Ібрагім Канапацкі
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 28 лютага 1949 |
Памёр | 9 верасьня 2005 (56 гадоў) |
Род | Канапацкія |
Бацькі | Барыс Канапацкі |
Жонка | Ганна Кохна |
Дзеці | сын Захар (1976), дачка Зарына (1978) |
Рэлігія | іслам |
Дзейнасьць | журналіст |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Канапацкі.
Ібрагі́м Бары́савіч Канапа́цкі (Ibrahim Kanapacki, 28 лютага 1949, Сьмілавічы — 9 верасьня 2005) — беларускі грамадзка-палітычны, культурны й рэлігійны дзеяч, гісторык, адзін зь лідэраў татарскага адраджэньня на Беларусі.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіць зь беларускага шляхецкага роду татарскага паходжаньня. Сын Барыса Ібрагімавіча Канапацкага й Соф’і Мустафаўны зь Ільясевічаў, унук Ібрагіма Хасеневіча Канапацкага, імама Сьмілавіцкага мячэту. Апроч яго ў сям’і было яшчэ трое дзецяў: дочкі Разалія й Танзіля й сын Мустафа.
У 1975 ажаніўся з Ганнай Кохнай, у 1976 у іх нарадзіўся сын Захар, а ў 1978 — дачка Зарына.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1966 паступіў на гістарычны факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстыту імя М.Горкага. Напачатку працаваў у Каменаборскай СШ у Бярэзінскім раёне Менскае вобласьці. У 1972 уступіў у камуністычную партыю. У 1978 абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Дзейнасьць кампартыі Беларусі па аказаньні братэрскае дапамогі працоўным казахстану ў засваеньні цалінных і залежных земляў (1954—1960 гг.)» і пачаў працаваць асыстэнтам катэдры гісторыі КПСС МДПІ.
Культурна-рэлігійная дзейнасьць на ніве татарскага адраджэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990-х стаяў ля вытокаў стварэньня Беларускага згуртаваньня татараў-музульманаў «Аль-Кітаб»(«Кніга»; ад 2000 — Беларускае грамадзкае згуртаваньне татараў “Зікр уль-Кітаб” («Памяць і кніга»). 26-27 сакавіка 1993 на ягоную ініцыятыву была праведзеная першая міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаня 600-годзьдзю пражыцьця татараў на Беларусі. У студзені 1994 быў сябрам арганізацыйнага камітэту па правядзеньні Першага Ўсебеларускага зьезду музульманаў, у адпаведнасьці з рашэньнямі якога 2 лютага было створанае Музульманскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь. Ібрагім Канапацкі ўвайшоў у склад кіраўніцкага органу аб’яднаньня — муфтэят, стаўшы намесьнікам муфтэя й старшынёй музульманскае суполкі Менску. Сам праводзіў набажэнствы ў Сьмілавіцкім мячэце.
Быў галоўным рэдактарам часопісаў «Байрам» (ад 1999; часопіс выходзіць на беларускай мове), «Аль-Ислам», газэтаў «Жизнь» і «Жыццё татарскае». Ад 1996 пад ягонай рэдакцыяй выдаецца Каляндар татара-музульманаў Беларусі. У 1993 паспрыяў перавыданьню кнігі А.Мухлінскага «Исследование о происхождении и состоянии литовских татар» (выйшла ў 1857 у Санкт-Пецярбургу), у 1997 быў адным з аўтараў каталёгу «Рукапісныя і друкаваныя кнігі беларускіх татараў».
Прыкладаў вялікія намаганьні для адбудовы мячэтаў у Слоніме (1997), Сьмілавічах (1997), Наваградку (1997), Відзах (1999), Клецку (2000), Маладэчне (2000), Лоўчыцах (2002) і Менску. У 1995 дапамог у стварэньні татарскага культурнага цэнтру ў Іўі.
Міжнародная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1999 у складзе дэлегацыі беларускіх татараў сустракаўся з прэзыдэнтам Турэцкае Рэспублікі Паўночнага Кіпру, у красавіку 2000 — з прадстаўнікамі камісіі па распрацоўцы праграмаў дзейнасьці нацыянальных мяншыняў Кангрэсу ЗША. Як Міжнародны пасол міру ў 1999 наведаў Лібію, у 2000 — Чад, у 2001 — Ірак, у 2004 — Ерусалім. У 1993 быў дэлегатам Першага зьезду Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», на ўсе наступныя запрашаўся як госьць.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «По законам братства» (1980).
- "Участие трудящихся Белоруссии в освоении целинных земель" (1984).
- «Молодежная планета целина» (у суаўтарстве з В.Галубовічам).
- «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (1993; у суаўтарстве з С. Думіным).
- «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000; у суаўтарстве з А. Смолікам).