Беларуская народная партызанка
Беларуская народная партызанка | |
Абрэвіятура | БНП |
---|---|
Папярэднік | Беларуская Самаабарона |
Дата ўтварэньня | 1942 |
Дата спыненьня існаваньня | 1948 |
Тып | нацыянальна-вызваленчая |
Юрыдычны статус | падпольная |
Мэта | Абарона правоў насельніцтва і нацыянальнае адраджэньне Беларусі |
Месцазнаходжаньне | Ружаншчына, Берасьцейшчына, Слонімшчына, Століншчына, Піншчына, Целяханшчына, Косаўшчына, Лунінеччына, Давыд-Гарадоччына, Кобрыньшчына |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіраўнік Лавы атаманаў | Якуб Харэўскі |
Камандзір штабу БНП | Іван Шанько |
Кіроўны орган | Лава атаманаў |
Колькасьць супрацоўнікаў |
болей за 3000 (1942) болей за 5000 (1942) |
Белару́ская наро́дная партыза́нка (БНП) — беларуская ўзброеная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, якая дзейнічала ў акупаванай Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны і ў першыя пасьляваенныя гады.
Перадумовы стварэньня БНП
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напярэдадні нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў нямецкае вайсковае камандаваньне меркавала, што падчас захопу Палесься будзе немажлівае выкарыстаньне танкаў і яго трэба будзе абысьці, таму вайсковая выведка Абвэр атрымала заданьне зьвярнуць пільную ўвагу на гэтую тэрыторыю будучага «палескага катла», дзе мелі апынуцца савецкія войскі. Каб вырашыць гэтую праблему ў Абвэры было вырышана выкарыстаць беларускія і ўкраінскія нацыяналістычныя арганізацыі, дзейнічаючыя на былой польскай тэрыторыі: «Украінскае Нацыянальнае Вызваленьне» Тараса Бульбы-Бараўца і «Беларускі Народны Фронт» Шчорса-Гадлеўскага. Апошняя, выступаючы як нацыяналістычная арганізацыя, займалася разбудаваньнем у Польшчы падпольных структураў беларускага супраціву й спрычынілася да арганізацыі беларускіх дывэрсійных суполак, якія перакідваліся ў БССР. Ужо ў першыя дні нямецка-савецкае вайны, пакуль немцы яшчэ на дайшлі да Палесься, беларусы ўжо загаспадаравалі на вялікім абшары, стварылы аддзелы Беларускае Самаабароны, якая пераняла ўладу ў цэлых раёнах. Паводле Сяргея Ёрша, да кіраўніцтва Беларускае Самаабароны належалі ацалеўшыя ад рэпрэсіяў НКУС кіраўнікі антыпольскага паўстання ў верасні 1939 г. Беларуская Самаабарона цесна супрацоўнічала з украінскімі арганізацыямі й разам зь імі праводзіла вайсковыя апэрацыі на Палесьсі супраць савецкіх партызанаў і фармаваньняў Чырвонае Арміі. Навязаньню сувязі паміж патрыятычнымі суполкамі й атрадамі садзейнічала неабходнасьць барацьбы з савецкімі марадзёрамі й партызанамі, якія правакавалі немцаў на карныя меры, гвалцілі сялянак і рабавалі сялянаў. Такім чынам беларускія атрады ў 1942 року на тэрыторыі Слонімшчыны, Ружаншчыны, Целяханшчыны і Піншчыны налічвалі ўжо больш за 3000 чалавек, а савецкая партызанка там мела значна меншыя сілы.
Стварэньне й дзейнасьць БНП
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская народная партызанка была ўтвораная ў выніку перафарматаваньня Беларускае Самаабароны пасьля ўсталяваньня нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. У 1942 року з будучай БНП навязала кантакт іншая кансьпірацыйная арганізацыя — Беларуская народная грамада (БНГ), якая праз сваіх сяброў намагалася ўсталяваць кантакты паміж рознымі аддзеламі БНП і аб’яднаць іх пад адзінае кіраўніцтва.
На пачатку ліпеня 1942 году на хутары ў раёне Івацэвічаў адбыўся першы зьезд камандзіраў Беларускае Самаабароны й прадстаўнікоў Беларускае Народнае Грамады (Сяргей Хмара, Васіль Вір, Юрка Стасевіч). У выніку была ўтвораная гэтак званая «Лава атаманаў», якая мела зьбірацца ў разе патрэбы і быць аб’ядноўваючым органам Беларускае народнае партызанкі, а кіраўніком лавы абраны атаман Якуб Харэўскі. На нарадзе прысутнічала 8 атаманаў: па аднаму з Ліпічанскай пушчы, Целяханшчыны, Косаўшчыны, два з Піншчыны й тры з Ружаншчыны, але паводле іншых зьвестак удзельнікаў было 12. Кожны з атаманаў уплываў адразу на некалькі іншых аддзелаў Партызанкі, якія не маглі вылучыць сваіх прадстаўнікоў з прычыны «адсутнасьці палітычна вырабленых людзёў», але з большага трымаліся прабеларускага кірунку. На нарадзе была падтрымана ідэя Беларускае народнае грамады аб «засадзе ператрываньня», то бок чаканьня зручнага моманту для збройнага супраціву, а таксама было вырашана нападаць першымі толькі на марадзёраў і на тыя аддзелы, якія й пасьля першага папярэджаньня прадоўжваюць правакаваць нямецкія ўлады на расправу зь мясцовымі жыхарамі ці проста іх рабаваць. У лістападзе 1942 году была праведзеная другая канфэрэнцыя, але невядома менавіта на якой зь дзьвюх канфэрэнцыяў была ўтвораная ўласна Беларуская народная партызанка. Галоўны Штаб БНП ачоліў палкоўнік Іван Шанько — былы афіцэр Чырвонай Арміі, які стаў камандзірам партызанскага аддзелу з Ружаншчыны й атрымаў падвышэньне рангу ад Лавы атаманаў. Таксама да кіраўніцтва належалі Васіль Вір (Пінскі), Сяргей Хмара й Юрка Стасевіч, пры тым апошні знаходзіўся ў атрадзе атамана Язэпа Таўпекі.
Да моманту другой канфэрэнцыі нямецкае кіраўніцтва ўжо пасьпела сябе дыскрэдытаваць, таму было вырашана намагацца трымаць нэўтралітэт з савецкімі партызанамі ці нават спрабаваць супрацоўнічаць зь імі супраць немцаў. Тым ня менш, некаторыя аддзелы БНП бралі ўдзел у акцыях супраць польскай і савецкай партызанкі на Палесьсі разам з Палескай Сеччу УПА: атрады Харэўскага, Перагуда, Патрубейкі й Суворага дапамагалі атрадам Тараса Бульбы-Бараўца ў барацьбе з польскімі прасавецкімі партызанамі ў раёне Дубровіцы, Вялікай Глушы, Камень-Кашырскага й Любяшова. У гэты час на Браншчыне, Магілёўшчыне й Смаленшчыне дзейнічалі незалежныя партызанскія аддзелы пад кіраўніцтвам беларускіх дзеячаў, зь якімі Беларуская народная партызанка спрабавала наладзіць сувязь. На Смаленшчыну быў накіраваны складзены амаль з «усходнікаў» аддзел былога капітана Чырвонае Арміі атамана Кавалёва, але атрад удалося зьнішчыць у Цэнтральнай Беларусі дывэрсійнымі атрадамі НКУС. Тым ня менш перамовы з эсэрамі былі праведзеныя ў Віцебску з дапамогай бурмістра Ўсевалада Родзькі, а паводле Васіля Віра на перамовах усе «ўсходнікі» размаўлялі па-расейску, але стаялі за незалежнасьць Беларусі і лічылі сябе беларусамі.[1] Усталяваньню трывалых сувязяў эсэраў і Беларускае народнае партызанкі перашкодзілі савецкія і нямецкія спэцслужбы.
Барацьба СССР супраць БНП
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі раней беларускія партызаны з асобных партызанскіх атрадаў, Беларускае Самаабароны ці БНП змагаліся пераважна з савецкімі «акружэнцамі» і марадзёрамі, то ў 1942 року зьявіліся першыя сур’ёзныя савецкія дэсантныя суполкі. У другой палове 1942 году ў раёне Целяханаў была скінутая з самалёта дывэрсійная суполка капітана НКУС Топкіна й хоць той не ўдалося адразу падначаліць сабе беларускія атрады, усьлед за гэтай суполкай скідваліся іншыя спэцатрады НКГБ і НКУС. Таму ўжо ў наступным року савецкім дэсантнікам і партызанам удалося зьнішчыць кіраўніцтва БНП і падпарадкаваць сабе многія яе аддзелы, хоць сама арганізацыя разраслася й налічвала больш за 5 тысячаў чалавек, дзейнічаючых на Піншчыне, Берасьцейшчыне й Гарадзеншчыне. У 1943 годзе ў раёне Косава, Быценя й Ружанаў было скінута 5 вялікіх дэсантных суполак НКУС пад кіраўніцтвам палкоўніка спэцвойскаў НКУС Рыгора Лінькова, які меў заданьне ад Панамарэнкі нягайна ліквідаваць беларускую незалежную партызанку. Пры дапамозе камуніста Язэпа Урбановіча, які ня ведаў пра заданьне Лінькова, апошні зарганізаваў сустрэчу з камандзірам БНП Іванам Шаньком, дзе мелася абмеркаваць пастаўкі савецкае зброі. Іван Шанько пагадзіўся на сустрэчу, бо было вядома, што падобныя перамовы праводзіліся атрадамі Тараса Бульбы-Бараўца, а таксама таму, што пасярэднік Урбановіч быў вядомы як беларускі патрыёт і былы вучань Віленскае Беларускае гімназіі. На сустрэчы Лінькоў патрабаваў, каб Шанько перадаў яму ўсё кіраўніцтва над партызанскімі атрадамі, але той адмовіўся й быў застрэлены выстралам у грудзі, а прыбылы разам зь ім ад’ютант Мікалай Скрундзь («Ваўкалак») быў схоплены.
Ад моманту забойства камандзіра Беларускае народнае партызанкі пачалося далейшае зьнішчэньне арганізацыі й яе камандзіраў. Як і палкоўнік Шанько, быў забіты атаман Бокан, яго намесьнік і іншыя сувязныя і камандзіры. Напачатку скрытна забіваліся найбольш сьвядомыя і дасьведчаныя беларускія партызаны й іх кіраўнікі: пад покрыўкай загібелі ад нямецкіх войскаў, «вылетаў у Маскву», правакацыяў і падкідваньнем немцам карыснай для зьнішчэньня беларускіх партызанаў інфармацыі, але потым пачаліся адкрытыя забойства, калі забітых абвінавачвалі ў сувязі зь нямецкімі спэцслужбамі. Калі Язэп Урбановіч на свае вочы ўбачыў адно з такіх забойстваў, ён адразу паведаміў пра выдарэньне Беларускай народнай грамадзе, парадзіў ратавацца сябрам і дзеячам беларускага партызанскага руху, а таксама запэўніў у сваёй нявіннасьці. Сувязная пасьпела выканаць сваю справу і перадаць інфармацыю да БНГ, але пасьля была схопленая Ліньковым і павешаная. Дзякуючы гэтай інфармацыі атаманам Харэўскаму, Перагуду, Хомічу (Мінічу) і Таўпеке ўдалося ўратавацца, хоць апошні ўжо пасьпеў атрымаць запрашэньне на перамовы. Але не ўдалося ўратавацца ад забойства атрадамі НКУС атаману Канстанчуку з Белавескае пушчы, сувязному БНП і дзеячу БНГ Уладзімеру Альшэўскаму, камандзіру савецкага атраду на Ружаншчыне маёру Канстанціну Нішчакову (быў забіты 28 траўня 1943 року пра што пазьней падрабязна пісаў сам Лінькоў), аддзелу атамана Івана Лясьніка каля Вялікага Балота (дзейнічаў на тэрыторыі Ратненшчыны, Янаўшчыны і Кобрыньшчыны), аддзелу атамана Патрубейкі (дзейнічаў на Высоччыне), аддзелу атамана Лявона, а таксама атаману Сувораму (сапраўднае імя — Барыс Лукашук, дзейнічаў ў раёне Пінску, Лунінца, Камень-Кашырскага і Давыд-Гарадка) і іншым атаманам і іх аддзелам. Пазьней, як сьведка, быў забіты й Язэп Урбановіч.
Адная з тактыкаў НКУС прагледжваецца ў тым, якім чынам быў забіты атаман Суворы: пад маскай палонных Чырвонае Арміі да аддзелу былі паступова інфільтраваныя савецкія агенты. Аднаго дня іх набралася больш за дваццаць і яны забілі атамана разам з ад’ютантамі, а «чыстку» дакончыў адмысловы атрад НКУС. Паьля забойства Суворага, каб падмануць мясцовых палешукоў і мець ад іх дапамогу, НКУС вырашыла зьмяніць назву аддзелу на сугучную «атрад імя Маршала Суворава». Тым ня менш, украінцаў-«бульбаўцаў» такім чынам падмануць не ўдалося, і калі мела адбыцца заплянаваная раней сустрэча атрадаў дзеля супольнай акцыі, то савецкія агенты ня ведалі патрэбнага адказу на гасла сьледапытаў УПА, якія потым зажадалі выйсьця наперад атамана Суворага і, выкрылы правакацыю, уцяклі адстрэльваючыся. Сярод іншых мэтадаў было перакідваньне партызанаў за сотні кілёмэтраў у іншы раён, захоп сям’і партызана ў палон і далейшы яе расстрэл у разе калі партызан выказвае незадаволеньне ці зьбягае, або звыклы расстрэл самога непадуладнага партызана.
Заняпад БНП
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 1944 году засталіся толькі асобныя аддзелы БНП, а залежныя ад савецкага кіраўніцтва атрады былі «разбаўлены» расейцамі. Улетку незалежныя атрады зноў распачалі маштабную барацьбу супраць СССР, але кожны зь іх дзейнічаў самастойна й сама БНП была развалена. Аддзелам з Лунінеччыны (Марочна, Лахва, Давыд-Гарадок) і Піншчыны прыйшлося самаліквідавацца ці адступіць да сваіх украінскіх хаўрусьнікаў на памежжа ў Століншчыне і Камень-Кашыршчыне, дзе яны змагаліся разам з аддзеламі Бульбы-Бараўца. Аддзел атамана Бякеты быў зьнішчаны Арміяй Краёвай каля Беліцы ў Лідчыне, а аддзелу атамана Таўпекі (дзейнічаў у раёне Баранавічаў, Наваградку й Слоніму) прыйшлося адысьці ў Аўгустоўшчыну пасьля бою, у якім ад разрыву гранаты адарвала руку Юрку Стасевічу. Ліпічанскі аддзел БНП далучыўся да Слонімскага батальёну Беларускае краёвае абароны. Мікалай Скрундзь ачоліў частку былога аддзелу камандзіра Шанька й далучыўся да косаўскай самааховы, дзе рэшткі аддзелу пасьпяхова змагаліся з савецкімі партызанамі. Празь некаторы час аддзелы Харэўскага й Перагуда пасьпяхова змагаліся з савецкімі войскамі дзякуючы захопу першагатунковай зброі пакінутай немцамі каля Любяшова: кожнаму хапіла па нямецкім аўтамаце, былі здабытыя лёгкія кулямёты і шмат гранатаў, але цяжкія мінамёты і кулямёты давялося закапаць у схоўках. Так, аддзел Харэўскага змагаўся на Берасьцейшчыне й Піншчыне, каля канала Агінскага, на поўнач ад Косаўшчыны да Высацка ў Століншчыне, Лахвы і Камень-Кашырскага, супрацуючы разам з аддзеламі Тараса Бульбы-Бараўца, якія дзейнічалі на поўдзень ад Прыпяці. Аддзелы Бялейкі і Мініча (Хоміча) самаліквідаваліся. Пазьней аддзелы атаманаў Таўпекі, Перагуда й Харэўскага разам зь іншымі прабіліся на Захад ў 1945—1948 гады. Да 1947 року партызаны з аддзелу атамана Перагуда змагаліся таксама й з польскімі нацыяналістычнымі партызанамі, якія забівалі беларусаў і палілі беларускія вёскі, прымушаючы тых эміграваць з камуністычнай Польскае Народнае Рэспублікі ў СССР.
У 1949 року партызаны атаманаў Харэўскага й Перагуда выехалі з Заходняе Нямеччыны ў Паўднёвую Амэрыку. Колішнія ўдзельнікі й сябры БНП эмігравалі да Канады, ЗША, Вэнэсуэлы, Балівіі, Парагваю, Аргентыны й Бразыліі, дзе зарганізавалі Саюз былых удзельнікаў збройнай барацьбы за вызваленьне Беларусі. У Бразыліі праводзіліся сустрэчы вэтэранаў БНП, а ў 1968 годзе КДБ быў забілі Якуба Харэўскага разам з ад’ютантам Канстанам Гукам, інсцэніравалы аўтакатастрофу.[2]
Некаторыя суполкі й асобныя партызаны былой БНП працягвалі збройную барацьбу супраць СССР нават у 1950-х, паасобку ці ў складзе аддзелаў «Чорнага Ката» і ў атрадах УПА.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская Самаабарона
- Беларуская народная грамада
- Суполка Мікуліча
- Суполка Вострыкава
- Зьвяз беларускіх патрыётаў
- Чорны Кот
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://web.archive.org/web/20200711203644/http://jivebelarus.net/history/new-history/belarusian-partizans.html?page=4#lnk3 Беларуская Народная Грамада і Беларуская Народная Партызанка ў 1942—1943 гадах. Сяргей Ёрш
- ^ https://web.archive.org/web/20200203171255/http://jivebelarus.net/history/new-history/belarusian-partizans.html Беларуская Народная Партызанка ў 1944-48 гадах. Сяргей Ёрш
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Менск, 1999. ISBN 985-6374-07-3