году сумеснай заяваю адзінадцацьці арганізацыяў (праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, Беларускі Хэльсынскі камітэт ды інш.) Вітольд Ашурак быў прызнаны палітычным зьняволеным[3].
4 лютага 2021 году шэфства над палітычным вязьнем узяў Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн(en)[4][5]. У сярэдзіне красавіка 2021 году стала вядома, што апэляцыя Вітольда Ашурка на вырак, якая разглядалася ў ягоную адсутнасьць, была не задаволеная[6].
Зьняволеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адным з апошніх лістоў заявіў, што турэмнае начальства прымусіла яго й іншых палітычных зьняволеных насіць жоўтую бірку, каб вылучала іх сярод вязьняў[7].
Забойства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 траўня 2021 году памёр у Шклоўскай калёніі. Меркаваная афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сэрца. Дакладная прычына сьмерці яшчэ павінная быць высьветленая[8]. 23 траўня 2021 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў: «У Шклоўскай турме ў выніку катаваньняў замардавалі на сьмерць Вітольда Ашурка»[9]. 25 траўня 2021 году прадстаўніца Ўправы Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Настасься Лаўрыновіч супярэчліва заявіла: «У ходзе праведзенага папярэдняга агляду відэазапісаў з камэры назіраньня і апытаньня службовых асобаў папраўчай установы, высьветлена, што наконадні асуджаны ў ходзе падзеньня атрымаў цялесныя пашкоджаньні ў вобласьці твару. ... Са словаў супрацоўнікаў калёніі асуджаны разьбіў галаву ... Для высьвятленьня дакладнай прычыны сьмерці мужчыны супрацоўнікамі ДКСЭ праводзіцца комплексная судовая мэдычная экспэртыза»[10]. Удзень 25 траўня сваякам аддалі цела забітага Вітольда Ашурка. Пры гэтым сьведкі заўважылі, што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот»[11].
26 траўня 2021 году ў Бярозаўцы адбылося пахаваньне, на якое прыйшлі сотні людзей. Паводле ўласнага запавету, спачыў пад беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам[12].
Водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]22 траўня 2021 году на будынку Амбасады Беларусі ў Бэльгіі пакінулі надпіс па-ангельску: «За забойства Вітольда Ашурка»[13]. 10 жніўня будынак Амбасады падпалілі, у выніку чаго дыпляматы прыпынілі прыём па консульскіх пытаньнях[14].
Сьмерць Вітольда Ашурка выклікала міжнародную рэакцыю[8]. Пітэр Стано, прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Рады па замежных справах і палітыцы бясьпекі(uk) Жузэпа Барэля, заклікаў неадкладна вызваліць усіх палітзьняволеных і адвольна затрыманых[8]. Сьвятлана Ціханоўская адзначыла: «Людзі ня толькі пакутуюць, але й гінуць пры рэжыме»[8]. Урад Ірляндыі(uk) заклікаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне «вельмі падазронай», на думку Шона Хогі, сьмерці Ашурка, але безвынікова[5].
На думку Алеся Бяляцкага, адміністрацыя турмы ў Шклове аказвала наўмысны ціск на палітвязьня, напрыклад, паводле дадзеных Сьледчага камітэту, Вітольд быў аштрафаваны 12 разоў за месяц нібыта за парушэньне турэмных правілаў[15]. Праваабаронца лічыць, што ліст Ашурка, дзе ён апісаў, што палітвязьні былі вымушаныя насіць на вопратцы жоўтыя біркі, і які атрымаў шырокую агалоску ў СМІ, стаў прычынаю таго, што яго пасадзілі ў штрафны ізалятар, праз некалькі тыдняў у якім Ашурак, які раней ня скардзіўся на здароўе, страціў прытомнасьць й паваліўся мёртвым[15]. Кіраўнік «Вясны» таксама выказаў сумнеў, што Сьледчы камітэт, які «правёў „пасьпяховае“ расьсьледаваньне супраць Вітольда Ашурка й дапамог яму апынуцца ў турме» й які не распачаў ніводнае крымінальнае справы пасьля таго, як сотні скардзіліся на катаваньні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году правядзе аб'ектыўнае расьсьледаваньне й высьветліць праўду, да таго ж адміністрацыя Шклоўскае калёніі ПК № 17 зробіць усё, каб схаваць яе[15].
15 чэрвеня 2021 году старшыня Кансэрватыўнай хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк паўторна згадаў «лёс Вітольда Ашурака — забойства ў турме» ў сувязі з пагрозай іншаму палітвязьню: «Ніхто ў Эўразьвязе ня кажа пра лёс сапраўднага патрыёта і героя Беларусі Дзяніса Івашына, які за кратамі даўно бязь вестак і якога, гэтак жа, як і Ашурка, бандыты, магчыма, зьбіраюцца забіць»[16]. 1 ліпеня 2021 году ў Менскім гарадзкім судзе палітычны вязень Мікола Дзядок згадаў такія самыя пагрозы свайму жыцьцю ад некаторых зь 7 супрацоўнікаў Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі, якія яго затрымлівалі 11 лістапада 2020 году за абнародаваньне зьвестак міліцыянтаў. У паказаньнях на судзе Дзядок заявіў, што міліцыянт «Т**» казаў пры затрыманьні: «Калі яшчэ адкрыеш рот пра супрацоўнікаў, то я прыеду на зону і асабіста цябе дубінкай кончу». Таксама Мікола Дзядок адзначыў: «Мне стала вядома, што пагрозы паступаюць маім блізкім. Пасьля майго затрыманьня ім пісалі ананімы ў мэсэнджарах,... што ў калёніі мяне заб’юць і сьпішуць на праблемы з сэрцам», як тое ўчынілі супраць Вітольда Ашурка[17].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 траўня 2021 году «Беларускі фонд культурнай салідарнасьці» зладзіў анлайн-канцэрт памяці Вітольда Ашурка са зборам ахвяраваньняў для яго сям’і. У канцэрце ўзялі ўдзел 6 сьпевакоў: Зьміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі, Алесь Дзянісаў і Андрэй Мельнікаў, Андрэй Сенажэнскі і Сяргей Чарняк[18]. На кастрычнік 2021 году канцэрт паглядзела звыш 15 000 чалавек, якія пакінулі звыш 3000 упадабаньняў[19].
31 кастрычніка 2021 году ў беларускай царкве Сьвятога Сэрца Ісуса (Доўгая Белдэкенская вуліца, д. 18) ў Антвэрпэне (рэгіён Фляндрыя, Бэльгія) ўсталявалі і асьвяцілі драўляны помнік вышынёй 2 мэтры ў выглядзе сьцяны з партрэтам і гадамі жыцьця Вітольда Ашурка. З адваротнага боку помніка зьмясьцілі 2 цытаты зь лістоў Ашурка: 1) «Ваша нязломнасьць супрацьстаяць цемры і пошасьці натхняе слабых і дае надзею стомленым. Перамагае той, хто не здаецца!» 2) «Мы не памерлі і не сышлі назаўжды. Мы вернемся! Мы абавязкова вернемся! Проста сёньня час быць героямі прыйшоў для вас». Стваральнікам помніка стаў антвэрпэнскі сьвятар Іван Майсейчык. На яго выраб сабралі 3500 эўра ахвяраваньняў[20]. 20 лістапада 2021 году Беларуская служба Радыё «Свабода» абнародавала 40-хвілінны дакумэнтальны фільм пра Вітольда Ашурка «Гісторыя палітвязьня, які загінуў у турме». За першы ж дзень яго паглядзела звыш 6000 чалавек, якія ўпадабалі відэазапіс звыш 1000 разоў[21].
3 сьнежня 2021 году Ўсеўкраінскае аб’яднаньне «Краіна»(uk) (Кіеў) пасьмяротна ўзнагародзіла Вітольда Ашурка крыжом Пятра Калнышэўскага «За годнасьць у палоне». Гэтай узнагародай уганароўваюць за вернасьць прысязе і непахіснасьць перакананьняў з праявай узору мужнасьці ў палоне[22].
24 лістапада 2022 года Ашурак быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[23]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г https://nn.by/?c=ar&i=273305
- ^ МУС: Людзей у лідзкім судзе затрымлівалі па крымінальнай справе аб хуліганстве Грамадзтва. „Наша Ніва“ (20 студзеня 2021). Праверана 21 траўня 2021 г.
- ^ Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага. Вясна (27 студзеня 2021). Праверана 10 красавіка 2021 г. Архіўная копія ад 10 красавіка 2021 г.
- ^ Members of Parliament from Switzerland, Germany and Ireland take over godparenthood for Yuliya Slutskaya, Katsiaryna Andreyeva and Vitold Ashurak (анг.). Libereco (4 лютага 2021). Праверана 24 лютага 2021 г. Архіўная копія ад 4 лютага 2021 г.
- ^ а б Paul Cunningham.(en) (2021-07-15) Irish politicians sponsor Belarus political prisoners (анг.). RTÉ.ie(en). Праверана 2021-07-16 г. Архіўная копія ад 2021-07-16 г.
- ^ «Галоўную перамогу мы ўжо атрымалі» // Новы час : газэта. — 16 красавіка 2021. — № 15 (723). — С. 2.
- ^ Активист БНФ Ашурок написал из колонии в Шклове, что «политических» заключённых обязали носить желтые бирки. Это законно? (рас.)
- ^ а б в г Belarussischer Aktivist Aschurok in Haft gestorben (ням.). Die Zeit(be) (2021-05-22). Праверана 2021-05-22 г. Архіўная копія ад 2021-05-22 г.
- ^ Зянон Пазьняк. Што адбылося за апошнія два дні // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 23 траўня 2021 г. Праверана 1 ліпеня 2021 г.
- ^ Настасься Лаўрыновіч. Сьледчыя высьвятляюць абставіны сьмерці асуджанага ў калёніі ў Шклове (рас.) // Сьледчы камітэт Беларусі, 25 траўня 2021 г. Праверана 1 ліпеня 2021 г.
- ^ Зьявілася відэа сьмерці Ашурка // Партал «Наша ніва», 25 траўня 2021 г. Праверана 1 ліпеня 2021 г.
- ^ Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца зь Вітольдам Ашуркам у Бярозаўцы. ФОТА, ВІДЭА, Радыё Свабода, 26 траўня 2021 г.
- ^ На амбасадзе Беларусі ў Брусэлі напісалі: «За забойства Вітольда Ашурка» // Газэта «Новы час», 22 траўня 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Пасольства Беларусі ў Бэльгіі часова прыпыніла прыём грамадзян па консульскіх пытаньнях // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 жніўня 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ а б в Алесь Бяляцкі. Сьмерць палітычнага зьняволенага Вітольда Ашурка // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 26 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
- ^ Зянон Пазьняк. Аб сутнасьці санкцыяў супраць Беларусі // Партал «Беларуская салідарнасьць», 16 чэрвеня 2021 г. Праверана 1 ліпеня 2021 г.
- ^ Страшныя паказаньні палітвязьня Дзядка ў судзе // Партал «Наша ніва», 1 ліпеня 2021 г. Праверана 12 жніўня 2021 г.
- ^ Жывы канцэрт памяці Вітольда Ашурка // Газэта «Новы час», 29 траўня 2021 г. Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
- ^ Жывы канцэрт памяці Вітольда Ашурка (1970 - 2021) // «Беларуская рада культуры», 29 траўня 2021 г. Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
- ^ Палітвязьню Вітольду Ашурку, які памёр у шклоўскай калёніі, усталявалі памятны знак у Бэльгіі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 лістапада 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
- ^ Гісторыя палітвязьня, які загінуў у турме // Беларуская служба Радыё «Свабода», 20 лістапада 2021 г. Праверана 21 лістапада 2021 г.
- ^ Ва Ўкраіне пасьмяротна ўзнагародзілі беларускага палітвязьня Вітольда Ашурка // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 3 сьнежня 2021 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
- ^ Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Татарын, дагестанец і грэк — трое беларускіх нацыяналістаў — Наша Ніва
- Сапраўдны мясцовы лідэр — Радыё Свабода
- Старонка Вітольда Ашурака на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»
- Віктар Сазонаў. Ліст да Вітольда Ашурка (бел.) // Новы час : газэта. — 2021. — № 24 (752). — С. 7.