Перайсьці да зьместу

Беларускія татары

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Запыт «Татары ў Беларусі» перанакіроўваецца сюды.
Беларускія татары
tatarlar, татарлар
Этнічны сьцяг
Агульная колькасьць Беларусь — 10 тыс. чал.
Польшча — 5 тыс. чал.
Летува — 4 тыс. чал.
Рэгіёны пражываньня 26 тыс. чал
Мовы старабеларуская мова (беларуская мова) і татарская мова ў Беларусі
Рэлігія іслам
Блізкія этнасы татары, крымскія татары

Літо́ўскія тата́рыТурэччыне — лі́пкі), пазьней белару́скія тата́ры — этнаграфічная група цюрскага паходжаньня на землях Вялікага Княства Літоўскага, цяпер у Беларусі, Летуве (Віленшчына і Троччына) і Польшчы (Падляшша).

Засялялі пераважна тэрыторыю, якую прымяркоўваюць да Літвы ў вузкім сэнсе (у тым ліку ваколіцы Вільні і Трокаў[1]). З даўніх часоў цалкам перайшлі на беларускую мову, што засьведчылі ва ўласных літаратураных помніках (у тым ліку аль-кітабах). Акадэмік Яўхім Карскі наступным спосабам тлумачыў прычыны страты татарамі роднай мовы: «Пасяліўшыся ў Літоўскай дзяржаве, яны хутка абеларусіліся; часткова гэта залежала ад таго, што яны бралі шлюб з беларускамі, бо сваіх жанчын зь імі часта не было». «3 прычыны гэтага [жаніцьбы зь ліцьвянкамі], — дадае крымска-татарскі асьветнік Ісмаіл Гаспрынскі ў рабоце „Рускае мусульманства“[2], — што жонкі пасяленцаў-татараў не разумелі зусім па-татарску, ужо першае пакаленьне літоўскіх татараў гаварыла больш мовай маці, г. зн. па-літоўску, чым па-татарску, так што празь некалькі пакаленьняў татарская мова зьнікла з ужытку, і мова літоўская (г. зн. беларуская) стала нацыянальнай мовай тамтэйшых татараў»[3].

Самастойную этнаграфічную супольнасьць татараў у Вялікім Княстве Літоўскім ад пачатку азначалі назвай літоўскія татары. З утварэньнем Рэчы Паспалітай і адыходам да Каралеўства Польскага Падляскага ваяводзтва, дзе жыла частка літоўскіх татараў, датычна ўсё супольнасьці пачалі ўжываць назву польска-літоўскія татары. З 1920-х гадоў у рэчышчы беларусізацыі зьявіліся назвы беларуска-літоўскія татары і беларускія татары[4].

Назва ліпкі, як мяркуецца, паходзіць ад турэцкага выразу «лубка-татар», што значыць «літоўскія татары». Ліпкамі называлі татараў Вялікага Княства Літоўскага, які перасяліліся ў Асманскую імпэрыю. Азначаецца, што называньне ліпкамі ўсіх літоўскіх татараў ёсьць памылковым[5].

Бел-чырвона-белы сьцяг над хрысьціянскай Кафай у Крыме як варыяцыя сьцяга Сьвятога Юрыя над Канстантынопалем[6], 1375 г.

Існуюць зьвесткі, што ў XVI—XVIII стагодзьдзях беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай бела-чырвона-белай харугвай з выявай у цэнтры паўмесяца і зоркі[7]. Магчыма, праз гэта у адным з аль-кітабаў, паводле беларускіх дасьледнікаў братоў Івана і Антона Луцкевічаў, зьявілася пазьнейшае сьцьверджаньне пра ўдзел у Грунвальдзкай бітве татарскай коньніцы пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Аднак сучасныя дасьледнікі ня здолелі знайсьці адпаведны аль-кітаб з апісаньнем Грунвальдзкай бітвы[8].

У войску міжваеннай Польскай Рэспубліцы швадрон уланаў, у якім служылі беларускія татары, меў двузубы белы вымпэл з гарызантальнай чырвонай паласой, на якой разьмяшчаліся зялёная зорка і паўмесяц[9].

Першыя зьвесткі пра значны прыход цюрак на землі Вялікага Княства Літоўскага датуюцца кіраваньнем Гедзіміна, яны ўлучалі ў сябе як палонных, так і асобаў, якія ахвотна прыйшлі на вайсковую службу. Па разгроме Тахтамыша Тымурам у 1391—1399 гадох значная частка татараў знайшла прытулак у суседніх краінах — у Малдове, Валахіі, Літве й Маскоўскай дзяржаве. Ужо ў гэтую эпоху заходнеэўрапейскія храністы ўпамінаюць літоўскіх татараў пад Трокамі. Тыя татары, што жылі ў Малдове і Літве, у існасьці, былі адзінай этнічнай групай, і часта этнонім «ліпкі» ўжываўся ў дачыненьні да ўсіх літоўскіх (беларускіх) татараў. Тагачасным тэрмінам татары азначаліся выхадцы ня толькі з уласна казанскіх, сыбірскіх і крымскіх татараў, але й шэраг іншых этнасаў, якія бралі ўдзел у этнагенэзе цюрак (напрыклад, манголы й вугры), што абумоўлівае несупаданьне тагачаснага азначэньне татары з сучасным значэньнем гэтага тэрміну (пад якім найчасьцей маюцца на ўвазе паволскія або казанскія татары).

У 1672 годзе пад узьдзеяньнем асманскай прапаганды татары, якія жылі на Падольлі й Валыні, узьнялі паўстаньне супраць уладаў Каралеўства Польскага. Але ўласна літоўскія татары засталіся вернымі Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай, у тым ліку бралі ўдзел на яе баку ў Хацінскай бітве. Па заняцьці Бару (1674 год) Ян III Сабескі абвясьціў амністыю, і шмат уцекачоў вярнуліся ў Польшчу й Літву — у асноўным яны расьсяліліся ў Кобрыні й Берасьцейскай эканоміі. Аднак асобныя іх залогі засталіся ў Камянцы Падольскім, Бары й Хаціне да 1699 году, калі яны перасяліліся, у асноўным, у Дабруджу.

Пазьней было яшчэ некалькі хваляў татарскай эміграцыі з ВКЛ у Асманскую імпэрыю, і ўсе эмігранты фігуравалі пад імем «ліпкі». Так, у 1715 годзе «літоўскія татары, не выносячы ўціску саксонскіх войскаў, сабраўшыся з усей маёмасьцю, пайшлі да Волахаў, дзе аселі». Усё XVIII стагодзьдзе літоўскія татары часта выяжджалі праз Малдову ў Турэччыну, часам атрымліваючы высокія пасады ў асманскім войску. Так, Якуб Бучацкі з Падляшша, які служыў у артылерыі Патоцкага, паехаў з Рэчы Паспалітай, калі апошні далучыўся да таргавічанаў. Гэтая эміграцыя працягвалася й па падзелах Рэчы Паспалітай. Іншым разам эмігранты мелі за плячыма больш як 20-гадовы досьвед службы ў літоўскім войску, як, напрыклад харунжы Мустафа Рамановіч, які перасяліўся ў Турэччыну на пачатку XIX стагодзьдзя. Часьцей за ўсё прычынай эміграцыі называўся ўціск з боку уладаў Расейскай імпэрыі, як у 1803 годзе, калі перасяленцы, якія прыбылі ў Хацін, скардзіліся на спробы гвалтоўна павярнуць іх у праваслаўе. Тагачасны польскі падарожнік у Турэччыну В. Хжаноўскі пісаў: «калі нехта крочыць празь мяжу, звычайна бярэ з сабой аднаго ці двух хоцімскіх янычараў, якія ёсьць татары-ліпка. Традыцыя кажа, што імя тое дадзена ім замест „Літва“, дзе яны раней былі аселі. Большая частка іх вельмі добра ўмеюць па-польску». Для параўнаньня, татары ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай наогул карысталіся набыткамі рэлігійнае талерантнасьці, а іх міграцыя ў ВКЛ і Польшчу спынілася прыкладна ў пачатку XVI стагодзьдзя.

Да падзелаў Рэчы Паспалітай «ліпкі» даволі свабодна перамяшчаліся паміж Малдовай і Літвой, пра што, напрыклад, занатаваў у сваім дзёньніку ў 1722 годзе Піліп Орлік: «наведаў мяне пан Корсак, ротмістар ліпканскі, і апавёў, што з Горадні прыехаў сюды ліпка й данёс, нібы Цар (Пётар I) меўся ўзяць у сваю пратэкцыю караля Станіслава й хоча яго пасадзіць на троне й нібы ў Літве меў выдаць унівэрсалы на правіянт для войска». У «Апісаньні Малдавіі» малдаўскі гісторык і дзяржаўны дзяяч Дзьмітры Кантэмір адзначаў: «чатыры ці больш швадроны ліпканскіх татараў — гэта залежыць ад жаданьня гаспадара. Гэтым імем называюцца тыя скіфы, якія жывуць у Літве й вызнаюць магамэтанскую веру». У «Гісторыі Асманскай імпэрыі» Кантэмір пісаў: «вядома, што літоўскія татары — ані крымскія, ані агускія, але чараміскія; таму мае землякі й сёньня называюць іх Чырымуш, хаця ў туркаў яны вядомыя як татары-„ліпка“, якое слова ёсьць перакручанае „Літва“»[10].

Ад пачатку размаўлялі на цюрскіх дыялектах (пераважна кыпчацкае групы), якія звычайна азначаюцца тэрмінам татарская мова, які, аднак, з прычыны этнічнае неаднароднасьці літоўскіх татараў нельга цалкам атаясамліваць з сучасным паняткам татарскае мовы. Іншыя крыніцы паведамляюць пра крымскататарскі кампанэнт цюрскага маўленьня татараў у ВКЛ.

З XVI—XVII ст. пачынаецца працэс моўнай асыміляцыі літоўскіх татараў праз міжнацыянальныя шлюбы, брак цюрскае мовы ў рэлігійным жыцьці (у якасьці літургічнае мовы карысталі арабскую) і выкарыстаньне іншых моваў (старабеларуская, польская) на месцы службы выхадцаў з гэтай этнічнай групы. Разам з тым, у сьвецкім і рэлігійным ужытку працягвала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо (якім на старабеларускай і польскай мовах запісваліся важныя для татараў тэксты, гл. кітабы) і арабска-пэрсыдзкая культурная лексыка (апошняя — прыкладна да ХХ ст.). Цюрскія запазычваньні існуюць у сучаснай беларускай мове і маюць працяг у тапаніміцы Беларусі (у асноўным выяўляюць сьляды пасяленьня татараў, напрыклад, Койданаў).

  1. ^ Канапацкі І. Татары // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 663.
  2. ^ Гаспринский И. „Русское мусульманство: Мысли, заметки и наблюдения мусульманина“. — Симферополь, 1881. С. 27—28.
  3. ^ Ібрагім Канапацкі, Мова беларускіх татар, Беларускі гістарычны партал, 2 лютага 2018 г.
  4. ^ Канапацкі І. Татары // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 664.
  5. ^ Думін С. Ліпкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 199.
  6. ^ Вячорка В. Бел-чырвона-белы сьцяг над Крымам і мяжа Эўропы, Радыё Свабода, 13 траўня 2014 г.
  7. ^ Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.
  8. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 18—19.
  9. ^ Вячорка В. «Кроў лягла чырвонай паласой» // З гісторыяй на «Вы»: Публіцыстычныя артыкулы. — Менск: Беларусь, 1991. С. 355—369.
  10. ^ Кантемир Д. Описание Молдавии. — К., 1973.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]