Шкоты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Шкоты, Шоты — у беларускіх і польскіх крыніцах XVIXVII стагодзьдзяў назва шатляндзкіх імігрантаў, аселых у Рэчы Паспалітай.

Яшчэ ў 1503 годзе Петркоўскі сейм разглядаў праект пасяленьня шатляндзкіх каляністаў у літоўскіх замках на Дняпры, спустошаных пад час вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў. Пазьней шатляндцы зьяўляюцца ў ВКЛ і як наёмнікі ў войску, і як мірныя дробныя гандляры. У апошняй якасьці з 1563 году сеймавыя канстытуцыі згадваюць іх як сур’ёзных канкурэнтаў мясцоваму купецтву і абкладаюць дадатковымі падаткамі. Нягледзячы на скаргі і перасьлед, шкоты хутка амаль манапалізавалі гандаль цэлымі катэгорыямі тавараў, вядомымі як «речи шкоцкие»: ручнікі і рукавіцы, пацеркі і бялілы, венікі і нажы, грабяні і ніткі, іголкі, напарсткі і панчохі і г. д. Пасяленьне шкотаў у Рэчы Паспалітай набыло такі размах і вядомасьць, што ангельскі драматург Джон Уэбстэр пісаў у п’есе «Белы д’ябал» (1610) пра «сорак тысяч шатляндзкіх гандляроў у Польшчы». У 1583 годзе пад час паломніцтва ў Палестыну Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» пісаў пра ўбачаных ім у Сырыі вулічных гандляроў-друзаў, што яны «як нашы шкоты ў корабах розныя дробныя рэчы для продажу носяць па вуліцах». Адным з найбольш вядомых прафэсараў філязофіі Віленскага ўнівэрсытэту ў XVI стагодзьдзі (1570—1575) быў вядомы езуіт з Шатляндыі Джон Хэй (1546—1607). Медны шатляндзкі пэні з 1640-х стаў першым прадстаўніком меднага манэтнага абарачэньня на тэрыторыі Беларусі.

Зьяўляючыся кальвіністамі па веравызнаньні, шкоты пераважна сяліліся ў гарадах і мястэчках, якія належалі літоўскім магнатам-кальвіністам. Асабліва вялікія калёніі шкотаў у XVII стагодзьдзі існавалі ў рэзыдэнцыях кальвінісцкай галіны РадзівілаўСлуцку і Кейданах. Паводле ўспамінаў шкота П. Гордана, Януш Радзівіл і яго сын Багуслаў «мелі кампанію цалкам ці пераважна з шатляндцаў». Некаторыя зь іх пры фундатарстве Радзівілаў займаліся навукай і мастацтвам; напрыклад, Дж. Джонстан выдаў у 1665 годзе ў Амстэрдаме кнігу «Thaumatographia Naturalis», прысьвечаную Янушу і Багуславу Радзівілам.

У войнах Рэчы Паспалітай з Расеяй шкоты ўдзельнічалі як наёмнікі з абодвух бакоў, часам па некалькі разоў пераходзячы да праціўніка. Вялікая колькасьць шкотаў з войска швэдзкага генэрала Горна трапіла ў палон да літоўскага рэфэрэндара Аляксандра Гасеўскага пры заняцьці ім крэпасьці Белай на Смаленшчыне ў 1610 годзе. Пры асадзе Смаленску ў 1634 годзе пад камандай апошняга знаходзілася шатляндзкая драгунская харугва (200 чалавек).

Паступова шкоты асіміляваліся мясцовым насельніцтвам, прымалі традыцыйныя беларускія імёны і прозьвішчы. Так, у рэестры пінскіх купцоў (1620-я) пералічаныя 4 шкоты: «Томило Олешкович; Петр Шимкович; Олешко Охремович; Луцъя Литвинович».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы //
  • Steuart A.F. Scottish influence in Russian History. Glasgow, 1913.
  • Idem. Papers relating to the Scots in Poland. 1576—1793. Edinburgh, 1915.
  • Zins H. Polska w oczach Anglików. Warszawa, 1974.
  • Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1977.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]